Дыялекты беларускай мовы

Беларуская народна-дыялектная мова падзяляецца вучонымі на два асноўныя дыялекты, паўночна-ўсходні дыялект і паўднёва-заходні дыялект, падзеленыя пераходнымі сярэднебеларускімі гаворкамі. Гаворкі беларускай народна-дыялектнай мовы адрозніваюцца адна ад адной лексікай, характарам акання, наяўнасцю цвёрдага «Р» ва ўсякім становішчы або ў пэўных умовах, або змешваннем цвёрдага «Р» з мяккім, наяўнасцю або адсутнасцю дыфтонгаў, дзекання і цекання, змешвання «Ч» і «Ц» і г. д., а таксама ўяўляюць змешаныя гаворкі па суседстве з украінскімі, паўночна- і паўднёварускімі.

Дыялекты беларускай мовы[1]:      Паўночна-ўсходні      Паўднёва-заходні      Сярэднебеларускія гаворкi
     Палескія (заходнепалескія) гаворкі
Лініі:
     Мяжа беларускіх гаворак (1903, Карскі)      Усходняя мяжа заходняй групы рускіх гаворак (1967, Захарава, Арлова)      Мяжа беларускіх і ўкраінскіх гаворак (1980, Беўзенка)

Вялікі ўклад у вывучэнне асаблівасцей гаворак беларускай мовы ўнёс акадэмік Расійскай Імператарскай Акадэміі навук Яўхім Карскі. Пасля Другой сусветнай вайны Інстытутам мовазнаўства Акадэміі навук БССР сумесна з Беларускім дзяржаўным універсітэтам і педагагічнымі інстытутамі савецкай рэспублікі было арганізавана падрабязнае і сістэматычнае вывучэнне гаворак беларускай мовы ў дзяржаўных межах БССР. На аснове сабраных матэрыялаў быў складзены падрабязны «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», не ўсе мовы свету і нават не ўсе мовы Еўропы маюць такія навуковыя працы ў галіне дыялекталогіі.

У Беларусі таксама існуе такая з’ява, як трасянка. Гэта — размоўная мова з пераважна рускай лексікай, але беларускай граматыкай і фанетыкай. Утварылася трасянка ў выніку змешвання народна-дыялектнай беларускай мовы з сучаснай рускай літаратурнай мовай. Адзначаецца, што трасянка пранікае і ў публіцыстыку. Літаратурная беларуская мова выкарыстоўваецца галоўным чынам гарадской інтэлігенцыяй; вялікая частка гарадскога насельніцтва карыстаецца сучаснай рускай літаратурнай мовай.

Класіфікацыя беларускіх дыялектаў

Для беларускай мовы вылучаюць наступныя асноўныя групы дыялектаў[2]:

  • Паўночна-ўсходні дыялект — Віцебская вобласць, паўночны ўсход і цэнтральная частка Магілёўскай вобласці
    • Віцебская група дыялектаў — усход Віцебскай вобласці
    • Полацкая група дыялектаў — заходняя і цэнтральная часткі Віцебскай вобласці і паўночны захад Магілёўскай вобласці
    • Усходне-Магілёўская група дыялектаў — усход і частка цэнтра Магілёўскай вобласці
  • Сярэднебеларускія дыялекты — паласа праз поўнач Гродзенскай, цэнтр Мінскай, паўднёвы захад Магілёўскай і паўночны ўсход Гомельскай абласцей
  • Паўднёва-заходні дыялект — Гродзенская вобласць, поўдзень Мінскай вобласці і Гомельскай вобласці
    • Гарадзенска-Баранавіцкая група дыялектаў— Гродзенская вобласць і поўнач Брэсцкай вобласці
    • Слуцкая група дыялектаў — поўдзень і паўднёвы ўсход Мінскай вобласці, Гомельская вобласці
    • Мазырская група дыялектаў — поўдзень Гомельскай вобласці
  • Палеская група дыялектаў — паўднёвы захад Брэсцкай вобласці

Гл. таксама

Зноскі

Спасылкі