Ігнацій (Жалязоўскі)

беларускі ўніяцкі і праваслаўны дзеяч

Ігнацій (свецкае імя: Якаў Лявонцьевіч Жалязоўскі; 1 лютага (20 студзеня) 1802, Вялікія Сяхновічы, Кобрынскі павет, Гродзенская губерня13 (1) красавіка 1872, Гродна, Расійская імперыя) — беларускі ўніяцкі, потым праваслаўны царкоўны дзеяч, епіскап Брэсцкі (1848—1870)[1]. Кандыдат багаслоўя (1829).

Ігнацій
Ігнацій
Епіскап Брэсцкі
20 мая 1848 — 27 чэрвеня 1870
ЦаркваРуская праваслаўная царква
ПапярэднікМіхаіл (Галубовіч)
ПераемнікЯўген (Шарашылаў)
АдукацыяЛітоўская духоўная семінарыя
Віленскі ўніверсітэт (1829)
Навуковая ступенькандыдат багаслоўя[d]
Дзейнасцьсвятар
Імя пры нараджэнніЯкаў Лявонцьевіч Жалязоўскі
Нараджэнне20 студзеня 1802(1802-01-20)
Вялікія Сяхновічы, Кобрынскі павет, Гродзенская губерня, Расійская імперыя
Смерць1 красавіка 1872(1872-04-01) (70 гадоў)
Гродна, Гродзенская губерня, Расійская імперыя
ПахаваннеСвята-Марфінская царква
Прыняцце свяшчэннага сану1826
Епіскапская хіратонія1848

Узнагароды
Ордэн Святой Ганны
Ордэн Святой Ганны
Ордэн Святога Уладзіміра
Ордэн Святога Уладзіміра
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і ўніяцкага святара. Пачатковую адукацыю атрымаў у Брэсцкім дваранскім вучылішчы (1812—1821). 26 кастрычніка 1824 года ў Тараканьскім базыльянскім кляштары быў пастрыжаны ў манаства з прыняццем імя Ігнацій. 27 мая 1826 года быў пасвечаны ў дыякана, праз тры дні — у іерэя. Працягнуў навучанне ў Галоўнай семінарыі пры Віленскім універсітэце, якую скончыў у ступені кандыдата багаслоўя.

Па сканчэнні семінарыі ў 1829 годзе быў прызначаны выкладчыкам у вучылішча пры Лаўрышаўскім манастыры, з 1830 да 1833 года працаваў настаўнікам у Кобрынскім павятовым духоўным вучылішчы, да 1836 года займаў пасаду наглядчыка Супрасльскага духоўнага вучылішча[2].

У 1836—1839 гадах быў інспектарам Літоўскай духоўнай семінарыі. Тады ж ён пазнаёміўся з Іосіфам Сямашкам і стаў яго прыхільнікам[3]. У часе Полацкага царкоўнага сабора 1839 года падпісаў сярод іншых святароў «Саборны акт аб уз’яднанні» уніяцкай царквы з праваслаўнай і неўзабаве быў узведзены ў сан архімандрыта.

З 1839 да 1848 года Ігнацій з’яўляўся настаяцелем Барысаглебскага манастыра ў Гродне, клапаціўся аб захаванні Каложскай царквы. Пасля абвалу часткі будынка ў Нёман арганізаваў збор сродкаў на аднаўленне храма, хадайнічаў перад уладамі аб адсяленні манахаў[4].

20 мая 1848 года архіепіскап Літоўскі і Віленскі Іосіф пасвяціў Ігнація Жалязоўскага ў сан епіскапа Брэсцкага. Адначасова ён быў прызначаны другім вікарыем Літоўскай епархіі. Жыў у Жыровіцкім манастыры, з 1852 года — у сваёй гродзенскай рэзідэнцыі.

На пасадзе епіскапа Ігнацій шмат увагі надаваў будаўніцтву і рэканструкцыі храмаў, асабіста агледзеў усе цэрквы епархіі. Уласнаручна асвяціў 16 цэркваў, у тым ліку кафедральны Свята-Сімяонаўскі сабор. Пасля задушэння паўстання 1863—1864 гадоў падтрымліваў закрыццё касцёлаў і ператварэнне іх у цэрквы. Распарадзіўся прыбраць з храмаў абразы Іасафата Кунцэвіча, спаліць уніяцкія кнігі і малітоўнікі, праводзіць богаслужэнні выключна на рускай мове[4].

21 чэрвеня 1870 года з-за хваробы пакінуў епіскапскую кафедру, апошнія гады жыў у Барысаглебскім манастыры, займаўся мецэнацтвам, збіраў бібліятэку. Памёр у Гродне 1 красавіка 1872 года і быў пахаваны ў могілкавай царкве. На пахаванні Ігнація прысутнічалі архіепіскап Мінскі і Бабруйскі Міхаіл і епіскап брэсцкі Яўген.

Памяць

  • З 1875 года ў Віленскім духоўным вучылішчы была ўстаноўлена імянная стыпендыя епіскапа Ігнація для дзяцей-сірот, якія паказвалі выдатныя здольнасці ў авалоданні навукамі. Фундатарамі стыпендыі сталі протаіерэй Антоній Катовіч, святары Іван Лявіцкі, Васіль Макавецкі і іншыя.
  • Падчас святкавання пяцідзесяцігоддзя Полацкага царкоўнага сабора ў 1889 годзе ладзіліся ўрачыстасці ў гонар епіскапа Ігнація[5].
  • Сакратар епіскапа Аляксандр Катлінскі пакінуў апісанне знешнасці Ігнація:
Наружнасць прэасвяшчэннага Ігнація рабіла яго выгляд надзвычай прадстаўнічым. Пры стройнай фігуры росту ён быў сярэдняга. Правільныя рысы твару, высокае адкрытае чало, лагодная выразнасць вачэй рабілі яго вельмі сімпатычным. Бадзёрасць і свежаць сіл не пакідалі яго да самай хваробы, сівізна ў валасах і шырокай барадзе цудоўна спалучаліся з румянцам чыстага твару… Асаблівасць і быццам нейкую тыповасць давала яму хада. Яна была ў яго заўсёды паспешлівая, жывая і нават вёрткая[3]

Узнагароды

Зноскі

Літаратура

  • Жалязоўскі Ігнацій (1802–1872) / А. Р. Бензярук // Асветнікі зямлі Беларускай : энцыкл. даведнік. — Мінск, 2001. С. 164.
  • Жалязоўскі Ігнацій // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Жабінкаўскага р-на / рэд.-уклад. Р. Я. Смірнова. — Менск: Ураджай, 1999. — 510 с. (8) л. іл. ISBN 985-04-0272-5
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.