Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей

Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей — адзін са старэйшых і велічэйшых музеяў Гродзенскай вобласці.

Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей
Выява лагатыпа
Лагатып
Профількомплексны
Заснаваны1922
Падпарадкаванасцьупраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама
Месцазнаходжаннег. Гродна, вул. Замкавая, 20, 230023
Памеры фонду158 981
Агульная плошча5486
Выставачная плошча2377
Плошча запаснікаў506
Адкрыты10:00–17:30, акрамя панядзелка
Музей гісторыі Гарадніцы 10:00–17:00, акрамя нядзелі і панядзелка
museum-grodno.by
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

Заснаваны ў 1920 годзе па ініцыятыве гісторыка і археолага Юзафа Ядкоўскага. З канца 1920-х гадоў месціцца ў Старым Замку, а ў 1991 годзе музею перададзена большая частка памяшканняў Новага Замка.

Фонды

Фонд музея на сучасны момант налічвае каля 190 тысяч прадметаў — старадрукі (звыш 23 тыс. прадметаў з іх 3 інкунабулы і 26 палеатыпаў), археалагічныя калекцыі складаюцца з матэрыялаў раскопак стаянак, паселішч, могільнікаў, сярэднявечных гарадоў і абарончых збудаванняў Гродзеншчыны (каля 40 тыс. прадметаў), нумізматыка (каля 30 тыс. манет) і інш. У пастаяннай экспазіцыі музея прадстаўлена каля 7 000 прадметаў. 

Экспазіцыя да рэканструкцыі

Асноўная частка экспазіцый музея да 2019 года была размешчана ў каралеўскім палацы Старога замка, пабудаванага ў 2-ой палове 16 ст. для караля Стэфана Баторыя (неаднаразова перабудоўваўся ў 17-19 ст.).

Стары і Новы замкі, у якіх размяшчаецца музей
Экспазіцыйная зала ў Старым замку
Экспазіцыйная зала ў Новым замку
Ф. І. Байкоў. Група уланаў часоў Мікалая І

Экспазіцыя, якая апавядала аб гісторыі, культуры і прыродзе Панямоння, змяшчалася на першым і другім паверхах. Сярод рэчаў, якія захоўваюцца і экспанаваліся ў музеі, значнае месца займае калекцыя археалагічных знаходак, — зброя абаронцаў горада і жаночыя ўпрыгожанні, інструменты рамеснікаў і дзіцячыя цацкі, масіўныя ядры і медныя гравіраваныя пласціны XII ст. з выявамі святых, старажытныя кнігі, разнастайныя па форме і аздабленню кафлі, манеты розных краін Еўропы, разныя крэслы XVIII ст. з мэблі Старога замка, шкляныя вырабы гродзенскіх каралеўскіх мануфактур, а таксама славуты «слуцкі» залататканы пояс. Асобныя залы былі прысвечаны побыту сялян і гараджан Гродзенскай губерні, традыцыйнымі рамёствамі і прамысловымі прадпрыемствамі краю. На другім паверсе палаца месціліся матэрыялы, прысвечаныя першай і другой сусветным войнам.

У канцы 2019 годзе экспазіцыю прыбралі з палаца Баторыя, каб падрыхтаваць яго да рэканструкцыі.[1]

Экспазіцыя пасля рэканструкцыі

Працы па рэканструкцыі Старога замка пачаліся ў 2017 годзе.

Стары замак адкрылі для наведвальнікаў 6 лістапада 2021 года пасля першага этапу рэканструкцыі. У адбудаваным замку размясцілі частку экспазіцыі. Першая зала расказвае пра гісторыю забудовы Замкавай гары. Адна з залаў прысвечана каралю Стэфану Баторыю. У іншай размешчана экспазіцыя, прысвечаная Гродна ў XVII—XVIII стст. У калідоры да сувенірнай крамы размясцілі карцінную галерэю.[2]

Тры залы з інтэр'ерамі XVI ст. у замку адкрылі ў студзені 2023 года. Іх рыхтавалі больш за год. Гэта залы «Капліца», «Каралеўская лазня» і «Пакоі чыноўніка». У каралеўскай капліцы захавалі арыгінальную фрэску XVI ст.[3] У чэрвені 2023 адкрылася для наведванняў Алебастравая зала, апошняя з памяшканняў у рамках першай чаргі рэканструкцыі Старога замка. Зала ўзнаўляе мастацтва эпохі Рэнесансу. Мяркуецца, у XVI ст. у ёй знаходзіліся вырабы з алебастру, што і дало назву памяшканню.[4]

На тэрыторыі Старога замка на Замкавай гары экспануюцца руіны помніка гродзенскай архітэктурнай школы 12 стагоддзя — Ніжняй царквы. За ёй знаходзяцца рэшткі абарончых сцен Верхняга замка часоў Вітаўта.

Самы старажытны ў Беларусі каменны мост злучае Стары замак з другім каралеўскім палацам — Новым замкам.

Музей гісторыі Гарадніцы знаходзіцца ў будынку, які з’яўляецца адзіным помнікам першай тыпавой гарадской жылой забудовы другой паловы 18 ст.

Час працы музея: штодзённа, акрамя панядзелка, 10:00–18:00, каса: да 17:00.

Літаратура

  • Гродненский государственный историко-археологический музей. Путеводитель по залам / Соболь Н. И.. — Т. 1963. — 236 с.
  • Гродно: энциклопедический справочник. — «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1989. — С. 168. — 438 с.
  • Ваганова А. Н., Загорульский Э. М. Историческое краеведение Белоруссии. — БГУ им В. И. Ленина, 1980. — 263 с.

Спасылкі