Краёвае кола Літвы і Русі

Краёвае кола Літвы і Русі (1906), Кола польскіх дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі (1907), Польска-літоўска-беларускае кола (1907—1912), Беларуска-літоўска-польскае кола (1912—1917) (руск.: Группа западных окраин) — аб’яднанні дэпутатаў (галоўным чынам — католікаў) з Заходняга краю Расійскай імперыі адпаведна ў I, II, III і IV Дзяржаўнай Думе Расійскай імперыі ў 1906—1917 гг. У ідэалагічных адносінах да 1911 г. групоўка ў сваёй большасці была прыхільніцай «краёвай ідэі» («краёвасці») — яе ліберальна-кансерватыўнага кірунку, а з 1912 г. у яе шэрагах значыліся і прыхільнікі ідэй польскіх нацыянальных дэмакратаў (польскіх «эндэкаў», «эндэцыі»).

Назва і характарыстыка групоўкі

Характарыстыка дэпутацкай групы

Групоўка дэпутатаў мела розныя назвы ў I, II, III і IV Дзяржаўнай Думе Расійскай імперыі, але група мела агульныя характарыстыкі, у першую чаргу — рэгіён паходжання дэпутатаў і іх веравызнанне.

У канфесійных адносінах групоўка складалася з дэпутатаў-католікаў — адзіным выключэннем быў граф Ваўжынец Станіслававіч Путкамер, які быў кальвіністам. Колькасць групоўкі ў кожным новым скліканні Думы скарачалася, бо на кожных выбарах з 1907 г. расійская ўлада ставіла перашкоды і ўводзіла абмежаванні да абарання асоб неправаслаўнага веравызнання і нярускай нацыянальнасці. Толькі асобныя дэпутаты ўваходзілі ў склад групоўкі некалькі раз — вялікай была ратацыя складу групоўкі ў кожным новым скліканні Думы, што тлумачыцца тымі ж перашкодамі і абмежаваннямі з боку афіцыйных улад Расійскай імперыі.

У ідэалагічных адносінах да 1911 г. групоўка ў сваёй большасці была прыхільніцай «краёвай ідэі» («краёвасці») — яе ліберальна-кансерватыўнага кірунку, а з 1912 г. у яе шэрагах значыліся і прыхільнікі ідэй польскіх нацыянальных дэмакратаў (польскіх «эндэкаў», «эндэцыі»). Асобныя дэпутаты мелі двайное членства ў парламенцкіх групах дэпутатаў Дзяржаўнай Думы.

У геаграфічных адносінах групоўка ў I і II Дзяржаўнай Думе складалася з дэпутатаў, які былі абраны ад губерняў Заходняга краю (заходніх губерняў), дзе пераважалі прадстаўнікі ад Паўночна-Заходняга края (літоўска-беларускіх губерняў); а ў III і IV Дзяржаўнай Думе — выключна з дэпутатаў ад Паўночна-Заходняга краю (літоўска-беларускіх губерняў), дзе пераважалі прадстаўнікі Віленскай губерні.

У кожным новым скліканні Дзяржаўнай Думы групоўка мела новых лідараў: у I Дзяржаўнай Думе на яе чале стаяў прадстаўнік Мінскай губерні, а ў II, III і IV Дзяржаўнай Думе — Віленскай губерні.

Назва

Групоўка ў I, II, III і IV Дзяржаўнай Думе мела паралельна некалькі варыянтаў сваёй назвы на рускай мове і некалькі варыянтаў на польскай.

У I Дзяржаўнай Думе групоўка апублікавала на рускай мове сваю праграму, дзе сама групоўка афіцыйна назвала сябе як «Парламентская группа западных окраин» (г.зн. «Парламенцкая група заходніх ускраін»)[1] — Заходні край (заходнія губерні) Расійскай імперыі меў паралельную публіцыстычную і ўрадавую назву «заходнія ўскраіны». У рускамоўнай прэсе і паўсядзённым абыходзе замацавалася скарочаная назва «Группа западных окраин» (г.зн. «Група заходніх ускраін»)[2], а таксама паралельная назва «Территориальное коло» (г.зн. «Тэрытарыяльнае кола»)[3].

Рускамоўныя назвы «Группа западных окраин» і «Территориальное коло» выкарыстоўваліся адносна групоўкі і ў II Дзяржаўнай Думе[4]. У рускамоўнай прэсе і паўсядзённым абыходзе адносна групоўкі ў I і II Дзяржаўнай Думе таксама выкарыстоўваліся і больш рэдкія назвы — «Группа северо-западных и юго-западных окраин» (г.зн. «Група паўночна-заходніх і паўднёва-заходніх ускраін») і «Территориальное окраинное коло» (г.зн. «Тэрытарыяльнае акраіннае кола»)[5].

Сама групоўка сябе ў I Дзяржаўнай Думе называла па-польску як «Koło Krajowe Litwy i Rusi» (г.зн. «Краёвае кола Літвы і Русі») ці «Koło Poselskie Litwy i Rusi» (г.зн. «Дэпутацкае кола Літвы і Русі»), а ў II Дзяржаўнай Думе як «Koło Posłów Polaków Konstytucjonalistów z Litwy i Rusi» (г.зн. «Кола польскіх дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі»)[6][7]. Такая назва тлумачылася тым, што мясцовае каталіцкае і польскамоўнае дваранства Заходняга края, якое было генетычна нашчадкамі шляхты Рэчы Паспалітай і пераемнікамі яе культуры і традыцый, называла ў сваім асяроддзі гэтыя «заходнія губерні» як «Літва і Русь», карыстаючыся геаграфічнай і тапанімічнай тэрміналогіяй часоў Рэчы Паспалітай.

У III Дзяржаўнай Думе адносна групоўкі ўжывалася рускамоўная назва «Польско-литовско-белорусская группа» ці «Польско-литовско-белорусское коло», а сама яна сябе называла па-польску як «Польска-літоўска-беларускае кола»[8]. А ў IV Дзяржаўнай Думе адносна групоўкі ўжывалася рускамоўная назва «Белорусско-литовско-польская группа» ці «Белорусско-литовско-польское коло», а сама яна сябе называла па-польску як «Беларуска-літоўска-польскае кола»[9].

Краёвае кола Літвы і Русі (1906)

Склад

Групоўка аформілася 4 мая 1906 г. з ліку дэпутатаў-каталікоў, абраных у I Дзяржаўную Думу ад заходніх губерняў. Кіраўніком стаў Аляксандр Робертавіч Лядніцкі. Да ліку кіраўніцтва групы таксама належалі князь Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі, Чэслаў Каралевіч Янкоўскі і Фелікс Панятоўскі[10].

У склад групоўкі ўваходзілі 19 дэпутатаў-членаў і 3 салідараваных з групоўкай дэпутаты-каталікі (Александровіч, Жукоўскі і Грынцэвіч):

  • 1) Аляксандр Робертавіч Лядніцкі — Мінская губерня
  • 2) князь Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі — Мінская губерня
  • 3) Раман Аляксандравіч Скірмунт — Мінская губерня
  • 4) Яўстах Янавіч Любанскі — Мінская губерня
  • 5) Ян Янавіч Вішнеўскі — Мінская губерня
  • 6) Пётр Пятровіч Масоніус — Мінская губерня
  • 7) Віктар Юзафавіч Янчэўскі — Мінская губерня
  • 8) Чэслаў Каралевіч Янкоўскі — Віленская губерня
  • 9) Баляслаў Антонавіч Ялавецкі — Віленская губерня
  • 10) ксёндз Эдвард фон Роп — Віленская губерня
  • 11) Канстанцін Казіміравіч Александровіч — Віленская губерня
  • 12) Міхал Станіслававіч Гатавецкі — Віленская губерня
  • 13) Міхал Мікалаевіч Грынцэвіч — Віленская губерня
  • 14) Багдан Браніслававіч Шахна — Віцебская губерня
  • 15) Пётр Ігнатавіч Перасвет-Солтан — Віцебская губерня
  • 16) ксёндз Антоній Мікалаевіч Сангайла — Гродзенская губерня
  • 17) Марцін Марцінавіч Жукоўскі — Гродзенская губерня
  • 18) Станіслаў Аляксандравіч Горват — Кіеўская губерня
  • 19) Генрык Зданоўскі — Кіеўская губерня
  • 20) Фелікс Панятоўскі — Валынская губерня
  • 21) граф Юзаф Мікалай Патоцкі — Валынская губерня
  • 22) граф Уладзімеж Грахольскі — Валынская губерня

У афіцыйных думскіх анкетных дадзеных усе дэпутаты-члены групы заяўлялі сябе як «палякі», акрамя Гатавецкага, які запісаўся як «літовец»[11]. Салідарызаваны з групоўкай дэпутат (селянін) Канстанцін Александровіч запісаў сябе ў анкеце як «літовец» і быў членам т.зв. «Трудавой групы»; а дэпутат (селянін) Марцін Жукоўскі запісаў сябе ў анкеце як «паляк», таксама быў членам т.зв. «Трудавой групы» і быў прыхільны «краёвым поглядам» Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі[12]. Да групоўкі таксама залічвалі Міхала Мікалаевіча Грынцэвіча (1862 — пасля 1916), дэпутата-католіка ад Віленскай губерні, які лічыўся за беларуса[13]. У той жа час ксёндз Антоній Сангайла запісаў сябе ў анкеце як «паляк», але сам ксёндз і сама групоўка лічыла яго за літоўца (балтамоўнага) і прыхільніка літоўскага (балтамоўнага) нацыянальна-дэмакратычнага руху[14].

Усе дэпутаты групоўкі (акрамя Сангайлы, Жукоўскага і Аляксандровіча) былі краёўцамі-кансерватарамі[15]. З 21 дэпутата групоўкі 9 чалавек былі маянткоўцамі, 2 сялянамі, 2 ксяндзамі, 8 інтэлігенцыяй. Лідарскія пазіцыі займалі ў групе дэпутаты ад Мінскай губерні; абранне Фелікса Панятоўскага ў склад кіраўніцтва групоўкі тлумачылася тым, што да групы ўваходзілі 4 дэпутаты з паўднёва-заходніх губерняў, якія былі заможнымі і аўтарытэтнымі маянткоўцамі (Панятоўскі, Патоцкі, Грахольскі і Горват)[16].

Палітычная дзейнасць

У I Дзяржаўнай Думе дэпутацкая групоўка «Краёвае кола Літвы і Русі» салідарызавалася з дэпутатамі ад польскіх губерняў (т.зв. «Польскім колам з Каралеўства Польскага») і склала ядро думскай дэпутацкай групы «Саюз аўтанамістаў», у якую яшчэ ўвайшлі ўсе нацыянальныя групы дэпутатаў (63 дэпутата — украінцы, татары, латышы, і інш.). Цалкам гэтая вялікая думская кааліцыя «Саюз аўтанамістаў» (1906 г.) налічвала ў I Дзяржаўнай Думе да 115—120 чалавек і была моцным аб'яднаннем сіл для дасягнення дэцэнтралізацыі кіравання нацыянальнымі рэгіёнамі Расійскай імперыі, у тым ліку — аўтаноміі Заходняга края ў Расійскай імперыі. «Саюз аўтанамістаў» узначаліў дэпутат Аляксандр Лядніцкі, які быў выбраны ад Мінскай губерні па пратэкцыі галоўнага лідара краёўцаў-кансерватараў Эдварда Вайніловіча і дзейнічаў у яго інтарэсах[17].

З аднаго боку, ліберальна-кансерватыўная групоўка «Краёвае кола Літвы і Русі» па большасці пытанняў была блізкай да дэпутатаў ад польскіх губерняў (з групоўкай «Польскае кола з Каралеўства Польскага»), а з другога — погляды групоўкі былі падобны да поглядаў расійскіх лібералаў (дэпутатаў Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі — «кадэтаў»), якія дамінавалі ў I Дзяржаўнай Думе. Сваімі задачамі «Краёвае кола Літвы і Русі» лічыла забеспячэнне мірнага суіснавання ўсіх народаў Заходняга края («Літвы і Русі»); выступала за ўстанаўленне ў Расійскай імперыі канстытуцыйнай манархіі і дэмакратычных свабод; увядзенне адміністрацыйна-тэрытарыяльных аўтаномій ў складзе Расійскай імперыі; ліквідацыю саслоўнага, нацыянальнага і рэлігійнага нераўнапраўя; за свабоду дзейнасці каталіцкаму касцёлу; за права выкарыстання мясцовых моў у адміністрацыйных і судовых установах, школах і таварыствах; за ўсеагульную пачатковую адукацыю на роднай мове[18].

Дэпутаты групоўкі прынялі актыўны ўдзел у абмеркаванні афіцыйнага адказу на зварот расійскага імператара Мікалая II, у пастаноўцы пытанняў аб рэпрэсіях і аб амністыі, аб пераследу друку і прэсы. Падпісалі думскія запыты да расійскага ўрада аб рэпрэсіях у нацыянальных рэгіёнах Расійская імперыі, удзельнічалі ў абмеркаванні яўрэйскага пагрому ў Беластоку (1906), раскрытыкавалі падбухторніцкую пазіцыю расійскіх улад, якая спрыяла распальванню міжнацыянальнай варожасці. Амаль усе дэпутаты групоўкі падпісалі законапраект аб устанаўленні грамадзянскай роўнасці, які прадугледжваў адмену ўсіх абмежаванняў па нацыянальнай і рэлігійнай прыкметах, і падтрымалі яго ў сваіх выступленнях з думскай трыбуны. Аляксандр Лядніцкі быў выбраны ў думскую камісію па распрацоўцы гэтага закона, а таксама прызначаны судакладчыкам па «польскаму пытанню»[19].

У аграрным пытанні групоўка выступала за захаванне права прыватнай уласнасці на зямлю і за вырашэнне зямельнага пытання ў Заходнім краі не на шкоду прыватным буйным землеўласнікам, а з улікам мясцовых умоў і пры ўдзеле органаў мясцовага самакіравання. Агулам вырашэнне зямельнага пытання ў Заходнім краі бачылася пасля неабходнага рэфармавання сістэмы мясцовага самакіравання ў Заходнім краі. Дэпутаты групоўкі лічылі магчымым адчуджэнне часткі зямель буйных прыватных уласнікаў (маянткоўцаў) на карысць малазямельных сялян толькі ў асобных выпадках і толькі за выкуп. Такая пазіцыя групоўкі па аграрным пытанні прывяла да непапулярнасці групоўкі сярод апазіцыйных фракцый у Думе і дэпутатаў ад малазямельнага сялянства Заходняга краю[20].

Большасць дэпутатаў групоўкі не падтрымалі ініцыятараў Выбаргскай адозвы (1906), якую з членаў групоўкі падпісаў толькі Аляксандр Лядніцкі[21]

Беларускі гісторык Алесь Смалянчук указвае, што член «Краёвага кола Літвы і Русі» граф Юзаф Патоцкі прызнаваў існаванне супярэчнасцяў і з раздражненнем заўважыў пра дэпутатаў «Краёвага кола Літвы і Русі»: «Я заўсёды выказваюся як паляк, а некаторыя іншым разам выступаюць як беларусы». Алесь Смалянчук таксама дадае, што ў польскамоўнай газеце «Дзеннік Кіёўскі»[pl] у 1906 годзе апублікаваны ананімны ліст «грамадзяніна Забранага краю П. В.», дзе аўтар быў абураны паводзінамі польскіх дэпутатаў ад Мінскай губерні, якія нібыта публічна прызналі, што з’яўляюцца «тутэйшымі», а таксама «беларусамі польскай культуры», а ў якасці гэтых «здраднікаў» фігуравалі дэпутаты «Краёвага кола Літвы і Русі» ад Мінскай губерні — князь Геранім Друцкі-Любецкі, Віктар Янчэўскі, Раман Скірмунт і Пётр Масоніус[22]. У ананімным лісце сцвярджалася існаванне ў «Краёвым коле Літвы і Русі» двух дэпутатцкіх груповак, якія змагаюцца паміж сабой — пры гэтым дэпутаты-«беларусы» нібыта абзываюць дэпутатаў апанентаў «ляхамі» і г.д. Беларускі гісторык Алесь Смалянчук заўважае, што «ляхамі» аказаліся якраз дэпутаты «Краёвага кола Літвы і Русі» з украінскіх губерняў («паўднёва-заходніх губерняў»), у т.л. дэпутат граф Юзаф Патоцкі[23].

Кола польскіх дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі (1907)

Склад

Групоўка аформілася 28 лютага 1907 г. з ліку дэпутатаў-каталікоў, абраных у II Дзяржаўную Думу ад заходніх губерняў. Кіраўніком стаў Міхал Венслаўскі. Да ліку кіраўніцтва групы таксама належалі граф Ваўрынец Путкамер, Марыян Хелхоўскі і Генрых Дымша[24].

У склад групоўкі ўваходзілі 11 дэпутатаў-членаў і 1 салідараваны з групоўкай дэпутат-каталік (Пялейка):

  • 1) Міхал Антонавіч Венслаўскі — Віленская губерня
  • 2) Станіслаў Аляксандравіч Ваньковіч — Віленская губерня
  • 3) граф Ваўрынец Станіслававіч Путкамер — Віленская губерня
  • 4) ксёндз Леанард Каралевіч Радзевіч — Віленская губерня
  • 5) Марыян Геркуланавіч Хелхоўскі — Віленская губерня
  • 6) Аляксандр Станіслававіч Хамінскі — Віленская губерня
  • 7) Сымон Вікенцьевіч Пялейка — Віленская губерня
  • 8) Станіслаў Станіслававіч Ячыноўскі — Гродзенская губерня
  • 9) граф Леў Лубенскі — Магілёўская губерня
  • 10) Міхал Міхалавіч Беніслаўскі — Віцебская губерня
  • 11) Генрых Клеафасавіч Дымша — Віцебская губерня
  • 12) Вінцэнт Каралевіч Лісоўскі — Падольская губерня

У афіцыйных думскіх анкетных дадзеных усе дэпутаты-члены групы заяўлялі сябе як «палякі»[25].

Усе дэпутаты групоўкі (акрамя Пялейкі) былі краёўцамі-кансерватарамі[26].

Палітычная дзейнасць

Дэпутаты групоўкі «Кола польскіх дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі» салідарызаваліся з дэпутатамі ад польскіх губерняў (т.зв. «Польскім колам з Каралеўства Польскага») і нават запісаліся ў афіцыйным спісе «Польскага кола». Гэтае нежаданне думскіх дэпутатаў-католікаў ад Заходняга края стварыць у Дзяржаўнай Думе афіцыйна асобную ад польскіх губерняў дэпутацкую групоўку выклікала вялікае незадаволенне Эдварда Вайніловіча, старшыні «Кола Літвы і Русі» ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі і адначасова старшыні «Саюза Колаў Каралеўства Польскага і Краёў Літвы і Русі» ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі, а таксама выклікала яго намер у далейшым стварыць Краёвую партыю Літвы і Беларусі, каб рыхтаваць і правесці на новых выбарах асобную ад польскіх губерняў групоўку дэпутатаў з літоўскіх і беларускіх губерняў[27].

У II Дзяржаўнай думе дэпутаты групоўкі стварылі супольныя з дэпутатамі «Польскага кола» аграрную, канстытуцыйную, школьную і іншыя камісіі. Праграмныя палажэнні адпавядалі тым патрабаванням, які былі выпрацаваны на перадвыбарчым сходзе каталіцкіх дваран-землеўласнікаў у канцы 1906 г. у Вільні. Зноў жа выступалі за ўвядзенне дэмакратычных свабод, раўнапраўе нацыянальнасцей і рэлігій у Расійскай імперыі, дэцэнтралізацыю кіравання імперыяй і развіццё сістэмы мясцовага самакіравання, рэфармаванне земстваў, недатыкальнасць прыватнай уласнасці (у тым ліку зямельнай), рэгуляванне праў і форм валодання нерухомасцю, ліквідацыі зямельнай цераспалосіцы і сервітутаў, стымуляцыю і ўздым якаснага ўзроўню сельскагаспадарчай дзейнасці, супрацоўніцтва з іншымі дэпутатамі ад Заходняга края і польскіх губерняў[28].

Члены групоўкі працавалі ва ўсіх значных думскіх камісіях, удзельнічалі ў абмеркаваннях законапраектаў з боку ўраду аб свабодзе веравызнання і адмене пераследу за арганізацыю тайнай нацыянальнай і рэлігійнай адукацыі ў польскіх губернях і Заходнім краі; аб мясцовым судзе; аб бюджэтах міністэрстваў[29].

Дэпутаты групоўкі падтрымалі законапраекты, якія былі ўнесены дэпутатамі «Польскага кола з Каралеўства Польскага»: аб аўтаноміі Царства Польскага (стварэнне польскага сойму, увядзенне самастойнага заканадаўства, суда, бюджэта ў Царстве Польскім); аб мове выкладання ў навучальных установах і частковым пераўтварэнні кіравання сферай адукацыі ў Царстве Польскім. Падпісалі разам з іншымі апазіцыйнымі думскімі дэпутатамі праект асноўных палажэнняў аб адмене палітычных і грамадзянскіх абмежаванняў, звязаных з нацыянальнасцю і веравызнаннем. Далучыліся да заяўлення аб адмене ваенна-палявых судоў, аднак прыняты Дзяржаўнай Думай законапраект быў адхілены Дзяржаўным Саветам Расійскай імперыі ў маі 1907 г.[30]

Дэпутаты групоўкі вырашылі не ўдзельнічаць у абмеркаванні зямельнага пытання ў Дзяржаўнай Думе. Яны, як і раней, лічылі, што аграрнае пытанне ў Заходнім краі і польскіх губернях трэба вырашаць сумесна з рэфармаваннем мясцовага самакіравання і ўвядзеннем аўтаноміі нацыянальных рэгіёнаў Расійскай імперыі пры гарантыі захавання права прыватнай уласнасці на зямлю. Гэтая пазіцыя, як і ў папярэдняй Думе, сустрэла незадаволенне і супраціўленне з боку дэпутатаў-сацыялістаў[31]

У пачатку чэрвеня 1907 г. дэпутаты групоўкі падпісалі заяўленне аб унясенні законапраекта аб выкладанні ў Заходнім краі польскай і літоўскай мовы ў дзяржаўных навучальных установах, а таксама законапраекта аб мове пачатковай адукацыі ў губернях з нярускім і змешаным у нацыянальных адносінах насельніцтвам. Беларусы ў Расійскай імперыі ў той час лічыліся за складовую частку «рускага народа», таму расійскі ўрад цвёрда лічыў, што беларусы павінны атрымліваць адукацыю на рускай мове. Абодва законапраекты былі накіраваны ў Камісію па народнай адукацыі, але роспуск II Дзяржаўнай Думы не дазволіў нават абмеркаваць гэта[32].

Польска-літоўска-беларускае кола (1907—1912)

Склад

Групоўка аформілася ў лістападзе 1907 г. з ліку дэпутатаў-каталікоў, абраных у III Дзяржаўную Думу ад заходніх губерняў. Кіраўніком стаў Юзаф Монтвіл (1850—1911), які памёр у 1911 г. На месца Монтвіла прыехаў з Віленскай губерні на дэпутацтва ў Дзяржаўную Думу (Санкт-Пецярбург) Людвік Ахатніцкі, які атрымаў на выбарах другое месца пасля Монтвіла, а кіраўніком групы ў 1911 г. быў абраны Казімір Завіша[33].

У склад групоўкі ўваходзілі 7 дэпутатаў-членаў:

  • 1) Юзаф Станіслававіч Монтвіл / Людвік Антонавіч Ахатніцкі — Віленская губерня
  • 2) Станіслаў Аляксандравіч Ваньковіч — Віленская губерня
  • 3) Генрых Іпалітавіч Свянціцкі — Віленская губерня
  • 4) ксёндз Станіслаў Гіляравіч Мацяевіч — Віленская губерня
  • 5) Мацвей Ягоравіч Цыўнеліс — Віленская губерня
  • 6) Уладзіслаў Казіміравіч Есьман — Гродзенская губерня
  • 7) Казімір Аляксандравіч Завіша — Ковенская губерня

У афіцыйных думскіх анкетных дадзеных усе дэпутаты-члены групы заяўлялі сябе як «палякі», акрамя Цыўнеліса, які запісаў сябе ў анкеце як «літовец»[34].

Усе дэпутаты групоўкі (акрамя Цыўнеліса) былі краёўцамі-кансерватарамі[35].

Палітычная дзейнасць

Групоўка салідарызавалася з дэпутатамі ад польскіх губерняў (т.зв. «Польскім колам з Каралеўства Польскага»), аднак галоўнымі задачамі для сябе бачыла адстойванне інтарэсаў літоўска-беларускага края імперыі. Дэпутаты працавалі ва ўсіх думскіх камісіях. Асноўныя пазіцыі групоўкі не змяніліся з часу I Дзяржаўнай Думы і адпавядалі пастулатам т.зв. «краёвай ідэі» («краёвасці»): дэцэнтралізацыя кіравання Расійскай імперыі, аўтаномія нацыянальных рэгіёнаў, раўнапраўе народаў і рэлігій, развіццё самакіравання, захаванне права прыватнай уласнасці на зямлю пры ліквідацыі цераспалосіцы і сервітутаў і г.д.[36]

Дэпутаты ўдзельнічалі ў абмерванні законапраектаў, якія прапаноўваліся расійскім урадам: аб адтэрміноўцы выбараў у Дзяржаўны Савет ад дзевяці губерняў Заходняга края; аб скасаванні Віленскага генерал-губернатарства; аб скасаванні чыншавога землевалодання ў Заходнім краі; аб рэформе мясцовага суда; аб валасным самакіраванні; аб змяненнях ва ўставе аб воінскай павіннасці; аб пачатковых вучылішчах; аб прыватных навучальных установах, курсах і класах; аб адпачынку службітаў сферы гандлю; аб пераходзе з аднаго веравызнання ў іншае; аб заснаванні ў Ковенскай губерні вучылішча сельскай гаспадаркі; інш. Дэпутаты таксама выступалі адносна бюджэтаў міністэрстваў і земстваў Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў[37].

Прыняты Думай у 1909 г. законапраект аб пераходзе з аднаго веравызнання ў іншае быў адхілены Дзяржаўным Саветам Расійскай імперыі[38].

Групоўка адмоўна аднеслася да ўрадавага законапраекта аб увядзенні земстваў у 6 губернях Заходняга краю (Мінскай, Віцебскай, Магілёўская, Кіеўскай, Падольскай і Валынскай), які прадугледжваў падзел выбаршчыкаў у тых 6 губернях па рэлігійнай прыкмеце — на «рускую» (праваслаўную) і «польскую» (каталіцкую) курыі, а таксама ўводзіў абмежаванні для «нярускіх» (неправаслаўных) грамадзян пры заняцці кіраўнічых земскіх пасад. Дэпутаты групоўкі прапанавалі знізіць выбарчы цэнз і ўстанавіць прапарцыйную сістэму прадстаўніцтва ў земствах, а не па веравызнанні. Законапраект аб увядзенні земстваў у 6 заходніх губернях з курыямі па прынцыпу веравызнання быў прыняты большасцю дэпутатаў Думы, але заблакованы Дзяржаўным Саветам. У канечным выніку закон аб земствах у 6 губернях Заходняга краю быў праведзены ў сакавіку 1911 г. указам расійскага імператара ў абход Дзяржаўнай Думы і Дзяржаўнага Савета і прадугледжваў курыі па прынцыпу веравызнання («рускую» (праваслаўную) і «польскую» (каталіцкую))[39].

Групоўка салідарызавалася з дэпутатамі ад польскіх губерняў (т.зв. «Польскім колам з Каралеўства Польскага») у пазіцыі супраць урадавага рашэння аб стварэнні Холмскай губерні і вылучэнні яе са складу Царства Польскага; падтрымлівала пазіцыі дэпутатаў польскіх губерняў супраць абмежаванняў аўтаноміі Вялікага Княства Фінлядскага[40]

Дэпутаты групоўкі падпісвалі думскія запыты аб адмене Рысы аселасці для яўрэяў; аб баявых дружынах «Саюза рускага народа»; аб аблягчэнні адчуджэння надзельных зямель; аб вылучэнні гарадоў у асобныя земскія адзінкі; аб перавазе мясцовых жыхароў у набыцці прадаваных прыватных зямель; аб падатках і зборах у польскіх губернях; аб змяненні палажэнняў аб акцыянерных таварыствах; аб дыскрымінацыі і штрафах за тайнае прыватнае навучанне; і інш.[41]

Беларуска-літоўска-польскае кола (1912—1917)

Склад

Групоўка аформілася ў лістападзе 1912 г. з ліку дэпутатаў-каталікоў, абраных у IV Дзяржаўную Думу ад заходніх губерняў, а па сутнасці — з Віленскай і Ковенскай губерняў. Кіраўніком стаў граф Ваўрынец Путкамер.

У склад групоўкі ўваходзілі 6 дэпутатаў-членаў:

  • 1) граф Ваўрынец Станіслававіч Путкамер — Віленская губерня
  • 2) Вітольд Юзафавіч Банькоўскі — Віленская губерня
  • 3) Генрых Іпалітавіч Свянціцкі — Віленская губерня
  • 4) ксёндз Станіслаў Гіляравіч Мацяевіч — Віленская губерня
  • 5) Мацвей Ягоравіч Цыўнеліс — Віленская губерня
  • 6) Фелікс Феліксавіч Рачкоўскі — Ковенская губерня

У афіцыйных думскіх анкетных дадзеных усе дэпутаты-члены групы заяўлялі сябе як «палякі», акрамя Цыўнеліса, які запісаў сябе ў анкеце як «літовец»[42].

У ідэалагічных адносінах толькі Свянціцкі выразна акрэсліваў сябе як краёўца-кансерватара[43]. Банькоўскі, Цыўнеліс і Рачкоўскі характарызаваліся як беспартыйныя. Граф Путкамер і ксёндз Мацяевіч былі прыхільнікамі ідэй польскіх нацыянальных дэмакратаў (польскіх «эндэкаў», «эндэцыі»), але не ў поўнай меры, бо, у адрозненне ад галоўных ідэолагаў польскіх нацыянальных дэмакратаў (польскіх «эндэкаў», «эндэцыі») з думскай групоўкі дэпутатаў «Польскае кола», імкнуліся ўлічваць і этнакультурныя асаблівасці літоўска-беларускіх зямель (паўночна-заходніх губерняў)[44].

Палітычная дзейнасць

Дэпутаты групоўкі выступалі з крытыкай антыпольскай палітыкі расійскага ўраду і мясцовых чыноўнікаў, выступалі супраць дыскрымінацыі католікаў, польскай мовы і палітыкі русіфікацыі ў польскіх губернях і Заходнім краі. Выступалі за раўнапраўе нацыянальнасцей і рэлігій, пачатковае навучанне на роднай мове[45]. Напрыклад, у снежні 1912 г. дэпутат Фелікс Рачкоўскі паміж іншага ўказваў пра перасяленне рускіх сялян у Ковенскую губерню, у той час як мясцовыя жыхары вымушаны пакідаць па прычыне недахопу зямлі свае родныя мясціны[46]. Гэта, на думку Рачкоўскага, было працягам палітыкі абрусення літоўскіх і беларускіх губерняў з хахаваннем адміністрацыйнага гвалту[47]. У лютым 1913 г. дэпутат Генрык Свянціцкі скардзіўся на парушэнні дазвола навучання на роднай мове, калі беларускае па нацыянальнасці насельніцтва вучыцца на рускай мове, бо мясцовыя чыноўнікі лічылі, што родная мова ў беларусаў руская[48].

З пачаткам Першай сусветнай вайны (1914—1918) дэпутаты групоўкі, як і многія іншыя дэпутаты Дзяржаўнай Думы, выступілі ў падтрымку аб'яўлення вайны. Аднак з пераносам ваенных дзеянняў на тэрыторыі польскіх губерняў і губерняў Заходняга края дэпутаты пачалі выказваць занепакоенасць станам франтавых і прыфрантавых губерняў, ростам хваль бежанцаў, разарэннем гарадоў і вёсак, мабілізацыяй насельніцтва. Указвалі на прымусовыя высяленні і рассяленні людзей з франтавых і прыфрантавых губерняў у аддаленыя мясціны Расійскай імперыі[49]. Зноў узнялі крытыку ў бок расійскага ўраду адносна ўрадавай дыскрымінацыі ў рэлігійнай, нацыянальнай і моўнай сферы жыхароў Царства Польскага і заходніх губерняў. У верасні 1915 г. падрымалі мемарандум «Аб становішчы палякаў у Заходнім краі», які быў распаўсюджаны дэпутатамі «Кола Літвы і Русі» ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі[50]. Выступалі з думскімі запытамі і заявамі аб адмене рэлігійных абмежаванняў, пашырэнні праў каталіцкага касцёла, аб неабходнасці свабоды дзеянняў Усерасійскага земскага саюзу і Усерасійскага саюза гарадоў[51].

У сакавіку 1916 г. групоўка сумесна з дэпутатамі ад польскіх губерняў ініцыявала ўнясенне ў Думу заканадаўчых прапаноў аб адмене прававых абмежаванняў для палякаў непасрэдна ў губернях Заходняга края і ва ўсёй Расійскай імперыі[52].

Зноскі

Літаратура

🔥 Top keywords: Галоўная старонкаЯўгенія ЯнішчыцМанумент у гонар савецкай маці-патрыёткі (Жодзіна)Вікіпедыя:ФорумДзікае паляванне караля СтахаАдмысловае:SearchАдмысловае:RecentChangesЛюдзі на балоце (раман)Карлес ПучдэмонВікіпедыя:Праект:Навіны/ПадрыхтоўкаРаіса Андрэеўна БаравіковаУладзімір КараткевічБеларусьУладзімір СцяпанДзеяслоўВасіль БыкаўДзеепрыслоўеЯкуб КоласМаксім ТанкЯнка КупалаМіхась ПазнякоўАлесь РазанаўВікіпедыя:Што такое свабодная энцыклапедыяAP$ENTРазмовы з удзельнікам:Brubaker610Францыск СкарынаГенадзь Пятровіч ПашкоўВікіпедыя:СупольнасцьПомнік Якубу Коласу (Мінск)Другая сусветная вайнаЗамах на Роберта ФіцуУННВМінскРыгор БарадулінПомнік Францыску Скарыну (Мінск, каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі)Беларуская моваВікіпедыя:Адмова ад адказнасціУладзімір Пятровіч БутрамееўВалерый Станіслававіч Мянжынскі