Спакойнага шчасця не зычу нікому

верш Аркадзя Куляшова

«Спакойнага шчасця не зычу нікому…» — верш Аркадзя Куляшова, напісаны ў 1961 годзе. У гэтым невялікім творы паэт паспрабаваў выявіць сваё разуменне сэнсу чалавечага існавання.

Спакойнага шчасця не зычу нікому...
АўтарАркадзь Куляшоў
Мова арыгіналабеларуская
Дата напісання1961
Электронная версія

Тэматыка і змест

Твор мае дзве часткі: першая складаецца ўсяго з двух радкоў, у якіх паэт выказвае сваё пажаданне ўяўным чытачам. Другая частка — гэта аргументацыя сэнсу аўтарскага пажадання. Яна напісана па аналогіі з народнай формай пераканання субеседніка: «Навошта табе гэта».

Навошта грымотам
маланка без грому,
Навошта ручай
без пякучае смагі…

Верш пачынаецца радкамі «Спакойнага шчасця не зычу нікому…». Як вынікае з самой назвы, паэт уступае ў канфлікт з агульнапрынятай чалавечай аксіёмай: «Хачу жыць спакойна і шчасліва». У пачатку 1960-х гадоў у сваёй «Новай кнізе» аўтар разбурае звыклую формулу жыцця. Усё ў свеце, на думку паэта, існуе ў сістэмным, а не выпадковым адзінстве: маланка і гром, зязюля і лес, ручай і смага — усё мае сваё прызначэнне. Спакой у гэтым кантэксце траціць сваю пасіўную адзнаку, а набывае значэнне дзейснага выяўлення: усё жыве дзеля існавання іншага, усё існае павінна мець сэнс: «Навошта грымотам маланка без грому?..» Вобразы, якія супрацьпастаўляюцца і адначасова аб’ядноўваюцца ў вершы, выяўляюць як матэрыяльную, так і духоўную прыналежнасць: ручай — смага, зязюля — лес. Свет, на думку А. Куляшова, — гэта цэласнае адзінства канкрэтных жыццёвых праяўленняў, якія ўтвараюць гармонію, што ў разуменні паэта і ёсць шчасце. Матэрыяльнае без духоўнага страчвае сэнс жыцця, сутнасць чалавечага існавання.

Паэт нікому не зычыць спакойнага шчасця, бо інакш жыццё страчвае сэнс. Бяскрылыя і бяздзейсныя жаданні таксама недарэчнасць. Мэта патрабуе працы, змагання, настойлівасці.

Паралелі

Максім Багдановіч у сваім «Апокрыфе» таксама разважаў над вартасцю матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, над сэнсам прыгожага, — па сутнасці, над складальнікамі шчасця: «Я ж кажу вам: добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?»

У вершы Аркадзя Куляшова выразна адбіўся дух часу — пачатку 1960-х гадоў, калі народ крыху адышоў ад жахаў мінулай вайны і сталіншчыны, асэнсоўваў перспектывы свайго развіцця. Сэнс чалавечага існавання не абмяжоўваўся цяпер толькі захаваннем самога жыцця — ён напоўніўся іншымі формуламі. Іх пошук, адкрыццё, аналіз сталі кірункамі творчых задач паэта.

Літаратура

  • Сенькавец У. А. Аркадзь Куляшоў // Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 10-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. З. П. Мельнікавай, Г. М. Ішчанкі. — 2-е выд., перапрац. і дап. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2016. — 304 с.: іл. ISBN 978-985-559-664-9