Полацк
По́лацк[4] (трансліт.: Polack) — горад у Віцебскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Полацкага раёна, на рацэ Заходняя Дзвіна пры ўпадзенні ў яе ракі Палата. Знаходзіцца непадалёк ад Наваполацка, за 100 км ад Віцебска. Вузел чыгунак, лініі на Маладзечна, Віцебск, Невель (Расія), Даўгаўпілс (Латвія) і аўтамабільных дарог. Насельніцтва 85 012 чал. (2017)[5].
Горад Полацк
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Назва
Назва Полацка ўтворана ад назвы ракі Палата. Палата (балцк. *Palatà) — назва балцкага паходжання, звязаная з латышскім pali «паводка, затапленне вадой прылеглай да ракі мясцовасці», palas «забалочаны бераг возера», літоўскім palios «балаціна на месцы зарослага возера»[6][7][8]. Значэнне назвы можна перадаць як «Рака, што разлілася», гэтая семантыка можа сягаць часоў пасляледавікоўя.
Тапонім «Полацк» утварыўся ад імя ракі Палата па самай старажытнай мадэлі — уласная назва ракі + -ск[9].
У старабеларускіх пісьмовых помніках назва горада зафіксавана ў формах Полоцк, Полоцъкъ, Полотскъ, Полотескъ, Полтескъ, Плтескъ, Полческъ[9], у нямецкіх хроніках Плоцэке[10], у скандынаўскіх сагах Pallteskiuborg, Palteskia[11].
У айканіміі беларускіх зямель суфікс -ск (-цк) з’яўляецца глыбока традыцыйнай рэліктавай з’явай, якая падкрэслівае самабытнасць беларускага народа і старажытнасць тэрыторыі яго рассялення. Такі суфікс адзначаецца з IX—X стст., у тым ліку ў назве яшчэ аднаго са старажытнейшых гарадоў — Смаленска, засведчанай летапісамі пад 863 годам. Звыш паловы гарадоў з назвамі на -ск, згаданых у летапісах XI ст., прыпадае менавіта на зону фармавання беларусаў, дзе гэты суфікс выяўляе прадуктыўнасць і ў наступныя стагоддзі. Кожны трэці беларускі горад з ліку тых, што занесены ў «Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» канца XIV ст., заканчваецца на -ск (-цк)[9].
Варыянт Полацак не тлумачыцца праз фанетычныя законы беларускай мовы і на працягу стагоддзяў практычна не выходзіў за межы вуснага ўжытку. Пачатак яго пісьмовага выкарыстання адносіцца да канца XIX ст. Форма Полацак даволі актыўна выкарыстоўвалася пазней, у 1920-х гадах, у БССР (гл., напрыклад, Кайгарадаў А. І. Кліматычны атляс Беларусі. Менск, 1927), а таксама ў Заходняй Беларусі да часу яе ўваходжання ў склад БССР[9].
У наш час па-ранейшым дамінуе форма на -цк, хоць у асобных выданнях і цяпер ужываецца варыянт Полацак[9].
Гісторыя
Заснаванне
Упершыню Полацк згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 862—865 гг. Але гэтая дата, відаць, не вельмі дакладная, бо летапіс пісаўся праз 200—250 гадоў пасля падзей. Звычайна першую згадку Полацка звязваюць з паведамленнем «В лето 6370 [862] и прия власть Рюрик, и раздал мужем своим грады, овому Полотеск, овому Ростов, другому Белоозеро…»[12], але гэта, відаць, устаўка пазнейшага летапісца, бо ў IX ст. яшчэ не існавала Растова (з’явіўся ў канцы X ст.), які тут згадваецца разам з Полацкам. Іпацьеўскі летапіс паказвае Рурыка і яго «мужоў» у якасці заснавальнікаў гарадоў:
И прия Рюрикъ власть всю одинъ... и роздая мужемъ своимъ волости и городы рубити овому Полътескъ, овому Ростовъ... |
Верагоднае ўпамінанне Полацка датычыць паходу на палачан, паводле «Аповесці мінулых гадоў», кіеўскіх князёў Аскольда і Дзіра, які адбыўся ў тыя ж 862—865 гады «Того же лета воеваша Асколд и Дир Полочан и много зла сътвориша».
Але дзе знаходзіўся Полацк у IX ст., летапісы не паведамляюць. Адказ на гэта пытанне паспрабаваў даць беларускі археолаг А. М. Ляўданскі, які ў 1928 заклаў некалькі шурфоў на гарадзішчы. У выніку раскопак ім былі знойдзены археалагічныя матэрыялы, у першую чаргу ляпная кераміка IX—X стст. Гэта дазволіла яму зрабіць выснову, што старажытны Полацк знаходзіўся на гарадзішчы[14]. З высновай А. М. Ляўданскага пагадзіліся вядомыя беларускія археолагі Г. В. Штыхаў і С. В. Тарасаў. Яны лічылі, што Полацк развіваўся як цэнтр племяннога аб’яднання крывічоў у IX ст. знаходзіўся на гарадзішчы[15].
Развіццё
У IX ст. Полацк размяшчаўся на гарадзішчы (плошча часткі, якая захавалася каля 1 га) на правым беразе Палаты (адсюль назва). Хуткаму развіццю Полацка спрыяла яго выгаднае размяшчэнне на гандлёвым шляху з Рыжскага заліва да Кіева і Чорнага мора, праз вярхоўі Заходняй Дзвіны і Волгі да краін Усходу (частка шляхоў з вараг у грэкі і з вараг у арабы). У X—XIII ст. цэнтр Полацкага княства. У XI ст. на тэрыторыі сённяшняга Верхняга замка пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор. У XII ст. сфарміравалася самабытная школа дойлідства, пабудаваныя Полацкі княжацкі храм і княжацкі палац, Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр, заснаваны Полацкія Спаскі і Багародзіцкі манастыры і інш. У XII ст. тут працавалі майстар-ювелір Лазар Богша (стварыў крыж Еўфрасінні Полацкай) і дойлід Іаан, які пабудаваў Полацкую Спаскую царкву. З сярэдзіны XIII ст. Полацк у складзе Вялікага Княства Літоўскага, самы вялікі яго горад у XIV—XVI стст., меў адмысловыя правы («Полацкія прывілеі»). Тут былі створаныя Полацкія Евангеллі XII—XIV ст., у горадзе пры Сафійскім саборы з XI ст. была бібліятэка. Каля 1490 года ў Полацку нарадзіўся дзеяч культуры эпохі Адраджэння Францыск Скарына. У 1498 годзе Полацк атрымаў магдэбургскае права. З 1504 года цэнтр Полацкага ваяводства. З XVI ст. горад меў свой герб. Падчас вайны 1654—1667 гадоў заняты рускімі войскамі, паводле Андрусаўскага перамір’я (1667) вернуты Рэчы Паспалітай. У другой палове XVII — першай палрве XVIII стст. прыйшоў у заняпад.
У ліпені 1705 года расійскі цар Пётр І па дарозе ў Прыбалтыку спыніўся лагерам са шматтысячным маскоўскім войскам пад Полацкам. 11 ліпеня (30 чэрвеня па старым стылі) цар наведаў Сафійскі сабор, у якім у раз’юшаным стане разам са світай закатаваў 5 манахаў-базыльянаў. Архімандрыта Якуба Кізікоўскага царскія служкі катавалі ўсю ноч, каб дазнацца месца схову манастырскіх скарбаў. Целы ахвяраў спалілі, а Сафійскі сабор і базыльянскі манастыр разрабавалі. Частка маёмасці перайшла цару, а частка — у маскоўскую казну. З самога сабора зрабілі вайсковы склад. А Еўропу абляцела вестка: «Жорсткае забойства на Белай Русі! Ахвяры — безабаронныя служкі Бога, манахі ордэну Васіля Вялікага. З імі расправіліся ў хрысціянскай святыні — Сафійскім саборы ў Полацку. Учыніў расправу каранаваны забойца — цар Пётр I». 1 мая 1710 года па загаду князя Меньшыкава Сафійскі сабор узарвалі. 22 лістапада 1710 года Апостальская Сталіца публічна асудзіла Петра І за пераслед Уніяцкай Царквы[16].
У складзе Расійскай імперыі
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе правабярэжная частка Полацка увайшла у склад Расійскай імперыі. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе — левабярэжная частка горада.
Пасля падпісання папай рымскім Кліментам XIV булы 1773 года аб забароне дзейнасці «Таварыства Ісуса», Полацк становіцца цэнтрам збору езуітаў свету і паступова ператвараецца ў своеасаблівую іх сталіцу. З 1776 года цэнтр Полацкай губерніі, у 1778—1796 гадах — намесніцтва, з 1796 года цэнтр павета Беларускай, з 1802 года Віцебскай губерніі.
Савецкі перыяд
У другой палове жніўня 1919 года фронт наблізіўся да Полацка. 20 верасня 1919 года польскія войскі выйшлі да Полацка, да вечара занялі задзвінскую частку горада. Аднак, спроба захапіць увесь горад правалілася і пачалася пазіцыйная вайна, якая працягвалася 8 месяцаў[17]. У сярэдзіне жніўня 1920 г. Полацкі рэўкам паведамляў, што «горад разбураны, маёмасць раскрадалі, павялічыліся павальныя разбоі і забойствы»[18]. У справаздачах павятовай міліцыі паведамлялася, што ў горадзе, напоўненны ваеннымі, з’явілася шмат жанчын, якія ў сілу пэўных жыццёвых абставінаў, займаліся прастытуцыяй. Згодна справаздач міліцыі ў горадзе летам 1919 г. было 9 дамоў цярпімасці[19].
З 1924 года Полацк — цэнтр раёна, у 1924—1930 і 1935—1938 гадах цэнтр акругі. З 1938 года ў Віцебскай вобласці. У 1944—1954 цэнтр Полацкай вобласці. 22 снежня 1959 года ў гарадскую мяжу горада ўключана вёска Кароўнікі Экіманскага сельсавета[20], 2 лістапада 1972 года — вёскі Меліярацыйная, Спас-Слабада Салоніцкага сельсавета і Пагіршчына Баравухскага сельсавета[21].
У 1989 годзе Полацк стаў першым у Беларусі гісторыка-культурным горадам-запаведнікам.
Сучасная гісторыя
14 студзеня 2013 года ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за нумарам 27 «Аб аб’яднанні раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання Рэспублікі Беларусь, якія маюць агульны адміністрацыйны цэнтр» Полацк быў пазбаўлены статусу горада абласнога падпарадкавання.
Насельніцтва
Эканоміка
Прадпрыемствы хімічнай (ААТ Полацк-Шкловалакно), машынабудаўнічай і металаапрацоўчай, лёгкай, харчовай, паліграфічнай прамысловасці, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. Полацкая ЦЭЦ. Полацк — перспектыўны цэнтр турызму Беларусі міжнароднага значэння. Гасцінічны комплекс «Славянскі», гасцініца «Дзвіна».
Культура
У горадзе створаны Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, які ўключае пастаянна дзеючыя музеі: Полацкі краязнаўчы музей, Музей беларускага кнігадрукавання, Полацкі музей-бібліятэку Сімеона Полацкага, Полацкі музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я, Полацкі музей баявой славы, Полацкі музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, Полацкі дзіцячы музей, музей Тусналобавай-Марчанка, Полацкую стацыянарную выстаўку «Прагулка па Ніжнепакроўскай», прыродна-экалагічны музей Мастацкую галерэю.
З 2003 года працуе філіял Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа.
Адукацыя
У Полацку размяшчаецца гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта (астатнія — у Наваполацку).Працуюць:
- Полацкі дзяржаўны лясны каледж,
- Полацкі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж,
- Полацкі гандлёва-тэхналагічны каледж,
- Полацкі дзяржаўны медыцынскі каледж імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанка,
- Полацкі дзяржаўны хіміка-тэхналагічны каледж,
- Полацкая дзяржаўная гімназія № 1 імя Францыска Скарыны,
- Полацкае кадэцкае вучылішча (на базе ўстановы адукацыі «Полацкая дзяржаўная агульнаадукацыйная сярэдняя школа № 4») .
- Дзяржаўная ДЮСШ Полацкага раёна
Спорт
Славутасці
- Курган Бессмяротнасці (1966)
- гарадзішча і паселішча IX—X стст.
- Барысаў камень (помнік эпіграфікі XII ст.)
- руіны Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра (XII ст.)
- Полацкі Сафійскі сабор
- Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр (і Крыжаўзвіжанскі сабор)
- Ніжні замак (вядомы як «Вал Івана Грознага»)
- Полацкая кірха
- Езуіцкі калегіум (XVIII—XIX ст.)
- Полацкі дом Пятра I
- Богаяўленскі мужчынскі манастыр (і Богаяўленскі сабор)
- Полацкі «Чырвоны мост»
- фрагменты жылой забудовы (XVII—XIX ст.)
- Помнік «Полацк – геаграфічны цэнтр Еўропы», памятны знак у гонар Геаграфічнага цэнтра Еўропы.
- Помнік героям Айчыннай вайны 1812 года
- Памятны знак «Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці»
- Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар бернардзінцаў
- Касцёл Святога Андрэя Баболі
- Свята-Успенская царква (стараабрадніцкая, 1998 года)
Галерэя
- «Сафія» з боку апсіды
- Барысаў камень
- Царква Яўлення Гасподняга
- Царква Св. Спаса
- Лютаранская кірха
- Манастыр Спаса-Ефрасіннеўскі
- Царква Уздзвіжання Св. Крыжа
- Касцёл Св. Андрэя Баболі
- Царква Пакрова Прасв. Багародзіцы
- Помнік Францыску Скарыну
- Прыродна-экалагічны музей
Вядомыя асобы
- Ісак Міронавіч Гамус — вучоны ў галіне гідраэнэргетыкі. Ганаровы энергетык СССР.
- Віктар Іванавіч Чуяшоў — беларускі навуковец.
- Аляксандр Васільевіч Тузікаў — беларускі навуковец у галіне матэматычнай кібернетыкі і інфарматыкі.
- Андрэй Сцяпанавіч Струеў — генерал-маёр артылерыі.
- Каэтан Андрэевіч Касовіч — санскрытолаг, філолаг, перакладчык, педагог.
- Георгій Аляксандравіч Аксянёнак — юрыст і прафесар.
- Абрам Давыдавіч Абкін — фізікахімік.
- Анатоль Сяргеевіч Ізаітка — беларускі мастак.
- Галіна Сцяпанаўна Васільева — беларуская мастачка.
- Мікалай Леанідавіч Генаў — заслужаны трэнер.
- Аркадзь Сцяпанавіч Казлоў — ганаровы грамадзянін г. Наваполацка (2008).
- Іван Епіфанавіч Аляксееў — Герой Савецкага Саюза.
- Вольга Антропава — Міс Беларусь-2004.
- Алесь Аркуш — беларускі паэт, эсэіст, выдавец.
- Уладзімір Арлоў — беларускі пісьменнік.
- Валянцін Вячаслававіч Базыльчык (1935—1993) — вучоны ў галіне арганічнай хіміі, доктар хімічных навук. Заслужаны дзеяч навукі Чувашыі[25].
- Лявон Пятровіч Баршчэўскі — беларускі філолаг, перакладчык.
- Юлій Саламонавіч Берзін — савецкі пісьменнік.
- Максім Андрэевіч Вавілаў — савецкі ваенны дзеяч.
- Пятро Васючэнка — беларускі пісьменнік.
- Барыс Галёркін — інжынер, спецыяліст у галіне тэорыі пругкасці, матэматык, акадэмік АН СССР.
- Навум Гальпяровіч — беларускі паэт і журналіст.
- Максім Гальпяровіч — беларускі гісторык, галоўны рэдактар «Беларускага гістарычнага часопіса».
- Дзмітрый Кайгародаў — біёлаг, фенолаг, арнітолаг, папулярызатар прыродазнаўства, педагог.
- Аркадзь Цімафеевіч Караткоў — беларускі архітэктар.
- Валянцін Антонавіч Лукша — беларускі паэт.
- Вінцэсь Мудроў — беларускі пісьменнік.
- Ксенія Максімаўна Пагарэлая — беларуская арганістка.
- Еўфрасіння Полацкая (XII ст.) — беларуская асветніца, заступніца Беларусі. Прылічана да ліку праваслаўных святых.
- Параскева Полацкая — полацкая князёўна.
- Сімяон Полацкі (1629—1680) — выдатны беларускі і рускі паэт, асветнік, энцыклапедыст.
- Рагнеда Рагвалодаўна (966—1000) — княжна полацкая.
- Віктар Антонавіч Рыбчынскі — беларускі акцёр тэатра і кіно
- Алесь Савіцкі — беларускі пісьменнік
- Сяргей Пятровіч Сахараў — беларускі фалькларыст
- Францыск Скарына (каля 1490 — каля 1551) — усходнеславянскі першадрукар, асветнік, перакладчык.
- Лера Сом — беларускі паэт, празаік, бард.
- Усяслаў Брачыславіч (~1029 — 14.4.1101) — князь полацкі.
- Хаджы Хасроў (да 1563 — пасля 1595) — персідскі дыпламат.
- Міхаіл Львовіч Хейфец — беларускі вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання
- Мэры Энцін — амерыканская пісьменніца.
- Ігар Мікалаевіч Шаруха (нар. 1968) — географ, краязнаўца.
- Нінэль Шчасная — беларускі жывапісец і графік.
- Віктар Іванавіч Яронька — Герой Савецкага Саюза (1944). Ганаровы грамадзянін Наваполацка.
- Якаў Палачанін — удзельнік Неўскай бітвы супраць шведаў, якія напалі на Наўгародскую зямлю.
- Сяргей Юльянавіч Шлапак (нар. 1952) — беларускі палітык.
- Аляксандр Міхайлавіч Галёркін (нар. 1916) — савецкі жывапісец.
Гарады-пабрацімы
У філатэліі
Гл. таксама
Зноскі
Літаратура
- Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 301.
Спасылкі
Полацк у Вікіцытатніку | |
Полацк на Вікісховішчы |
- Раздзел «Полацак — крывіцкая сталіца» на сайце «Весткі» Архівавана 5 сакавіка 2008.
- Полацк Архівавана 22 сакавіка 2013. на афіцыйным сайце Рэспублікі Беларусь Архівавана 25 жніўня 2010.
- Раздзел «Полацк» на сайце «Радзіма майго духу»
- Навіны Полацка на сайце Westki.info Архівавана 27 кастрычніка 2010.
- Надвор’е ў Полацку
- ePOLOTSK.com — гісторыя і краязнаўства Полацка
- Полацак. Сталіца першай дзяржавы / Загадкі беларускай гісторыі на YouTube
- Проект «Война народная» (6 серия): Цель особенной операции «Звездочка». Партизаны Беларуси (видео) (руск.). www.tvr.by -- государственный телеканал «Беларусь 1». (7 жніўня 2023). Праверана 10 лютага 2024.
- Цель особенной операции «Звездочка». Партизаны Беларуси. Проект телеканала «Беларусь 1» «Война народная» (руск.). дублікат сюжэта tvr.by на youtube.com (7 жніўня 2023). Праверана 10 лютага 2024.