Мухамад Аль-Харэзьмі

пэрсыдзкі матэматык, астраном

Мухамад ібн Муса Аль-Харэзьмі (па-пэрсыдзку: محمد بن موسی خوارزمی, Mohammad ebne Mūsā Khwārazmī‎, каля 783 — каля 850, Харэзм) — вялікі пэрсыдзкі матэматык, астраном і географ, заснавальнік клясычнай альгебры.

Мухамад ібн Муса Аль-Харэзьмі
محمد بن موسی خوارزمی
Дата нараджэньня каля 780[1][2]
Месца нараджэньня
  • невядома
Дата сьмерці каля 850[1][2]
Месца сьмерці
  • невядома
Занятак матэматык, астраном, географ, філёзаф, перакладнік, астроляг, гісторык
Навуковая сфэра астраномія, матэматыка, альгебра, Devanagari numeral[d], арытмэтыка, трыганамэтрыя, геаграфія і навукі пра Зямлю
Месца працы Дом мудрасьці

Зьвестак аб жыцьці аль-Харэзьмі захавалася ня шмат. Значны пэрыяд свайго жыцьця ён правёў у Багдадзе, узначальваючы пры халіфе аль-Мамуне бібліятэку «Дома мудрасьці». У 827 годзе прымаў удзел у вымярэньні даўжыні градуса зямнога мэрыдыяна на раўніне Сінджара. Пры халіфе аль-Васіку ўзначальваў экспэдыцыю да хазараў. Апошні ўспамін аб ім датуецца 847 годам.

Аўтар кнігі «Аб індыйскім зьлічэньні», якая паспрыяла папулярызацыі дзесятковай пазыцыйнай сыстэмы запісу лікаў ва ўсім Халіфаце. У XII стагодзьдзі яна была перакладзена на лацінскую мову й адыграла вялікую ролю ў разьвіцьці эўрапейскай арытмэтыкі і ўкараненьні інда-арабскіх лічбаў. Імя аўтара ў лацінізаванай форме (Algorismus, Algorithmus) стала абазначаць ва ўсёй сярэднявечнай Эўропе ўсю сыстэму дзесятковай арытмэтыкі. Адсюль бярэ пачатак сучасны тэрмін альгарытм, упершыню выкарыстаны Готфрыдам Ляйбніцам. Аль-Харэзьмі прадставіў першае сыстэматычнае рашэньне лінейных і квадратных раўнаньняў. Адным зь ягоных галоўных дасягненьняў у альгебры была ягоная дэманстрацыя таго, як трэба вырашаць квадратныя раўнаньні, дапоўніўшы іх геамэтрычнымі абгрунтаваньнямі[3]. Ён быў першым хто разглядаў альгебру ў якасьці самастойнай дысцыпліны і ўвёў мэтады папаўненьня і супрацьпастаўленьня.

Трактат «Кароткая кніга пра вылічэньне праз папаўненьне і супрацьпастаўленьне», перакладзены на латынь Робэртам Чэстэрскім у 1145 годзе, выкаростоўваўся ў вядучых эўрапейскіх унівэрсытэтах у якасьці асноўнага матэматычнага падручніка ажно да XVI стагодзьдзя[4][5]. У дадатак да сваіх вядомых працаў, ён перагледзеў «Геаграфію» Пталемэя, пералічыўшы шырату і даўгату розных гарадоў і населеных пунктаў. Акрамя таго, ён зрабіў мноства астранамічных табліцаў.

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі