Крыстафер Донах’ю

Крыстафер Тод Донах’ю (англ.: Christopher Todd Donahue; нар. 13 жніўня 1969, Чэмберсберг, Франклін, Пенсільванія, ЗША) — генерал-маёр арміі ЗША, камандзір 82-й паветрана-дэсантнай дывізіі (2020—2022). Вядомы як апошні амерыканскі вайсковец, які пакінуў Афганістан падчас вываду войскаў ЗША з гэтай краіны.

Крыстафер Донах’ю
англ.: Chris Donahue
Дата нараджэння13 жніўня 1969(1969-08-13) (54 гады)
Месца нараджэння
Альма-матар
Грамадзянства
ПрыналежнасцьЗлучаныя Штаты Амерыкі ЗША
Род войскаў Армія ЗША
Гады службыз 1992
Званне генерал-маёр
Камандаваў 82-я паветрана-дэсантная дывізія
Бітвы/войны
Узнагароды і званні
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Генерал-маёр Донах’ю ўваходзіць на апошні борт, які вылятае з Афганістана, 30 жніўня 2021 года

Біяграфія

Крыстафер Тод Донах’ю нарадзіўся 13 жніўня 1969 года ў Чэмберсбергу, акруга Франклін, штат Пенсільванія[1][2][3]. Скончыў старшую сярэднюю школу Чэмберсберга, дзе добра вучыўся і гуляў у футбол[2].

Па заканчэнні ў 1992 годзе Ваеннай акадэміі ва Уэст-Пойнце ў званні другога лейтэнанта Донах’ю быў залічаны на ваенную службу ў армію ЗША[4][5][6]. За час службы ў пяхоце ён прайшоў паслядоўны шлях ад камандзіра роты да камандзіра брыгады. У прыватнасці, служыў камандзірам узвода ў Карэі і на базе Форт-Полк, штат Луізіяна, а затым камандзірам 3-га батальёна 75-га палка рэйнджараў на базе Форт-Бэнінг, штат Джорджыя. Пасля павышэння ў званні да капітана Донах’ю быў камандзірам стралковай роты ў 5-м батальёне 87-га пяхотнага палка на базе Форт-Коб у Панаме, а затым памочнікам начальніка аператыўнага аддзялення, камандзірам стралковай і штабной роты 2-га батальёна 75-га палка рэйнджараў[5][6].

Пасля Донах’ю быў пераведзены ў Вашынгтон, акруга Калумбія, дзе працаваў памочнікам намесніка старшыні Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў генерала Рычарда Маерса[6][7]. У 2001 годзе, пасля нападу тэрарыстаў на вежы Сусветнага гандлёвага цэнтра ў Нью-Ёрку, у сілу таго, што старшыня АКНШ генерал Генры Шэлтан знаходзіўся ў самалёце за межамі ЗША і не мог аператыўна кіраваць сітуацыяй, кіраўніцтва камітэтам прыняў на сябе Маерс. Донах’ю стаў фактычна другім чалавекам у амерыканскай ваеннай іерархіі, знаходзячыся ў Пентагоне і перажыўшы разам з Майерсам трэцюю тэрарыстычную атаку, ужо на будынак Міністэрства абароны ЗША, пасля чаго была пачата вайна ў Афганістане[7][8]

У далейшым Донах’ю займаў пасады памочніка начальніка аператыўнага аддзялення, начальніка аператыўнага аддзялення і начальніка штаба эскадрона, камандзіра аддзялення па адборы і навучанні войскаў, камандзіра эскадрона, намесніка камандзіра брыгады падтрымкі пры камандаванні спецыяльных аперацый арміі ЗША на базе Форт-Брэг, штат Паўночная Караліна. Затым ён быў начальнікам аператыўнага ўпраўлення сумеснага камандавання спецыяльных аперацый ЗША, а потым — намеснікам камандуючага (па манеўрах) 4-й пяхотнай дывізіі на базе Форт-Карсан, штат Каларада[5][6]. У сілу адсутнасці падрабязнай інфармацыі аб кадравым прасоўванні і месцах службы Донах’ю, шэраг аглядальнікаў мяркуюць, што ён мог камандаваць 1-м аператыўным атрадам спецназа, больш вядомым як «Дэльта», і прымаў асабісты ўдзел у баях у Іраку і Афганістане[7][9].

Донах’ю скончыў базавыя і прасунутыя курсы пяхотных афіцэраў, Ваенна-марскі каледж, курс ваеннага каледжа арміі ЗША пры Гарвардскім універсітэце, а таксама Нацыянальны абаронны ўніверсітэт[6][10]. Здзейсніў 17 камандзіровак у Афганістан, Ірак, Сірыю, Паўночную Афрыку і Усходнюю Еўропу, у тым ліку прыняў удзел у аперацыі «Атлантычная рашучасць»[5][6]. У 2016 годзе Донах’ю быў павышаны да брыгаднага генерала, атрымаўшы сваё першае адназоркавае званне[11]. У 2017 годзе прызначаны на пасаду каменданта пяхотнай школы арміі ЗША на базе Форт-Бэнінг[12], дзе праслужыў да 2018 года[13], будучы таксама кіраўніком функцыянальнай групы салдацкай смяротнасці[14]. У далейшым быў намеснікам дырэктара па спецыяльных аперацыях і барацьбе з тэрарызмам (J-3) Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў у Вашынгтоне, а таксама камандуючым Аб’яднанай мэтавай групай спецыяльных аперацый у Афганістане, прыняўшы ўдзел у аперацыі «Вартавы свабоды»[6].

У 2020 годзе ў званні генерал-маёра Донах’ю стаў камандзірам 82-й паветрана-дэсантнай дывізіі, змяніўшы генерал-маёра Джэймса Мінгуса[15]. У 2021 годзе разам з падначаленымі войскамі быў адпраўлены ў Афганістан, дзе прыняў удзел у вывадзе войск ЗША з краіны[9][16]. Пасля захопу Кабула тэрарыстамі Донах’ю ажыццяўляў аператыўнае кіраўніцтва войскамі на месцы ў раёне падкантрольнага амерыканцам аэрапорта[17], што стала для яго 18-й баявой аперацыяй[7]. Пераканаўшыся, што ўсе салдаты эвакуяваны[8], Донах’ю разам з амерыканскім паслом Росам Уілсанам убыў з краіны на самалёце Boeing C-17 Globemaster III[18], які апошнім вылецеў з міжнароднага аэрапорта Кабула імя Хаміда Карзая[19]. Такім чынам, Донах’ю стаў апошнім амерыканскім вайскоўцам, які пакінуў Афганістан, што паклала канец самай доўгай вайне ў амерыканскай гісторыі, якая пачалася ў 2001 годзе і працягнулася 20 гадоў[9][17][19]. Фатаграфія, якая адлюстравала Донах’ю ў момант пасадкі на самалёт, стала сімвалам заканчэння вайны[20][21][22].

Сям’я

Жанаты з Дэвон Донах’ю, у іх пяцёра дзяцей — Алана, Амір, Закары, Хэйл і Джозеф[11][23].

Зноскі

Спасылкі