Аболе

Аболе — возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Знаходзіцца за 22 км на паўднёвы захад ад Браслава каля вёскі Дварышча. Належыць да групы Рычана-Дрысвяцкіх азёр.

Аболе
літ.: Obolė, бел.: Аболе
Морфаметрыя
Вышыня над узроўнем мора137 м
Даўжыня6,55 км
Шырыня1,43 км
Плошча4,66 км²
Аб’ём0,0142 км³
Даўжыня берагавой лініі17,6 км
Найбольшая глыбіня9,2 м
Гідралогія
Салёнасць0,21 ‰
Празрыстасць3 м
Басейн
Плошча вадазбору739 км²
Размяшчэнне
Краіна Беларусь
Аболе (Беларусь)
Аболе
Аболе
Аболе (Віцебская вобласць)
Аболе
Аболе
Map

Назва

Назва возера Аболе балцкага паходжання. Цяперашняя форма паўтарае польскае Obole (множны лік, «Аболі»). Адпачатная балцка-літоўская форма ў адзіночным ліку *Abalis, яна ж у іншым месцы дала назвы дзвінскіх прытокаў рэк Обаль і Абалянка.

Абольскае возера праточнае, і гэта стала матывацыяй для ўтварэння яго назвы. З Дрысвяцкага возера непрацяглая пратока цячэ ў возера Аболі, з якога праз возера Абалікшты цячэ рака Прорва ў раку Дрысвяту.

Корань Ab- такі самы, як у латышскіх гідронімах тыпу Abula, Abuls, Abava[1]. Ад індаеўрапейскага ab-, якім пазначаліся рачныя, цякучыя воды[2]. Яго фанетычны варыянт ap- даў заходнябалцкае прускае ape «рака», а варыянт up- — усходнябалцкае літоўскае upė[3]. Ад іх — назвы рэк Вопь на Верхнім Падняпроўі, Упа на Верхнім Павоччы. «Звонкі» варыянт ub- даў назву прыпяцкай ракі Убарць.

Індаеўрапейскім ab-, з усімі яго варыянтамі, пазначалася, як мяркуецца, вада як актыўная сіла і нават воднае боства, а *uedor- — вада як матэрыял[4]. Другі корань у балцкай гідраніміі ў назвах тыпу Удага, Водзьга, пруск. *Vadanga, літ. Vedega, Vada[5]. Магчыма, гэтае размежаванне адбівалася і ў сакральных практыках з водамі ў старажытных балтаў, але сляды да гэтага згубленыя.

Корань Ab- асабліва папулярны на Падзвінні, як у ніжнім цячэнні Дзвіны ў Латвіі[6], так і ў сярэднім — на поўначы цяперашняй Беларусі. Воды з азёраў Аболі і Абалікшты цякуць у дзвінскі прыток Дзісну. Воды з азёраў Абстэрна і Набіста (абедзве назвы ад асновы *Ab-ist-) цякуць у дзвінскую раку Вята. Вышэй па цячэнні Дзвіны ў яе ўцякаюць Обаль (справа) і Абалянка (злева), назвы якіх ад адной і той жа формы *Ab-al-is. Таго ж паходжання і назва ракі Обеста[ru] (на цяперашнім расійска-ўкраінскім памежжы, паміж Курскам і Чарнігавам). Семантыка ўсіх гэтых назваў звязаная з цячэннем рэк, праточнасцю азёраў.

Назва меншага суседняга возера Абалікшты таксама мела адпачатную форму ў адзіночным ліку *Abalykštis. Гэтая назва ўтвораная з дапамогай пашыральніка -kšt-, з дапамогай якога ўтвораныя і назвы літоўскіх суседніх азёраў Luodis i Luodykštis[7], якія ад Абольскага і Абалікшцкага азёраў за 30 км. Пашыральнік -kšt- у літоўскай мове выкарыстоўваецца для ўтварэння формаў ад асноў назоўнікаў (žuvis «рыба» — žuvykštis «рыбка», rytas «раніца» — rytykštis «ранішні»)[8].

Назва Абольскага возера (як і Абалікшцкага) значыць «Праточнае (возера)». Назвы праточных азёраў таксама ўтвараліся ад балцкага кораня žod- / žad- (як Жодзень ці Жадунь).

Гідраграфія

Возера знаходзіцца ў басейне ракі Дрысвята, прыток якой Прорва працякае праз возера. Плошча Аболе складае 4,66 км². Найбольшая глыбіня возера — 9,2 м. Даўжыня возера — 6,55 км, найбольшая шырыня — 1,43 км. Даўжыня берагавой лініі — 17,6 км. Аб’ём вады ў возеры складае 14,2 млн м³, плошча вадазбору 739 км².

Схілы катлавіны возера маюць вышыню да 15 м. Берагі вышынёй 0,3—0,5 м пясчаныя, месцамі забалочаныя, параслі хмызняком.

Падводная частка катлавіны возера мае 2 плёсы. Паўночны плёс невялікі і мелкаводны, а паўднёвы — глыбокі. Да глыбіні 1 м дно пясчанае, на большых глыбінях — глеістае. Шырыня паласы прыбярэжнай расліннасці складае 30—600 м.

На возеры 2 востравы, агульная плошча якіх складае 1,6 га (0,016 км²).

Зноскі

Літаратура

Спасылкі