Вёска Агароднікі
|
Агаро́днікі[1] (трансліт.: Aharodniki, руск.: Огородники) — вёска ў Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Сакалоўскага сельсавета. Размешчана за 13 км ад Бярозы, 19 км ад чыгуначнай станцыі Бяроза-Картузская.
Паводле перапісу 1897 годзе дзейнічалі царкоўна-прыходская школа і кузня. Сяляне ўваходзілі ў Сакалоўскае сельскае таварыства.
З 1905 года вёска ў Пескаўскай воласці Слонімскага павета Гродзенскай губерні. З 1915 года акупіравана нямецкімі войскамі, з 1919 года да ліпеня 1920 года і з жніўня 1920 года — войскамі Польшчы.
З 1921 года ў складзе Палескага ваяводства Польшчы. На 1924 годзе ў Пескаўскай гміне Косаўскага павета Палескага ваяводства, 86 будынкаў. У 1920-я гг. былі створаны ячэйка КПЗБ, камсамольская арганізацыя, гурток Беларускай сялянска-работніцкай грамады. 17 верасня 1939 года была створана баявая група вяскоўцаў, якая раззбройвала паліцэйскіх і асаднікаў.
З 1939 года ў БССР. З 1940 года вёска ў Сакалоўскім сельсавеце Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці.
У 1941—1944 гг. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Партызанскі атрад Ю. А. Бярэнчыка ў кастрычніка 1942 года разграміў у вёсцы апорны пункт праціўніка. У гонар партызанскага атрада, які пазней увайшоў у склад партызанскай брыгады імя Свярдлова, на будынку школы устаноўлена мемарыяльная дошка. За гады вайны загінулі 23 жыхары, не вярнуліся з фронту 25 воінаў-землякоў.
У 1950 годзе створаны калгас «33-я гадавіна Кастрычніка», першым старшынёй клгаса стаў С. А. Труцько (1896—1966), мясцовы ўраджэнец, які ў 1920-я гг. кіраўнік ячэйкі КПЗБ, у яго гонар названа вуліца ў в. Сакалова. У далейшым калгас быў узбуйнены, вёска стала яго цэнтр, сядзібай.
У 1967 годзе на ўшанаванне памяці 91 земляка, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, пастаўлены абеліск.
У 1970 годзе дзейнічала сярэдняя школа.
Планіровачна складаецца з двухбакова забудаванай просталінейнай вуліцы, арыентаванай з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, да яе ў паўночнай частцы прымыкае яшчэ адна вуліца, арыентаваная з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, да якой далучаюцца некалькі ўчасткаў забудовы, злучаных завулкамі і аўтадарогай.