Справа Аўтуховіча

крымінальны працэс

Справа Аўтуховіча — крымінальны працэс у Беларусі па абвінавачанні шэрагу асоб на чале з Мікалаем Аўтуховічам, якога затрымалі 8 снежня 2020 года па падазрэнню ў стварэнні «тэрарыстычнай групы».

Перадгісторыя

У 2009 годзе М. Аўтуховіча абвінавацілі ў падрыхтоўцы замаху на намесніка міністра па падатках і зборах, старшыню Гродзенскага аблвыканкаму, а таксама падпале хаты начальніка ваўкавыскай міліцыі. Праўда, асудзілі яго ў 2010 годзе толькі за захоўванне боепрыпасаў: за 5 патронаў для паляўнічай стрэльбы Аўтуховічу прысудзілі 5 гадоў і 2 месяцы турмы. Тады праваабаронцы прызналі яго вязнем сумлення.

Справа

8 снежня 2020 года стала вядома пра затрыманне прадпрымальніка і ветэрана Афганскай вайны Мікалая Аўтуховіча, якога абвінавацілі ў стварэнні «тэрарыстычнай групы», якая нібыта дзейнічала на тэрыторыі Гроденскай вобласці, падпальвала аўтамабілі і хаты супрацоўнікаў МУС[1]. Кіраўнік КДБ Беларусі Іван Тэртэль паведаміў 17 снежня, што Мікалай Аўтуховіч хаваўся ў гаражы ў Брэсцкай вобласці ў свайго даўняга знаёмага і яго затрымалі «пры выхадзе ў краму». Разам з М. Аўтуховічам былі затрыманы яго жонка Любоў, сын і праваслаўны святар Сяргей Разановіч[2]. У парушэнні ўсіх норм заканадаўства і Канстытуцыі, міжнародных абавязацельств Беларусі Мікалай Аўтуховіч быў пазбаўлены юрыдычнай дапамогі з боку адваката па рознага роду надуманых прычынах: позні час і праз COVID-19[3].

25 снежня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што затрыманая ў снежні «група Мікалая Аўтуховіча» рыхтавала тэракты па ўсёй краіне і завозіла «тонамі зброю цераз Украіну»[4]. У гэты ж дзень спікер Міністэрства замежных спраў Украіны Алег Ніколенка заявіў, што «Украіна катэгарычна адхіляе чарговыя інсінуацыі Аляксандра Лукашэнкі» і што мантра пра «зброю з Украіны» дакладна ўпісваецца ў яго палітыку па запалохванні беларускага народу[5].

Сярод інкрымінаваных дзеянняў Мікалаю Аўтуховічу ставіліся ў віну здрада дзяржаве, садзейнічанне ў тэрарыстычнай дзейнасці, незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі і выбуховых рэчываў, замах на захоп улады неканстытуцыйным шляхам, стварэнне злачыннай арганізацыі, распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці або розніцы. А таксама шэраг іншых складаў злачынстваў, такіх як кантрабанда, акт тэрарызму. Усяго Мікалай Аўтуховіч абвінавачваўся па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса, 6 з іх — за асабліва цяжкія злачынствы.

Прысуд

17 кастрычніка 2022 года ў Гродзенскай турме № 1 абвясцілі прысуд фігурантам справы групы Мікалая Аўтуховіча. Прыгаворам Гродзенскага абласнога суда Мікалай Аўтуховічу назначана пазбаўленне волі на тэрмін 25 гадоў (адбыванне пакарання першыя 5 гадоў у турме, астатні тэрмін — у калоніі строгага рэжыму), са штрафам у памеры тысячы базавых велічынь. Таксама прыгаворам суда Мікалай Аўтуховіч пазбаўлены звання старшага прапаршчыка ў адстаўцы.

Вынесены і прыгавор Паўлу Саве, аднаму з фігурантаў справы групы Аўтуховіча. Мужчына абвінавачваўся ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 2 арт. 285, ч. 3 арт. 289 КК. Гэта ўдзел у злачыннай арганізацыі і ўчыненне актаў тэрарызму. Гродзенскі абласны суд прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 20 гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф — 700 базавых велічыняў.

Іншым членам групы Мікалая Аўтуховіча прызначана пакаранне тэрмінам ад 2,5 да 18 гадоў пазбаўлення волі, а таксама штрафы[6].

Зноскі