Беларускі Гаюн

Беларускі Гаюн — маніторынгавы OSINT праект, які адсочвае ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войск. Маніторынгавая група створана да расійскага ўварвання ва Украіну актывістам Антонам Матолькам. Праект названы па беларускім міфічным персанажы, лясным духу Гаюне[1]. Літоўскае нацыянальнае радыё і тэлебачанне заявіла, што на інфармацыю, якую публікуе маніторынгавы праект часта спасылаюцца буйныя ўкраінскія СМІ, што дапамагае ўкраінскім мірным жыхарам і вайскоўцам лепш разумець пагрозы ад расійскіх войск, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі[2].

Беларускі Гаюн
Заснаванне
Дата заснаваннястудзень 2022
hajun.info (англ.)

Гісторыя

Беларускі Гаюн з’явіўся ў пачатку студзеня 2022 года як маніторынгавая ініцыятыва па адсочванні перамяшчэння расійскай тэхнікі і войск па тэрыторыі Беларусі. Перад праектам стаяла задача назіраць за колькасцю тэхнікі, якую завозяць у краіну і вывозяць назад, дзе патэнцыйна можа ўзнікнуць новая расійская вайсковая база[3]. Праект створаны каб беларусы ведалі што адбываецца на тэрыторыі Беларусі[1]. 20 лютага 2020 года з’явіўся тэлеграм-канал «Гаюна», у якім каманда пачала публікаваць інфармацыю пра выяўленыя расійскія войскі і іх перамяшчэнні. Першыя два месяцы вайны каманда працавала кругласутачна без выходных[3]. У лютым і сакавіку ў сярэднім праекту пісала па паўтары тысячы чалавек штодзень[3][4]. На піку гэта значэнне даходзіла да дзвюх тысяч чалавек[3]. У сакавіку 2022 года МУС РБ прызнала тэлеграм-канал праекту экстрэмісцкім фарміраваннем. У красавіку 2022 года на канал падпісалася больш за 360 тысяч чалавек. На той момант 90 % аўдыторыі складалі падпісчыкі з Украіны, а астатняя частка — беларусы[5]. На момант 25 лютага 2023 года на тэлеграм-канал праекта падпісана больш за паўмільёна чалавек[3].

Прынцып працы

Асноўнай крыніцай атрымання інфармацыі ёсць чытачы тэлеграм-канала. Яны дасылаюць паведамленні ў спецыяльны чат-бот. На момант 11 красавіка 2022 года ў бота было даслана больш за 33 тысячы паведамленняў ад 10 тысяч чалавек. Таксама частка інфармацыі прыходзіць з сацыяльных сетак, такіх як Укантакце і Аднакласнікі. 90 % атрыманай інфармацыі з сацыяльных сетак на момант пачатку вайны прыпадала на TikTok[1]. Акрамя гэтага праводзіцца маніторынг месэнджараў і публікацый СМІ. Інфармацыю структуруюць і на гэтай аснове робяцца высновы[3].

У праекце распрацавана сістэма фактчэкінгу і верыфікацыі, яна не раскрываецца, каб было складаней даслаць для публікацыі дэзінфармацыю[1][4]. Часам, калі ў каманды не было поўнай упэўненасці ў дакладнасці інфармацыі, яе публікавалі з паметкай «не пацверджана»[3].

Каманда

Дэталёвую інфармацыю пра каманду трымаюць у сакрэце. Станам на 11 красавіка 2022 года асноўная частка каманды працавала за межамі Беларусі. У большасці гэта грамадзяне Беларусі, якія вымушаны выехаць з краіны праз крымінальны пераслед[1]. Да 25 лютага 2023 года склад каманды практычна не змяніўся[3].

Рэакцыя беларускай дзяржавы

16 сакавіка 2022 года МУС Рэспублікі Беларусь прызнала тэлеграм-канал і чат Беларускага Гаюна экстрэмісцкім фарміраваннем. У пераліку экстрэмісцкіх арганізацый і фарміраванняў на сайце міністэрства з’явіўся запіс, што Гаюн ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць[2][6].

У снежні 2022 года супрацоўнікі беларускіх сілавых органаў пад выглядам назіральнікаў Беларускага Гаюна спрабавалі даведацца пра асабістыя даныя і фарміраваць дасье на падпісчыкаў праекта. Рабілі яны гэта з дапамогай чат-ботаў для знаёмстваў. У паведамленнях, у не надакучлівай форме, яны прасілі пазначыць імя і прозвішча, дату нараджэння, месца пражывання, а таксама іншыя асабістыя даныя[7].

На момант 8 верасня 2023 года стваральніку праекта было вядома пра 10 выпадкаў арышту за ўзаемадзеянне з Беларускім Гаюном. Антон Матолька заявіў, што недзе людзі былі ідэнтыфікаваны праз вулічнае відэаназіранне, а недзе праз знойдзены ў тэлефоне тэлеграм-бот[2].

У красавіку 2023 года па беларускім дзяржаўным тэлебачанні паказалі фільм, дзе было расказана пра затрыманне айцішніка Дзмітрыя Маставога. Аўтары фільма абвінавацілі яго ў стварэнні анлайн-трансляцыі на аэрадроме Мачулішчы. Яны заявілі, што чат-бот «Гаюна» кантралюецца беларускімі сілавымі органамі. Медыя «Zerkalo» адзначыла, што ў эфіры дзяржаўнага ТБ няма доказаў гэтым заявам, а замест здымкаў перапіскі аўтары ўжывалі камп’ютарную графіку. Адміністрацыя «Гаюна» заявіла, што затрыманы праграміст не рабіў для іх прамых трансляцый, а паведамленні пра кантроль іх чат-бота сілавікамі — «лухта»[8].

Зноскі