Мансі

Ма́нсі (саманазва: мāньси), раней вядомыя як вагу́лы (руск.: вогулы) — угорскі народ, карэнныя насельнікі Урала і Заходняй Сібіры. Агульная колькасць у Расіі (2010 г.) — 12 269 чалавек.

Мансі
(мāньси)
Мал. 1901 г.
Агульная колькасць12269 (2010 г.)
Рэгіёны пражыванняРасія
Мовамансі
РэлігіяПраваслаўе, шаманізм, політэізм, татэмізм
Блізкія этнічныя групыханты, венгры

Мансі маюць агульнае паходжанне з венграмі і ханты. У сярэднявеччы мансі насялялі заходні і ўсходні схілы Уральскіх гор, аднак наступ рускіх і комі вымушаў перасяляцца з Урала ў Заходнюю Сібір. У XV—XVI стст. на тэрыторыі Урала і Заходняй Сібіры склалася некалькі дзяржаўных аб’яднанняў мансі. Да пачатку XVII ст. яны былі заваяваны рускімі.

Мансі маюць багаты фальклор. Іх міфалогія адлюстроўвае старажытныя угорскія паданні і рэлігійныя вераванні.

Паходжанне

Згодна з тэорыяй, сфарміраванай савецкімі і венгерскімі лінгвістамі ў сярэдзіне XX ст., агульнымі продкамі мансі, ханты і венграў былі тубыльцы поўдню Заходняй Сібіры эпохі неаліту. На мяжы II—I тысячагоддзяў да н. э. з-за кліматычных змен яны падзяліліся на паўднёвую і паўночную галіны. Прадстаўнікі паўночнай рушылі ў лесастэпавую зону ўздоўж ракі Об. Пахаладанне, што пачалося ў VII ст. да н. э., прывяло да таго, што яны апынуліся ў зоне тайгі[1]. Рассяленне на захад прывяло да адасаблення мансі. Лінгвістамі знойдзены сведчанні ранніх кантактаў мансі і ханты з іншымі моўнымі групамі Сібіры.

Археолагі звязваюць продкаў мансі, ханты і венграў з кулайскай, саргацкай і гарохаўскай археалагічнымі культурамі[2][3][4], што ў эпоху ранняга жалеза ахоплівалі поўдзень Заходняй Сібіры і Урала.

Генетычныя даследаванні ў пачатку XXI ст.[5][6] выявілі істотныя разыходжанні з лінгвістычнай і археалагічнай версіямі. Большасць мансі маюць агульныя генетычныя карані з заходнімі і ўсходнімі еўрапейцамі, у меншай ступені — з сібірскімі групамі, якія маглі прымаць удзел у перасяленні ў Паўночную Амерыку. Былі знойдзены генетычныя сведчанні ўдзелу ў фарміраванні папуляцыі мансі старажытных мігрантаў з Блізкага Усходу і Балканскага паўвострава. Генетыкі сцвярджаюць, што асноўная папуляцыя продкаў мансі склалася на захад ад Урала, у фарміраванні сучасных мансі таксама прымалі ўдзел выхадцы з Цэнтральнай Азіі.

Гісторыя

Мансі прыносяць ясак Ярмаку

У сярэднявеччы мансі насялялі заходні і ўсходні схілы Уральскіх гор. Паўднёвай мяжой для іх з’яўлялася рака Пышма[7]. На поўначы паселішчы мансі цягнуліся да Ямала, дзе ў 30 км ад Салехарда знойдзена паселішча і свяцілішча Усць-Палуй[8]. Археолагі выяўляюць умацаваныя гарадзішчы, пабудаваныя на ўзвышшах каля рэк. Асноўнымі заняткамі былі конегадоўля, паляванне, рыбалоўства. Было таксама вядома земляробства. Падчас раскопак знаходзяць вырабы з керамікі і металаў, у тым ліку рэчы з Сярэдняй Азіі і Ірана.

У старажытнарускіх летапісах паўночныя мансі і населеныя імі землі былі вядомы пад назвай Югра. Звесткі пра іх з’яўляюцца ў XI ст.[9]. Відавочна, назва Югра і больш позняя назва вагулы былі запазычаны ў комі[10][11]. У 11931194 гг. наўгародскі ваявода Ядрэй арганізаваў ваенную экспедыцыю супраць Югры. Ён захапіў югорскі горад, але падчас аблогі другога пацярпеў паражэнне. З экспедыцыі вярнулася толькі 80 чалавек. Сярод рэчаў, якімі тубыльцы абяцалі адплаціць наўгародцам за зняцце аблогі былі срэбра, сабалінае і іншае футра[12]. У XIII ст. Югра пералічвалася ў наўгародскіх дакументах як падпарадкаваная тэрыторыя[13]. Наступ рускіх і комі вымушаў мансі перасяляцца з Урала ў Заходнюю Сібір, дзе яны ў сваю чаргу захопівалі землі ханты і ненцаў.

У XV—XVI стст. на тэрыторыі Урала і Заходняй Сібіры склалася некалькі дзяржаўных аб’яднанняў мансі — Вагульскае, Пелымскае, Ляпінскае, Кандынскае, Абдорскае княствы[14][15]. На чале іх стаяла родавая арыстакратыя. У канцы XV ст. яны знаходзіліся ў васальнай залежнасці або ў фактычным саюзе з Сібірскім ханствам. З сярэдзіны XV ст. цікавасць да падначалення зямель мансі мела Вялікае Княства Маскоўскае. У 1465 г. па ініцыятыве Івана III усцюжанскі ваявода арганізаваў паход на ўсходнія схілы Урала, дзе захапіў у палон двух князёў мансі. Найбольшае супраціўленне аказваў пелымскі князь Асыка. У 1481 г. ён узначальваў напад на пермскую зямлю, ужо падначаленую Маскоўскай дзяржаве. У адказ, у 1483 г. маскоўскае войска ўварвалася ў землі мансі і ханты, нанесла паражэнне Юмшану, сыну Асыкі, і захапіла ў палон кодскага князя. У 1484 г. Кодскае княства прызнала сваю залежнасць ад Масквы, што дазволіла Івану III атрымаць тытул гаспадара Югры[16]. Пасля пахода 1499 г.[14] было зруйнавана Ляпінскае княства, у залежнасць трапілі Абдорскае княства і частка Пелымскага княства.

Узмацненне Сібірскага ханства дазволіла князям мансі пераарыентаваць знешнюю палітыку. Пры хане Кучуме яны супраціўляліся маскоўскім стаўленікам Строганавым збіраць ясак і ствараць паселішчы на сваіх землях, удзельнічалі на баку сібірскіх татар у паходах на Перм і ў бітве на Чувашавым мысе. Ваенныя сутычкі з мансі мелі месца падчас паходаў Ярмака на Сібірскае ханства. Пелымскія князі ў той жа час руйнавалі пермскія валоданні Строганавых[17]. Далейшыя ваенныя дзеянні прывялі да значных страт. У 1586 г. абдорскі князь Лугуй атрымаў у Маскве ахоўную грамату[18], што стала сведчаннем падпарадкавання Расіі. У 1592 г. ваявода Нічыпар Траханіотаў заваяваў Пелымскае княства[19]. Нягледзячы на гэта, мансі працягвалі барацьбу. У 1607 г. была выкрыта змова ў Пелымскім княстве. У 1609 г. мансі у саюзе з ханты і татарамі планавалі захапіць Цюмень. У 16121613 гг. успыхнула паўстанне, задушанае мясцовым ваяводам[20]. Паўстанні таксама адбываліся ў 1630 г. і 1654 гг.[21][22]

Пасля далучэння да Расіі мансі былі вымушаны выплочваць ясак. Паўночныя мансі станавіліся лёгкай ахвярай з боку качавых ненцаў. Мансі, што заставаліся на Урале і поўдні Заходняй Сібіры пакутвалі ад захопу іх зямель з боку прыватных заводаў і нават сялян[23]. Відавочна, на першых парах асноўная ўлада над супляменнікамі захоўвалася ў родавай арыстакратыі. Вагульскі князцы ўзгадваліся ў дакументах XVIII ст. У 1822 г. кіраванне і суд былі перададзены дзяржаўным органам. У 17141718 гг. дзякуючы высілкам мітрапаліта Філафея Ляшчынскага мансі намінальна прынялі праваслаўе. Прыхільнікі традыцыйнай веры аказвалі місіянерам супраціўленне[24].

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі быў адменены ясак. У 1930 г. створана Асцяка-Вагульская нацыянальная акруга (зараз Ханты-Мансійская аўтаномная акруга — Югра). У 1931 г. была створана пісьмовасць на мове мансі. У той жа час савецкая палітыка раскулачвання і барацьбы з рэлігіяй прывяла да заняпаду звычаёвага ладу. Мансі станавіліся ахвярамі палітычных рэпрэсій[25]. У пасляваенны час адбывалася ліквідацыя дробных і стварэнне буйных паселішчаў, што далей садзейнічала разбурэнню родавых адносін і страты тэрыторый. Развіццё нафтавай і газавай прамысловасці павялічвала колькасць іншаэтнічных перасяленцаў.

10 жніўня 1989 г. была створана арганізацыя ханты і мансі «Выратаванне Югры»[26], якая займаецца нацыянальным адраджэннем.

Этнаграфічныя групы

У наш час прынята вылучаць некалькі этнаграфічных груп мансі[27]:

  • Паўночная, якая складаецца з сосьвінскай і лозьвінскай і насяляе ўзбярэжжы ракі Паўночная Сосьва і часткова ракі Лозьва. У мінулым размаўлялі на 2 асобных дыялектах.
  • Паўднёвая, што насяляе берагі ракі Таўда
  • Заходняя ўключае пелымскую, сярэднелозьвінскую, вагільскую дыялектныя групы
  • Усходняя (кондынская)

Культура

Матэрыяльная культура

Зрубная хата мансі

За некалькі стагоддзяў, якія суправаджаліся войнамі і міграцыямі, лад жыцця мансі моцна змяніўся. У 1904 г. расійскі этнограф Канстанцін Насілаў пісаў[28]:

Яшчэ нядаўна ваяўнічы, бадзёры, які ведаў, як тапіць, здабываць з руд Урала жалеза, медзь, срэбра, які меў гандлёвыя зносіны з суседзямі, войны, народ гэты цяпер зусім ўпаў, зусім ператварыўся ў пячорнага чалавека і так далёка сышоў ад нашэсця цывілізацыі ў свае непраходныя лясы, так зашыўся ў глуш сваёй тайгі, так ізаляваўся, што, здаецца, ужо больш не з’явіцца на сусветнай сцэне, а, ціха вымрэ, сыдзе зусім з твару нашай планеты.

Асноўнымі заняткамі мансі сталі паляванне і рыбалоўства. Паляванне было накіравана на здабычу мяса і футра. Апошнім выплочвалі ясак, выкарыстоўвалі ў гандлёвых зносінах. Рыбалоўства пераважала сярод жыхароў ніжняй плыні рэк. Сезонна выязджалі здабываць рыбу на раку Об[29]. Паўночныя мансі некаторы час займаліся аленегадоўляй[30]. Распаўсюджана збіральніцтва. Традыцыйныя рамёствы: апрацоўка драўніны, бярозавай кары, ткацтва з валокнаў крапівы і лёну, аздабленне тканін пацеркамі і аплікацыяй.

У XVII — першай палове XX стст. мансі жылі ў невялікіх паселішчах паул ад 1 да 10 жытлаў з гаспадарчымі пабудовамі. Занятак паляваннем вымушаў шмат перамяшчацца, таму кожная сям'я мела жытлы за межамі паселішча. Для мансі характэрна значная разнастайнасць жытлаў. У канцы XIX ст. налічвалася каля 30 розных тыпаў[31]. Сталым зімовым, а часам і летнім жыллём большасці мансі з’яўлялася зрубная хата без столі, з вельмі пакатым двухсхільным дахам, пакрытая пашытымі кавалкамі бярозавай кары.[32]. Дзверы арыентаваны на поўдзень. Пярэдняя частка даха выдавалася наперад і абапіралася на слупы. Яшчэ адзін слуп ўсталёўваўся непасрэдна насупраць жытла. Да яго прывязвалі свойскую жывёлу. Узімку ў вокны ўстаўлялі лёд, улетку нацягвалі рыбны пузыр. У куце хаты, справа ці злева ад дзвярэй, ладзілі агмень з жэрдак, абшмараваных глінай. Уздоўж сцен месціліся земляныя нары, якія пакрывалі цыноўкамі і скурамі. Часовыя сезонныя жытлы рабілі ў лодках або ў лесе. Імі маглі быць буданы, заслоны, зімовыя яміны і г. д. Паўночныя аленегадоўцы запазычылі ў ненцаў чум.

Паўднёвыя і ўсходнія мансі аддавалі перавагу апранаць палатняныя кашулі і ворную адзежу, упрыгожаную гафтам з рознакаляровых нітак. Паўночныя і часткова заходнія мансі перанялі традыцыю ненцаў мець вопратку з аленевай скуры. У ніжняй плыні рэк Паўночная Сосьва і Об шылі вопратку з птушынага пер’я, насілі халаты, упрыгожвалі іх аплікацыямі[33]. Важны элемент мужчынскай і жаночай вопраткі — пояс. Замужнія жанчыны абавязкова пакрывалі галаву хусткай. Абутак шылі са скур. Жаночыя прычоскі адрозніваіся ў залежнасці ад мясцовасці, але паўсюдна запляталі косы.

Традыцыйнай ежай мансі з’яўляліся рыба і мяса. Рыбу елі волкай, варанай, марожанай, вяленай, вэнджанай, сушонай. З вантроб рыбы выпальвалі тлушч, які ўжывалі ў чыстым выглядзе ці змешвалі з ягадамі. Мяса вялілі і вэндзілі. Далікатэсам лічыліся абсмаленыя вавёрчыны страўнікі, набітыя арэхамі[34]. Існавалі рэлігійныя забароны на ўжыванне ў ежу некаторых відаў рыб, птушак і жывёл[35]. Мансі не ядуць грыбы. Да з’яўлення чаю пілі ваду або ягадныя і травяныя ўзвары.

Грамадства

Наяўнасць у мансі позняга сярэднявечча дзяржаўных утварэнняў і вылучэнне пласта ваеннай арыстакратыі (князёў і мурз) дазваляе меркаваць пра складаную грамадскую арганізацыю. Аднак да XIX ст., калі пачалося этнаграфічнае вывучэнне гэтага народа, яна была разбурана, у тым ліку пад уплывам асіміляцыі.

У паўночных мансі і ханты захаваўся падзел на 2 экзагамныя групы сир Пор і Мось, якія часцяком завуцца фратрыямі[36]. Кожная група лічыць, што паходзіць ад асобнага продка: Пор — ад мядзведзя, Мось — ад жанчыны-гарбаткі. У іх маюцца асобныя сакральныя цэнтры для арганізацыі святаў, асобныя звычаі, чальцы аднаго сир кпяць з чальцоў іншага. Шлюбы знутры сваёй групы забаронены, паколькі чальцы лічацца сваякамі. Даследаванні канца XX ст. паказалі, што ў мінулым падзел на 2 фратрыі быў характэрны для ўсіх мансі, але ў некаторых тэрытарыяльных груп пачаў знікаць ужо ў XVIII ст.[37] Падзел на 2 галіны арыстакратыі існаваў у Пелымскім і Кондскім княствах XVI ст.[38] Паходжанне сир выклікае спрэчкі ў навукоўцаў. Высоўваецца меркаванне, што яны склаліся ў пачатку жалезнага века, калі старажытныя угры рассяляліся на Урале і ў Заходняй Сібіры, дзе прышлыя аб’ядноўваліся ў адну экзагамную групу, а абарыгеннае насельніцтва — у іншую.

Асноўнымі сацыяльнымі адзінкамі мансі з’яўляюцца сям'я і абшчына пэўнага паселішча. Паколькі паселішчы фарміраваліся пераважна са сваякоў, то абшчына мела сваяцкі характар. Перасяленне ў буйныя паселішчы ў другой палове XX ст. не перашкодзіла традыцыі. Мансі, асабліва жанчыны, добра памятаюць паходжанне той або іншай сям’і з пэўнага пакінутага паселішча, яе прыналежнасць да сир, але замест абшчыннай арганізацыі вылучаецца род рут па мужчынскай лініі[39]. Галоўным у сям’і быў муж, аднак маладыя жанчыны ўдзельнічалі ў выбары партнёра. Шлюбу папярэднічала сватаўство. Бацькі жаніха абавязваліся выплаціць за нявесту кампенсаванне, звычайна матэрыяльнымі прадметамі. Вяселле было сціплым. Яго адзначалі спачатку ў сям’і невясты, потым — жаніха. Звычайна маладыя пачыналі жыць разам да поўнай выплаты кампенсавання. Дзецям давалі імёны памерлых продкаў або новыя, невядомыя імёны, паколькі верылі, што наяўнасць розных людзей з адным імям — дрэнны знак. Пасля хрысціянізацыі часцяком мелі 2 імя — традыцыйнае і хрысціянскае.

Фальклор

Фальклор мансі пачаў вывучацца адносна позна, у XIX ст., венгерскімі і фінскімі вучонымі. Яны вылучылі наступныя жанравыя формы[40]:

Мансі захавалі багатую міфалогію[41]. Міфы звычайна кароткія, іх ведаюць толькі пэўныя асобы, але апавядаюцца яны вялікай колькасці слухачоў, прычым не адзін дзень. Вылучаюцца гераічныя і касмаганічныя міфы. Галоўнымі захавальнікамі вуснай народнай творчасці да з’яўлення пісьма былі спевакі і казачнікі.

Музычна-спеўная культура надзвычай разнастайная. Некаторыя песні, у тым ліку сатырычныя, выконваліся толькі падчас сакральных святаў. Мансі і ханты карысталіся каля 27 відамі музычных інструментаў, у тым ліку сяміструннай арфай, варганам, лютняй[42]. Кожны інструмент быў злучаны з пэўным рытуалам і татэмам. Уменне іграць на ім ўспрымалася як здольнасць уступаць у сувязь з духамі.

Танцавальныя традыцыі захаваліся пераважна ў паўночных мансі. Падчас святаў танцавалі ўсе. Першымі заўсёды танцавалі мужчыны, затым жанчыны і толькі потым дзеці. Выкарыстоўваліся розныя рухі. Жаночыя танцы адрозніваліся мернасцю і плыўнасцю ў рухах. У мінулым жанчыны пры гэтым затулялі твар хусткай. Мужчынскія танцы адрозніваліся хуткімі тэмпамі выканання, у іх прысутнічалі скачкі і прысяданні, рэзкія развароты. Мужчыны заўсёды танцавалі на напаўсагнутых нагах. Танцор імкнуўся ўвасобіць навакольны свет, перадаць звычкі звяроў і птушак. У мансі існуюць такія танцы, як «Танец пугача», «Танец сарокі», «Танец зборшчыц ягад», «Танец мянтуза», «Танец паляўнічых», «Танец аленегадоўцаў» і інш.[43]

Мова

Родная мова мансі належыць да ўгорскай галіны фіна-ўгорскай моўнай сям’і, блізкая да моў ханты і венграў. Падзяляецца на 4 буйныя дыялекты. Навуковае вывучэнне пачалося з XVIII ст., калі па загаду Васіля Тацішчава быў складзены «Слоўнік вагульскай мовы»[44]. У 1930-х гг. быў створаны алфавіт на аснове лацінкі, у 1937 г. пераведзены на кірыліцу. У наш час літаратурная мова вывучаецца ў школах, выкарыстоўваецца ў некаторых друкаваных СМІ. Заходнія і паўднёвыя мансі ўжо не карыстаюцца роднай мовай як сродкам зносін. Сярод усходніх мансі таксама адбываецца хуткая русіфікацыя.

Рэлігія

Традыцыйная рэлігія мансі спалучала політэізм, татэмізм і шаманізм. Мансі падзялялі сусвет на верхні (нябесны), сярэдні (зямны) і ніжні (падземны). Кожная частка сусвета падзялалася на пэўныя сферы. Зямны свет падзяляўся на гарызанталі адносна плыняў рэк. Пантэон налічваў каля 300 бажаствоў мужчынскага і жаночага полу[45]. Галоўную ролю сярод іх адыгрываў Тōрум, які жыў у верхнім свеце разам са сваім бацькам Корс, дзедам Ōпыль-ōйка, богам грому Сяхыл-Тōрум, богам Месяца Ётпос ōйка, сонечнай багіняй Хōтал-Эква і г. д. Сярод багоў сярэдняга свету найбольш шанаваліся заступнікі пэўных месцаў, паселішчаў і рэк, асабістыя заступнікі, багіня агню Нāй, Мир Суснэ Хум, сын Тōрум, якому вярхоўны бог перадаў кантроль ў сярэднім сусвеце, яго маці Калтась-ӭква і яго крылаты конь Товлынг-лув. Мансі верылі, што падземным светам кіруе бог Хуль ōтыр, што насылае на людзей хваробы.

Вылучаліся дробныя багі або духі, якія ахоўвалі чалавека, яго сям’ю і абшчыну. Мансі выраблялі антрапаморфныя выявы такіх духаў. Яны перадаваліся ад аднаго пакалення да наступнага. Акрамя таго, у якасці сямейных фетышаў існавалі выпадкова знойдзеныя, незвычайныя ў адносінах да паўсядзённасці прадметы. Імі маглі быць вырабы старажытнай бронзаліцейнай вытворчасці, незвычайнай формы камяні, наканечнікі стрэл неалітычнай эпохі і г. д.[46] Духі-ахоўнікі часцяком уяўляліся як продкі і заснавацелі, прымалі форму жывёл — лася, мядзведзя, птушак, насякомых. Так, фратрыя Пор паўночных мансі лічыць сваім продкам і культурным героем мядзведзя. Яе чальцы арганізуюць мядзвежыя святы яны пике[47].

Каля жытла будавалі культавыя свірны, дзе захоўвалі татэмы, рытуальную зброю, ахвярапрынашэнні. У якасці ахвяр выкарыстоўвалі здабытую дзічыну, коняў, свойскіх аленяў і г. д.[48] Праваслаўныя місіянеры XVII—XVIII стст. паведамлялі пра чалавечыя ахвярапрынашэнні. Некаторыя супольныя рытуалы праводзіліся пад наглядам шамана. У мансі існавала некалькі катэгорый шаманаў. Вышэйшай была лылынг пупин няйт — шаманы «жывых» духаў. Галоўнай функцыяй шаманаў з’яўлялася лекаванне.

У выніку кантактаў з сібірскімі татарамі сярод мансі некаторы час распаўсюджваўся іслам[49], аднак ён істотна не адбіўся на наступным развіцці гэтага народа. У XVIII ст. пры падтрымцы ўладаў адбывалася актыўная хрысціянізацыя. У 1714—1718 гг. большасць мансі намінальна прынялі праваслаўе[24], хаця працягвалі захоўваць многія традыцыйныя звычаі.

Зноскі

Літаратура

Спасылкі