Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь (ДМК) — рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання, які праводзіць дзяржаўную мытную палітыку, забяспечвае ў межах сваёй кампетэнцыі эканамічную бяспеку Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляе рэгуляванне і кіраванне ў сферы мытнай справы і каардынуе ў гэтай сферы дзейнасць іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый.

Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь
скарочана — ДМК РБ
Выява лагатыпа
Геральдычны знак — эмблема Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь
Агульная інфармацыя
КраінаРэспубліка Беларусь
Дата стварэння20 верасня 1991
Папярэдняе ведамстваМытны камітэт СССР
Кіраўніцтва дзейнасцю ажыццяўляеПрэзідэнт Рэспублікі Беларусь
Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь
Штаб-кватэра220007, Мінск, вул. Магілёўская, д. 45/1
СтаршыняУладзімір Арлоўскі
Сайтcustoms.gov.by

ДМК падпарадкоўваецца Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, а па асобных пытаннях дзейнасці, прадугледжаных заканадаўчымі актамі, — Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.

Гісторыя

20 верасня 1991 года Парламент Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову «Аб мытнай службе Рэспублікі Беларусь»[1] і стварыў Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь з падначаленнем яму мытных устаноў СССР, размешчаных на тэрыторыі рэспублікі. У выніку была створана адзіная мытная сістэма, якая ўключала ДМК і мытні.

На май 1993 года ў Беларусі было 20 мытняў. Гэта была найбольшая колькасць мытняў за ўвесь найноўшы перыяд гісторыі Беларусі.

З 1 ліпеня 1993 года Пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь быў уведзены ў дзеянне першы Мытны кодэкс незалежнай Беларусі.

Поспехі мытнікаў былі ацэненыя кіраўніцтвам краіны. У адзначэнне заслуг 20 верасня 1996 года выйшаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб устанаўленні свята — Дня мытніка».

У снежні 1997 года Нацыянальным сходам быў прыняты і ўхвалены і 17 ліпеня 1998 года ўведзены ў дзеянне другі Мытны кодэкс Рэспублікі Беларусь, аднак ужо ў 2007 годзе была прынята новая, трэцяя рэдакцыя коджкса, якая страціла сілу з прыняццем Закона «Аб мытным рэгуляванні ў Рэспубліцы Беларусь» 2014 года.

Структура

У склад ДМК ўваходзяць:

  • Цэнтральны апарат у г. Мінску
    • Упраўленне арганізацыі мытнага кантролю
    • Упраўленне арганізацыі барацьбы з кантрабандай і адміністрацыйнымі мытнымі правапарушэннямі
    • Упраўленне развіцця мытнай інфраструктуры
    • Упраўленне інфармацыйных тэхналогій, мытнай статыстыкі і аналізу
    • Упраўленне арганізацыйна-кадравай і ідэалагічнай работы
    • Фінансава-эканамічнае упраўленне
    • Упраўленне тарыфнага рэгулявання і мытных плацяжоў
    • Прававое упраўленне
    • Упраўленне ўласнай бяспекі
    • Упраўленне арганізацыі постмытнага кантролю
    • Кантрольна-рэвізійны аддзел
    • Арганізацыйна-аналітычнае упраўленне
    • Група па абароне дзяржаўных сакрэтаў
    • Упраўленне аналізу рызык і аператыўнага кантролю
  • Мытні:
    • Брэсцкая мытня
    • Віцебская мытня
    • Гомельская мытня
    • Гродзенская рэгіянальная мытня
    • Мінская рэгіянальная мытня
    • Мінская цэнтральная мытня
    • Мытня «Мінск-2»
    • Магілёўская мытня
    • Ашмянская мытня
  • Установа адукацыі «Дзяржаўны інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў мытных органаў Рэспублікі Беларусь» і рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белмытнясэрвіс»

Задачы

Асноўнымі задачамі Дзяржаўнага мытнага камітэта з’яўляюцца:

  • Правядзенне дзяржаўнай мытнай палітыкі, ажыццяўленне рэгулявання і кіравання ў сферы мытнай справы і каардынацыя ў гэтай сферы дзейнасці іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый;
  • Забеспячэнне ў межах сваёй кампетэнцыі эканамічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, абарона яе эканамічных інтарэсаў;
  • Распрацоўка і прымяненне сродкаў мытнага рэгулявання ў мэтах развіцця гандлёва-эканамічных адносін Рэспублікі Беларусь;
  • Арганізацыя і ўдасканаленне мытнага кантролю і мытнага афармлення, стварэнне ўмоў, якія садзейнічаюць паскарэнню тавараабароту праз мытную граніцу Рэспублікі Беларусь, развіццю знешнеэканамічнай дзейнасці арганізацый і грамадзян, забеспячэнне рэалізацыі гэтых мер;
  • Папярэджанне і спыненне кантрабанды, іншых злачынстваў, адміністрацыйных правапарушэнняў у сферы мытнай справы;
  • Забеспячэнне выканання міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь у частцы, якая тычыцца мытнага справы.

Функцыі

Мытныя органы Рэспублікі Беларусь выконваюць наступныя асноўныя функцыі:

  • Ажыццяўляюць мытнае афармленне і мытны кантроль, ствараюць умовы, якія спрыяюць паскарэнню тавараабароту праз мытную мяжу;
  • Спаганяюць мытныя плацяжы, кантралююць правільнасць іх налічэння і своечасовасць выплаты, прымаюць меры па прымусовым спагнанні мытных плацяжоў;
  • Забяспечваюць захаванне парадку перамяшчэння тавараў праз мытную мяжу;
  • Ажыццяўляюць кантроль за выкананнем забаронаў і абмежаванняў на ўвоз тавараў у Рэспубліку Беларусь і іх вываз з Рэспублікі Беларусь, устаноўленых заканадаўствам і (або) міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь па падставах эканамічнага і неэканамічнага характару;
  • Забяспечваюць у межах сваёй кампетэнцыі абарону правоў інтэлектуальнай уласнасці;
  • Вядуць барацьбу з кантрабандай і іншымі злачынствамі, адміністрацыйнымі правапарушэннямі, вытворчасць па справах аб якіх аднесена да кампетэнцыі мытных органаў, спыняюць незаконны абарот праз мытную мяжу наркатычных сродкаў, зброі, культурных каштоўнасцяў, радыёактыўных рэчываў, відаў жывёл і раслін, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, іх частак і дэрыватаў, аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, іншых тавараў, а таксама аказваюць садзейнічанне ў барацьбе з міжнародным тэрарызмам і спыненні незаконнага ўмяшання ў аэрапортах Рэспублікі Беларусь у дзейнасць міжнароднай грамадзянскай авіяцыі;
  • Ажыццяўляюць у межах сваёй кампетэнцыі падатковы, валютны, экспартны і іншыя віды кантролю, права на ажыццяўленне якіх або на ўдзел у ажыццяўленні якіх прадастаўлена мытным органам у адпаведнасці з заканадаўствам;
  • Вядуць мытную статыстыку знешняга гандлю Рэспублікі Беларусь і спецыяльную мытную статыстыку;
  • Забяспечваюць выкананне міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь у частцы, якія тычацца мытнай справы, ажыццяўляюць супрацоўніцтва з мытнымі і іншымі кампетэнтнымі органамі замежных дзяржаў, міжнароднымі арганізацыямі, якія займаюцца пытаннямі мытнай справы;
  • Ажыццяўляюць інфармаванне і кансультаванне па пытаннях мытнага рэгулявання і іншых пытаннях, якія ўваходзяць у кампетэнцыю мытных органаў, забяспечваюць ва ўстаноўленым парадку дзяржаўныя органы, арганізацыі і грамадзян інфармацыяй па мытных пытаннях;
  • Ажыццяўляюць падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі службовых асоб мытных органаў;
  • Праводзяць навукова-даследчыя работы ў галіне мытнай справы.

Старшыні

Крыніцы

Спасылкі