Лукомскае княства

Лукомскае княства — феадальнае ўладанне на землях вакол Лукомскага возера. Цэнтр — Лукомль. На думку археолага Л. В. Аляксеева, Лукомскае княства магло ўзнікнуць як адзін з удзелаў Полацкай зямлі ў XIIXIII стст., але ў тагачасных крыніцах ніводны князь не названы яго ўладальнікам. Відаць, яно было падаравана кімсьці з вялікіх князёў літоўскіх заснавальніку роду князёў Лукомскіх у сярэдзіне — другой палове XIV ст.

У другой трэці XV ст. значная частка княства зноў трапіла ва ўласнасць вялікага князя або ў выніку згасання адной з галін князёў Лукомскіх, або праз канфіскацыю часткі іх уладанняў за падтрымку князя Свідрыгайлы ў час яго барацьбы з Жыгімонтам Кейстутавічам. Гэта частка Лукомскага княства была тады ж раздадзена іншых феадалам: паны Саковічы атрымалі Улу, Боліна і Свяда ў міжрэччы Улы і Эсы, паны Кезгайлы — землі ў вярхоўях Эсы, дзе пазней узнік маёнтак Халопенічы. Напэўна, тады ж Цяпіна стала цэнтрам маёнтка Амельяновічаў, а Чарэя — паноў Чарэйскіх.

Рэшта княства з маёнткамі Лукомль, Гарадзец, Меляшковічы, Шчыдуты, Пірошыцы і інш. засталася ва ўладанні князёў Лукомскіх. У выніку падзелаў паміж імі раздрабілася і фактычна перастала існаваць як адзінае цэлае ўжо ў XVI ст.

Літаратура