Вадзіцельскае пасведчанне

Вадзіцельскае пасведчанне, або пасведчанне кіроўцы — дакумент, які пацвярджае права кіравання механічным транспартным сродкам і (або) самаходнай машынай пэўнай катэгорыі.

Выдача дакумента рэгламентуецца нацыянальнымі заканадаўствамі і міжнароднымі дагаворамі. Асноўнымі ўмовамі атрымання вадзіцельскага пасведчання ёсць адпаведнасць кандыдатаў абмежаванням па ўзросце (мінімальным і максімальным) і стане здароўя, а таксама здача спецыяльных экзаменаў (тэарэтычных і практычных) ва ўпаўнаважаных органах (для Беларусі — ДАІ).

Удзел у некаторых спаборніцтвах па аўтаспорце вымагае ад кіроўцаў атрымаць спецыяльную ліцэнзію (як, напрыклад, суперліцэнзія ў Формуле-1)[1][2].

Гісторыя

Карл Бенц, вынаходнік аўтамабіля сучаснага тыпу, атрымаў афіцыйны дазвол на карыстанне самаходам ад улад Вялікага Герцагства Бадэн у 1888 годзе пасля таго, як жыхары пачалі скардзіцца на шум і смурод ад яго машыны Motorwagen[3]. Да пачатку ХХ ст. еўрапейскія ўлады выдавалі такія дазволы індывідуальна і разава, калі выдавалі наогул[3].

Абавязковае ліцэнзаванне кіроўцаў уступіла ў сілу ў Вялікабрытаніі 1 студзеня 1904 года[4] па тым, як Закон пра аўтамабілі 1903 года быў санкцыянаваны манархам. Кожны ўласнік аўта мусіў зарэгістраваць яго ў мясцовых органах улады і пацвердзіць рэгістрацыю па патрабаванні. Мінімальны век для права кіравання акрэслілі як сямнаццаць гадоў. «Вадзіцельскае пасведчанне» давала яго ўладальніку права «свабодна перасоўвацца» з абмежаваннем хуткасці руху 20 мілямі за гадзіну (32 км/г)[5]. Абавязковае тэставанне каб атрымаць такія правы ўведзена ў 1934 годзе ў сувязі з прыняццем Закона пра дарожны рух[6].

Каралеўства Прусія ў складзе Германскай імперыі ўвяло абавязковае ліцэнзаванне 29 верасня 1903 года. Каб атрымаць ліцэнзію, трэба было прайсці экзамен на здатнасць да работ з механікай, праводзіць такія тэсты даручылі «Асацыяцыі па доглядзе катлоў» (Dampfkesselüberwachungsverein)[3]. У 1910 годзе імперскі ўрад увёў ліцэнзаванне кіроўцаў па ўсёй дзяржаве, устанавіўшы сістэму экзаменаў і патрабаванняў да кіроўцаў, прынятую ў іншых краінах[3].

Другія краіны Заходняй Еўропы таксама ўвялі ў ХХ стагоддзі экзамены на кіраванне, апошняй з іх была Бельгія, дзе да 1977 года можна было набыць і мець вадзіцельскае пасведчанне без таго, каб здаваць экзамен па кіраванні транспартным сродкам[7].

У ЗША з ростам смярцей у ДТЗ грамадскі розгалас прымусіў заканадаўцаў вывучаць французскія і нямецкія законы як прыклад[8]. 1 жніўня 1910 года ў штаце Нью-Ёрк уступіў у сілу першы ў Паўночнай Амерыцы закон пра ліцэнзаванне аўтатранспарту, які спачатку распаўсюджваўся толькі на прафесійных кіроўцаў[9]. Ліпнем 1913 года штат Нью-Джэрсі стаў першым, дзе ўсе кіроўцы мусілі здаваць абавязковы экзамен каб атрымаць права на кіраванне аўтамабілем[10].

Прыняцце ў 1909 годзе Канвенцыі ўзгаднення міжнароднага руху механічных транспартных сродкаў[11] прызнала патрэбу ў кваліфікацыі, здачы экзаменаў і атрыманні дазволу на кіраванне аўтатранспартам паміж дзяржавамі. Расійская імперыя далучылася да Канвенцыі ў 1909 годзе і ўвяла адпаведную заходнееўрапейскай форму пасведчання на права кіравання.

Упершыню паняцце «міжнароднае вадзіцельскае пасведчанне» (International Driving Permit) было прапанавана на міжнародным сходзе 1926 года ў Парыжы[12].

У 1949 годзе Арганізацыя Аб’яднаных Нацый прыняла Жэнеўскую канвенцыю пра дарожны рух[en], якая стандартызавала правілы дарожнага руху, перавозкі пасажыраў, дарожныя знакі, вадзіцельскія пасведчанні і г. д. У ёй указвалася, што нацыянальныя вадзіцельскія пасведчанні павінны быць ружовага колеру, а «Міжнароднае вадзіцельскае пасведчанне» мусіць мець шэрую вокладку з белымі старонкамі і што «ўся апошняя старонка павінна быць напісана французскай мовай»[13].

У 1968 годзе Венская канвенцыя пра дарожны рух[en], ратыфікаваная ў 1977 годзе (абноўлена ў 2011 годзе) значна мадэрнізавала гэтыя пагадненні[14].

Катэгорыі кіравання транспартнымі сродкамі ў Беларусі

Зноскі

Спасылкі