Тытунь

прадукт зь лісьця Nicotiana tabacum

Тыту́нь[1] — сельскагаспадарчы прадукт, створаны зь лісьця расьлінаў роду Nicotiana, якая адносіцца да сямейства пасьлёнавых. Ён можа спажывацца, выкарыстоўвацца ў якасьці арганічнага пэстыцыду ў форме нікатынавага тартару; тытунь выкарыстоўваецца ў некаторых відах лекаў. У асноўным выкарыстоўваецца як рэкрэацыйны наркотык і зьяўлецца важнай таварнай культурай для такіх краінаў, як Куба, Кітай і Злучаныя Штаты Амэрыкі. Тытунь таксама выкарыстоўваецца для тытунепаленьня, а нюхальны тытунь называецца табакай. У залежнасьці ад паходжаннья вылучаюць розныя тыпы, падтыпы і гатункі тытунёвай сыравіны. Працэс ператварэньня сыравіны ў канчатковы прадукт мае розныя мэханізмы і асаблівасьці, аднак у большасьці выпадкаў сыравіна павінна прайсьці этапы сушкі, сартаваньня, фэрмэнтацыі і нарэзкі.

Тытунь

Ужываньне тытуню зьяўляецца фактарам рызыкі для многіх захворваньняў, асабліва тых, якія закранаюць сэрца, печань і лёгкія, а таксама шматлікія віды раку. У 2008 годзе Сусьветная арганізацыя здароўя назвала ўжываньне тытуню як адзіную ў сьвеце прычыну сьмерці, якую лягчэй за ўсё прадухіліць[2].

Назва

Назва расьліны Nicotiana паходзіць ад імя Жана Ніко, францускага амбасадара ў Партугаліі. У сярэдзіне XVIII стагодзьдзя гэтая назвы была пазычаная Карлам Лінэям для ягоных працаў па таксаноміі. Паколькі згодна з пунктам гледжаньня Міжнароднага кодэксу батанічнай намэнклятуры навуковыя назвы расьлінаў, апублікаваныя да 1 траўня 1753 году, ня лічацца дзейнымі, Лінэй фармальна зьяўляецца аўтарам назвы роду Nicotiana, а поўная навуковая назва роду запісваецца як Nicotiana L. (1753). Назва на беларускай мове тытунь паходзіць зь цюрскіх моваў.

Гісторыя

Традыцыйнае выкарыстаньне

Тытунь пачаў выкарыстоўвацца ў дакалюмбавай Амэрыцы пачынаючы з 1400—1000 году да н. э.. першапачаткова вырошчваўся на тэрыторыі сучаснай Мэксыкі[3]. Шматлікія індзейскія плямёны традыцыйна вырошчвалі і выкарыстоўвалі тытунь, то бок плямёны на ўсходзе Паўночнай Амэрыкі гістарычна захоўвалі тытунь у мяшочках, агульнапрынятых таварных пазыцыях. Табакапаленьне мела сацыяльны і цырыманіяльны характар, напрыклад, каб замацаваць мірную дамову або гандлёвае пагадненьне[4]. Сярод некаторых плямёнаў тытунь разглядаўся як дар ад Творцы, таму цырыманіяльны тытунёвы дым, паводле іхнага меркаваньня, зьяўляўся носьбітам думак і малітваў да Творцы[5].

Папулярнасьць

Самая раньняя выява эўрапейца, які паліць люльку. 1595.

Пасьля прыбыцьця эўрапейцаў у Амэрыку, тытунь стаўся ўсё больш папулярным у якасьці гандлёвай пазыцыяй. Эрнандэс дэ Банкалё, гішпанскі летапісец, быў першым эўрапейцам, які прывёз насеньне тытуню ў Стары Сьвет у 1559 годзе паводле загаду караля Гішпаніі Філіпа II. Гэтае насеньне было пасаджана ў ваколіцах Таледа, у рэгіёне вядомым пад назовам Лёс-Сыгаралес (гішп. Los Cigarrales). Да зьяўляньне больш лёгкіх тыпаў тытуню, як то вірджынія і белы бэрлі, дым прывезенага тытуню быў занадта жорсткім, таму палілі толькі невялікую колькасьць тытуню на той час, выкарыстоўваючы люлькі альбо кальяны, якія былі хутка вынайдзеныя. Зь цягам часу тытунь стаў настолькі папулярным, што ангельская калёнія Джэймзтаўн выкарыстоўвала яго ў якасьці валюты і пачала шырокі экспарт тытуню за свае межы.

Меркаваныя выгады ад паленьня тытуню таксама складалі значны рост папулярнасьці прадукту. Астраном Томас Гэрыят, які суправаджаў сэра Рычарда Грэнўіла ў ягонай экспэдыцыі на востраў Роанок у 1585 годзе, тлумачыць, што расьліна адмыкае ўсе поры цела, і так тубыльцы маюць асабліва добрае здароўе і не пакутуюць на лютыя хваробы, на якія часьцяком пакутуюць у Ангельшчыне[6].

Дзякуючы папулярнасьці тытунепаленьня, жаваньня тытуню і нюханьню табакі, галіна вытворчасьці тытуню сталася адной з асноўных прамысловасьцяў у Эўропе і ейных калёніях да 1700 году[7]. Тытунь стаўся адной з асноўных культураў, якая вырошчвалася на Кубе і ў іншых частках Карыбскага басэйну з XVIII стагодзьдзя, а кубінскія цыгары сталі вядомымі і папулярнымі ва ўсім сьвеце[8].

Да канца XIX стагодзьдзя папулярнасьць набылі цыгарэты, пасьля таго як амэрыканскі інжынэр Джэймз Бонсак стварыў машыну, якая аўтаматызавала вытворчасьць цыгарэт. Гэта значна паспрыяла павелічэньню вытворчасьці і велізарнаму росту ў тытунёвай прамысловасьці да канца XX стагодзьдзяў, калі былі выкрыты шкоды для здароўя ад стала выкарыстаньня тытуню[9][10].

Глядзіце таксама

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі