Міжнародны Суд ААН

Міжнаро́дны суд ААН (па-ангельску: International Court of Justice, па-француску: Cour internationale de justice) — адзін з шасьці галоўных органаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, заснаваны Статутам ААН дзеля дасягненьня адной з галоўных мэтаў ААН «мірнымі сродкамі, у згодзе з прынцыпамі справядлівасьці і міжнароднага права, уладжваць і вырашаць міжнародныя спрэчкі або сытуацыі, якія могуць прывесьці да парушэньня міру». Орган зьяўляецца галоўным судовым органам ААН, а ейная штаб-кватэра арганізацыі месьціцца ў Гаазе ў Нідэрляндах.

Міжнародны суд ААН

Эмблема арганізацыі
Дата ўтварэньня1945
Тыпміжнародны судовы орган
Штаб-кватэраГаага, Нідэрлянды
Афіцыйныя мовыангельская, француская
СтаршыняПэтэр Томка
СайтICJ-CIJ.org

Суд складаецца з 15 судзьдзяў, абраных Генэральнай Асамблеяй і Радай Бясьпекі. Толькі дзяржавы могуць быць удзельнікамі спрэчак, прадстаўленых на разгляд Міжнароднага Суда. Калі дзяржава не жадае браць удзел у судовай справе, абуджанай у Міжнародным Судзе, яна не абавязана гэта рабіць (калі іншае не прадугледжана спэцыяльнымі пунктамі якога-небудзь міжнароднага дагавора). Але калі яна пагаджаецца выступаць у якасьці стараны ў працэсе, то яна мае падпарадкоўвацца выраку Міжнароднага Суда. Суд функцыянуе ў адпаведнасьці са Статутам[1], які зьяўляецца часткай Статута ААН, і сваім Рэглямэнтам.

Агульныя зьвесткі

Міжнародны суд складаецца з 15 незалежных судзьдзяў, абраных па-за залежнасьці ад іхнага грамадзянства, зь ліку асобаў высокіх маральных якасьцяў, якія задавальняюць патрабаваньням, што прад’яўляюцца ў іхных краінах для прызначэньня на вышэйшыя судовыя пасады або зьяўляюцца юрыстамі з прызнаным аўтарытэтам у галіне міжнароднага права. Міжнародны суд закліканы стаць адным з выключных кампанэнтаў у стратэгіі мірнага вырашэньня спрэчак і рознагалосьсяў паміж дзяржавамі і забесьпячэньня правапарадку і законнасьці ў сьвеце.

Суд абслугоўваюць Сакратарыят, ягоны адміністрацыйны орган. Афіцыйнымі мовамі зьяўляюцца ангельская і француская. Суд зьяўляецца адзіным з шасьці галоўных органаў ААН, разьмешчаным па-за Нью-Ёркам.

Кансультацыйныя выракі

Акрамя судовай, Міжнародны суд ажыцьцяўляе кансультацыйную функцыю. Паводле артыкула 96 Статута ААН, Генэральная Асамблея або Савет Бясьпекі могуць запытваць у Міжнароднага суда кансультатыўныя выракі па ўсялякаму юрыдычнаму пытаньню. Акрамя таго, іншыя органы ААН і спэцыялізаваныя ўстановы, якім Генэральная Асамблея можа даць у любы час дазвол на гэта, могуць таксама запытваць кансультатыўныя заключэньні Суда па юрыдычных пытаньнях, што ўзьнікаюць у межах іхнай сфэры дзейнасьці.

Крыніцы права, якія выкарыстоўвае суд

Пры разглядзе справы і вынясеньня выракаў Суд прымяняе крыніцы права, якія вызначаны ў артыкуле 38 ягонага Статута, а менавіта:

  • міжнародныя канвэнцыі і дамовы;
  • Міжнародны звычай;
  • Агульныя прынцыпы права, прызнаныя цывілізаванымі нацыямі;
  • Судовыя рашэньні і дактрыны найбольш кваліфікаваных спэцыялістаў па міжнароднаму праву.

Акрамя таго, у выпадку дамоўленасьці бакоў спрэчкі, Суд можа вырашаць справу на аснове прынцыпу ex aequo et bono, гэта значыць па справядлівасьці, не абмяжоўваючы сябе дзеючымі нормамі міжнароднага права.

Склад судзьдзей

Судзьдзі абіраюцца на тэрмін дзевяці гадоў, з правам перавыбраньня, Генэральнай Асамблеяй і Саветам Бясьпекі ААН, чальцы якога не валодаюць правам вета для мэтаў выбараў. Гэтыя органы праводзяць галасаваньне адначасова, але незалежна адзін ад аднаго.

Для таго каб быць абраным, кандыдат павінен атрымаць абсалютную большасьць галасоў у абодвух органах. У мэтах забесьпячэньня пераемнасьці ў складзе Суда ня ўсе тэрміны паўнамоцтваў 15 судзьдзяў мінаюць ў адзін і той жа час. Кожныя тры гады праводзяцца выбары адной траціны чальцоў Суда.

Адным з галоўных прынцыпаў фармаваньня складу суда зьяўляецца прынцып прадстаўніцтва ў Судзе галоўных формаў цывілізацыі і асноўных прававых сыстэмаў сьвету. Гэтак, месцы ў Судзе нефармальна разьмеркаваны па галоўных рэгіёнах сьвету: тры чальцы ад Афрыкі, два чальцы ад Лацінскае Амэрыкі, тры чальцы ад Азіі, пяць чальцоў ад «Заходняй Эўропы і іншых дзяржаваў» (гэтая група ўключае Канаду, ЗША, Аўстралію і Новую Зэляндыю) і два чальца ад Усходняй Эўропы. Пры гэтым 5 месцаў судзьдзяў нефармальна замацаваны за дзяржавамі-сталымі чальцамі Савета Бясьпекі ААН. Неафіцыйнасьць гэтага разьмеркаваньня выявілася падчас выбараў у суд 6 лістапада 2008 году, калі пры галасаваньні ў Генэральнай Асамблеі ў першым туры большасьць галасоў атрымала двое кандыдатаў ад Азіі і ніводнага кандыдата ад Афрыкі, пры тым, што сярод сканчаючых свае паўнамоцтвы судзьдзяў было па адным прадстаўніку ад кожнага з гэтых рэгіёнаў.

Судзьдзя ad hoc

Рэглямэнтам Суда прадугледжана, што дзяржава, якая зьяўляецца бокам па разглядаемай справе і ня мае ў складзе судзьдзяў свайго грамадзяніна, можа абраць судзьдзю ad hoc для гэтай канкрэтнай справы. Гэта зьяўляецца правам боку, але не ягоным абавязкам. Пры гэтым такі судзьдзя не абавязкова павінен зьяўляцца грамадзянінам гэтай дзяржавы. Больш за тое, практыка паказвае, што ў большасьці выпадкаў судзьдзі ad hoc не зьяўляюцца грамадзянамі дзяржавы, якая яго прызначыла.

Судзьдзя ad hoc, таксама як і астатнія чальцы суда, прыступаючы да выкананьня абавязкаў судзьдзі, робіць урачыстую заяву. Ён можа прымаць удзел у прыняцьці рашэньняў, грунтуючыся на прынцыпе роўнасьці з астатнімі судзьдзямі. Таксама ён мае права на ўзнагароду за сваю працу. Неабходнасьць ва ўвядзеньні ў судовы працэс судзьдзяў ad hoc забясьпечвае захаваньне аднаго з галоўных прынцыпаў функцыянаваньня Суда — прынцып роўнасьці бакоў. Часьцяком некаторыя судзьдзі ad hoc пасьля завяршэньня разгляду справы абіраліся чальцамі Суда.

Штогадовы аклад чальцоў Міжнароднага суда складае 160 тысячаў даляраў ЗША (па стане на 2006 год). Пасьля выхаду на пэнсію судзьдзі атрымліваюць штогадовую пэнсію, якая пасьля дзевяцігадовага тэрміну службы складае палову акладу. Судзьдзі, якія прапрацавалі 18 гадоў і больш, маюць права на пэнсію ў памеры двух трацінаў ад іхнага былога акладу.

Сучасны склад

На 27 красавіка 2012 году склад судзьдзяў Міжнароднага суду выглядае наступным чынам[2]:

Імя і прозьвішчаНацыянальнасьцьПасадаПачатак працыСканчэньне тэрміну
Пэтэр Томка СлаваччынаСтаршыня (2012–2015)20032021
Бэрнарда Амор МэксыкаВіцэ-старшыня (2012–2015)20062015
Хісашы Авада Японіясудзьдзя20032021
Роні Абраам Францыясудзьдзя20052018
Сэр Кенэт Кейт Новая Зэляндыясудзьдзя20062015
Магамэд Бэнуна Марокасудзьдзя20062015
Леанід Скотнікаў Расеясудзьдзя20062015
Антоніё Аўгушта Сансада Трынідадэ Бразыліясудзьдзя20092018
Абдулкаві Агмэд Юсуф Самалісудзьдзя20092018
Сэр Крыстафэр Грынўуд Вялікабрытаніясудзьдзя20092018
Сюэ Ханцынь Кітайсудзьдзя20102021
Джоан Данаг’ю ЗШАсудзьдзя20102015
Джорджа Гая Італіясудзьдзя20122021
Джулія Сэбутындэ Угандасудзьдзя20122021
Далвээр Бгандары Індыясудзьдзя20122018

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі