Блакітныя азёры, Балдуцкая група азёр — група азёраў у Беларусі, на мяжы Мядзельскага раёна Мінскай вобласці з Пастаўскім раёнам Віцебскай вобласці і Астравецкім раёнам Гродзенскай вобласці, на захадзе Беларускага Паазер'я, у басейне ракі Страча, на тэрыторыі ландшафтнага заказніка Блакітныя азёры.
Уключае невялікія азёры Балдук, Балдучыца, Глубля, Глубелька, Ячмянец, Мёртвае, Імшарац, Карасік. Агульная плошча 1,5 км².
Утварылася ў час паазерскага зледзянення, размешчана сярод комплексу водна-ледавіковых формаў рэльефу (адносныя вышыні 25—30 м), парослага хваёвым і хваёва-яловым лесам. Азёры адметныя чыстай вадой і адсутнасцю антрапагенных экалагічных парушэнняў, у іх растуць рэдкія ахоўныя водныя расліны (хвоснік звычайны і меч-трава звычайная). Па азёрах праходзіць турысцкі маршрут.
Блакітныя азёры з Балдуцкай групы азёр не трэба блытаць з Блакітнымі азёрамі, якія знаходзяцца ў Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці.
вадаёмы парку «Блакітныя азёры» | |
---|---|
іншыя1 | |
1 уваходзяць у Балдуцкую групу азёр, але не належаць да парку «Блакітныя азёры» |