Irdorath

беларускі фолк-гурт

Irdorath (з англ. — «Ірдарат») — беларускі фэнтэзі-фолк гурт, які выконвае аўтарскую, народную і сярэднявечную музыку. Стыль гурта мае высакароднае змрочнае адценне, а музыка — магутнае і незвычайнае гучанне за кошт спалучэння акустычных музычных інструментаў (такіх як дуды, колавая ліра, дзіджырыбон, віяланчэль і бузукі) і падвойнага драм-сэта. Irdorath робіць упор на шоу, выкарыстоўваючы фэнтэзі-касцюмы, маштабныя дэкарацыі, атмасферныя перформансы, элементы харэаграфіі, неонавае і вогненнае шоу. Адметнай з’яўляецца кліпаграфія, у якой раскрываецца аўдыёвізуальная мова гурта. У творчасці прасочваецца тэма славянскай міфалагічнай культуры.

Irdorath
Irdorath у 2015 годзе
Irdorath у 2015 годзе
Асноўная інфармацыя
Жанрыфолк-рок, сярэдневяковая музыка і народная музыка
Гадыз 2011
Краіна Беларусь
ГорадМінск
Склад
band.link/Irdorath (бел.)(англ.)(руск.)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя гурта

Гісторыя гурта вядзе адлік з 2011 года, калі заснавальнікі (цяпер муж і жонка) Уладзімір і Надзея Ірдарат прынялі рашэнне аб пераездзе ў Мінск з мэтай запісу дэбютнага альбома і развіцця праекта.

У 2009 годзе ў Гродна Надзея (студэнтка юрфака) і Уладзімір (студэнт каледжа мастацтваў) пачалі спрабаваць сябе ў сярэднявечнай музыцы, асвойваць інструменты, вывучаць музычны матэрыял. Першапачаткова гэта быў вулічны дуэт, дзе Уладзімір граў на нямецкай дудзе, а Надзея — на давуле (ударны інструмент). Да іх часцяком далучаліся фаер-артысты і танцоры. Былі першыя спробы выязджаць на беларускія фестывалі.

Летам 2010 года падчас Фестывалю нацыянальных культур у Гродна да калектыву далучыўся Віталь Буйвід (струннік), а ў кастрычніку гурт дапоўніў бубнач Павел Шмыга. Далей адбыўся шэраг паездак на фолк-фестывалі Беларусі, Польшчы і Расіі. Аднак такі склад праіснаваў толькі да моманту ўзнікнення ідэі перавесці гурт з рангу хобі на новы ўзровень і ператварыць Irdorath у сур’ёзны музычны праект.

У 2011 годзе Уладзімір і Надзея пераязджаюць у Мінск. Гэтая падзея лічыцца днём нараджэння гурта Irdorath. Да дуэта далучаецца бубнач Антон Шніп, разам з якім яны жылі і працавалі над першым альбомам у нефункцыянуючым пансіянаце пад Мінскам, у якім адбывалася будаўніцтва гісторыка-культурнага цэнтра «Рыцарскі замак». Разам яны пабудавалі з падручных матэрыялаў часовую студыю, у якой з дапамогай сяброў запісалі першы альбом. Паралельна музыкі займаліся арганізацыяй канцэртнай часткі фестывалю «Белы Замак»[1], правядзеннем культурных мерапрыемстваў і тэматычных вечарынак, правялі конкурс агнявога майстэрства Fire Fight [2], стварылі музычны спектакль «Легенда пра Паладзіна». Разам з бубначом Валерыем Прыёмка праект аднавіў і ўзмацніў канцэртную дзейнасць.

1 верасня 2012 года ў мінскім клубе Re:Public прайшла прэзентацыя дэбютнага альбома Irdorath пад назвай Ad Astra (частка крылатага лацінскага выслоўя per aspera ad astra — «праз церні да зорак») [3]. Да гэтага часу гурт паспеў абзавесціся ўласнай эмблемай, на якой намаляваны цмок, які кусае сябе за хвост, і слоганам: «На крылах дракона наперад да зорак!».

Поспех дэбютнага альбома падштурхнуў гурт да актыўнага пашырэння геаграфіі выступаў. У наступныя два гады калектыў адыграў мноства канцэртаў як на тэрыторыі СНД, так і на канцэртных пляцоўках Польшчы, Літвы, Германіі і Францыі.

25 красавіка 2014 года лідары Irdorath Уладзімір і Надзея адзначылі вяселле падчас сольнага канцэрта ў Мінску на вачах у прыхільнікаў і сяброў гурта [4].

У верасні 2014 года гурт з поспехам выступіў на сваім першым вялікім нямецкім фэсце — Festival Medieval (Selb, Германія) [5], што паслужыла штуршком да развіцця ў еўрапейскім кірунку. За 2 гады склад гурта пашырыўся, што дазволіла выкарыстоўваць большую колькасць арыгінальных інструментаў: дудэльзакі (разнавіднасць сярэднявечнай дуды), хардзі-гардзі (еўрапейская колавая ліра), віяланчэль, скрыпка, бузукі (разнавіднасць лютні), дзіджырыбон (духавы інструмент абарыгенаў Аўстраліі), варганы.

25 студзеня 2015 года Irdorath выпусцілі свой першы афіцыйны кліп As Bas па матывах беларускай дзіцячай лічылачкі [6]. Відэакліп набраў вялікую папулярнасць і стаў пачаткам развіцця гурта ў напрамку кінамастацтва[7].

1 мая 2015 года гурт выпусціў другі альбом — Dreamcatcher [8], запіс якога адбываўся ўжо ў адной з лепшых прафесійных студый Мінска — Everest. Гурт адсвяткаваў гэтую падзею маштабным сольным канцэртам са спецыяльнай пашыранай праграмай: на сцэне адначасова знаходзілася да дванаццаці артыстаў. Адна з кампазіцый альбома — «Быў. Ёсць. Буду» на вершы беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча — перамагла ў намінацыі «Песня года» па версіі музычнага партала Тузін Гітоў.[9]

У 2016 годзе Dreamcatcher быў перавыдадзены на нямецкім лэйбле Miroque music [10] і прэзентаваны на найбуйнейшым гатычным фэсце Еўропы Wave Gotik Treffen [11]. Таксама гурт выпусціў сваю другую відэапрацу Adde Duas: алюзію на дэкаданс канца 19 стагоддзя на аснове вершаў са зборніку Carmina Burana. У працы са стылістыкай ўпадніцкага гатычнага цырка Irdorath яшчэ раз прадэманстраваў свабоду ад стылістычных межаў.

1 верасня 2017 года ў мінскім клубе Re:Public адбылася прэзентацыя трэцяга студыйнага альбома гурта Irdorath — Wild. Афіцыйна альбом быў выпушчаны 13 кастрычніка 2017 года на нямецкім лэйбле Foxy Records [12]. У альбом увайшлі дзесяць аўтарскіх кампазіцый і бонус-трэк. Сярод іх — дзве інструментальныя, пяць песень на беларускай мове (у тым ліку народная «Купала на Івана», на якую быў зняты відэакліп [13]), тры на англійскай і адна на латыні.

Таксама ў 2017 годзе Irdorath стаў першым музычным калектывам з Беларусі, які выступіў на Wacken Open Air (найбуйнейшы метал-фэст Еўропы) [14]. Да гэтага часу гурт шчыльна замацаваўся ў статусе хэдлайнераў на гістарычных, фолк і этна фестывалях у СНД і гастролі па Еўропе сталі набіраць абарот.

У 2018 годзе гурт прадставіў кліп на кампазіцыю Varazheya [15], у якім зноў звярнуўся да беларускага фальклору. Гісторыю лясной ведзьмы гурт здолеў напоўніць сімвалізмам, міфалагічным падтэкстам і прыгожымі візуальнымі рашэннямі.

У канцы 2018 года легендарны нямецкі medieval-гурт Corvus Corax запрасіў Irdorath падзяліць з імі сцэну на традыцыйным калядным канцэрце ў храме Passionskirche (Берлін) [16]. Было адграна 2 шоу запар.

За 2019 год Irdorath выступіў у дванаццаці краінах Еўропы (ад СНД да Нідэрландаў, Бельгіі і Славеніі), пераадолеўшы каля 40000 км. Таксама адбыўся першы сольны канцэрт Irdorath у Германіі (Мюнхен, Spectaculum Mundi) [17].

2020 год пачаўся з выхаду сінгла і кліпа Serca Rascolata [18]. Гэта самы сур’ёзны кінатвор Irdorath, напоўнены глыбінёй і драматызмам. У здымках прынялі ўдзел родныя браты і сястра Уладзіміра Ірдарат. Відэакліп стаў дэбютнай рэжысёрскай працай Надзеі.

Сур’ёзнасць тэматыкі адзінства сям’і, унутранай барацьбы і ачышчэння ад глыбінных перажыванняў не перашкодзіла Irdorath захаваць свой фірмовы атмасферны візуальны стыль.

Irdorath прайшоў шлях ад вулічнага шоу ў правінцыйных гарадах Беларусі да сур’ёзнага праекта, які выступае на сцэнах маштабных еўрапейскіх фестываляў са сваім фірмовым стылем. Гурт пастаянна развіваецца, у музыцы выяўляецца ўсё больш беларускага фальклорнага падтэксту, кліпы становяцца глыбей, а шоу — маштабней (напрыклад, у якасці дэкарацый выкарыстоўваюцца трохметровыя крылы дракона на сцэне). Вядзецца праца над новым праектам, прысвечаным славянскай міфалогіі.

Крымінальны пераслед (2020—2021)

У жніўні 2020 года падчас прэтэстаў удзельнікі выканалі песню «Хочу перемен!» гурта «Кино» з дудой на маршы[19]. З-за гэтага на святкаванні дня нараджэння спявачкі Надзеі Калач 2 жніўня 2021 года спецыяльны атрад арыштаваў 16 чалавек: музыкаў «Irdorath» і іх сяброў[19]. Частку людзей асудзілі па адміністрацыйных справах аб непадпарадкаванні міліцыі, а Антон Шніпа, Надзея і Уладзімір Калач (Ірдарат), Пётр і Юлія Марчанкі, Зміцер Шыманскі сталі фігурантамі крымінальнай справы па арт. 342 КК (арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Сумеснымі заявамі праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі ПЕН-цэнтр, усе яны былі прызнаны палітычнымі зняволенымі[20][21].

Геаграфія гастрольнай дзейнасці

Некаторыя з фестываляў, на якіх выступалі Irdorath:

Дыскаграфія

Студыйныя альбомы

Відэакліпы

Склад

Цяперашні склад

  • Уладзімір Ірдарат — вакал, дуды, дзіджырыду, раўшпфайфы, варган.
  • Надзея Ірдарат — вакал, дуды, колавая ліра, раўшпфайфы, клавішы.
  • Аляксей Палаўчэня — ударныя, перкусія.
  • Аляксандра Аляксюк — віяланчэль.
  • Веніямін Шчарбакоў — ударныя, перкусія.
  • Аляксандр Міхалёў — гітара.

Былыя ўдзельнікі

  • Віталь Буйвід — струнныя.
  • Павел Шмыга — ударныя.
  • Антон Шніп — струнныя, ударныя.
  • Валерый Прыёмка — ударныя.
  • Пятро Марчанка — струнныя.
  • Юлія Віцень — скрыпка.
  • Анастасія Філіпенка — віяланчэль.

Зноскі

Спасылкі