Юрай

беларуская міфалогія

Юрай (Юр'я, Юрыла, Ярыла) — фальклорна-міфалагічны вобраз, ахоўнік вясны, сонца, цеплыні, урадлівасці і дзікай і свойская жывёлы. Імя хрысціянскага святога Георгія (Ягорыя, Юрыя) напластавалася на постаць язычніцкага бога Ярылы. Меркавана Юрай пераняў і некаторыя функцыі Вялеса — апекуна жывёл і нават гаспадара зімы («зімовы Юрай»). Уяўляўся прыгожым юнаком на кані.

Варыянты імя

Першапачатковае імя бога — Ярыла — перацярпела складаны сімбіёз з хрысціянскім імем Георгій. Народныя перакручванні апошняга (Ягорый, нават Грыгорый) у спалучэнні далі імя Юрай (Юр'я і нават Юрыла). У замовах носіць імя Юрый-Ягорый ці Юрый-Грыгорый.

Юрай як ахоўнік вясны і ўраджаю

У веснавых і юраўскіх песнях Юрай з'яўляецца ў наступных сюжэтных тыпах:

  • Песня заклікае Юрая (ці Юр'еву матку) ўзяць залатыя ключы, адамкнуць вясну і пусціць яе ў свет (альбо адамкнуць зямлю і выпусціць расу ці траву)[1]. Назву «ключыкі» ў народзе насіла кветка — залаціста-жоўтая прымула, першацвет высокі, якая контурам нагадвала звязку ключоў. Адна з самых ранніх кветак, яна лічылася «адмыкальнікам вясны» — тымі самымі ключыкамі Юрая-Ярылы[2].
«Юр'я! Падай ключы, Юр'я!Юр'я! Нашто ключы? Юр'я!Юр'я! Зямлю адмыкаць. Юр'я!Юр'я! Нашто адмыкаць? Юр'я!Юр'я! Расу пушчаць. Юр'я!Юр'я! Нашто раса? Юр'я!Юр'я! Для каровак. Юр'я!».

— (Gawrońska, с. 40—41, № 22. Зап. праф. Бр. Руткоўскі ў Свянцянскім п. )

  • Хлопец ці гурток дзяўчат сустракае Юрая ў дарозе, ён расказвае аб тым, як ездзіў па палях, сачыў за ўраджаем, і што хлебарод будзе багаты.
  • Юрай ходзіць па полі і моліць Бога, каб жыта добра радзіла, каб ліхатраўе было пабіта, каб Бог даў залатыя ключы адамкнуць зямлю.
  • Юр'ева матка просіць сына ўзяць ключы, адчыніць зямлю, выпусціць расу, каб было цёплае лета і буйнае жыта.
  • Песня заклікае Юр'я і Міколу абыйсці і даглядзець ўсё жыта, каб тое саспела.
  • Юр'еў конь, разгуляўшыся, разбівае камень ці арэх. Магчыма, у гэтым сюжэце прасочваюцца касмаганічныя матывы.

У Валачобных песнях пашыраны такі сюжэт: Бог збірае ўсіх святых на свята, але няма Юрая. Па яго выпраўляецца святы Ілля, але Юрай прыязджае сам, а на пытанне, дзе быў, адказвае, што даглядаў палі: цяпер дзе гара — там жыта капа, дзе лужок — там сена стажок[3].

Як змагар з цмокам

У некаторых народных баладах і паданнях перамагае цмока — фактычна многія сюжэты паўтараюць гісторыю хрысціянскага правобраза Юрая — святога Георгія.

Як ахоўнік жывёл

У народзе Юрай лічыўся гаспадаром над хатнімі і дзікімі звярамі. Вясной (канец красавіка — пачатак мая, калі святкавалі веснавы дзень Юр'я) актыўнасць ваўкоў зніжалася, але зімой (пачатак снежня, на «зімовага Юрая») яны зноў збіраліся ў стаі і рабіліся небяспечнымі для свойскай жывёлы і людзей. Людзі тлумачылі гэта тым, что вясной Юрай ездзіць на белым кані і замыкае ваўкам пашчы, а ў пачатку зімы ён вяртаў ваўкам свабоду. «Асенні Юрай адмыкае раты ваўкам, такім чынам, з гэтага дня крыважэрныя ваўкі пачынаюць хадзіць табунамі і нападаць на скаціну»[4]. З Юр'ем звязваўся першы выпас свойскай жывёлы. Калі першы раз выганялі кароў (6 мая, гэты дзень зваўся Галодны Юрай), на полі сцялілі хусту, клалі на яе хлеб з соллю і прасілі Юрая: «На табе, святы Юрый, хлеб-соль, пасі нашу скацінку». У замовах Юрая заклікалі даглядаць кароў, ездзіць на кані і «засякаць» жалезным мячом языкі ведзьмам, каб тыя не псавалі скаціну, «зажаць» пашчы дзікім драпежнікам і г.д. Таксама прасілі пасці коней і адганяць ад іх хлеўніка і цмока. У замовах жа ўжываецца словазлучэнне «юраўскія росы»[5].

Юрай у прыказках і прымаўках

  • «Да Юр'я хлеба і ў дурня»[6].
  • «Юры з мостам, Мікола з цвіком» (пра зімовага Юр'я, пасля якога адразу ішло свята Міколы).
  • «Чакай Юр'ева дня, калі рак свісне».
  • «Да Юр'я сена павінна быць і ў дурня».
  • «Два Юр'я, абое дурня — адзін галодны, а другі халодны»[7] («халодны» — зімовы Юр'еў дзень, «галодны» — веснавы, калі заставалася мала хлеба).

Гл. таксама

Спасылкі

Зноскі