Бражуольскі дагавор | |
---|---|
Тып дагавора | палітычнае пагадненне |
Дата падпісання | 6 ліпеня 1382 |
Месца падпісання | Замак Бражуоле, каля Трокаў, Вялікае Княства Літоўскае |
Бакі | Ягайла Тэўтонскі Ордэн |
Бражуольскі дагавор — дагавор між Ягайлам і Тэўтонскім Ордэнам, падпісаны 6 ліпеня 1382 года ў замку Бражуоле каля Трокаў.
12 чэрвеня 1382 года віленчукі на чале з гандляром Ганулам, скарыстаўшыся адсутнасцю Кейстута (ваяваў з Карыбутам) і Вітаўта (быў у Троках)[1], адкрылі вароты горада войску Ягайлы. Вітаўт сабраў у Троках войска і паспрабаваў адваяваць Вільню, але беспаспяхова. Ягайла са Скіргайлам пачалі наступ на Трокі. Крыжакі, з якімі Ягайла меў пагадненне, рухаліся ад Коўна.
6 ліпеня ў замку Бражуоле (каля Трокаў) Ягайла і прадстаўнікі Тэўтонскага Ордэна заключылі кароткае перамір'е (да 8 жніўня), паводле якога крыжакі абяцалі не ўступаць у пагадненні з Кейстутам. Апошняя ўмова сведчыць, што кіраўнікі Тэўтонскага Ордэна не лічылі сябе звязанымі ранейшымі дамоўленасцямі і маглі падтрымаць любы з бакоў у расколатай міжусобіцай Літве[2].
Перад пагрозай супольнага ўдару з боку Ягайлы і крыжакоў Вітаўт быў змушаны адступаць у Гародню. Трокі здаліся 20 ліпеня[3]. Між тым Кейстут сабраў сваіх прыхільнікаў у Жмудзі, Вітаўт у Гародні, а яго брат Любарт наняў войскі ў Галіцка-Валынскім княстве[4]. 3 жніўня 1382 года войскі Кейстута і Ягайлы сустрэліся ля Трокаў, але бітва так і не пачалася[5]. Абодва бакі пагадзіліся на перамовы. Аднак па прыбыцці ў Ягайлаў лагер Кейстут і Вітаўт былі арыштаваныя і кінутыя ў турму ў Крэве[6], а іх войска абяззброенае. Праз 5 дзён пасля ўвязнення, 15 жніўня, Кейстут быў знойдзены мёртвым[7]. Вітаўту пазней удалося ўцячы.