Крэдытны каапэратыў

Крэды́тны каапэраты́ў (спажывецкі каапэратыў фінансавай узаемадапамогі, СКФУ) — аб’яднаньне прыватных асобаў і дробных крэдытных установаў, што прадае сваім чальцам акцыі, прымае ад іх уклады і дае ім крэдыты. Ствараецца згуртаваньнем фізычных асобаў паводле прафэсійнай і тэрытарыяльнай прыкметы, таксама і пазыковымі таварыствамі (пазыкова-ашчаднае, узаемнай пазыкі). Устойлівасьць дасягаецца стварэньнем запасу грошай. Капітал утвараецца за кошт пэрыядычных унёскаў, паю і выпуску пазык. Займаецца таксама ўлікам вэксэляў, гандлёвым пасярэдніцтвам, камісійнымі апэрацыямі, дарадніцтвам і аўдытам.

Крэдытныя каапэратывы ўзьніклі ў ХІХ стагодзьдзі ў Эўропе з прафэсійных саюзаў. На 1999 год у разьвітых паводле ААН краінах у іх удзельнічала да 15% насельніцтва[1]. На 2010 г. захоўвалі $1,1 трыльёна. Сусьветная рада пазыковых саюзаў (СРПС; Мэдысан, штат Вісконсін, ЗША) налічвала амаль 50 тыс. саюзаў у 98 краінах, што слугавалі каля 186 мільёнам пайнікаў. На дзель пазыковых саюзаў прыпадала каля 8% сусьветнага грашовага абарачэньня.

Віды: 1) каапэратыў грамадзянаў, 2) таварыства ўзаемнага пазычаньня для прадпрыемстваў, 3) мяшаны каапэратыў з удзелам фізычных і юрыдычных асобаў, 4) аб’яднаньне 2-га ўзроўню для пераразьмеркаваньня сродкаў між каапэратывамі[2].

Беларусь

Першы пазыковы саюз у краіне ўтварылі ў 2002 годзе юрыдычныя асобы. У 2004 г. узьнік першы крэдытны каапэратыў грамадзянаў. На 2010 г. такія арганізацыі складалі большасьць. Толькі тры працавалі зь юрыдычнымі асобамі. У 2008 г. крэдытныя каапэратывы Беларусі ўтварылі Рэспубліканскую асацыяцыю спажывецкіх каапэратываў фінансавай узаемадапамогі (РАСКФУ), што на 2010 г. налічвала 19 крэдытных каапэратываў і з пачатку году ўступіла ў СРПС[3].

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі