Пажар у царкве Эль-Гізы

14 жніўня 2022 года падчас нядзельнага богаслужэння ў копцкай царкве Абу-Сіфін у горадзе Эль-Гіза на ўскраіне Каіра, Егіпет, здарыўся пажар. Міністэрства аховы здароўя і народанасельніцтва Егіпта паведаміла, што загінуў 41 чалавек, у тым ліку некалькі дзяцей, і 12 чалавек атрымалі раненні[1][2][3][4]. Святар царквы, Абдул Масіх Бахіт, быў сярод загінулых[3][5]. Пажар стаў адной з самых трагічных падзей у найноўшай гісторыі Егіпта.

Храналогія падзей

14 жніўня падчас нядзельнага богаслужэння ў царкве Абу-Сіфін сабралася не менш за 5 тыс. чалавек[6][7][8]. Пажар пачаўся незадоўга да 9 гадзін раніцы (UTC+02:00)[9]. Па звестках Reuters, агонь заблакаваў галоўны ўваход[9], а эвакуацыйны выхад не быў прадугледжаны[10]. Людзі, якія знаходзіліся на трэцім і чацвёртым паверхах, сталі падаць адзін на аднаго[8]. Відавочцы паведамілі, што людзі спрабавалі выскачыць з вокнаў, каб выратавацца ад агню[11]. На месца пажару было накіравана 15 пажарных машын[12]. Ратавальнікі і карэты хуткай дапамогі прыбылі толькі праз адну гадзіну[10].

Прычына ўзгарання

У МУС Егіпта заявілі, што пажар быў выкліканы няспраўным кандыцыянерам на другім паверсе царквы[8], дзе знаходзіліся некалькі навучальных класаў[6][13]. Выданне Egypt Today паведаміла, што сцены ў царкве былі з драўляным аздабленнем, з-за чаго агонь змог хутка распаўсюдзіцца на вялікай плошчы[7].

Загінулыя і пацярпелыя

Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, большасць загінула ад удушэння дымам[6] і ад таго, што іх затапталі ў цісканіне пры спробе выбрацца з будынка[4]. Па дадзеных адной з мясцовых бальніц, паступіла 20 цел, сярод якіх 10 дзяцей, у той час як у іншую мясцовую бальніцу паступіла 21 цела[11]. Прадстаўнік Копцкай праваслаўнай царквы Муса Ібрагім заявіў, што пахаванне загінуўшых пройдзе ў дзвюх цэрквах у суседнім раёне Эль-Варак[12].

Расследаванне

Генеральны пракурор Егіпта Хамада эль-Саві распарадзіўся правесці расследаванне пажару, у царкву была накіравана група пракурораў[12].

Зноскі