Градзянка
Інструменты
Агульныя
Друк/экспарт
У іншых праектах
Вёска Градзянка
| ||||||||||||||||||||||||||
Градзя́нка[1] (трансліт.: Hradzianka, руск.: Гродянка) — вёска ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі за 47 км ад горада Асіповічы. Канцавая станцыя чыгуначнай галіны ад станцыі Верайцы. Адміністрацыйны цэнтр Градзянскага сельсавета.
Назва, магчыма, паходзіць ад слова град або grod (замак, умацаванне). Старажылы вёскі называюць яе з націскам на першы склад. На карце 1866 года тут знаходзілася паселішча Градзянец. У 1930-я гады да Градзянца прымыкала селішча Рабінаўка. За чыгункай знаходзілася паселішча Ульянаўка[2].
Градзянка ўзнікла ў канцы XIX ст. дзякуючы лесараспрацоўкам. Спачатку складалася з аднаго двара і 7 жыхароў.
На пачатку XX ст. паселішча вядома як вёска Градзянка Пагарэльскай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні.
З пачатку XX ст. на Ігуменшчыне знаходзілся маёнтак княгіні Магдалены Радзівіл, ёй належалі лясныя ўгоддзі. Мужам Магдалены Мікалаем Радзівілам была заснавана лесапільня, а для гандлю лесам пабудавана чыгунка Верайцы — Градзянка працягласцю 34 кіламетры. У канцы 1911 года з’явілася станцыя Градзянка[3].
З 27 верасня 1935 года Градзянка — рабочы пасёлак, з 1938 года ў складзе Магілёўскай вобласці, у 1944—1954 гадах — у Бабруйскай вобласці. У пасёлку працаваў леспрамгас, меліся сямігадовая школа, клуб, магазін, аптэка, склад збожжа.
У гады вайны Градзянка знаходілася пад акупацыяй. 15 жніўня 1941 года нямецка-фашысцкімі захопнікамі было расстраляна 149 яўрэяў — жыхароў пасёлка. У наваколлі пасёлка дыслацыравалася 1-я Асіповіцкая партызанская брыгада пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза Мікалая Піліпавіча Каралёва[4]. У сакавіку 1942 года партызаны напалі на нямецкі гарнізон, які стаяў каля Градзянкі. У адказ карнікі спалілі пасёлак і знішчылі 350 мірных жыхароў. Фашысты таксама спалілі і суседнія вёскі Макаўе і Палядкі.
Асноўнымі прадпрыемствамі ў Градзянцы з’яўляліся лясніцтва, лесапункт, філіял Асіповіцкай фабрыкі канцтавараў. У першай палове 1990-х мясцовы лесаўчастак быў рэарганізаваны і згарнуў вытворчасць[5][6]. У лютым 2002 года рабочы пасёлак Градзянка пераўтвораны ў вёску[7]. Колькасць насельніцтва ў 2009 годзе складала больш за 440 чалавек.
Сярэдняя школа, клуб, амбулаторыя, пошта, аддзяленне банка. Чыгуначная станцыя Градзянка з’яўляецца дзеючай, штодня курсіруюць дзве пары груза-пасажырскіх цягнікоў Асіповічы — Градзянка.