Ракетны ўдар па тэрыторыі Польшчы (2022)

Днём 15 лістапада 2022 года дзве ракеты ўпалі на тэрыторыі Польшчы ў раёне вёскі Пшэводаў у Люблінскім ваяводстве прыкладна ў пяці кіламетрах ад мяжы з Украінай[1][2]. Ракетныя ўдары адбыліся на фоне маштабнай расійскай атакі на ўкраінскія гарады і энергетычныя аб’екты[3][4].

Удар

Пра падзенне дзвюх ракет першым паведаміла польскае мясцовае радыё Zet[5]. Па звестках Radio Lublin, інцыдэнт адбыўся а 15:40 на перагрузачных вагах, куды заязджаюць трактары з грузамі. Паводле папярэдніх высноў, трактар, які заехаў на шалі, раптам выбухнуў. Радыё таксама паведамляла аб гібелі двух чалавек[6][7]. Аднак як пазней паведаміла радыё Zet са спасылкай на свайго журналіста Марыюша Гершэўскага, ракеты патрапілі ў зернесушылкі[8][9]. Пазней на рэгіянальным навінавым сайце lublin112.pl з’явілася інфармацыя аб тым, што ракета выбухнула непасрэдна побач з прычэпам трактара і пакінула вялікую варонку на месцы выбуху. Двое загінулых — супрацоўнікі збожжасховішча[10].

Рэакцыя

Неўзабаве расійскі фондавы рынак паказаў рэзкае падзенне[11].

Пасля ракетных удараў прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі склікаў экстраннае пасяджэнне Камітэта па справах нацыянальнай бяспекі і абароны[12][13]. Афіцыйны прадстаўнік урада Пётр Мюлер заклікаў не публікаваць непацверджаную інфармацыю[14]. Польскія ВПС паднялі ў паветра знішчальнікі, а ў пасёлак прыбыла армія і пракуратура[15][16].

Улады Польшчы павысілі боегатоўнасць некаторых воінскіх часцей. Таксама абмяркоўвалася пытанне, ці прыводзіць у дзеянне артыкул 4 дагавора НАТА, які прадугледжвае кансультацыі паміж краінамі-членамі альянсу, калі бяспека альбо тэрытарыяльная цэласнасць адной з іх знаходзіцца пад пагрозай[17].

Датычнасць

Як адзначыла выданне Lublin112, на знойдзеных аскепках ракеты няма маркіроўкі, каб вызначыць паходжанне снарада[18]. На апублікаваных у сацсетках здымках абломкаў ёсць прыкметныя адтуліны на частках, якія злучаюць адсекі, што нагадваюць часткі снарадаў ад зенітна-ракетных комплексаў С-300 (стаяць на ўзбраенні і Расіі, і Украіны)[19].

Журналіст выдання Polsat News ва Украіне Матэвуш Лахоўскі напісаў, што абломкі, якія былі знойдзеныя ў Пшэвадуве, — часткі расійскай крылатай ракеты Х-101[20].

Польскі ваенны эксперт Яраслаў Вольскі выказаў меркаванне, што гэта магла быць расійская крылатая ракета або ракета ўкраінскай СПА[21]. У МЗС краіны заявілі пра снарад расійскай вытворчасці. Ведамства выклікала пасла РФ[22].

Па звестак амерыканскай разведкі, тэрыторыю Польшчы перасеклі менавіта расійскія снарады, аб чым паведаміла Associated Press са спасылкай на высокапастаўленага чыноўніка[23]. У той жа час Пентагон заявіў, што не можа пацвердзіць паведамленні, ці сапраўды расійскія ракеты ўпалі ў пасёлку[24].

Мінабароны Расіі назвала паведамленні польскіх СМІ «наўмыснай правакацыяй у мэтах эскалацыі абстаноўкі»[25] і заявіла, што краіна не наносіла ўдараў па аб’ектах, якія знаходзяцца паблізу ўкраінска-польскай мяжы[3]. У сваю чаргу прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвінаваціў у здарэнні расійскі бок[26].

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што «з пункту гледжання траекторыі малаімаверна, што яна была выпушчана з Расіі, але мы паглядзім»[27]. Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг агучыў тую ж версію: альянс не убачыў прыкмет магчымага нападу Расія на яго[28][29].

Польскі прэзідэнт Анджэй Дуда заўважыў, што дакладных доказаў таго, хто запусціў ракету, няма[30]. Пазней, па заяве кіраўніка дзяржавы, прыкмет наўмыснага нападу няма, і ракета, імаверна, была выкарыстана ўкраінскай СПА[31]. Ён назваў здарэнне «няшчасным выпадкам»[32][33]. Генеральны сакратар НАТА пацвердзіў версію. Як заявіў Столтэнберг, прычынай інцыдэнту, імаверна, стаў украінскі снарад, выпушчаны, каб абараніць украінскую тэрыторыю ад расійскіх крылатых ракет[34].

Расследванне

У верасні 2023 года Rzeczpospolita са спасылкай на крыніцы заявіла аб высновах следчых пракуратуры Польшчы па здарэнню. Паводле звестак, ракета была выпушчаная з украінскай сістэмы СПА С-300. Прэс-сакратар Генеральнай пракуратуры Лукаш Лапчынскі сказаў, што следчыя атрымалі высновы па гэтай справе, але ўлічваючы іх засакрэчаны характар, не паведамлялі іх змест[35][36].

Падобныя выпадкі

29 снежня 2022 года, меркавана, ракета запушчаная з украінскага ЗРК С-300 упала паблізу вёскі Гарбаха Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Паводле Мінабароны Беларусі, ракета была збіта сродкамі супрацьпаветранай абароны Беларусі. Разглядаецца версія, што інцыдэнт аналагічны лістападаўскаму выпадку ў Польшчы[37][38].

Гл. таксама

Зноскі