Нясьвіж

горад у Беларусі

Нясьві́ж — места ў Беларусі, каля вытокаў ракі Вушы на балтыйска-чарнаморскім водападзеле. Адміністрацыйны цэнтар Нясьвіскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 15 808 чалавек[1]. Знаходзіцца за 112 км на паўднёвы захад ад Менску, за 14 км ад чыгуначнай станцыі Гарадзея (лінія Менск — Баранавічы), аўтамабільныя дарогі злучаюць места з Баранавічамі, Клецкам, Наваградкам і шашай Менск — Слуцак.

Нясьвіж
лац. Niaśviž
Меская ратуша
Меская ратуша
Герб НясьвіжуСьцяг Нясьвіжу
Першыя згадкі:1223
Магдэбурскае права:23 красавіка 1586
Краіна:Беларусь
Вобласьць:Менская
Раён:Нясьвіскі
Насельніцтва:15 808 чал. (2018)[1]
Часавы пас:UTC+3
Тэлефонны код:+375 1770
Паштовыя індэксы:222603, 222620
СААТА:6242501000
Нумарны знак:5
Геаграфічныя каардынаты:53°13′0″ пн. ш. 26°40′0″ у. д. / 53.21667° пн. ш. 26.66667° у. д. / 53.21667; 26.66667 26°40′0″ у. д. / 53.21667° пн. ш. 26.66667° у. д. / 53.21667; 26.66667
Нясьвіж на мапе Беларусі ±
Нясьвіж
Нясьвіж
Нясьвіж
Нясьвіж
Нясьвіж
Нясьвіж
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
Афіцыйны сайт (рас.) (анг.)

Нясьвіж — даўняя рэзыдэнцыя магнацкага роду Радзівілаў, магдэбурскае места гістарычнай Наваградчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся выдатныя помнікі дойлідзтва: палацава-замкавы комплекс Радзівілаў, улучаны ў Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО, Фарны касьцёл — першы ў колішняй Рэчы Паспалітай і другі ў Эўропе твор архітэктуры стылю барока, плябанія, Замкавая вежа, Слуцкая брама, меская ратуша, «Дом на Рынку», комплекс кляштару бэнэдыктынак з касьцёлам Сьвятой Яўхіміі і жылы корпус кляштару бэрнардынаў. Сярод тутэйшых славутасьцяў вылучаліся палац Альба, рэнэсансавы калегіюм езуітаў і барокавы комплекс кляштару бэнэдыктынаў з касьцёлам Сьвятога Крыжа, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама барокавыя комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Яна, касьцёл Сьвятой Кацярыны пры кляштары бэрнардынаў і капліца Сьвятога Ізыдора, помнікі архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў зруйнаваныя савецкімі ўладамі. Большую частку нясьвіскіх збораў Радзівілаў (ювэлірныя вырабы, скульптура, творы малярства, кнігі і інш.) у канцы XVIII — XIX стагодзьдзях разрабавалі і вывезьлі ў Расею, у 1950 годзе савецкія ўлады падаравалі Польшчы абсалютную большасьць партрэтаў (63 адзінкі) зь Нясьвіскай галерэі[2].

Назва

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Нясьвіж утварыўся ў выніку супрацьпастаўленьня з адмоўнай часьцінкай не-, дзе аснова «сьвідзь» — сьвідзіна, 'зарасьнік хмызьняку каля ракі або возера'. Гэтая ж аснова ёсьць у назвах ракі Сьцьвігі і возера Сьвідна[3].

Гісторыя

Асноўны артыкул: Гісторыя Нясьвіжу

Вялікае Княства Літоўскае

Згодна з сучаснымі энцыкляпэдычнымі даведнікамі[4][5] першы пісьмовы ўпамін пра Нясьвіж датуецца 1446 годам, калі вялікі князь Казімер перадаў яго Мікалаю Яну Неміровічу. Тым часам традыцыйна адлік гісторыі места вядзецца ад 1223 году[6][7] — паведамленьня пра князя Юрыя Нясьвіскага, які браў удзел у бітве на Калцы. Магчыма, ягонымі нашчадкамі былі князі нясьвіскія Рыгор і Іван, памянёныя ў 1388 годзе. Аднак факт існаваньня самога паселішча ў гэты час не пацьвярджаецца археалягічнымі зьвесткамі[8].

Гравюра Т. Макоўскага, 1604 г.

З 1492 году Нясьвіжам валодаў род Кішкаў. У 1513 годзе дачка гетмана вялікага Станіслава Кішкі — Ганна — пабралася шлюбам з Янам Радзівілам «Барадатым». У 1533 годзе места канчаткова перайшло ў валоданьне Радзівілаў, якія збудавалі тут драўляны замак.

У XVI ст. Нясьвіж быў адным з галоўных цэнтраў Рэфармацыі (кальвінізму) у Вялікім Княстве Літоўскім. Імёны дзеячоў таго часу, што жылі тут, набылі шырокую вядомасьць — Сымон Будны, Лаўрэн Крышкоўскі, Мацей Кавячынскі, Салямон Рысінскі, Даніла Набароўскі і інш. пісьменьнікі, паэты, філёзафы. У 1547 годзе Мікалай Радзівіл «Чорны» атрымаў тытул князя Сьвятой Рымскай імпэрыі, у выніку чаго места стала цэнтрам княства. У 1562 годзе ён заснаваў тут друкарню, у якой выйшлі першыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі кнігі на старабеларускай мове.

Агульны выгляд. Ю. Пешка, пач. XIX ст.

7 траўня 1583 году ў Нясьвіжы пачалося будаваньне замка, у 1584 годзе тут заснавалі езуіцкі калегіюм, у 1591 годзе — кляштар бэнэдыктынак. У 1593 годзе завяршылася будаваньне касьцёла Божага Цела пры кляштары езуітаў. У 1598 годзе пачаў дзеяць кляштар бэрнардынаў.

23 красавіка[4] 1586 году кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Нясьвіжу Магдэбурскае права і герб «у правай частцы герба, залатога колеру, палова чорнага арла; у левай — дзесяць касых вырубаў — залатога, блакітнага й чырвонага колераў»[9], а па вяртаньні з вандроўкі ў Сырыю, Палестыну і Эгіпет Мікалай Крыштап Радзівіл «Сіротка» заснаваў Нясьвіскую ардынацыю.

Да канца XVI ст. Радзівілы ператварылі Нясьвіж ў фартэцыю. Места рэарганізавалі паводле заходнеэўрапейскіх прынцыпаў: прастакутны плян з 2 мураванымі брамамі на восі галоўнай вуліцы (пазьней зьявілася яшчэ некалькі брамаў), у цэнтры — прастакутны Рынак з ратушай; места атачалі ўмацаваны вал і роў. За Слуцкай брамай, на супрацьлеглым беразе Вушы ўтварылася прадмесьце Новае Места (у 1626 годзе тут збудавалі езуіцкую капліцу Сьвятога Ізыдора), а ў 1625 годзе на паўночна-заходнім баку ад Старога Места — прадмесьце Казімер.

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Нясьвіжу ліцьвінамі: «…литвин Ивашко Иванов з женою с Роинкою да с сыном с Микулайком да с сестрою з девкою Агафьицею. А сказал, что он родом литвин[a], католицкие веры из города Несвижа, мещанский сын, а жена де за ним литовка же тово ж города Несвижа» (1631 год)[11]. У матрыкуле Каралявецкага ўнівэрсытэту пад 1638 годам значыцца Johannes Otteski, Nieswitzio-Littwanus, а пад 1643 годам — Johannes Zelenievieczky, Neszvicensis Litvanus[12].

Панарама места з боку замка, 1882 г.

У 1625 годзе Нясьвіж зьведаў вялізны мор, што паспрыяла адкрыцьцю тут у 1627 годзе аптэкі, у 1651 годзе мор паўтарыўся. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) двойчы ў 1654 і 1659 гадох места руйнавалі казакі і маскоўскія войскі, аднак замак здолеў вытрымаць аблогі. У 1672 годзе ў Нясьвіжы заснавалі дамініканскі кляштар. На 1673 год у месьце было 366 дымоў[4]. У 1681 годзе кароль і вялікі князь Ян Сабескі сваім прывілеем заснаваў Нясьвіскі кірмаш. За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1706 годзе места разрабавалі швэдзкія войскі.

Адбудова Нясьвіжу вялася ў 1720-я гады, калі вакол муроў узьвялі новыя валы. У 1724 годзе Радзівілы ўтварылі ў замку капэлу, а ў 1740 годзе з ініцыятывы Ф. У. Радзівіл, пачаў дзеяць прыдворны тэатар. У 1740-я гады М. К. Радзівіл «Рыбанька» заклаў мануфактуру шаўковых паясоў (пазьней пераведзеная ў Слуцак), у 1747 годзе — кадэцкі корпус, а ў 1752 годзе — дывановую і суконную мануфактуры. У прадмесьці Альба, дзе з канца XVI ст. знаходзілася замеская рэзыдэнцыя, Радзівілы ўзьвялі мураваны палац «Эрмітаж», іншыя пабудовы, уладкавалі набярэжныя каналаў.

У XVIІІ ст. Нясьвіж быў значным культурным цэнтрам, тут дзеялі кадэцкі корпус для прыватнага войска Радзівілаў і школа флёцкіх афіцэраў (у Альбе), балетная і музычная школы, капэла і тэатар Радзівілаў. У 1750—1791 гадох у месьце працавала друкарня, дзе выдаваліся падручнікі і мастацкія творы на польскай і лацінскай мовах. У 1755 годзе ў парку «Альба» збудавалі летні палац пад назвай «Кансаляцыя».

Двойчы ў 1764 і 1768 гадох расейскія войскі акупавалі Нясьвіж у выніку палітычнага супрацьстаяньня Кацярыны II і Караля Станіслава Радзівіла. А ў 1772 годзе расейскія акупанты канфіскавалі гістарычныя і мастацкія каштоўнасьці замка, бібліятэку (10 тыс. кніжак) вывезьлі ў Пецярбург і разьмеркавалі ў Акадэмію навук[13]. У 1773 годзе з утварэньнем Адукацыйнай камісіі ў Нясьвіжы адкрылася павятовая падакруговая школа. У 1792 годзе расейскія войскі зноў акупавалі места.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Нясьвіж апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1795 годзе стаў цэнтрам павету Менскай губэрні (з 1796 году пазаштатнае места Слуцкага павету). У вайну 1812 году места як уладаньне Дамініка Радзівіла, які з аддзелам дзеяў у складзе войскаў Напалеона, занялі царскія войскі. Улады Расейскай імпэрыі канфіскавалі каштоўнасьці замка: калекцыі мэдалёў і манэтаў адправілі ў Харкаўскі ўнівэрсытэт, сакральныя прадметы — у Маскву, іншыя старажытнасьці — у розныя расейскія музэі і зборы[5]. У 1813 годзе зь сьмерцю Д. Радзівіла спынілася ў мужчынскім пакаленьні тутэйшая галіна роду.

У аповесьці 1840 году беларускамоўны селянін, які прыехаў зь Нясьвіжу «ад нашага князя Радзівіла», называе сябе ліцьвінамja Lićwin»)[14]. У гэтай жа аповесьці адзначаецца, што іншыя народы пазнаюць ліцьвінаў паводле іх «сьпеўнай мовы»[15].

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня ў 1835 годзе расейскія ўлады закрылі дамініканскую школу. У 1875 годзе ў яе будынках адкрылася Нясьвіская настаўніцкая сэмінарыя. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Нясьвіжы дзеялі 2 касьцёлы, царква, сынагога, 7 юдэйскіх малітоўных дамоў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Нясьвіж занялі нямецкія войскі.

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Нясьвіж абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце ўтварылася Беларуская рада, а жыхары Нясьвіжу атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР і накіроўвалі ў Народны Сакратарыят скаргі на дзеяньні нямецкіх войскаў[16]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі места ўвайшло ў склад Беларускай ССР[17]. 6 жніўня 1919 году Нясьвіж занялі польскія войскі, у ліпені 1920 году — бальшавікі[5]. З кастрычніка 1920 году места знаходзілася пад польскай уладай. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Нясьвіж апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам павету Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час адкрыліся беларуская гімназія, мескі музэй у будынку ратушы, дзе захоўваліся старажытныя пэргамэнтныя дакумэнты, залатыя ключы ад мескіх брамаў і інш. У кастрычніку 1926 году тут адбылася сустрэча маршала Юзэфа Пілсудзкага з буйнымі зямянамі.

У 1939 годзе Нясьвіж увайшоў у БССР, ад гэтага часу радзівілаўская ардынацыя спыніла сваё існаваньне. У 1940 годзе места стала цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 2—4 ліпеня 1944 году Нясьвіж знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. У 1944 годзе савецкая ўлада пераўтварыла колішні замак Радзівілаў у санаторыю.

У 1993 годзе ўтварыўся гістарычна-культурны музэй-запаведнік «Нясьвіж», у 1995 годзе адкрыўся Нясьвіскі гістарычна-краязнаўчы музэй. У 1996 годзе адбыўся першы Фэст камэрнай музыкі «Музы Нясьвіжу». У 1997 годзе ў Нясьвіжы прайшло сьвята — Дзень беларускага пісьменства. У 2006—2011 гадох праводзілася рэканструкцыя замка Радзівілаў, якую беларускія архітэктары крытыкуюць за недастатковую навуковасьць і прафэсіяналізм, вынікам чаго стаўся разбуральны характар «рэстаўрацыйных» працаў[18].

Насельніцтва

Дэмаграфія

  • XVII стагодзьдзе: 1673 год — 2,4 тыс. чал.[4]
  • XVIII стагодзьдзе: 1800 год — 2,7 тыс. чал.[5]
  • XIX стагодзьдзе: 1880 год — 8177 чал., зь іх каля 5 тыс. юдэяў і 1 тыс. каталікоў[19]; 1 студзеня 1896 году — 10 237 чал. (5448 муж. і 4789 жан.), зь іх паводле веры: праваслаўных 2890, каталікоў 1545, пратэстантаў 32, юдэяў 5692, іншых 78; паводле стану: шляхты 165, духоўнага стану 59, ганаровых грамадзянаў і купцоў 63, мяшчанаў 7885, вайсковага стану 791, сялянаў 1180, іншых 94[20].
  • XX стагодзьдзе: 1921 год — 6840 чал.; 1939 год — 8,5 тыс. чал.; 1959 год — 6,7 тыс. чал.[5]; 1973 год — 9,6 тыс. чал.[21]; 1989 год — 14,0 тыс. чал.; 1991 год — 15 тыс. чал.; 1998 год — 15,1 тыс. чал.[5]; 2000 год — 14,6 тыс. чал.[22]
  • XXI стагодзьдзе: 2006 год — 14,3 тыс. чал.; 2007 год — 12 684 чал.; 2008 год — 14,3 тыс. чал.; 2009 год — 14 033 чал. (перапіс)[23]; 2015 год — 15 271 чал.[24]; 2016 год — 15 434 чал.[25]; 2017 год — 15 557 чал.[26]; 2018 год — 15 808 чал.[1]

Адукацыя

У Нясьвіжы працуюць 4 сярэднія, вячэрняя, музычная і дзіцяча-юнацкая спартовая школы, 7 дашкольных установаў.

Мэдыцына

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць меская лякарня, паліклініка і радзільны дом.

Культура

Дзеюць цэнтральная раённая, дзіцячая і меская бібліятэкі, кінатэатар, дзіцячая школа мастацтваў.

  • Нясьвіскі народны тэатар імя Ўршулі Радзівіл; рэжысэр — Валеры Мароз
  • Народны ансамбль песьні «Млечны шлях» Нясьвіскага раённага Цэнтру культуры
  • Народны вакальна-інструмэнтальны ансамбль «Нясьвіж» Нясьвіскага раённага Цэнтру культуры
  • Народны ансамбль песьні «Ліра» Нясьвіскага РТМА

Забудова

Вуліцы і пляцы

Афіцыйная назваГістарычная назваБылыя назвы
1 мая вуліца (з 16.01.1940)Задамініканская вуліца[27]
Гейсіка вуліцаФарная вуліца (частка[b])
Злотніцкая вуліца[28]
Бэрнардынская вуліца[29] (частка)
17 верасьня вуліца (частка)
Дзяржынскага вуліцаАльбянская вуліца
Карла Лібнэхта вуліца (з 16.01.1940)Міхаліская вуліца[30]Сьвятога Міхала вуліца[29]
Карла Маркса вуліца (з 16.01.1940)Млынарская вуліца[31]
Бульварная вуліца
Тадэвуша Галуўкі вуліца
Максіма Горкага вуліца (з 16.01.1940)Сэнатарская вуліца
Ленінская вуліцаСтудэнцкая вуліца (частка[c][28])
Мірская вуліца (частка)
Юзэфа Пілсудзкага вуліца
Пушкіна вуліца (з 16.01.1940)Шпітальная вуліцаЭдварда Рыдз-Сьміглы вуліца
Савецкая вуліца (з 16.01.1940)Віленская вуліцаУладзіслава Сыракомлі вуліца
Цэнтральная плошчаРынак пляц
Чапаева вуліца (з 16.01.1940)Дамініканская вуліцаСэмінарская вуліца
Чкалава вуліца (з 16.01.1940)Паненская вуліца[28]
Бэнэдыктынская вуліца
Шымко вуліцаСьвержанская вуліца

З урбананімічнай спадчыны Нясьвіжу да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Слуцкая. Паводле перапісу 1874 году, у месьце таксама існавалі завулак Віленскі, вуліцы Завальная, Могілкавая, Навамеская і Цырульніцкая[32]. У перапісу ўласьнікаў 1905—1906 гадоў у Старым Месьце таксама ўпамінаюцца Гарадзейская, Нямецкая, Падвальная, Паштовая, Царкоўная і Школьная вуліцы, Паштовы і Школьны завулкі, у Новым Месьце — Броварная, Загуменная, Зарэцкая, Ізыдорская, Калодзезная, Лазарная, Рынкавая, Слаўкаўская, Сьвіная, Сьвятакрыская і Сэнатарская вуліцы[33].

Мясцовасьці

Гістарычныя мясцовасьці Нясьвіжу: Старое Места, Новае Места, Альба, Беразблота, Заазер’е, Загуменьне, Казімер, Ліпа, Міхалішкі, Пагулянка, Прасмыкаўшчына, Фальварак, Школішча[33].

Эканоміка

Прадпрыемствы мэдычнай (завод мэдычных прэпаратаў), харчовай, швацкай прамысловасьці.

Турыстычная інфармацыя

Інфраструктура

Мескі музэй

Нясьвіж — пэрспэктыўны цэнтар турызму міжнароднага значэньня. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Нясьвіж», турыстычныя паслугі надае сядзіба «Нясьвіская».

У месьце працуе Нясьвіскі гістарычна-краязнаўчы музэй. У 1996 годзе ўтварыўся Нацыянальны гістарычна-культурны музэй-запаведнік «Нясьвіж». З 1995 году ў месьце праводзіцца нацыянальны фэстываль старажытнай і камэрнай музыкі «Музы Нясвіжа».

  • Помнікі: С. Буднаму; бюст кн. Ю. Нясьвіскага (1990-я); бюст кн. М. К. Радзівіла Сіроткі; Уладзіславу Сыракомлі; Д. М. Бэрнардоні; Т. Макоўскаму; Якубу Коласу, скульптуры «Дама ў чорным», «Русалка» і інш.; вазы з надпісамі «1794», «За нашу і вашу свабоду», «1410. Грунвальд», «Gloria victoria».

Славутасьці

Палац Радзівілаў на банкноце ў 100 тысячаў рублёў

Страчаная спадчына

Галерэя

Замак Радзівілаў

Фарны касьцёл

Іншыя славутасьці

Месты-сябры

Нясьвіж усталяваў сяброўскія дачыненьні зь местамі Азэрбайджану, Армэніі, Італіі, Летувы, Нямеччыны, Польшчы, Расеі, Турэччыны і Ўкраіны.

Асобы

Заўвагі

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі