Пушту

Пушту́ (таксама пахто, пашто, аўга́нская, патані; саманазва: پښتو, вымаўл. [ˈpəʂt̪oː, ˈpəçt̪oː, ˈpʊxt̪oː]) — мова паўночна-ўсходняй галіны ўсходнеіранскай падгрупы[6][7][8] іранскае групы індаіранскае галіны[9] індаэўрапейскае моўнае сям'і, на якой размаўляюць пуштуны. Распаўсюджаная ў паўднёвай частцы Цэнтральнай Азіі, разам з мовай дары зьяўляецца афіцыйнай мовай Аўганістану[3][10], мае распаўсюджаньне у паўночна-заходніх частках Пакістану, а таксама ў асяродку пуштунскіх дыяспараў па ўсім сьвеце.

Пушту
پښتو
Ужываецца ў Аўганістане, Пакістане, Іране; дыяспара
Рэгіён Цэнтральная Азія
Колькасьць карыстальнікаў
Клясыфікацыя Індаэўрапейская сям’я
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў Аўганістане[3]
Дапаможная мова ў Пакістане (прызнаная мова меншасьці)[4]
Рэгулюецца Аўганістан: Акадэмія навук Аўганістану,
Пакістан: Пуштунская акадэмія[5]
Пісьмо арабскі альфабэт і арабскае пісьмо[d]
Коды мовы
ISO 639-1 ps
ISO 639-2(Б) pus
ISO 639-2(Т) pus
ISO 639-3 pus

Мова пушту клясыфікуецца як мова ў складзе паўночна-ўсходняй галіны індаіранскіх моваў[9], аднак згодна зь іншымі дасьледаваньнямі мова можа адносіцца да паўднёва-ўсходніх[11]. Колькасьць пуштумоўнага насельніцтва налічвае каля 40—60 млн чал. па ўсім сьвеце[12][13][14][15].

Геаграфія

Зьяўляючыся адной з нацыянальных моваў Аўганістану[16], мова пушту распаўсюджаная перадусім ва ўсходніх, паўднёвых і паўднёвазаходніх частках краіны, аднак таксама мова мае распаўсюджаньне і ў некаторых рэгіёнах на поўначы й захадзе Аўганістану. Дакладная колькасьць грамадзянаў Аўганістану, якія размаўляюць на пушту, невядомая, аднак паводле розных ацэнак указваецца лічба ад 35 да 60% ад насельніцтва краіны[17][18][19][20].

У Пакістане пушту зьяўляецца адной з рэгіянальных моваў, на якой размаўляе агулам 15,42% ад насельніцтва краіны. Пушту зьяўляецца моваю большасьці насельніцтва ў правінцыі Хайбэр-Пахтунхва, рэгіёне FATA і ў паўночнай частцы правінцыі Бэлуджыстан. Апрача таго, на мове таксама размаўляе частка насельніцтва раёнаў Міянвалі й Атак правінцыі Панджаб, а таксама пуштунская дыяспара ў розных гарадох па ўсёй краіне, у прыватнасьці ў местах Карачы й Гайдэрабад. Пуштунскае насельніцтва гораду Карачы зьяўляецца найбуйнейшым у сьвеце сярод гарадзкога насельніцтва пуштунаў[21][22], а ўласна прадстаўнікі народу складаюць блізу 25% ад насельніцтва гэтага гораду[22].

Іншыя пуштумоўныя супольнасьці пражываюць таксама на паўночным усходзе Ірану (галоўным чынам ля мяжы з Аўганістанам), у Таджыкістане, на паўднёвым захадзе Джаму й Кашміру[23][24]. Разам з гэтым, значныя пуштумоўныя супольнасьці існуюць на Блізкім Усходзе, асабліва ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах[25] і Саудаўскай Арабіі, а таксама ў ЗША, Вялікабрытаніі[25], Тайляндзе, Канадзе, Нямеччыне, Нідэрляндах, Швэцыі, Катары, Аўстраліі, Японіі, Расеі, Новай Зэляндыі і г.д.

Беларусь

Паводле перапісу насельніцтва ў Беларусі 2009 году ў Рэспубліцы налічвалася 429 чалавек, нацыянальнасьць якіх вызначаная як аўганцы, зь іх 204 чалавекі вызначылі мову сваёй нацыянальнасьці ў якасьці роднай[26].

Афіцыйны статус

З 1936 году мова пушту мае афіцыйны статус у Аўганістане разам з мовай дары[27].

Ад пачатку XVIII ст. усе цары тагачаснага Аўганістану (за выняткам Габібулы Калакані) зьяўляліся этнічнымі пуштунамі і размаўлялі на пушту ў якасьці другое мовы[28]. Тым ня менш, моваю царскага двару зьяўлялася фарсі[a][29], тады як пушту зьяўлялася моваю пуштунскіх плямёнаў. Працэс папулярызацыі пушту распачаўся пры Амануле-Хане і набыў статус своеасаблівай дзяржаўнай ідэалёгіі[28]. У 1930-х гг. актывізаваўся рух за пашырэньне ўжытку мовы пушту ў грамадзкім жыцьці і дзяржаўным справаводзтве, што спрычынілася да стварэньня кабульскага ўнівэрсытэту ў 1932 годзе і паўстаньня ў 1937 году акадэміі «Пашто Талана»[30]. Аднак нягледзячы на дадзеныя захады, аўганская эліта працягвала разглядаць мову дары як «вытанчаную» і як «сымбаль культурнага выхаваньня»[28]. У 1933 годзе Загір-шахам быў выдадзены ўказ пра вывучэньне і выкарыстаньне дары і пушту службовымі асобамі[31], праз тры гады пушту афіцыйна атрымала дзяржаўны статус[32] з поўнымі правамі на яе выкарыстаньне ва ўрадзе і ў адукацыі, пры гэтым этнічна пуштунскія каралеўская сям'я ды большая частка чыноўнікаў працягвалі размаўляць на дары[30]. У выніку гэтых захадаў мова пушту набыла статус нацыянальнае мовы, стаўшы сымбалем аўганскага нацыяналізму.

Афіцыйны статус мовы быў пацьверджаны ў 1964 году Канстытуцыйным сходам краіны, разам з гэтым аўганская пэрсыдзкая мова была пераназваная ў дары[33][34], быў ажыцьцёўлены пераклад гімну краіны на пушту.

У Пакістане афіцыйны статус маюць мова ўрду і ангельская мова, пушту ня мае афіцыйнага статусу на фэдэральным узроўні. На правінцыйным узроўні, аднак, мова мае рэгіянальны статус у правінцыі Хайбэр-Пахтунхва, фэдэральна кіраваных пляменных тэрыторыях і на поўначы правінцыі Бэлуджыстан[35]. У 1984 годзе было атрыманае права на выкарыстаньне мовы пры адукацыі ў пачатковых школах. У дзяржаўных школах, што месьцяцца ў пуштумоўных рэгіёнах, мова пушту цяпер зьяўляецца сродкам навучаньня ў 1-2 клясах, зьяўляецца абавязковым прадметам да 5 клясы, аднак урду застаецца асноўнай моваю навучаньня, пры гэтым ангельскамоўныя прыватныя школы не выкарыстоўваюць пушту нават на першасным узроўні. На думку некаторых дасьледчыкаў, увядзеньне ўрду ў якасьці мовы навучаньня стала прычынаю заняпаду шматлікіх моваў карэнных народаў Пакістану, у тым ліку й пушту.

Гісторыя

Згодна з дасьледаваньнямі некаторых лінгвістаў, пушту зьяўляецца нашчадкам авэстыйскае мовы[6][7][8], аднак іншыя зьвесткі (напр., дасьледаваньні Георга Маньест'ернэ) сьцьвярджаюць толькі пра блізкае сваяцтва абедзьвюх моваў[36]. Саманазва мовы зьяўляецца вынікам гістарычнае трансфармацыі ад *Parsawā- — «пэрсыдзкі»[37]. Між тым, пуштунаў могуць таксама атаясамліваць з плямёнамі пахта, якія згадваюцца ў Рыгвэдзе, пад імі ж, паводле некаторых вэрсіяў, меліся на ўвазе пактыяне, апісаныя грэцкім гісторыкам Герадотам як жыхары Ахемэнідзкай сатрапіі Арахозія[38]. Тым ня менш, падобныя параўнаньні могуць зьяўляцца няслушнымі з этымалягічнага пункту гледжаньня[39].

Паводле Страбона, плямёны, што насялялі землі на захад ад Інду, зьяўляліся часткай г.зв. Арыяны. З III ст. да н. э. яны ў асноўным згадваліся як афганы або абганы[40][41][42], іхняя мова згадвалася назвай з гэтым жа коранем[43].

Некаторыя навукоўцы (напр., Абдул Гай Габібі) мяркуюць, што найбольш раньнія пісьмовыя помнікі пушту ўзыходзяць да VIII ст., аднак гэтыя тэзы аспрэчваюцца некаторымі эўрапейскімі экспэртамі.

У XVII ст. у асяродзьдзі пуштунаў набывае папулярнасьць пуштунамоўная паэзія. Сярод тагачасных пуштунскіх паэтаў вылучаюцца Хусал Хан Хатак, Рагман Баба, Назо Тахі і, у прыватнасьці, Агмад Шаг Дурані, заснавальнік Аўганскай імпэрыі.

Асноўная характарыстыка

Марфалёгія

Назоўнікі й прыметнікі могуць зьмяняцца паводле двух радоў (мужчынскі, жаночы)[44], двух лікаў (адзіночны, множны) і чатырох склонаў. Сыстэма часоў дзеясловаў зьяўляецца досыць складанай (чатыры часы: мінулы, цяперашні, будучы, плюсквампэрфэкт), існуе таксама адрозьненьне паводле ўмоўнага ладу.

Сынтаксіс

Будова сказу падобная да моваў індаіранскай галіны. Сказ у мове пушту будуецца паводле схемы SOV — дзейнік-дапаўненьне-выказьнік, прыметнікі звычайна зьяўляюцца папярэднімі назоўнікам. Назоўнік зьяўляецца наступным пасьля прыметніку, валоданьне дапасоўваецца паводле роднага склону. Выказьнік звычайна дапасоўваецца зь дзейнікам. Выключэньне могуць складаць выпадкі, калі завершанае дзеяньне адлюстроўваецца пры дапамозе аднаго зь мінулых часоў і яно зьмяшчаецца ў пераходным сказе — у гэтых выпадках выказьнік дапасоўваецца з дапаўненьнем[16].

Фанэтыка

Ніжэй прыведзенае апісаньне гукавага ладу пушту.

  • Галосныя:
Пярэдняга
шэрагу
Сярэдняга
шэрагу
Задняга
шэрагу
Верхняга
ўздыму
iu
Сярэдняга
ўздыму
eəo
Ніжняга
ўздыму
aɑ

У фанэтыцы пушту таксама вылучаюцца дыфтонгі /ai/, /əi/, /ɑw/, /aw/.

  • Зычныя:
ГубныяЗубныяАльвэалярныяРэтрафлексныяПостальвэалярныяПалятальныяЗаднеязычныяУвулярныяГлётальныя
Насавыяmnɳ
Выбухныяp bt̪ d̪ʈ ɖk ɡqʔ
Афрыкатыt͡s d͡zt͡ʃ d͡ʒ
Фрыкатыўныяfs z(ʂ ʐ)ʃ ʒ(ç ʝ)x ɣh
Апраксымантыljw
Ратычныяrɭ̆

Гукі /q/, /f/ маюць тэндэнцыю замяняцца гукамі [k], [p]. Рэтрафлексны бакавы /ɭ̆/ пераходзіць у рэтрафлексны апраксымант [ɻ] пры знаходжаньні ў канчатковай пазыцыі.

Рэтрафлексныя фрыкатывы /ʂ/, /ʐ/ і палятальныя фрыкатывы /ç/, /ʝ/ могуць у дыялектах зьлівацца ў адзін гук. У прыватнасьці, рэтрафлекснае фрыкатыўнае вымаўленьне захоўваецца ў паўднёвых і паўднёвазаходніх дыялектах, тады як у заходніх і цэнтральных дыялектах яны пераходзяць у палятальныя фрыкатывы. У іншых дыялектах могуць адбывацца іншыя зьмены ў вымаўленьні рэтрафлексных зычных: так, у паўднёва-ўсходніх дыялектах адбываецца пераход гэтых гукаў у /ʃ/, /ʒ/; у паўночных ды паўночна-ўсходніх — у /x/, /ɡ/. Згодна зь некаторымі дасьледаваньнямі[45], заходні і цэнтральны звонкі палятальны фрыкатыў /ʝ/ мае распаўсюджаньне толькі ў правінцыі Вардак, тады як у іншых рэгіёнах адбываецца яго пераход у /ɡ/.

Заднеязычныя зычныя гукі /k/, /ɡ/, /x/, /ɣ/ пераходзяць у агубленыя [kʷ], [ɡʷ], [xʷ], [ɣʷ] у выпадку іх знаходжаньня перад галоснай /u/.

Лексыка

Большасьць лексычнага запасу мовы пушту мае ўсходнеіранскае паходжаньне і праз гэта мае агульную этымалёгію зь лексыкай авэстыйскай, асэтынскай і памірскіх моваў. Тым ня менш, пушту вылучаецца значнай колькасьцю словаў асобнага паходжаньня[2]. Пачынаючы зь VII ст. у мову пачынае пранікаць лексыка арабскага, пэрсыдзкага і гіндустанскага паходжаньня[46][47], за новым і найноўшым часам — ангельскага[12], францускага[12] і нямецкага[12] паходжаньня.

Пісьмовасьць

У мове пушту выкарыстоўваецца пуштунская пісьмовасьць, якая зьяўляецца мадыфікаванай формай пэрсыдзкай і паходзіць, у сваю чаргу, ад арабскай; у пуштунскай пісьмовасьці маюцца дадатковыя сымбалі для пазначэньня асаблівых гукаў мовы. Ад XVII ст. у мове выкарыстоўваецца шрыфт насх, у адрозьненьне ад шрыфту насталік, які ўжываецца ў суседніх фарсі і ўрду.

Пуштунская пісьмовасьць мае 44 сымбалі і 4 дыякрытычныя знакі. У табліцы ніжэй прыведзеная пуштунская пісьмовасьць, пад кожным сымбалем прыводзіцца ягоны лацінскі адпаведнік і гук (паводле IPA), які пазначаецца гэтай літарай.

ا
ā, —
/ɑ, ʔ/
ب
b
/b/
پ
p
/p/
ت
t
/t̪/
ټ

/ʈ/
ث
s
/s/
ج
j
/d͡ʒ/
ځ
ź
/d͡z/
چ
č
/t͡ʃ/
څ
c
/t͡s/
ح
h
/h/
خ
x
/x/
د
d
/d̪/
ډ

/ɖ/

z
/z/

r
/r/
ړ

/ɺ˞~ɻ/

z
/z/
ژ
ž
/ʒ/
ږ
ǵ (або ẓ̌)
/ʐ, ʝ, ɡ/
س
s
/s/
ش
š
/ʃ/
ښ
(або ṣ̌)
/ʂ, ç, x/
ص
s
/s/
ض
z
/z/
ط
t
/t̪/
ظ
z
/z/
ع

/ʔ/
غ
ğ
/ɣ/
ف
f
/f/
ق
q
/q/
ک
k
/k/
ګ
g
/ɡ/
ل
l
/l/
م
m
/m/
ن
n
/n/
ڼ

/ɳ/
و
w, ū, o
/w, u, o/
ه
h, a, ə
/h, a, ə/
ي
y, ī
/j, i/
ې
e
/e/
ی
ay, y
/ai, j/
ۍ
əi
/əi/
ئ
əi, y
/əi, j/
  • Заўвагі:
  1. У пачатку слова літара آ адлюстроўвае падоўжаную галосную /ɑ/, літара ا — гартанную змычку (/ʔ/). У сярэдзіне або ў канцы словаў літарай ا пазначаецца гук /ɑ/ у пазыцыі, калі ён знаходзіцца пасьля галоснай.
  2. Літара ړ у выпадку, калі яна знаходзіцца ў канчатковай пазыцыі ў складзе, пазначае гук /ɻ/, у адваротным (у пазыцыі не ў канцы складу) — гук /ɺ̢/.
  3. Літара ف звычайна вымаўляецца гэтак жа, як і پ.
  4. Літары ق ف ع ظ ط ض ص ح ﺫ ث сустракаюцца толькі ў запазычаньнях, пераважна арабскага паходжаньня. Пры гэтым восем зь іх, а менавіта літарыع ظ ط ض ص ح ﺫ ث, ня маюць гукавае нагрузкі наогул, зьліваючыся зь іншымі гукамі.
  5. Літара ی зьмяняе сваё значэньне ў адрозьненьне ад таго, пасьля якога гуку яна знаходзіцца: пасьля зычнага яна пазначае гук /ai/, пасьля галоснага — /i/.
  6. Літара ئ можа таксама пазначаць гук /j/.
  7. У правінцыі Хайбэр-Пахтунхва літары ی ,ې ,ۍ ,ئ могуць замяняцца на літару ے пісьмовасьці ўрду.
  8. Літара ک можа таксама запісвацца як ګ ,ك — як گ.
  9. Знак гамза над літарай ﺉ можа запісвацца правей — ٸ.

Гісторыя

З XVII ст. сярод пуштунскіх дзеячоў актывізаваліся спрэчкі наконт ужываньня шрыфту ў пісьмовасьці мовы пушту. Так, рух, які гуртаваўся вакол паэта Піра Рашані, аддаваў перавагу шрыфту насталік, які выкарыстоўваўся ў пэрсыдзкай мове ў адрозьненьне ад арабскай. Аднак пасьлядоўнікі іншых дзеячоў (напрыклад, Ахунда Дарвэза) прытрымліваліся арабскага шрыфту насх, тлумачачы гэта жаданьнем абароны рэлігіі ад вызначанага ўплыву з боку сэктаў. На цяперашні час у пісьмовасьці мовы пушту выкарыстоўваецца шрыфт насх зь невялікімі адаптацыямі ў вёрстцы.

Пуштунская пісьмовасьць мае шэраг адрозьненьняў ад арабскай. Прыкладам, літары, якімі пазначаюцца рэтрафлексныя зычныя /ʈ /, /ɖ /, / /, /ɳ / запісваюцца як арабскія літары тэ, дал, рэ, нун, аднак да іх дадаюцца дыякрытычныя знакі, якія маюць выгляд колца пад літарай. Літары ښ ды ږ адрозьніваюцца ад س ,ﺭ наяўнасьцю кропкі зьнізу і зьверху адпаведна. Літары, якімі пазначаюцца гукі t͡s, d͡z выглядаюць як літара ح з трыма кропкамі наверсе і гамзой наверсе адпаведна — څ ды ځ. Для пазначэньня асаблівых галосных гукаў і дыфтонгаў пуштунская пісьмовасьць мае літары ی, ې, ۀ, ۍ. У мове пушту агулам выкарыстоўваецца 28 літараў арабскае пісьмовасьці і 3 дадатковых з пэрсыдзкай і ўрду.

Дыякрытычны знак над літарай ځ у ранейшых варыянтах меў выгляд, прыкладна апісваны як паменшаны дыякрытычны знак над літарай ك. На цяперашні час, аднак, падобны знак даволі складана знайсьці ў шрыфтах.

У найранейшым зь вядомых рукапісаў на мове пушту (1651 год)[48] для пазначэньня гукаў /t͡s/, /d͡z/ выкарыстоўвалася літара ڊ, аднак у 1696-1697 гадох яе неўзабаве зьмяніла літара څ. На цяперашні час літара څ ўжываецца толькі для пазначэньня гуку /t͡s/.

Дыякрытычныя знакі

У мове пушту выкарыстоўваюцца чатыры дыякрытычныя знакі: зваракай, пэш, зэр і звар. Дыякрытычныя знакі ня лічацца асобнымі літарамі, а само іх ужываньне не зьяўляецца абавязковым. Між тым, яны часам выкарыстоўваюцца ў мэтах адрозьніваньня словаў з аднолькавым напісаньнем.

Дыякрытычныя знакі пуштунскай пісьмовасьці.

Дыякрытычны
знак
UnicodeНазваТрансьлітарацыяIPAЛацінізацыя
َU+064Ezwara[a]a
ٙU+0659zwarakayə[ə]ə
ِU+0650zeri[i]i
ُU+064Fpešu[u]u

Дыялекты

У мове пушту вылучаюцца два галоўныя дыялекты: «мяккі» (поўдзень) і «цьвёрды» (поўнач), якія падзяляюцца адпаведна на паўднёва-ўсходні й паўднёва-заходні ды паўночна-заходні й паўночна-ўсходні. Мяжа між абодвума дыялектамі праходзіць правінцыямі Забуль і Пактыка, збочваючы потым на аўгана-пакістанскую мяжу. «Цьвёрды» дыялект мае распаўсюджаньне на ўсходзе ды паўночным усходзе Аўганістану, цэнтры й поўначы Хайбэр-Пахтунхвы і паўночнай частцы FATA (Пакістан). «Мяккі» дыялект распаўсюджаны на поўдзень, а менавіта на поўдні Аўганістану, поўначы правінцыі Бэлуджыстан (Пакістан), паўднёвых рэгіёнах правінцыі Хайбэр-Пахтунхва і фэдэральна кіраваных пляменных тэрыторыяў; пры гэтым «цьвёрды» дыялект мае больш носьбітаў. Існуюць іншыя варыянты дыялекталягічнае клясыфікацыі пушту[49]: напрыклад, падзел на паўночны, цэнтральны, паўднёвы дыялекты і дыялект ванэцы.

Марфалягічныя адрозьненьні між дыялектамі зьяўляюцца даволі слабымі, асноўным крытэрам адрозьненьняў паміж дыялектамі зьяўляюцца фаналягічныя адрозьненьні[48][50], у прыватнасьці адпавяданьне адной зычнай іншай зычнай у іншым дыялекце, а менавіта[b]:

Паўднёва-заходні[ʂ][ʐ][ts][dz][ʒ]
Паўднёва-ўсходні[ʃ][ʒ][ts][dz][ʒ]
Цэнтральны[ç][g]/[ʝ][ts][z][ʒ]
Паўночна-ўсходні[x][ɡ][s][z][dʒ]

Тым ня менш, некаторыя дыялекты (напрыклад, цэнтральна-ўсходнія) маюць выразна акрэсьленую лексычную разнастайнасьць і тэндэнцыю да зьмены вымаўленьня галосных гукаў; найбольш адметныя зьмены галосных адбываюцца ў цэнтральна-ўсходніх дыялектах мясцовасьцяў Тані, Вазырыстан і Бану: звычайныя пуштунскія [a], [ɑ], [u], [o] пераходзяць у іх у галосныя [ɑ], [o], [i], [e] адпаведна.

Дыялект ванэцы, распаўсюджаны ў пакістанскай правінцыі Бэлуджыстан, мае досыць значную ступень адрозьненьня ад астатніх дыялектаў пушту, праз што ён можа лічыцца асобнай мовай, што аддзялілася ад пушту ў сярэднявечны пэрыяд[51].

Паўднёвакандагарскі дыялект зьяўляецца найбольш кансэрватыўным датычна фанэтыкі, захоўваючы рэтрафлексныя фрыкатывы ды альвэалярныя афрыкаты, якія не зьліліся зь іншымі гукамі[52].

Як адзначана вышэй, адной з асноўных асаблівасьцяў зьяўляецца розьніца ў вымаўленьні тых ці іншых гукаў. Ніжэй адлюстроўваецца розьніца ў рэалізацыі гэтых гукаў у дыялектах тых ці іншых мясцовасьцяў (пяць зь іх запісаныя арабскай пісьмовасьцю, два — лацініцай. Транскрыпцыя падаецца паводле IPA).

ДыялектМясцовасьцьښږڅځژĀU
Паўднёвыпоўдзень Аўганістану, таксама Кандагар[ʂ][ʐ][t͡s][d͡z][ʒ][ɑ][u]
Паўднёва-ўсходніпоўдзень правінцыі Бэлуджыстан, таксама Квэта[ʃ][ʒ][t͡s][d͡z][ʒ][ɑ][u]
ВанэцыГарнай, Сынджаві[ʃ][ʒ][t͡s, t͡ʃ][d͡z, d͡ʒ][ʒ, z][ɑ][u]
МарвацкіЛакі-Марват[ʃ][ʒ][t͡ʃ][d͡ʒ][ʒ][ɑ][u]
ХатацкіКарак[ʃ][ʒ][t͡s][z][ʒ][o][u]
БанучыБану[ʃ][ʒ][s][z][ʒ][o][i]
ВазырволаВазырыстан[ɕ, ʃ][ʑ, ʒ][t͡s][z][ʑ, ʒ][o, u][i]
ТаніТані, паўднёвы Хост[ç][ɡ][s][z][ʒ][o][i]
Хосцкіпаўночны і паўднёвы Хост[ç][ɡ][t͡s][t͡s][ʒ][o][u]
ЗадранЗадран, усходні Лоя-Пактыя[ç][ʝ][t͡s][d͡z][ʒ][o][u, i]
АфрыдыйскіХайбэр[x][ɡ][t͡s][z][d͡ʒ][o][u]
Бангаш-ТурыКурам, Гангу, Аракзай, Кагат[x][ɡ][t͡s][z][d͡ʒ][ɒ][u]
ПаўночназаходніГазьні, Лагар[ç][ɡ][t͡s][d͡z][ʒ][ɑ][u]
Вардацкіпоўдзень правінцыі Вардак[ç][ʝ][t͡s][d͡z][ʒ][ɒ][u]
Цэнтральныцэнтральны Гільзай[ç][ʝ][t͡s][z][ʒ][ɑ][u]
Паўночныусход і паўночны ўсход Аўганістану[x][ɡ][t͡s][z][ʒ][ɑ][u]
Паўночна-ўсходніцэнтар, поўнач Хайбэр-Пахтунхвы, поўнач FATA[x][ɡ][s][z][d͡ʒ][ɑ][u]

У табліцы ніжэй адлюстроўваюцца прыклады некаторых дыялектных адрозьненьняў паміж дыялектамі тых ці іншых рэгіёнаў.

ПеракладКандагарКвэтаГарнай[51]БануМірамшанТаніТыра-МайданМайдан-ШарКабулПэшаварПісьмова
ПуштуPaṣ̌toPaštoPaštoPāštēPāštēPāx̌tēPāxtoPax̌toPəxtoPuxtoپښتو
Чатырыtsalortsalorčalər/tsalersālērtsālwērtsālērtsālwortsalortsalorsalorڅلور، څلېر
Шэсьцьšpaẓ̌špažšpožšpēžšpēžšpēgšpēgšpaγ̌špagšpagشپږ
Якtsəngatsəngatsonasərāngtsərāngtsərgētsərāngtsəngatsəngasingaڅنګه
Мыmuẓ̌mužmošmižmižmigmumuγ̌mungmungموږ , مونږ
Мой, маё, маяzmāzmāmā eghēēmoēmoēmoēmozmâzəmāzamāزما، ما اغې
Твой, тваё, тваяstāstātāghaētoētoētoētostâstāstāستا، تاغه، اېتو
Хлопчыкhaləkhaləkwaṛīz, čorīwēṛkāwēṛkaiwēṛkaiwēṛkaihaləkhaləkhaləkحلک، وړیز، چوري، وېړکی
Дзяўчынка, дзяўчынаnǰiləinǰiləičuwarawēṛkyēǰəlkiyēǰəlkiyēwēṛkyēǰiləiǰinəiǰinēنجلۍ، چواره، وېړکیې، ژلکیې، ژیلۍ
Нагаpṣ̌apšašpa, ghədəipšāpšāpx̌āpxāpx̌apxaxpaپښا، غدۍ
Сонцаlmarlmarmērəmyērə stərgāghormə stərgāmyērə stərgāmyērə stərgālmarnmarnwarلمر، مېره سترګا، غورمه سترګا، نیېره سترګا، نوار
Хтоtsoktsokčoksēktsēktsēktsoktsoktsoksokڅوک، چوک
Шматḍēr, zyātḍēr, zyāttsaṭpirā, zyotrəṭ, zyotrəṭ, zyotḍēr, zyotḍēr, zyâtḍēr, zyātḍēr, zyātډېر، زیات، څت، پیرا، رټ
Маленькіləẓ̌ləžləžləškiləškiləgləgləγ̌ləgləgلېږ، لېشکي
Піцьčṣ̌əlčšəlghwətəlčšəlčšəltsəx̌əltsəxəltsəx̌əltskəlskəlچښل، غوتل، څخل، څکل
Яйкаhagəihagəihoyayēyayēyayēyawoyahagəihagəi/hāhagē/hāحګۍ، حویه، یېیه، وویه، حا، حګې
Такwowowoēhēhēhēhwowoaoوو، اېه، او، هو
Ёсьцьyəmyəmīyəmyəmyəmyəmyəmیم، اي، یه
Ідуdzəmdzəmdrimīsə, drimətsə, drimətsəm, driməmtsəm, druməmdzəm, druməmzəmzəmځم
Моваžəbažəbazbəžəbāžəbāžəbāǰəbažəbažəbaǰəbaژبه، ژبا
Домkorkorkorkērkērkērkoləkorkorkorکور، کېر، کولې
Бацька (паважліва)plārplārpiyārplorplorplorplorplârplārplārپلار, پيار

Разьвіцьцё літаратуры

У пуштунамоўным насельніцтве здаўна склаліся традыцыі вуснае творчасьці, у тым ліку прыказак, апавяданьняў і вершаў. Рост пісьмовай літаратурнай традыцыі адзначаўся ў XVII ст. (гл. вышэй).

Першым навучальным тэкстам на мове пушту сталі «Ўводзіны ў аўганскую (пушту) мову» аўтарства Піра Магамада Какера, у 1805 годзе выйшла першая граматыка з апісаньнем пуштунскіх дзеясловаў пад назваю «Загартоўка сваіх прагненьняў», праз тры гады Навабулом Яр Ханам была выдадзеная праца па пуштунскай лексыцы «Цуды мовы».

Заўвагі

Крыніцы

Літаратура

  • Schmidt, Rüdiger (ed.) (1989). Compendium Linguarum Iranicarum. Wiesbaden: Reichert. ISBN 3-88226-413-6.
  • Gusain, Lakhan (2008?) A Grammar of Pashto. Ann Arbor, MI: Northside Publishers.
  • Georg Morgenstierne (1926) Report on a Linguistic Mission to Afghanistan. Instituttet for Sammenlignende Kulturforskning, Serie C I-2. Oslo. ISBN 0-923891-09-9
  • Daniel G. Hallberg (1992) Pashto, Waneci, Ormuri (Sociolinguistic Survey of Northern Pakistan, 4). National Institute of Pakistani Studies, 176 pp. ISBN 969-8023-14-3.
  • Herbert Penzl A Grammar of Pashto: A Descriptive Study of the Dialect of Kandahar, Afghanistan, ISBN 0-923891-72-2
  • Herbert Penzl A Reader of Pashto, ISBN 0-923891-71-4

Вонкавыя спасылкі