Яўстах Любанскі

(Пасля перасылкі з Яўстах Янавіч Любанскі)

Яўстах Янавіч Любанскі (руск.: Евстафий Иванович Любанский, польск.: Eustachy Lubański; 19 чэрвеня 1859, маёнтак Любань, Вілейскі павет, Віленская губерня, Расійская імперыя — пасля 1912, Каўказ, Расійская імперыя) — буйны землеўласнік, прадпрымальнік, палітычны дзеяч Расійскай імперыі, дэпутат I Дзяржаўнай думы (1906) Расійскай імперыі ад Мінскай губерні, член палітычнага руху краёўцаў-кансерватараў, член камітэта па будаўніцтве касцёла Святога Сымона і Святой Алены (Чырвонага касцёла) у Мінску. Мецэнат, філантроп.

Яўстах Любанскі
польск.: Eustacjusz Lubański
Гжымала[d]
Гжымала[d]
член Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі[d]
27 красавіка (10 мая) 1906 — 9 (22) ліпеня 1906
Нараджэнне19 чэрвеня 1859(1859-06-19)
Смерць1917
РодЛюбанскія[d]
БацькаЯн Канты Любанскі
МаціАляксандра з Сулістроўскіх[d]
ЖонкаЯдвіга з Кеневічаў[d]
Веравызнаннекаталіцтва
Адукацыя
Дзейнасцьпалітык
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паходжанне і сям’я

Належаў да каталіцкага шляхецкага роду Любанскіх герба «Гжымала». Нарадзіўся 19 чэрвеня 1859 года ў родавым маёнтку Любань (Вілейскі павет, Віленская губерня) у сям’і заможнага, буйнога землеўласніка і банкіра Яна Канты Любанскага і яго жонкі Аляксандры Юзафаўны Сулістроўскай. Быў хрышчаны ў каталіцтва. Хросным бацькам быў Яўстах Прушынскі (1798—1877)[1], які пазней стаў мінскім губернскім маршалкам (1863—1877).

Ядвіга Геранімаўна Любанская (каля 1870 — 1905) у стылізаваным японскім касцюме гейшы. Фота 1899 г.

У 1890 годзе ажаніўся з дваранкай-каталічкай з Мазырскага павета Ядвігай Геранімаўнай Кеневіч (каля 1870—1905)[2][3], дачкой заможнага землеўласніка Гераніма Кеневіча (1830—1911), мазырскага павятовага маршалка, і яго жонкі Ядвігі Аляксандраўны Горват.

Яго жонка Ядвіга Геранімаўна Любанская (Кеневіч) скончыла жыццё самагубствам, утапіўшыся ў Лошыцы ў рацэ Свіслач[4]. Паводле чутак, прычынай самагубства быў адзюльтэр Ядвігі Любанскай з мінскім губернатарам (1902—1905) графам Аляксандрам Аляксандравічам Мусіным-Пушкіным (1856—1907), пра што стала вядома ў мінскім грамадстве.

У шлюбе Любанскія дзяцей не мелі.

Адукацыя

Скончыў Віленскае рэальнае вучылішча, затым Сельскагаспадарчую акадэмію ў Прушкове[pl] ў Сілезіі (Германская імперыя).

Маёнткі

Сядзібны дом Любанскіх у Лошыцы, фота 2017 г.

Пасля смерці ў 1884 г. свайго бацькі Яна Канты Любанскага Яўстах Любанскі спачатку валодаў супольна з маці (якая мела пажыццёвыя правы на ўсе маёнткі свайго мужа паводле тэстаменту), братам Янам Янавічам Любанскім (заўчасна памерлым) і Аляксандрам Любанскім значнымі зямельнымі валоданнямі — маёнткі Любань, Тураўшчына ў Вілейскім павеце, Яхімоўшчына і Палачаны ў Ашмянскім павеце Віленскай губерні, маёнтак Лошыца ў Мінскім павеце[5].

З 1891 г. Яўстах звычайна пражываў стала ў Любані, а з 1897 г. у Мінску і Лошыцы, а брат Аляксандр Янавіч Любанскі — у маёнтку Яхімоўшчына[5]. У 1901 г. браты падзялілі спадчынную зямельную ўласнасць: Яўстах стаў валодаць маёнткам Лошыца пад Мінскам (з Дубровамі) у Мінскай губерні, Аляксандр Любанскі — Яхімоўшчынай і Любанню ў Віленскай[5]. У Лошыцы Яўстах Любанскі арганізаваў узорную гаспадарку.

Гаспадарчая, культурная і палітычная дзейнасць

У 1887 г. стаў членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[6], старшынёй аддзяла па вінакурэнні Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[6]. У 1890—1915 гг. быў членам Рады Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[5]. Яўстах Любанскі з 1898 г. сваёй дзейнасцю быў больш звязаны з Мінскай губерняй. Яго брат — Аляксандр Любанскі, — хоць меў маёнтак і рабіў кар’еру ў Віленскай губерні, ніколі не парываў сувязі з Мінскай губерняй, з 1889 г. быў членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і меў прыязныя адносіны з братам Яўстахам, у якога ў Лошыцы не раз гасцяваў[6].

Старшыня біржавога камітэта лясной біржы. Цікавіўся лесаводствам, выпісваў і высаджваў саджанцы рэдкіх відаў дрэў са шматлікіх краін, праводзіў эксперыменты па скрыжоўванні раслін[7].

У 1890—1891 гг. быў членам (ад памешчыкаў) у вілейскай павятовай прыёмачнай камісіі па ваенна-конскай павіннасці[8].

Ядвіга Геранімаўна Кеневіч, жонка Яўстаха Любанскага (1859 — пасля 1913), фрагмент фатаграфіі 1899 г.

У 1891 г. стаў членам праўлення Віленскага прыватнага камерцыйнага банка (Вільня, дом Вагнера)[9]. У 1895 г. быў кандыдатам у члены праўлення Віленскага зямельнага банка[10].

10 снежня 1899 г. у Мінску Яўстах Любанскі на пасяджэнні Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі быў выбраны членам у арганізацыйны камітэт па ўладкаванні Юбілейнай сельскагаспадарчай і саматужна-прамысловай выстаўкі таварыства, якая адбылася ў Мінску ў 1901 г.[11] Знаходзіўшы карысным мець у сваім асяроддзі прадстаўнікоў ад усіх беларуска-літоўскіх губерняў, арганізацыйны камітэт пастанавіў павялічыць свой склад: у прыватнасці ад Віленскага таварыства сельскай гападаркі быў кааптаваны ў якасці члена Аляксандр Янавіч Любанскі[11]. Аляксандру Любанскаму ў 1901 г. на выстаўцы ў Мінску за прадстаўленыя экспанаты быў уручаны вялікі срэбраны медаль за галандскі сыр з Яхімоўшчыны, а яго жонцы Ізабэле — малы срэбраны медаль за вяндліну літоўскага гатунку і пахвальныя лісты за варэнне, а таксама за парэй і сельдэрэй[11]. Яўстах Любанскі за свае экспанаты з маёнтка Лошыца атрымаў два бронзавыя медалі (першы — за калекцыю бульбы для вінакурэння, другі — за цялушку галандскай пароды і жарабца ардэнскай пароды) і два пахвальныя лісты (за жарабіцу і за разнавіднасці ранета), а яго жонка Ядвіга — вялікі срэбраны медаль за пальмы і іншыя цяплічныя расліны з аранжарэі[11]. Акрамя таго, сам Аляксандр Любанскі ў час выстаўкі выступіў экспертам у камісіі па ацэнцы фабрычнай і тэхнічнай вытворчасці ў галіне сельскай гаспадаркі[11].

Быў папулярызатарам веласіпеднага спорту. Узначальваў таварыства мінскіх веласіпедыстаў[2], быў старшынёй Мінскага таварыства аматараў спорту. Быў ганаровым членам Віленскага губернскага папячыцельства дзіцячых прытулкаў. У 1905 г. стаў членам камітэта па будаўніцтве касцёла Святога Сымона і Святой Алены (Чырвонага касцёла) у Мінску.

У 1902—1915 гг. быў галосным Мінскай гарадской думы. Удзельнічаў у земскіх з’ездах Расійскай імперыі ў 1904—1905 гг. Прыхільнік раўнапраўя ўсіх нацыянальнасцей, паляпшэння сістэмы народнай адукацыі, ліберал-кансерватар. Падзяляючы праграму кадэтаў па аграрным пытанні, не згаджаўся з некаторымі прадстаўнікамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, што дадзенае пытанне можа быць вырашана без парушэння прыватнай уласнасці[12]. Паводле чутак, спансіраваў няўдалы замах на мінскага губернатара Курлова[2].

14 красавіка 1906 г. быў выбраны ў I Дзяржаўную думу Расійскай імперыі ад агульнага складу выбаршчыкаў Мінскага губернскага выбарчага сходу. Увайшоў у думскую дэпутацкую групу Краёвае кола Літвы і Русі, быў краёўцам-кансерватарам. Уваходзіў у склад бюджэтнай камісіі I Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі.

Знікненне без следу

У 1912 г. перадаў справы па кіраванні маёмасцю, пакінуў свой маёнтак Лошыца, паехаў на Каўказ (Расійская імперыя), дзе знік бясследна, таму ўся яго рухомая і нерухомая маёмасць (маёнтак Лошыца) дзесьці ў 1915 г. перайшла па спадчыне ў супольнае валоданне да брата Аляксандра Янавіча Любанскага (1863—1932) і Елізаветы[13].

Заўвагі

Літаратура

  • Боиович М. М. Члены Государственной думы (Портреты и биографии). Первый созыв. М, 1906 С. 173.
  • Первая Государственная Дума. Алфавитный список и подробные биографии и характеристики членов Государственной Думы. — М.: Тип. Товарищества И. Д. Сытина, 1906. — 175 с.
  • Государственная Дума первого призыва. Портреты, краткие биографии и характеристики депутатов. — Москва: «Возрождение», 1906. C. 40.
  • Государственная дума Российской империи: 1906—1917. Б. Ю. Иванов, А. А. Комзолова, И. С. Ряховская. Москва. РОССПЭН. 2008. C. 340. Архівавана 4 сакавіка 2016.
  • Отчет Юбилейной сельскохозяйственной и кустарно-промышленной выставки, устроенной в 1901 году Минским Обществом Сельского Хозяйства. — Минск, 1902. — 179 с.
  • Памятная книжка Виленской губернии (на 1891—1913 гг.)
  • Памятная книжка Минской губернии (на 1893—1913 гг.)
  • Раюк, А. Р. Лёс і погляды мінскага губернскага прадвадзіцеля дваранства (1863—1877) Яўстаха Прушынскага на этнаканфесіянальную сітуацыю ў Беларусі / А. Р. Раюк // Беларуская этнаграфія, этналогія і антрапалогія : зб. навук. артыкулаў. — Мінск : Бел. навука, 2022. — Вып. 1. — С. 79—89.
  • Раюк, А. Р. Нефармальныя сувязі паміж дваранствам Мінскай губерні ў 1795—1863 гг. / А. Р. Раюк // Гісторыя і грамадазнаўства. — 2020. — № 1. — С. 58—63.
  • Раюк, А. Р. Нефармальныя сувязі паміж губернскім дваранствам у Беларусі ў 1795—1863 гг. / А. Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фалькларыстыкі / Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нац. акад. навук Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2008. — Вып. 4. — С. 406—412.
  • Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. / А.Р. Раюк // Беларуская этнаграфія, этналогія і антрапалогія : зб. навук. арт. / уклад. і навук. рэд. А. У. Гурко ; рэдкал.: А. У. Гурко (гал. рэд.) [і інш.] ; Нац. акад. навук Беларусі, Цэнтр даслед. беларус. культуры, мовы і літ. — Мінск : Беларус. навука, 2023. — Вып. 2. — С. 113—123.
  • Раюк, А.Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара / А.Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 3 ч. / РИВШ ; редкол. : В.А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2023. — Вып. 23. — Ч. 1. — С. 339—346.
  • Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — Санкт-Пецярбург : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
  • Смалянчук, А. Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — 700 с.
  • Шыбека, З. В. Минскъ сто гадоў таму / З. В. Шыбека. — Мінск : Беларусь, 2007. — 304 с.
  • Jurkowski, R. Sukcesy i porażki. Ziemiaństwo polskie Ziem Zabranych w wyborach do Dumy Państwowej i Rady Państwa 1906—1913 / R. Jurkowski. — Olsztyn: WUWM Olsztyn, 2009. — 550 s.
  • Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień (1855—1925) / H. Korwin-Milewski. — Poznań : 1930, Jan Jachowski. — 600 s.
  • Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934) / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 2009. — 487 s.
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
  • Żołtowska, J. Inne czasy i inni ludzie / J. Żołtowska. — Londyn, 1959.

Спасылкі

🔥 Top keywords: Галоўная старонкаЯўгенія ЯнішчыцМанумент у гонар савецкай маці-патрыёткі (Жодзіна)Вікіпедыя:ФорумДзікае паляванне караля СтахаАдмысловае:SearchАдмысловае:RecentChangesЛюдзі на балоце (раман)Карлес ПучдэмонВікіпедыя:Праект:Навіны/ПадрыхтоўкаРаіса Андрэеўна БаравіковаУладзімір КараткевічБеларусьУладзімір СцяпанДзеяслоўВасіль БыкаўДзеепрыслоўеЯкуб КоласМаксім ТанкЯнка КупалаМіхась ПазнякоўАлесь РазанаўВікіпедыя:Што такое свабодная энцыклапедыяAP$ENTРазмовы з удзельнікам:Brubaker610Францыск СкарынаГенадзь Пятровіч ПашкоўВікіпедыя:СупольнасцьПомнік Якубу Коласу (Мінск)Другая сусветная вайнаЗамах на Роберта ФіцуУННВМінскРыгор БарадулінПомнік Францыску Скарыну (Мінск, каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі)Беларуская моваВікіпедыя:Адмова ад адказнасціУладзімір Пятровіч БутрамееўВалерый Станіслававіч Мянжынскі