Назва
Народныя назвы: брылі, брылёўнік, дзядоўнік[5], задзёрка, дзядкі, сабачнік[5]. Родавая назва ад грэч. άρκτος — мядзведзь, з-за вялікіх лісцяў. Відавое азначэнне ад кельцкага lappa — рука, таму што плады чапляюцца за адзенне, поўсць жывёл.
Апісанне
Двухгадовая травяністая расліна са стрыжнёвым галінастым коранем. Расліна першага году жыцця мае толькі прыкаранёвую разетку буйных чаранковых лістоў, а на другі — прамастойнае, рабрыстае, чырванаватае, уверсе галінастае сцябло вышынёю 60—180 см. Сцябловыя лісты чаргаваныя, сэрцападобна-яйцападобныя, знізу шаравата-лямцавыя. Кветкі сабраныя ў шарападобныя кошыкі. Абгортка кошыка голая, зялёная, складаецца з кручкаватазагнутых лісточкаў, якія чапляюцца за адзенне чалавека і поўсць жывёл, што спрыяе распаўсюджанню расліны. Кветкі трубчастыя, лілова-пурпуровыя. Плод — прадаўгаватая сямянка з чубком.
Распаўсюджанне
Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. Расце ля жытла, дарог, вадаёмаў, па пустках, сметніках, ускраінах палёў. Цвіце ў ліпені—жніўні, плады выспяваюць у верасні.
Выкарыстанне чалавекам
Лекавая расліна. Адвар кораня — лекавы (мачагонны) сродак. Алейны экстракт — сродак умацавання і росту валасоў.
Зноскі
Літаратура
- Попов В. и др. Лекарственные растения — 2-е изд. — Мн.: Полымя, 1990.
Спасылкі