Лучын (аграгарадок)
Лучы́н[4] (трансліт.: Lučyn, руск.: Лучин) — аграгарадок у Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Забалацкага сельсавета.
Аграгарадок Лучын
|
Знаходзіцца на правым беразе Дняпра, каля аўтадарогі Рагачоў—Жлобін. Цэнтр калгаса. За 8 км на поўдзень ад Рагачова, 113 км ад Гомеля, 5 км ад чыгуначнай станцыі Луцкае.
На 1999 год у Лучыне налічвалася 919 жыхароў, 435 двароў.
Гісторыя
Побач паселішча выяўлены археалагічныя помнікі (гарадзішча і селішча), у тым ліку часоў ранняга сярэднявечча. Некаторыя даследчыкі лічаць, што паселішча можа быць тоеснае Лучыну, гораду Смаленскай зямлі, згаданаму крыніцамі пад 1138, 1172 і 1210-мі гадамі, аднак, у такой версіі ёсць пярэчанні.
Таксама Лучын згаданы ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец 14 — пачатак 15 ст.), але няма пэўнасці якога паселішча датычыць гэта згадка.
У 14—18 ст. у Рагачоўскай воласці Вялікага Княства Літоўскага. Згаданы ў грамаце караля Казіміра ад 1480 года менскаму купцу Церашковічу. У 16 ст. вядомы як сяло Лучын. У 1756 годзе сяло ў Задруцкім войтаўстве Рагачоўскага староства[5].
З 1793 года ў Расійскай імперыі, у Рагачоўскім павеце Беларускай, з 1802 — Магілёўскай, з 1919 — Гомельскай губерняў.
У 1886 годзе — 672 жыхары, 114 двароў, царква, 2 ветракі.
З 1924 цэнтр сельсавета ў Рагачоўскім раёне Бабруйскай акругі (да 1930), з 1938 у Гомельскай вобласці.
У Вялікую Айчынную вайну нямецка-фашысцкія захопнікі двойчы (у 1941 і 1944) часткова спальвалі Лучын.
У 1972 годзе — 1352 жыхары, 387 двароў.
Да 1 снежня 2009 года Лучын быў цэнтрам аднайменнага сельсавета[6].
Установы
Сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі.
Помнікі
- Брацкая магіла савецкіх воінаў.
- Помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
- Каля вёскі група археалагічных помнікаў Лучын.
Вядомыя асобы
- Пётр Андрэевіч Пілютаў (1906—1960) — ваенны лётчык, Герой Савецкага Саюза[7].
Зноскі
Літаратура
- Лучын (вёска) // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. С. 379—380.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх