Вялікая Бераставіца
Вялі́кая Бераставі́ца[3] (трансліт.: Vialikaja Bierastavica) — гарадскі пасёлак у Гродзенскай вобласці Беларусі, цэнтр Бераставіцкага раёна, на рацэ Бераставічанка. За 63 км ад Гродна, 10 км ад чыгуначнай станцыі Бераставіца на лініі Масты — Бераставіца, на аўтамабільнай дарозе Гродна — Бераставіца — Ваўкавыск. Насельніцтва 5 667 чал. (2018)[4].
Гарадскі пасёлак Вялікая Бераставіца
| ||||||||||||||||||||||||||||||||
Назва
Найбольш імаверна, што тапонім «Бераставіца» ўтварыўся ад слова «бярост» (від вяза) або слова «бяроста» (кара бярозы)[5]. Але не адкідаецца і магчымасць таго, што назва паселішча з’явілася як памяншальная ад Берасця, тады Бераставіца — гэта маленькае Берасце[6]. Часам тапонім звязваюць са словам «берасцянка» (так зваліся лодкі з кары бярозы, на якіх продкі берастоўцаў хадзілі некалі паўнаводнай мясцовай рэчкай). Таксама існуе народнае паданне, паводле якога першымі пасяленцамі на гэтым месцы былі закаханы Бярост і Тавіца, якім прыйшлося збегчы з роднага паселішча ў пошуках шчасця. Ад іх імёнаў нібыта і ўтварылася назва новага паселішча — Бераставіца. У 2006 годзе, у дні святкавання 500-годдзя мястэчка, разьбяныя скульптурныя статуі гэтых міфічных персанажаў — Бяроста і Тавіцы — з’явіліся пры ўездзе ў Бераставіцу як даніна павагі да продкаў і да іх культуры[7].
Гісторыя
Першы пісьмовы ўспамін пра Бераставіцу змяшчаецца ў грамаце вялікага князя Аляксандра пад 1506 годам у сувязі з перадачай паселішча ў вечнае карыстанне Аляксандру Хадкевічу, маршалку гаспадарскаму, за заслугі перад Айчынай. У 1549 годзе Рыгор Хадкевіч распачаў тут будову рэзідэнцыі[8]. Пасля смерці мужа Ганна з Хадкевічаў, на той час жонка віленскага кашталяна Паўла Паца, разам з сынам, каралеўскім дваранінам Янам Паўлавічам Сапегам, прадала палову маёнтка князю Фёдару Масальскаму. Гэта было мацярызнае (маёмасць маці) уладанне Ганны, якое яна атрымала ў спадчыну разам з братам Аляксандрам і сястрой Аляксандрай. Пасля смерці брата ёй перайшла палова ягонай долі, якую яна ў 1597 годзе прадала за 30 000 злотых[9].
З XVI стагоддзя ў Бераставіцы існаваў касцёл, які спалілі маскоўскія захопнікі. на карце Тамаша Макоўскага (1613) паселішча значыцца як мястэчка, у Гарадзенскім павеце. У 1615 годзе на месцы згарэлага драўлянага касцёла збудавалі новы. Цягам XVII—XVIII стагоддзяў мясцовасць знаходзілася ва ўладанні Мнішкаў, Патоцкіх, Касакоўскіх. У XVIII стагоддзі пры касцёле існавалі шпіталь і парафіяльная школа[8].
У 1754 годзе кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў Бераставіцы Магдэбургскае права і герб з выявай вавёркі ў цэнтры. Неўзабаве на гандлёвай плошчы збудавалі ратушу. 19 верасня 1794 года ў бітве паміж паўстанцамі пад камандаю Тадэвуша Касцюшкі і расійскім акупацыйным войскам у мястэчку загінула больш за 250 абаронцаў Рэчы Паспалітай.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Бераставіца апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Гродзенскім павеце. Жыхары мястэчка бралі актыўны ўдзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага[10].
У часы Першай сусветнай вайны ў 1917 годзе Бераставіцу занялі нямецкія войскі, у 1919 годзе — польскія войскі. 7 чэрвеня 1919 года разам з усім Гродзенскім паветам мястэчка ўключылі ў Віленскую акругу Грамадзянскага ўпраўлення Усходніх зямель — часовую Польскую адміністрацыйную адзінку[11]. Улетку 1920 года Бераставіцу занялі бальшавікі, пазней зноў палякі. 20 снежня 1920 года мястэчка ўключылі разам з паветам у Навагрудскую акругу[12]. 19 лютага 1921 года Бераставіца зрабілася цэнтрам гміны ў Гродзенскім павеце Беластоцкага ваяводства. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) мястэчка канчаткова адыйшло да міжваеннай Польскай Рэспублікі.
18 верасня 1939 года ў Бераставіцы пачаліся забойствы і крадзежы. Ахвярамі сталі багатыя асобы і тыя, хто працаваў у польскай адміністрацыі (перш за ўсё палякі). У рабаванняў бралі ўдзел частка сялян і бандыты, якія дзейнічалі пад уплывам прапаганды СССР (перш за ўсё беларусы і яўрэі). Апрача іншых, тут забілі двух паліцыянтаў: каменданта ўчастку Асташэўскага і паліцыянта Лойку[13]. 2 лістапада 1939 года Бераставіца ўвайшла ў БССР, у Крынкаўскі раён. У Другую сусветную вайну з чэрвеня 1941 года да 17 ліпеня 1944 года мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
20 верасня 1944 года Бераставіца стала цэнтрам раёна, у 1947 года атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадскога тыпу. 17 ліпеня 2006 года адбылося афіцыйнае зацверджанне гістарычнага герба і заснаванне сцяга пасёлка[14].
- У цэнтры мястэчка
- На Рынку
- Стары касцёл
- Сядзіба
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1830 — 394 муж., з іх шляхты 6, духоўнага саслоўя 5, мяшчан-іўдзеяў 357, мяшчан-хрысціян і сялян 26[15]; 1850 — 1 037 чал.; 1878 — 1 694 чал. (791 муж. і 803 жан.), у тым ліку 1 127 яўрэяў[16]; 1900 — 1 786 чал.
- XX стагоддзе: 1914 — 2 518 чал.; 1921 — 1 371 чал., з іх 720 іўдзеяў, 421 каталік, 229 праваслаўных, 1 евангеліст[17]; 1969 — 2,9 тыс. чал.; 1992 — 7 тыс. чал.[18]
- XXI стагоддзе: 2006 — 5,9 тыс. чал.; 2009 — 5 720 чал. (перапіс)[19]; 2016 — 5 545 чал.; 2018 — 5667 чал.
Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай прамысловасці, сацыяльна-бытавога абслугоўвання.
- Філіял «Бераставіцкі масласырзавод» ААТ «Малочны свет»
- ПУП «Кааппрам Бераставіцкага раённага спажывецкага таварыства»
Культура
Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, дом культуры, кінатэатр.
Адукацыя
У Бераставіцы працуюць сярэдняя, музычная і дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, 2 дашкольныя ўстановы.
Медыцына
Медыцынскія паслугі надае пасялковая бальніца.
Мас-медыя
У мястэчку выдаецца «Бераставіцкая газета».
Турызм
Спыніцца можна ў пасялковай гасцініцы[20].
Славутасці
- Гістарычная забудова (кан. ХІХ — пач. XX стагоддзяў; фрагменты)
- Касцёл Праабражэння Гасподняга (1912)
- Касцёл Адведзін Найсв. Дзевы Марыі (1741, 1615?)[21]
- Могілкі старыя каталіцкія, каплічкі
- Свята-Мікалаеўская царква (2-я пал. ХІХ ст.)
- заезны двор (2-я пал. 19 ст.)
- Сядзіба Касакоўскіх (XVIII ст.)
Страчаная спадчына:
- Палац Касакоўскіх (XIX ст.)
- Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі
- Касцёл Праабражэння Гасподняга
- Свята-Мікалаеўская царква
- Заезны двор
- Брама сядзібы
- Плябанія
- Знак
- Палац Касакоўскіх
Вядомыя асобы
- Восіп Кавалеўскі (1801—1878) — філолаг, адзін з заснавальнікаў манголазнаўства ў Расіі
- Павел Валынцэвіч (1875—1962). Фотамастак, святар.[22]
- Лявон Рабіновіч
- Адам Трыпус (1895—1965) — ваенны і педагог, дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі
- Эдвард Кан (1895—1984)[23]
- Фелікс Ражанскі (1838 — пасля 1903) — беларускі паэт, мемуарыст, удзельнік рэвалюцыйнага руху 1860-х гг.
- Андрэй Мікалаевіч Янушкевіч (нар. 1976) — беларускі гісторык.
Зноскі
Літаратура
- Вялікая Бераставіца // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 473. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Трусаў І. Гродзенскія ваколіцы(недаступная спасылка) // «Биржа информации» № 83, 23 верасня 1999.
- Шаблюк В. Вялікая Бераставіца // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — С. 435—436. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
- Brzostowica Wielka // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna (польск.). — Warszawa, 1880. — S. 422.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вялікая Бераставіца
- Геаграфічныя звесткі па тэме Вялікая Бераставіца на OpenStreetMap
- Фатаздымкі на radzima.org