Талісман

Талісма́н[1], амулет (лац.: amuletum), абярэг — прадмет, які людзі насілі на целе і якому прыпісвалі магічныя ўласцівасці засцерагаць ад злых духаў, чараў, няшчасцяў, адводзіць хваробу, прыносіць поспех. Абярэгам можа з’яўляцца кожны прадмет, ад ювелірнага вырабу да кавалка каменя або кары дрэва.

Амулет-званочак на крыжы. Ян ван Эйк. Партрэт мужчыны з гваздзіком. Пасля 1435 г.

Вера ў чарадзейную сілу амулета ўзнікла ў палеаліце і захавалася да нашых дзён. Яна звязана з магіяй і фетышызмам.

На тэрыторыі Беларусі найбольш старажытныя амулеты адносяцца да эпохі неаліту (паселішчы на Крывінскім тарфяніку (Сенненскі раён), каля вёскі Камень Пінскага раёна). Пашырыліся ў жалезным веку: апрача прасвідраваных зубоў і касцей жывёл, пачалі выкарыстоўваць разнастайныя металічныя амулеты. З’явіліся лунніцы (упрыгажэнні ў выглядзе паўмесяца), звязаныя з культам Месяца — часткай аграрнага культу. Пры раскопках раннесярэдневяковых курганоў знойдзены амулеты-падвескі — мініяцюрныя выявы сякер (сімвал Пяруна), нажоў, лыжак. Выяўлена шмат амулетаў у выглядзе конікаў. Як амулеты-абярэгі, нібыта здольныя ахоўваць здароўе ўладальніка, выкарыстоўвалі медальёны-змеевікі, а таксама «змеегаловыя» бранзалеты, якія трапляюцца пераважна на паўночным усходзе Беларусі. Звышнатуральныя ўласцівасці прыпісваліся і некаторым каштоўным камяням. Напрыклад, у старажытнасці лічылася, што бурштын дабратворна ўплывае на здароўе таго, хто яго носіць. Падвескі з яго былі адначасова і ўпрыгажэннем. У язычніцкія часы ў якасці амулетаў насілі крыжападобныя падвескі, а пасля прыняцця хрысціянства — крыжыкі.

Гл. таксама

Зноскі

Літаратура

  • Талісма́н // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 404. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Зайкоўскі, Э. М. Амулет / Э. М. Зайкоўскі // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 28. — ISBN 978-985-11-0353-5.
  • Талісма́н // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. . — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 491. — 575 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-014-9.
  • Зайкоўскі, Э. М. Амулет / Э. М. Зайкоўскі // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с. — С. 35 — 36. — ISBN 5-85700-077-7.
  • Талисма́н // Т. 25. Струнино — Тихорецк. — М. : Советская энциклопедия, 1976. — С. 231. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)