Беларускі рок

Беларускі рок — умоўная назва рок-музыкі, створанай музыкантамі з Беларусі. Гэта музыка меркавана ўзнікла ў канцы 60-х, але самы актыўны росквіт шматлікіх гуртоў у гэтай плыні перапаў на пачатак 1980-х.[1] Найбольш важныя гурты: Мроя (з 1994 — N.R.M.), Ляпіс Трубяцкі, KRIWI, TT-34, Верасы, Акцэнт, ULIS, Neuro Dubel, Новае Неба, BLAGI MAT!!!, Open Space, Hair Peace Salon, Jitters, Бонда і Крама.

Беларускі рок
Кірунак:рок-музыка
Вытокі:шматлікая заходняя электрагітарная музыка, народная музыка
Месца і час узнікнення:канец 1960-х
Папулярнасць:канец 1980-х[1], канец 1990-х

Адметнасці

Галоўнымі тэмамі беларускага року з’яўляецца традыцыйна ўсё, звязанае з беларусамі, сённяшняй Беларуссю, а таксама яе гісторыяй. Эмацыйная, сэнсавая і гукавая палітра беларускага року разнастайная, але даволі часта ў беларускіх рок-музыкаў прысутнічаюць тэмы змагання, салідарнасці, жыцця пры аўтарытарызму, свабоды, нацыянальнай самаідэнтычнасці і свядомасці, беларускай мовы, рэпрэсій і эміграцыі.

У гучанні беларускіх рок-гуртоў часта можна заўважыць заігрыванні з народнымі матывамі, тэмамі, інструментамі.[2]

Беларускаму року часцей за ўсё ўласцівы тэксты на беларускай і рускай мовах.

Вялікі знешні ўплыў на беларускі рок аказвала разнастайная заходняя рок-музыка (у прыватнасці Польшчы, Вялікабрытаніі, ЗША і іншых еўрапейскіх краін), а таксама музыка краін былога СССР (у прыватнасці Расіі і Украіны).

Гісторыя

1960-я гады

З 12 па 14 красавіка 1968 года ў Мінскім радыётэхнічным інстытуце прайшоў адзін з першых у СССР рок фестываляў — «Першы фестываль біт-ансамбляў Мінска». Фестываль быў арганізаваны камсамолам і прымеркаваны да 50-годдзя БССР і 50-годдзя УЛКСМ. У фестывалі прынялі ўдзел аматарскія гурты з Мінска («Алгарытмы», «2+2», «Дойліды», «Рэфлекс», «Пінгвіны», «Грыфы», «Вясёлыя лісы», «Дысканты», «Ювента», «Сінія гітары», «Скіфы»). Па правілах фестывалю кожны ансамбль павінен быў выканаць сем кампазіцый (твор савецкага кампазітара, твор беларускай тэматыкі, уласны твор, інструментальны твор і тры любыя кампазіцыі па свайму выбару). Галоўны прыз «Бурштынавую гітару» атрымаў гурт «Алгарытмы», другі прыз «Хрустальную вазу» атрымалі «Дойліды».[3][4]

Адзін з членаў журы, малады кампазітар Ігар Лучанок, тады адзначыў, што ў гэтай музыцы хацелася б чуць «менш перайманняў» і «больш нашага, савецкага рэпертуару». Нягледзячы на тое, што ўсе калектывы, акрамя «Алгарытмаў», былі раскрытыкаваны з боку журы, пра фестываль станоўча адгукнулася рэспубліканская прэса. Крытычныя заўвагі зводзіліся да таго, што ў музыкаў няма нармальнага завадскога абсталявання, а гітары і ўсю апаратуру ім даводзіцца рабіць самім. Газета «Чырвоная змена», напрыклад, панаракала на тое, што прафесійныя кампазітары мала пішуць твораў у жанры біг-біт (у СССР біг-бітам у гэты час называлі любую сучасную электрагітарную музыку: рок-н-рол, блюз-рок, рытм-энд-блюз і г д.).[3][5][6]

Усе тры дні фестывалю яго здымалі кінахронікеры «Беларусьфільма». Са знятага матэрыялу быў змантаваны невялікі кароткаметражны 10-хвілінны фільм пад назвай «Маршрут № 13» (назва адной з песень гурта «Алгарытмы»). Пакуль ішоў мантаж фільма, у Чэхаславакіі адбыліся падзеі, вядомыя як Пражская вясна. У сувязі з гэтым змяніўся і палітычны клімат у Савецкім Саюзе. Было прынята рашэнне не выпускаць гатовы фільм на кінаэкраны. Фільм праляжаў на паліцы да 1977 года, калі выйшаў акт аб яго знішчэнні, а таксама ўсяго працоўнага матэрыялу да яго. Копію фільма схаваў і захаваў аператар Эдуард Гайдук.[3]

1970-я гады

«Песняры» на канцэрце ў Яраслаўлі, 1974 год

Яшчэ 1 верасня 1969 года акампанавальны ансамбль «Лявоны», арганізаваны Уладзімірам Мулявіным пры Мінскай філармоніі, быў пераведзены ў разрад вакальна-інструментальных. У кастрычніку наступнага 1970 года ансамбль прыняў удзел у IV Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады, перад гэтым змяніўшы назву на «больш сур’ёзную» — «Песняры». Першы прыз у той раз нікому не ўручаўся, а другую прэмію падзялілі «Песняры», Леў Лешчанка і грузінскі ансамбль «Дыэла». Такім чынам, «Песняры» атрымалі права на запіс альбома. Падчас працы над альбомам да «Песняроў» далучыўся Леанід Барткевіч, удзельнік ансамбля «Залатыя яблыкі». Альбом выйшаў у 1971 годзе. Ён не меў назвы, таму яго часта называюць па першай песні, «Ты мне вясною прыснілася». Гэтая пласцінка разышлася 4-мільённым тыражом. Рэпертуар «Песняроў» складаўся ў асноўным з беларускіх народных песень, якія Мулявін пераклаў на біг-бітоўскія і блюзавыя мелодыі. Хоць сам Мулявін быў рускім па нацыянальнасці, ён зрабіў так, што беларускія народныя песні спяваў увесь Савецкі Саюз.[7]

У 1974 годзе выйшла другая пласцінка «Алеся», куды акрамя народных песень увайшлі ўжо і песні на вершы беларускіх паэтаў. У 1976 годзе на музычным кірмашы MIDEM у Канах, куды прыязджаюць музыкі з усяго свету, якія прадалі больш за ўсё пласцінак у сваёй краіне, «Песняры» прадстаўлялі фірму «Мелодыя» і Савецкі Саюз. Там на іх звярнулі ўвагу амерыканскія прадзюсары і запрасілі на гастролі ў Амерыку. Такім чынам, «Песняры» сталі першым савецкім гуртом, які правёў гастролі па ЗША[7]. У 1976 годзе «Песняры» прадставілі рок-оперу на вершы Янкі Купалы — «Песня пра долю», а ў 1978 годзе канцэптуальная серыя працягнулася операй «Гусляр». Гэтыя працы былі зроблены больш сур’ёзна, чым папярэднія, у стылі арт-року[8].

У БССР у гэты перыяд часу працавалі і іншыя ВІА («Верасы», «Сябры»), але яны ўяўлялі сабой звычайную савецкую эстраду.[6]

1980-я гады

У канцы 1970-х — пачатку 1980-х гадоў у мінскім маладзёжна-камсамольскім кафэ «Сузор’е» працаваў штатны музычны калектыў пад такой жа назвай. Музыканты гурта «Сузор’е» ігралі хард-рок. Падобнае стала магчымым з-за некаторай лібералізацыі рэжыму ў СССР з прычыны Алімпіяды-80. Аднак ужо ў 1983 годзе, пры Юрыі Андропаве, пачаліся ганенні на рокераў і калектыў «Сузор’е» быў забаронены. Тым не менш усе музыкі працягнулі працаваць у філармоніі. У 1984 годзе яны выпусцілі магнітаальбом «Рок-тэрапія». У 1986 годзе аднавілі выступы як «Сузор’е», а ў 1988 годзе выпусцілі пласцінку «Вераснёўская рака» на фірме «Мелодыя».[9]

Сітуацыя ў рок-музыцы цалкам змянілася з надыходам перабудовы. У 1986 годзе камсамол арганізаваў у Наваполацку «Рэспубліканскі конкурс маладзёжнай палітычнай песні», першыя месцы на якім занялі брэсцкі гурт «Залатая сярэдзіна» і мазырскі «Адлюстраванне»[10]. У Наваполацку і Полацку развіўся даволі шырокі рок-рух, самым прыкметным гуртом якога стаў гурт «Мясцовы час»[7]. Пазней там будзе арганізаваны штогадовы фестываль «Рок-кола»[11]. У 1986 годзе рок-клуб пад назвай «Няміга» быў створаны ў Мінску[6][12]. Рок-клуб праводзіў свой фестываль «Тры колеры». У 1988 годзе ў Гродне прайшоў фестываль «Рок-крок».[10]

У 1990 годзе беларускія студэнты ў Польшчы арганізавалі фестываль беларускай музыкі «Басовішча».

Метал-гурт «Удар» (да 1987 года называўся «Эдэльвейс» і ў якасці ВІА з 1983 года выконваў песні на брэсцкай танцпляцоўцы) удзельнічае ў рок-фестывалі «Рытмы граніцы-1987», які адбыўся ў Брэсцкім абласным Палацы культуры прафсаюзаў, з 1988 года гурт дае канцэрты, выступае на фестывалях у Данецку, Мінску, Наваполацку. У 1989 годзе «Удар» запісваюць свой адзіны магнітаальбом «Не забі» (рус.: «Не убей»), які выходзіць у адкрыты продаж.[13]

Гурт «Бонда» (раней называўся «Студыя 7») выпусціў у 1986 годзе адзін з першых беларускамоўных альбомаў гэтага дзесяцігоддзя «Месца пад сонцам». У 1989 годзе гурт распаўся і на яго аскепках з’явіліся такія гурты, як ULIS, «Крама» і The Little Blues Band. У 1989 годзе гурт ULIS запісаў у Польшчы свой дэбютны альбом «Чужаніца», які атрымаў шмат станоўчых водгукаў у беларускай прэсе, а ў 1991 годзе альбом быў перавыдадзены фірмай «Мелодыя». У 1989 годзе беларускія музычныя журналісты звярнулі ўвагу на гурт «Мроя», дзе тады граў на клавішах і спяваў Лявон Вольскі. Яны адправілі ліст на фірму «Мелодыя» з просьбай запісаць гэтых музыкаў. «Мелодыя» даслала ў Мінск перасоўную гуказапісвальную студыю. Так з’явіўся альбом «Дваццаць восьмая зорка»[7][14].

Як і ў астатнім Саюзе, рокеры канца гэтага дзесяцігоддзя спрабуюць падымаць у сваіх песнях тэмы розных вострасацыяльных праблем часу. Моднай з’яўляецца тэма нацыянальнага адраджэння. На беларускую рок-музыку гэтага часу аказвае некаторы ўплыў польскі рок (Lady Pank).[6]

1990-я гады

У пачатку 1990-х гадоў беларускі рок перажывае крызіс. Многія прыкметныя гурты мінулага дзесяцігоддзя ў пачатку 1990-х распадаюцца. Распад СССР, здабыццё Беларуссю незалежнасці і наступ дэмакратыі выбіваюць глебу з-пад ног у нацыянальна арыентаваных гуртоў.[15] Лявон Вольскі, лідар гурта «Мроя», успамінае: «Мы не маглі сябе знайсці падчас росквіту дэмакратыі. Мы былі змагарамі і іміджам, і душой. А ў той час змаганне стала абсалютна непатрэбным».[16]

Гурт «Садъ». 1990 год

У 1990 годзе Уладзімір Серафімаў і Віталь Кунц у Брэсце заснавалі гурт «Садъ». Як і большасць андэграўндных гуртоў, «Садъ» не ўпісваўся ні ў адну з тусовак. Першы поспех прыйшоў у 1997 годзе з выхадам альбома «Мы пред врагом не спустили...», які быў адзначаны станоўчымі рэцэнзіямі ў мінскай «Музычнай газеце» і ў піцерскім часопісе Fuzz[17]. Пасля перамогі на фестывалі Rock-Line у Кунгуры ў 1998 годзе[18] песні гурта сталі гучаць на радыёстанцыях Масквы, Кіева і Мінска.

У 1993 годзе з’яўляецца рок-гурт Drum Ecstasy, якая становіцца ўнікальным музычным праектам. У гурце чатыры музыкі граюць на барабанах са сталёвымі карпусамі і ствараюць гукавую сцяну для ўзрыву аўдыторыі. Рок-гурт прадстаўляе свой варыянт гучання: цяжкую танцавальную музыку, створаную трыма барабаншчыкамі, якіх падтрымлівае падмурак, прапушчаны праз апрацоўку сэмплаў і электроннай перкусіі бас-гітары.[19]

Neuro Dubel

З’яўляюцца новыя гурты, якія пазней стануць знакавымі ў беларускім року. У 1991 годзе заснаваны гурт «Крама». Іх дэбютны альбом «Хворы на Rock-n-Roll» (1993) лічыцца адным з найлепшых у дыскаграфіі гурта. Заяўляе аб сабе панк-гурт Neuro Dubel, першы паўнавартасны студыйны альбом якога «Умные вещи» выйшаў у 1995 годзе. Адраджаецца з новым складам гурт ULIS[7][20]. Асабняком ад усяго стаіць мінскі гурт «Красные Звёзды», які прымыкае да нацыянал-камуністычнага рок-руху «Рускі прарыў» і гастралюе па Расіі разам з Ягорам Летавым і «Гражданской обороной»[21].

Жыццё ў рок-музыку ўдыхаюць першыя прэзідэнцкія выбары, якія праходзяць у ліпені 1994 года. Аляксандр Лукашэнка, які перамог на выбарах, пачынае з таго, што вяртае краіне савецкую сімволіку і праводзіць палітыку па выцясненні беларускай мовы. Закрываюцца беларускія школы і ўніверсітэты, беларуская мова становіцца мовай пратэсту. Некаторыя рускамоўныя гурты пачынаюць выконваць песні на беларускай мове[22]. Удзельнікі гурта «Мроя» мяняюць свой кірунак з хард-року на альтэрнатыўны рок (гранж) і арганізуюць новы гурт N.R.M. (Незалежная Рэспубліка Мроя). У другой палове 1990-х гадоў гурт N.R.M. становіцца культавым на беларускай рок-сцэне. Пікам поспеху гурта стаў альбом «Тры чарапахі» (2000)[16]. Супрацьстаяць сістэме спрабуе і Кася Камоцкая ў сваім гурце «Новае Неба»[7].

У 1994 годзе была арганізавана музычная прэмія «Рок-каранацыя». Рок-каронай узнагароджваюцца рокеры, якія адзначыліся ў канкрэтным годзе[23].

З’явай становіцца гурт «Ляпіс Трубяцкі», першы паўнавартасны альбом якога «Ранетое сердце» (1996) робіць гурт папулярным у Беларусі, а наступны альбом «Ты кинула» (1998) прыносіць славу на ўсёй постсавецкай прасторы.[7]

Іван Кірчук, «Троіца»

У 1990-х гадах у прафесійных музыкаў прачынаецца цікавасць да фальклору. З’яўляюцца музычныя калектывы, якія сінтэзуюць традыцыйнае інструментальнае выканальніцтва Беларусі з рок-музыкай. Ва ўжытак уваходзяць такія інструменты, як дуда, дудка, жалейка, гуслі, варган, акарына, ліра. Найбольш яркімі прадстаўнікамі такога эксперыментальнага фалькларызму сталі: «Палац», «Юр’я», KRIWI, «Бан-Жвірба», этна-трыа «Троіца». Яны змаглі атрымаць прызнанне сярод прафесіяналаў і аматараў народнага мастацтва.[2][7]

Сумесныя альбомы

Міхал Анемпадыстаў і Лявон Вольскі

У канцы 1990-х гадоў у беларускай рок-музыцы мела месца такая з’ява, як сумесныя альбомы. Гэта былі не проста зборнікі. У кожнага альбома была свая канцэпцыя. Першым такім праектам стаў «Народны альбом» (1997), ідэю якога прыдумаў мастак Міхал Анемпадыстаў. Альбом быў прысвечаны міжваеннаму перыяду Заходняй Беларусі, а ўсе песні ў ім былі стылізаваны пад народныя. У запісе прынялі ўдзел: Лявон Вольскі, Кася Камоцкая, Аляксандр Памідораў, Зміцер Вайцюшкевіч і іншыя. Альбом меў вялікі поспех, польская Gazeta Wyborcza назвала «Народны альбом» у 1997 годзе «Падзеяй года» ў Польшчы.[7][24]

Пазней з’явіліся і іншыя сумесныя альбомы, але такога поспеху як «Народны альбом» яны не мелі: альбом калядных песень «Сьвяты вечар 2000» (1999), альбом прысвечаных Беларусі песень «Я нарадзіўся тут» (2000), альбом з песнямі на вершы паэта і пісьменніка Уладзіміра Караткевіча «Скрыпка дрыгвы» (2001).[7]

2000-я гады

Гурт Бі-2 з’явіўся яшчэ ў канцы 1980-х гадоў. У пачатку 1990-х гадоў Шура і Лёва пераехалі з Беларусі ў Ізраіль, затым у Аўстралію, а ў канцы 1990-х гадоў перабраліся ў Расію. У гэты час некалькі песень Бі-2 трапілі на расійскія радыёстанцыі, але сапраўдны поспех да гурта прыйшоў, калі песня «Полковнику никто не пишет» трапіла ў фільм «Брат 2» (2000) Аляксея Балабанава.

У 2001 годзе Лявон Вольскі паралельна N.R.M. заснаваў гурт «Крамбамбуля». Новы гурт павінен быў стаць вясёлым і забаўляльным, у адрозненне ад N.R.M., які быў сур’ёзным праектам. Група адразу ж стала папулярнай. За першыя 2,5 гады існавання «Крамбамбуля» выдала тры альбомы, з якіх выйшла некалькі хітоў. У гэты час супрацоўнічалі з гуртом Сяргей МіхалокЛяпіс Трубяцкі») і Аляксандр Кулінковіч (Neuro Dubel)[25]. Адначасова набірае папулярнасць малады гурт :B:N:, які працягвае музычныя традыцыі N.R.M.

Зміцер Вайцюшкевіч

У пачатку 2000-х гадоў сольную кар’еру пачаў Зміцер Вайцюшкевіч, які ў 1990-х гадах іграў у гуртах «Палац» і KRIWI. Цяпер жа Вайцюшкевіч выступаў сольна альбо са сваім гуртом WZ-Orkiestra. Першы час Зміцер выкарыстаў псеўданім Тодар[7]. У гэты ж час пачынаюць граць такія гурты, як «Дай дарогу!», «Без Билета», ##### (5diez), «Аддис Абеба», J:морс, якія пазней стануць вядомымі.

Гурт «Ляпіс Трубяцкі» ў 2007 годзе выпускае знакавы для сваёй творчасці альбом «Капитал». На гэтым альбоме змяняецца музыка гурта. З «Капиталом» звязана новая хваля папулярнасці «Ляпіса Трубяцкога».[26]

У 2000-я гады на беларускай музычна-тэатральнай сцэне з’яўляецца рок-опера ў рэпертуары Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Да гэтага спробы стварэння рок-оперы рабіліся ў 1970-я гады.[27]

2010-я гады

Дай дарогу!

У пачатку 2011 года з-за ўнутраных супярэчнасцей музыкамі N.R.M. з гурта быў выключаны яе лідар Лявон Вольскі. Без Вольскага гурт стаў «дазволеным»[⇨] і правёў тур па Беларусі, затым музыкі выпусцілі альбом і прынялі ўдзел у адборы на «Еўрабачанне-2013». Падобныя паводзіны былі неадназначна ўспрыняты фанатамі і паступова дзейнасць гурта сышла на нішто[28][29]. Лявон Вольскі пачаў сольную кар’еру. Акрамя сольных альбомаў ім быў запісаны і адзін альбом з «Крамбамбуляй». Музычныя крытыкі аднагалосна прызналі «Чырвоны штраль» адным з найлепшых альбомаў гурта. За адсутнасцю магчымасці выступаць дома[⇨] прэзентацыі альбомаў Вольскага праходзяць у Вільнюсе. Амбасада Літвы ў такіх выпадках ішла насустрач і выдавала бясплатныя візы гледачам.[30]

У 2014 годзе з-за ўнутраных супярэчнасцей распаўся гурт «Ляпіс Трубяцкі». Большасць яе ўдзельнікаў сышла ў гурт Trubetskoy Паўла Булатнікава. Сяргей Міхалок заснаваў гурт Brutto, а крыху пазней паралельна быў створаны гурт «Ляпіс-98», дзе Сяргей спявае старыя песні «Ляпіса Трубяцкога». Нечакана восенню 2016 года пасля завяршэння тура па ЗША становіцца «дазволеным» на радзіме Міхалок. Спачатку Brutto дазваляюць канцэрт у Гомелі, потым у іншых гарадах, а затым гурт збірае «Мінск-Арэну», самую вялікую пляцоўку краіны[31]. У гэты ж час у «чорны спіс» трапляе гродзенскі гурт Dzieciuki, з якім Brutto неаднаразова выступалі на сумесных канцэртах у Польшчы. У Беларусі жа канцэрты гурта адмяняюцца аддзеламі ідэалогіі.[32]

Некаторыя музыкі атрымліваюць прызнанне за мяжой. Гурт «Петля Пристрастия» расійскі часопіс «Афіша» называе «адным з наймацнейшых сучасных рускамоўных рок-гуртоў»[33]. Сярэдневяковы фолк-рок-гурт «Стары Ольса», які грае старадаўнія беларускія песні часоў Вялікага Княства Літоўскага, становіцца вядомым у Амерыцы дзякуючы відэа на YouTube, на якім музыкі выконваюць песню гурта Metallica. З гэтага моманту «Стары Ольса» перыядычна гастралюе па ЗША[34].

У пачатку 2017 года на тэлеканале «Белсат» (спадарожнікавы беларускамоўны канал, вяшчае з Польшчы) з’явілася музычная праграма «Belsat Music Live». У студыю праграмы прыходзяць розныя беларускія музыкі, якія адказваюць на пытанні вядучых і выконваюць некалькі песень. У праграме бываюць і рок-музыкі, у тым ліку і забароненыя.[35]

У 2018 годзе гурт Nizkiz выпускае кліп на песню «Небяспечна», які стаў адным з першых беларускамоўных музычных відэа, якое перакрочыла адзнаку ў 1 мільёнаў праглядаў на YouTube.[1]

Беларускі рок пасля 2020 года

Пасля выбуху масавых пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе многія рок-музыкі далучаліся да пратэстоўцаў[36], публічна падтрымлівалі іх[37], запісвалі пратэстныя трэкі[38]. Пасля гэтага наступілі рэпрэсіі, якія прымусілі беларускую рок-сцэну масава выехаць з Беларусі, а магчымасць даваць канцэрты ўнутры краіны практычна знікла[39].

З пачаткам новай актыўнай фазы вайны ва Украіне ў 2022 годзе Сяргей Міхалок абвясціў аб адраджэнні праекту «Ляпіс Трубяцкі», але з новым складам[40]. Адразу з перазапускам быў абвешчаны дабрачынны еўрапейскі тур у падтрымку Украіны[41].

Беларускі рок і беларуская палітыка

Лявон Вольскі

Як паказвае гісторыя, канфлікты паміж рок-музыкамі і ўладамі назіраюцца яшчэ прынамсі з 1980-х гадоў, але праблема цэнзуры працягвае заставацца актуальнай і пасля набыцця Беларуссю незалежнасці[42]. Даследчыкі паведамлялі ў 2006 годзе, што «незалежнае стварэнне музыкі ў Беларусі сёння становіцца ўсё больш цяжкім і рызыкоўным прадпрыемствам» і што беларускі ўрад «аказвае ціск на „неафіцыйных“ музыкантаў, у тым ліку забараняе доступ да афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі і навязвае жорсткія абмежаванні на канцэрты».

У 2001 годзе стаў вядомы чарговы чорны спіс з музыкаў, якім было забаронена даваць канцэрты па Беларусі; сярод іх апынуліся гурты «Крама», «Крамбамбуля», «Ляпіс Трубяцкі», N.R.M., Naka, Neuro Dubel, «Палац», Зміцер Вайцюшкевіч ды іншыя[42][43].

21 ліпеня 2004 года ў Мінску на плошчы Бангалор прайшоў дазволены ўладамі мітынг апазіцыі, прысвечаны 10-годдзю кіравання Аляксандра Лукашэнкі, а таксама чаканага рэферэндуму, дзе павінна было ставіцца пытанне аб магчымасці для Лукашэнкі пераабірацца на трэці тэрмін. Пасля мітынгу адбыўся рок-канцэрт, пасля якога ўсе яго ўдзельнікі («Палац», Drum Ecstasy, Neuro Dubel, N.R.M., Зміцер Вайцюшкевіч, Zet і Pomidor/OFF) трапілі пад забарону. Песні музыкаў зніклі з эфіраў радыёстанцый, самі яны перасталі згадвацца ў прэсе і на тэлебачанні, але галоўнае — музыкі больш не маглі атрымаць дазвол на правядзенне канцэртаў.[44][45]

Ляпіс Трубяцкі

З-за немагчымасці выступаць дома значная частка апальных гуртоў стала выступаць у Польшчы або ва Украіне. Асноўнай пляцоўкай у Польшчы па-ранейшаму заставаўся фестываль беларускай музыкі «Басовішча»[22]. Гурты N.R.M. і «Крамбамбуля» выступалі на Майдане падчас Аранжавай рэвалюцыі[46]. У Варшаве з 2006 года штогод праходзіць серыя канцэртаў «Салідарныя з Беларуссю» ў падтрымку правоў чалавека ў суседняй краіне. На гэтыя канцэрты рэгулярна запрашаюцца беларускія музыкі. У Польшчы і Украіне сталі з некаторай цікавасцю ставіцца да беларускамоўнай музыцы, у адрозненне, напрыклад, ад Расіі, куды змаглі прабіцца толькі некалькі рускамоўных гуртоў[47]. Аднак, як бы тое ні было, забарона музыкам выступаць у сябе на радзіме негатыўна адбілася на развіцці беларускай рок-музыкі[48].

З іншага боку, у гэты час з’яўляюцца новыя гурты (Indiga, P.L.A.N., IQ48, «Глюкі»), якія могуць выступаць, бо яны не ў канфлікце з уладамі, але пры гэтым іх песні могуць быць нават больш «антырэжымныя», чым у «старых». На дзяржаўным тэлебачанні ў гэты час рок-музыка прадстаўлена апалітычнымі J:морс і хрысціянскім гуртом «Новы Іерусалім»[22]. У 2007 годзе музыкі з «чорнага спісу» правялі сустрэчу з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Алегам Праляскоўскім, які паабяцаў зняць забарону на выступы пры ўмове, што рокеры больш не будуць спяваць на мітынгах апазіцыі[44].

У канцы снежня 2010 года ў Беларусі прайшлі чарговыя прэзідэнцкія выбары, пасля якіх адбыліся акцыі пратэсту. Большасць кандыдатаў у прэзідэнты апынулася ў турме. Ужо ў пачатку сакавіка 2011 года з’явіўся новы «чорны спіс», куды былі ўключаныя дзеячы культуры, якія так ці інакш выказалі падтрымку палітычным зняволеным. Новы спіс аказаўся больш шырокім, чым першы, акрамя музыкаў у яго ўвайшлі таксама пісьменнікі, паэты, мастакі і кінарэжысёры[49]. У спіс патрапілі таксама і замежнікі. Рок-музыкі ў спісе апынуліся тыя ж, што і ў мінулы раз, плюс «Крама», «Ляпіс Трубяцкі», «Крамбамбуля» і Naka.[44][48][50][51]

З 2004 года і да 2015 года прадстаўнікі ўлады адмаўлялі існаванне якіх-небудзь «чорных спісаў»[52]. Музыкі заяўляюць, што канцэрты адмяняюцца без тлумачэння прычын. Адной з прычын скасавання называецца пункт 5 раздзелу 2 указа № 257[к. 1]. У гэтых умовах музыкі паведамляюць, што ім даводзіцца праводзіць падпольныя канцэрты[53].

Удзел у міжнародных конкурсах

NaviBand

Прадстаўнікі беларускага року ўдзельнічаюць у «Еўрабачанні». Так, N.R.M. прымала ўдзел у адборы на «Еўрабачанне-2013». У 2012 годзе прадстаўнікамі краіны на «Еўрабачанні» стаў рок-гурт Litesound. У 2017 годзе Беларусь на «Еўрабачанні-2017» прадстаўляў інды-гурт NaviBand, якая прайшоў у фінал конкурсу, дзе заняў 17-е месца. Песня «Гісторыя майго жыцця» стала першай песняй на беларускай мове, якая была выканана на конкурсе песні «Еўрабачанне».[54]

Вядомыя фестывалі

Гл. таксама

Заўвагі

Зноскі

Літаратура

Спасылкі