Славацкая мова

заходнеславянская мова

Слава́цкая мо́ва (Аўдыё па-славацку: slovenčina , slovenský jazyk) — славянская мова індаэўрапейскай моўнай сям’і. Утварае чэска-славацкую падгрупу ў заходнеславянскай групе[3][4] (разам з чэскай, польскай, горна- і дольнасорбскай мовамі). Зьяўляецца афіцыйнай мовай Славацкай рэспублікі і адной з афіцыйных моваў Эўрапейскага зьвязу.

Славацкая
slovenčina
Ужываецца ў Славаччыне, Чэхіі, ЗША, Вугоршчыне і іншых краінах
Рэгіён Цэнтральная Эўропа
Колькасьць карыстальнікаў каля 5,2 мільёнаў[1]
Клясыфікацыя Індаэўрапейская

 Славянская
  Заходнеславянскія
    Славацкая

Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў Славаччыне, Эўразьвязе і Ваяводзіне (Сэрбія)
Рэгулюецца Славацкая Акадэмія Навук (Лінгвістычны інстытут Людавіта Штура)
Статус: 1 дзяржаўная[d][2]
Пісьмо лацінскае пісьмо
Коды мовы
ISO 639-1 sk
ISO 639-2(Б) slo
ISO 639-2(Т) slk
ISO 639-3 slk
SIL slo

Славацкую мову ўжывае больш за 5 мільёнаў чалавек (2013)[5], зь іх у Славаччыне — 4,34 млн чалавек (2012)[6]. Таксама носьбіты жывуць у Чэхіі, Сэрбіі, Вугоршчыне, Румыніі, Аўстрыі, Харватыі, Канадзе, ЗША, Аўстраліі, Украіне і інш.[5]. У шэрагу дзяржаваў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, у якіх славакі, як правіла, расьселеныя кампактна, славацкая мае статус рэгіянальнае мовы[7].

Славацкія дыялекты даволі адрозныя паміж сабой. Вылучаюць тры буйныя групы дыялектаў:

  • усходнеславацкія дыялекты;
  • цэнтральнаславацкія;
  • заходнеславацкія[8].

У аснове пісьмовасьці ляжыць лацінская графіка. Самыя раньнія помнікі ўласна славацкай пісьмовасьці датаваныя канцом XV—XVI стагодзьдзем, пры гэтым славакізмы сустракаюцца ў чэскіх, нямецкіх і лацінскіх крыніцах больш раньняга пэрыяду[9]. Да XVIII стагодзьдзя літаратурнай мовай славакаў была чэская, у сярэдзіне XIX стагодзьдзя кадыфікаваная славацкая літара­тур­ная мова галоўным чынам на базе сярэднеславацкага дыялекту.

Да асаблівасьцей славацкае мовы (частка зь якіх вылучае яе сярод астатніх славянскіх моваў) адносяць такія фанэтычныя рысы, як наяўнасьць у сыстэме вакалізму нароўні з кароткімі даўгіх галосных і ўзыходных дыфтонгаў i̯a, i̯e, i̯u, u̯o, якія ўтвараюць доўгі склад; наяўнасьць спэцыфічнай фанэмы /ä/ (выйшла з ужываньня ў сучаснай мове); распаўсюджаньне рытмічнага закону, паводле якога склады з доўгімі галоснымі (а таксама дыфтонгамі) ня могуць ісьці адзін за другім у межах аднаго слова; у сыстэме кансанантызму — прымяненьне даўгіх і кароткіх складаўтваральных санорных [l̥], [l̥̄], [r̥], [r̥̄], якія выступаюць функцыянальнымі эквівалентамі галосных; перавага няпарных цьвёрдых зычных, наяўнасьць толькі цьвёрдай r і двух тыпаў l (мяккай ľ і сярэдняй l) і да т. п.

З уласьцівых славацкай мове рысаў марфалёгіі адзначаныя такія, як наяўнасьць канчатку -ovia ў адушаўлёных назоўніках у форме назоўнага склону множнага ліку; распаўсюджваньне канчатку -m ва ўсіх дзеясловаў цяперашняга часу ў форме 1-й асобы адзіночнага ліку і да т. п.

Назва

Саманазвы славацкага народу (Slovák — «славак», Slovenka — «славачка») і славацкае мовы (slovenský jazyk, slovenčina, slovenská reč) маюць агульнаславянскія карані. Slovák утворанае заменай суфіксу ў слове па-праславянску: *slověninъ «славянін», а Slovenka наўпрост узыходзіць да праслав. *slověnъka «славянка»[10]. Падобную саманазву мае яшчэ адна славянская мова — славенская (slovenski jezik, slovenščina)[11].

Лінгвагеаграфія

Арэал і колькасьць

Распаўсюджаньне славацкай мовы ў Славаччыне[12]
Славацкая мова між астатніх моваў Славаччыны[13]

Паводле колькасьці носьбітаў славацкая мова займае трэцяе месца ў заходнеславянскіх моваў пасьля польскай і чэскай[14].Асноўны арэал славацкае мовы — тэрыторыя Рэспублікі Славаччына. Паводле вынікаў перапісу 2011 року, роднай мовай славацкую назвали 4 240 453 чалавекі (78,6% насельніцтва краіны), славацкай насьледуюць вугорская (508 714; 9,4%), цыганская (122 518; 2,3%) і русінская (55 469; 1,0%) мовы[13]. Пры гэтым у грамадзкім жыцьці славацкай карыстаюцца 4 337 695 жыхароў Славаччыны (80,4%)[6], у якасьці мовы дамашняга ўжываньня славацкую пазначылі 3 954 149 чалавек (73,3%)[15]. Пераважная большасьць носьбітаў славацкае мовы — этнічныя славакі. Да гэтага этнасу сябе аднесьлі 4 352 775 чалавек (80,7%)[16].

Носьбіты славацкае мовы пражываюць таксама на частцы тэрыторыяў суседніх дзяржаваў, якія разам са Славаччынай даўней уваходзілі ў склад Вугорскага каралеўства: у Вугоршчыне (9888 з 29 647 вугорскіх славакаў назвалі славацкую роднай, агулам ёю ў Вугоршчыне размаўляюць 16 266 чалавек, 2011)[17] і Ўкраіне, найбольш у раёнах Закарпацьця (2633 з 6397 славакаў)[18][19]. Акрамя гэтага, па-славацку размаўляюць жыхару шэрагу іншых тэрыторыяў былога Вугорскага каролеўства, якія не мяжуюць са Славаччынай: жыхары Румыніі, у асноўным у раёнах Трансыльваніі і Банату (12 574 з 13 654 славакаў назвалі славацкую роднай, агулам ёй у Румыніі размаўляюць 12 802 чалавекі, 2011)[20], жыхары Сэрбіі, галоўным чынам у аўтаномным краі Ваяводзіна (49 796 з 52 750 сэрбскіх славакаў назвалі славацкую роднай, пры гэтым у Ваяводзіне пражываюць 47 760 носьбітаў славацкае з 50 321 славака, 2011)[21][22] і Харватыі, у асноўным на ўсходзе краіны — у Вукаварска-Срэмскай і Асіецка-Баранскай жупаніях (3792 з 4753 харвацкіх славакаў, 2011)[23][24].

Распаўсюджаньне славацкае мовы ў Чэхіі[25]

Акрамя таго, носьбіты славацкай жывуць у шэрагу раёнаў суседніх са Славаччынай Аўстрыі і Чэхіі, якія некалі ўваходзілі ў склад Аўстра-Вугорскай імпэрыі (а разам з Чэхіяй Славаччына большую частку XX стагодзьдзя да таго ж складала адзіную Чэхаславацкую дзяржаву). Так, у Чэхіі жывуць паводле зьвестак перапісу 2011 року 235 475 носьбітаў славацкай мовы як роднай[25], што ёсьць найбольшай славацкамоўнай дыяспарай у сьвеце. Славакі расьселеныя ў Чэскай Рэспубліцы, як правіл, дыспэрсна, за выняткам вобласьці Мараўская Славаччына, жыхары якой маюць чэскую самасьвядомасьць, але шэраг дасьледчыкаў адносіць іхнія гаворкі да славацкае мовы[26]. У Аўстрыі жывуць 10 234 славацкамоўных, 2001[27]. У суседняй Польшчы 765 грамадзянаў размаўляюць па-славацку, зь іх 648 польскіх славакаў назвалі гэтую мову роднай, 2011[28].

Акрамя Славаччыны і пералічаных вышэй дзяржаваў славацкая мова распаўсюджаная сярод славацкіх імігрантаў і іхніх нашчадкаў у краінах Заходняй Эўропы, у краінах Амэрыкі, у тым ліку ў ЗША (агульная колькасьць славакаў у гэтай краіне складае 510 тыс. чалавек, але актыўна карыстаецца славацкай параўнальна невялікая частка славацкай дыяспары, 2000) і ў Канадзе (17 580 чалавек, 2011)[29]. Па-славацку размаўляюць у Аўстраліі (4990 з больш як 10 000 славакаў, 2011)[30], у Расеі (1445 носьбітаў мовы, зь якіх 324 славакі, 2010)[31][32], а таксама ў іншых краінах.

Распаўсюджаньне славацкай мовы ў Вугоршчыне[17]
Славацкія населеныя пункты ў Ваяводзіне (Сэрбія)
Расьсяленьне найбуйнейшай дыяспары славакаў у ЗША

Славацкая мова за мяжой ужываецца як у літаратурнай, так і ў дыялектнай формах. Славацкія гаворкі зазвычай неаднародныя[26]. Так, напрыклад, у Закарпацкай вобласьці Ўкраіны прадстаўленыя такія зьмяшаныя гаворкі, як абаўска-шарыска-зэмплінскія, зэмплінска-абаўска-шарыскія, зэмплінска-вускія, вуска-сотацкія й іншыя[33]. Выкарыстаньне гаворак усходнеславацкага дыялекту ці іхні ўплыў на славацкую літаратурную мову, у тым ліку ў друку, было адзначанае між славакаў у ЗША на пераломе XIX—XX стагодзьдзяў[34].

Агулам колькасьць славацкамоўных жыхароў у сьвеце складае больш за 5,2 млн чалавек[5] (паводле іншых зьвестак — ад 5,0 да 5,5 млн чалавек). Зь іх больш за 1 млн славакаў (зь якіх актыўна карыстаюцца славацкай мовай 0,4 млн чалавек) пражываюць па-за межамі Славаччыны[35].

Паводле вынікаў перапісу і ацэначных зьвестак у розных дзяржавах колькасьць носьбітаў славацкае мовы выглядае наступным чынам:

Краіны сьветуколькасьць
(чал.)
год перапісу
(ацэнкі)
Чэхія235 475[a]2011[25]
Сэрбія49 7962011[21]
Канада17 5802011[29]
Вугоршчына16 2662011[17]
Румынія12 8022011[20]
Аўстрыя10 2342001[27]
Аўстралія49902011[30]
Харватыя37922011[23]
Украіна26332001[18]
Расея14452010[31]
Польшча7652011[28]

Абэцэда

У славацкім альфабэце выкарыстоўваюцца лацінскія літары (малыя і вялікія), некаторыя з дыякрытычнымі знакамі.

Лацінская літараСлавацкая назва літарыЛацінская літараСлавацкая назва літары
A aа краткеM mэм
Á áа длгеN nэн
Ä äа прэгласкованеŇ ňнь
B bбэO oо кратке
C cцэÓ óо длге
Č čчэÔ ôо с воканём
D dдэ тврдэP pпэ
Ď ďдь меккеQ qквэ
Dz dzдзR rэр кратке
Dž džджŔ ŕэр длге
E eэ краткеS sэс
É éэ длгеŠ šэш
F fэфT tтэ тврдэ
G gгэŤ ťть мекке
H hгаU uу кратке
Ch chхаÚ úу длге
I iі мекке краткеV vвэ
Í íі мекке длгеW wвэ двоітэ
J jйX xікс
K kкаY yі тврдэ кратке
L lэл тврдэÝ ýі тврдэ длге
Ĺ ĺэл длгеZ zзэт
Ľ ľль меккеŽ žжэт

Крыніцы і заўвагі

Глядзіце таксама

Вонкавыя спасылкі