Абалянка (рака)

рака ў Беларусі, прыток Лучосы

Абаля́нка, Обаль — рака ў Талачынскім і Сенненскім раёнах Віцебскай вобласці, левы прыток ракі Лучоса (басейн Заходняй Дзвіны).

Абалянка
Характарыстыка
Даўжыня
  • 89 км
Басейн809 км²
Расход вады5 м³/с
Вадацёк
Выток 
 • Месцазнаходжаннекаля в. Данілкава, Талачынскі раён
 • Каардынаты54°34′01″ пн. ш. 29°48′03″ у. д.HGЯO
ВусцеЛучоса
 • Каардынаты54°55′18″ пн. ш. 30°12′04″ у. д.HGЯO
Размяшчэнне
Водная сістэмаЛучоса → Заходняя Дзвіна → Балтыйскае мора
Краіна
РэгіёнВіцебская вобласць
РаёныТалачынскі раён, Сенненскі раён
physical
Абалянка (рака)
Абалянка (рака)
physical
выток
выток
вусце
вусце
— выток, — вусце
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Назва

Назва балцкага паходжання, пярвейшая форма — Обаль, ад якой другаснае «Абалянка». Адпачатная балцкая форма *Abalis, яна ж у іншым месцы дала назвы праточным азёрам Аболе і Абалікшты (сілкуюць водамі раку Дзісну). Абалянка нясе свае воды ў Дзвіну злева, а справа ў яе ўцякае рака з ідэнтычнай назвай Обаль (< *Abalis), паміж імі значны (адзіны такі рэзкі) паварот цячэння Дзвіны на паўночны захад у Бешанковічах.

Корань Ab- такі самы, як у латышскіх гідронімах тыпу Abula, Abuls, Abava[1], у назве ракі Абельна[ru] на Верхнім Павоччы. Ад індаеўрапейскага ab-, якім пазначаліся рачныя, цякучыя воды[2]. Яго фанетычны варыянт ap- даў заходнябалцкае прускае ape «рака», а варыянт up- — усходнябалцкае літоўскае upė[3]. Ад іх — назвы рэк Вопь на Верхнім Падняпроўі, Упа на Верхнім Павоччы. «Звонкі» варыянт ub- даў назву прыпяцкай ракі Убарць.

Індаеўрапейскім ab-, з усімі яго варыянтамі, пазначалася, як мяркуецца, вада як актыўная сіла і нават воднае боства, а *uedor- — вада як матэрыял[4]. Другі корань у балцкай гідраніміі ў назвах тыпу Удага, Водзьга, пруск. *Vadanga, літ. Vedega, Vada[5]. Магчыма, гэтае размежаванне адбівалася і ў сакральных практыках з водамі ў старажытных балтаў, але сляды гэтага згубленыя.

Корань Ab- асабліва папулярны на Падзвінні, як у ніжнім цячэнні Дзвіны ў Латвіі[6], так і ў сярэднім — на поўначы цяперашняй Беларусі. Воды з азёраў Аболі і Абалікшты цякуць у дзвінскі прыток Дзісну. Воды з азёраў Абстэрна і Набіста (абедзве назвы ад асновы *Ab-ist-) цякуць у дзвінскую раку Вята. Таго ж паходжання і назва ракі Обеста[ru] (на цяперашнім расійска-ўкраінскім памежжы, паміж Курскам і Чарнігавам).

Семантыка ўсіх гэтых назваў звязаная з цячэннем рэк, праточнасцю азёраў. Назвы плыткіх рэк і праточных азёраў таксама ўтвараліся ад балцкага кораня žod- / žad- (як Жодзень ці Жадунь).

Назва Обаль (< *Abalis) значыць «Рака (цякучая, плыткая)».

Агульныя звесткі

Пачынаецца на поўдні ад вёскі Данілкава ў Талачынскім раёне на Аршанскім узвышшы, цячэ па Чашніцкай раўніне ў Сенненскім раёне, у нізкай плыні — на мяжы з Віцебскім раёнам па Лучоскай нізіне.

Даўжыня Абалянкі 89 км. Плошча вадазбору 809 км². Густата рачной сеткі 0,39 км/км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,9 ‰. Даліна трапецападобная, шырыня 0,6—0,8 км, у нізкай плыні да 2 км. Абалона двухбаковая, шырыня 0,2—0,3 км, вышэй вёскі Дубаўцы каля 0,5 км. Рэчышча звілістае, шырыня 5—10 м. Рака выкарыстоўваецца ў якасці водапрыёмніка меліярацыйных сістэм.

Каля вёскі Утрылава Талачынскага раёна на рацэ плаціна і Утрылаўская сажалка плошчай 27 га. Уздоўж ракі вёскі Данілкава, Абольцы, Кажамякі, Каменка, Шынкава, Обаль, Дубаўцы, Машканы, Ляхі, Шаркі, Саўчанкі і інш.

У басейне ракі азёры Кічына, Леванова, Стрэшна і інш.

Асноўныя прытокі

Усе буйныя прытокі, за выключэннем Нерайшанкі, каналізаваныя.

Зноскі

Літаратура

  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
  • Ашэраў Ф. М. Абалянка // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз.
  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1—2. — Л., 1971
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл./ БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
  • Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Витебская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2010. — С. 31,32,38. — 72 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-136-5. (руск.)