Жыве Беларусь!

беларускі патрыятычны лозунг

Жыве Беларусь! — патрыятычны заклік-дэвіз, скіраваны на абуджэнне нацыянальна-грамадзянскіх пачуццяў, кансалідацыю народу Беларусі ў абарону свабоды, незалежнасці сваёй краіны, роднай мовы, усёй нацыянальнай культуры[1]. Шырокае ўжыванне гэтага выразу-фразеалагізму ў розныя часы стала магчымым дзякуючы яго зместу — зычанню росквіту сваёй зямлі, сваёй дзяржаве[2]. Разглядаецца як нацыянальны дэвіз[3] — адзін з беларускіх нацыянальных сімвалаў разам з гербам Пагоняй і бела-чырвона-белым сцягам[4] — у якім у максімальна лапідарным (сціслым) выглядзе фармулюецца беларуская нацыянальная ідэя[5][6].

Гісторыя

Вялікая беларуская рада, кастрычнік 1917 г. На фоне палотнішча з надпісам «Нехай жыве вольная Беларусь»

Бярэ вытокі ад паўстанцкага руху 1863—1864 гадоў, дзейнасці яго кіраўніка Кастуся Каліноўскага, нелегальнага паролю віленскай рэвалюцыйнай арганізацыі: «Люблю Беларусь. — Так узаемна»[1]. Канчатковую ідэйна-мастацкую лапідарную завершанасць набывае ў вершы Янкі Купалы «Гэта крык, што жыве Беларусь» (1905—1907):

 «А вот як не любіць гэта поле, і бор,
І зялёны садок, і крыклівую гусь!..
А што часам тут страшна заенча віхор, —
Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь![7]

Паштоўка «Няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка. Гербы Беларускіх ваяводзтваў» 1918—1920

У самім вершы малады паэт мерна і журботна апісвае з вялікай любоўю Беларусь і з вялікім болем — лёс яе народу, а заканчэнне ў выглядзе аксюмарану разглядаецца як самасцверджанне беларусаў і маніфестацыя схаванай беларускай моцы: «мы — ёсць!»[3]. Апошнія словы верша ў якасці эпіграфа да надрукаванага ў 1908 годзе артыкулу «Вялікае свята „Жалейка“ Янука Купалы» ўзяў літаратурны крытык і публіцыст Уладзімір Самойла[8]. Гэта спрыяла папулярызацыі выразу, які ў розных формах замацоўваўся ў паэтычных і публіцыстычных творах беларускіх пісьменнікаў, ідэолагаў нацыянальнага руху[1]. Сярод іншага, назву «Жыве Беларусь!» атрымаў верш Хведара Чарнышэвіча, апублікаваны ў 1912 годзе.

Вар’іруецца і замацоўваецца ў паэтычных і публіцыстычных творах многіх іншых пісьменнікаў-нашаніўцаў, ідэолагаў нацыянальнага руху[1].

Покліч «Жыве Беларусь!» адразу перанялі беларускія публіцысты-адраджэнцы як знак беларускага самаўсведамлення: «… Плыве жывое беларускае слова, будзячы сэрцы беларусаў і паказваючы ўсім, што „Жыве Беларусь!“» (Наша Ніва, 11 лістапада 1910 года). У рэдакцыйнай нататцы «Нашай Нівы» (1911 год, № 9—10) адзначалася:

Расце беларускі нацыянальны рух, будзяцца да новага, уласнага жыцця забытыя ўсімі ўбогія беларускія вёскі; будзяцца і пачынаюць пазнаваць свае нацыянальнае імя нашы мястэчкі і месты. Будзіцца аграмадны крывіцкі абшар родных гоняў, лугоў і лясоў, і ў песнях народных песняроў грымне, што „Жыве Беларусь!“

У нумары 46 за 1912 год газеты «Наша ніва» Змітрок Бядуля скончыў артыкул «Уся сіла ў праўдзе» словамі «Жыве Беларусь!»[9]:

І цяпер у сёмую гадаўшчыну наша роднай газэты, адзін толькі кліч, адзін прывет выраваецца з грудзей сьвядомаго Беларуса, каторы напаўвне радасьцю сэрцэ і ёсць найбольшай платай за паложэную працу усім працаўніком на роднай ніве гэта «Жыве Беларусь!»

У мадыфікаваным, разгорнутым выглядзе — «Няхай жыве вольная Беларусь» — выраз вышылі золатам на беларускіх нацыянальных бел-чырвона-белых сцягах, пашытых паводле эскіза Клаўдзія Дуж-Душэўскага і разасланых у беларускія арганізацыі ўвесну 1917 года[10]. Лозунг «Няхай жыве вольная Беларусь!» заняў цэнтральнае месца над прэзідыумам Усебеларускага з’езду 1917 года[10]. Яго шырока выкарыстоўвалі ў грамадска-палітычным жыцці Беларускай Народнай Рэспублікі, потым, у саветызаванай форме, у Беларускай ССР («Няхай жыве Савецкая Беларусь!» і інш.)[1][11]. Сярод іншага, у студзені 1918 года дэвіз «няхай жыве на вякі [вольная Беларусь]» з’явіўся ў звароце да беларускай моладзі генерала Канстанціна Аляксееўскага[12], надрукаваным у часопісе «Чырвоны шлях» (Петраград) — першым беларускім савецкім выданнем. У рэзалюцыі з’езду Случчыны ад 14 лістапада 1920 года адзначалася:

Хай жыве вольная, незалежная Народная Беларуская Рэспубліка ў яе этнаграфічных межах![13]
«Пагоня» Я. Драздовіча, 1927 г.

У пачатковай форме — «Жыве Беларусь!» — выраз упершыню загучаў як палітычны нацыянальны заклік у 1918 годзе (выступ у Кіеўскім універсітэце Антона Баліцкага, якому гэта ставіў у віну Сямён Вальфсон[14]). У 1920-я гады покліч «Жыве Беларусь!» ужываўся на сходах беларускіх студэнтаў у Празе, пазней — на грамадскіх сходах у Парыжы, Вільні[15]. Надпіс «Жыве вольная Беларусь» (лац.: Vivat Albarussia Liberta) змясціў на сваё карціне «Пагоня» (1927) беларускі мастак Язэп Драздовіч[3].

Гэты ж заклік-дэвіз у мадыфікаваным, разгорнутым выглядзе — «Няхай жыве вольная Беларусь!» — прагучаў на Усебеларускім з’ездзе 1917, атрымаў пашырэнне ў грамадска-палітычным жыцці Беларускай Народнай Рэспублікі, потым, у саветызаванай форме, у БССР («Няхай жыве Савецкая Беларусь!» і інш.)[1][16].

З вокладкі часопіса БССР, 1938 г.

У Другую сусветную вайну выраз «Жыве Беларусь!» ужываўся беларусамі незалежна ад палітычных поглядаў. У 5-м раздзеле статута Саюза беларускай моладзі рэгламентавалася: «прывітаннем і развітаннем з’яўляецца падняцце правае рукі із словамі „Жыве Беларусь!“ — „Жыве“»[17]. У ліпені 1943 года СБМ атрымаў свой друкаваны орган — штомесячнік «Жыве Беларусь!»[18]. У верасні 1944 года пры берлінскай арганізацыі «Вінета» ўтварылася гастрольная тэатральная трупа пад назвай «Жыве Беларусь»[19]. З іншага боку покліч «Жыве Беларусь!» ужывалі савецкія партызаны. У лютым 1942 года лозунг «Няхай жыве свабодная Беларусь» быў змешчаны на першай старонцы савецкага агітацыйнага выдання «Раздавім фашысцкую гадзіну» (№ 32)[20]. У фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея захоўваюцца ўлёткі з тэкстам «Партызанскага маршу»[2] (аўтар тэксту[21] — Пімен Панчанка[22]):

 «На прускага ката
За вёску і хату!» —
Кліч помсты народнай заве.
Ідуць у атаку лясныя салдаты,
Грукочуць гранаты,
Грымяць аўтаматы:
— Жыве Беларусь!
Жыве![23][24]

Тым часам яшчэ ў лістападзе 1942 года ў Маскве адкрылася экспазіцыя пад назвай «Беларусь жыве, Беларусь змагаецца, Беларусь была і будзе савецкай»[25]. Яна працавала да жніўня 1944 года, пакуль не пераехала ў заняты Чырвонай Арміяй Мінск[26].

Беларуская эміграцыйная паштоўка, 1940-я гг.

Пасля вайны выраз «Жыве Беларусь!» стаў прыкметным, неад’емным элементам палітычнага і духоўнага жыцця Беларускай эміграцыі. Пад такой назвай выходзілі часопісы, а пазней так зваўся перыёдык Беларускага вызваленчага руху (1957—1962, Англія — ЗША), бюлетэнь БЦР (1976—1986, Германія — ЗША). Пашырэнню выразу «Жыве Беларусь!» у Заходняй Еўропе спрыяла дзейнасць тэатральнай беларускай трупы такой жа назвы. У 1944—1948 гадах гэтая трупа зладзіла ў Германіі сотні выступаў, як для беларусаў, так і для іншых гледачоў. Покліч «Жыве Беларусь!» стаў стандартавым для беларускіх скаўтаў пры абавязковым характары афіцыйнага скаўцкага поклічу «Напагатове!». Арганізацыі моладзі, студэнцкія і грамадскія суполкі выдалі дзясяткі жэтонаў, плакатаў, паштовак з надпісамі «Жыве Беларусь». Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі аздобіла летнія саколкі надпісам «Жыве Беларусь»[15].

Плакат дзяржаўнага выдавецтва БССР, 1947 г.

У паваеннай Беларусі дэвіз «Жыве Беларусь!»[2] працягваў афіцыйна ўжывацца ў саветызаванай форме «Няхай жыве Савецкая Беларусь!»[27], што засведчылі плакаты дзяржаўнага выдавецтва БССР (1947 год)[28], мастакоў Мікалая Гуціева (1948 год)[29], Яфіма Тараса (1949 год)[30], Пятра Калініна (1958 год)[31], Уладзіміра Васюка (1988 год, з азначэннем «працоўная» замест «Савецкая»)[32] і Івана Уладычыка (1989 год)[33]. Пра неафіцыйнае ўжыванне пачатковага выразу «Жыве Беларусь!» сведчыць аднайменны верш, напісаны ў 1976 годзе гісторыкам і публіцыстам Міколам Ермаловічам[34]. З пачаткам працэсу дэмакратызацыі ў СССР аднаўленне і грамадскую легітымнасць уласна выразу «Жыве Беларусь!» абумовіла развіццё руху Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне» і іншых грамадскіх арганізацый[1].

Рэспубліка Беларусь

Сотні тысяч пратэстоўцаў гукаюць «Жыве Беларусь!» у час акцыі пратэсту ў Мінску, 2020 г.

Па аднаўленні незалежнасці Беларусі ў 1990 годзе заклік «Жыве Беларусь!» загучаў у афіцыйных выступах, на ўрачыстых імпрэзах і сходах, у зале парламента незалежнай Беларусі[35]. Тады ж з’явілася песня «Жыве Беларусь!» (музыка — Васіль Раінчык, словы — Леанід Пранчак), якая прэтэндавала на статус дзяржаўнага гімну Беларусі[36]. У 1993 годзе пад назвай «Янка Купала. Жыве Беларусь» у дзяржаўным выдавецтве Мастацкая літаратура выйшаў зборнік твораў народнага песняра, прысвечаных Беларусі і яе гісторыі, куды ўвайшлі ў тым ліку прыхаваныя савецкімі ўладамі вершы і публіцыстычныя артыкулы[37].

Па ўсталяванні аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі і аднаўленні палітыкі русіфікацыі Беларусі (1995 год) выраз у сваёй пачатковай форме — «Жыве Беларусь!» — практычна знік з афіцыйнага ўжытку, аднак працягваў шырока выкарыстоўвацца ў асяроддзі дэмакратычнай апазіцыі. Заклік «Жыве Беларусь! Жыве вечна!» пашыраў легендарны герой беларускага руху Мірон, які рэгулярна ўздымаў нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг у цяжкадаступных (высокіх і небяспечных) месцах[38]. Тым часам супрацоўнікі сілавых структур рэжыму Лукашэнкі пры затрыманнях і арыштах яго апанетаў запісвалі ў пратаколы, што тыя «выкрыквалі антыдзяржаўны лозунг „Жыве Беларусь!“»[6]. У 2012 годзе на 62-м Канскім кінафестывалі адбылася прэм’ера фільма «Жыве Беларусь», у якім апавядалася пра рэаліі палітычнага рэжыму Лукашэнкі.

Разам з тым пад дэвізам «Жыве Беларусь!» у 1990—2020 гадах выходзіла «Народная газета»[39] (гэты дэвіз з’явіўся намаганнямі яе першага галоўнага рэдактара Іосіфа Сярэдзіча[40]) — афіцыйнае друкаванае выданне парламенту Беларусі, а з 1996 года — створанага Лукашэнкам Нацыянальнага сходу. У 2002 годзе ўлады зацвердзілі афіцыйны гімн з радком у прыпеве «Вечна жыві і квітней, Беларусь!», што з’яўляецца мадыфікаваным паводле структуры заклікам «Жыве Беларусь!» або «Няхай жыве Беларусь!»[2]. У 2007 годзе газета «Советская Белоруссия» зазначыла, што выраз «Жыве Беларусь!» паводле сэнсу цалкам адпавядае тагачасным афіцыйным лозунгам «За Беларусь!» і «Квітней, Беларусь!»[11].

У 2010-я гады адзначалася, што лозунг «Жыве Беларусь!» пашырыўся сярод беларусаў розных палітычных поглядаў і зноў стаў бесперашкодна публічна выкарыстоўвацца ў Беларусі[6][41]. Разам з тым у 2019 годзе ў мас-медыях асвятлялася неадназначная сітуацыя з размоўнікам на этыкетцы першага ў свеце валошкавага марожанае, дзе была фраза лацінкай «Жыве Беларусь!» з зацемкай «каб атрымаць павагу» (англ.: To earn respect)[42]. У продаж марожанае з гэтай фразай на пакунку паступіла 13 мая, аднак ужо 17 мая яно знікла з шмат якіх крамаў. З’явілася інфармацыя, што прычынай сталі скаргі з структур рэжыму Лукашэнкі на фразу «Жыве Беларусь!», тым часам паводле вытворцы, скаргаў на надпісы не паступала, а марожанае знікла праз нечакана высокі попыт[43]. Неўзабаве вытворца анансаваў змяненне ўсіх фразаў у размоўніку на этыкетцы (у тым ліку «Жыве Беларусь!»[44]), што патлумачылі наяўнасцю пачатковай задумы выкарыстаць агулам 30 розных надпісаў паводле колькасці дзён бязвізавага знаходжання замежнікаў у Беларусі ў час Еўрапейскіх гульняў[45].

У 2020 годзе заклік «Жыве Беларусь!» стаў адным з сімвалаў пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў, гвалту і беззаконня[4]. Тым часам у пратаколах і следчых пастановах рэжыму Лукашэнкі яго зноў сталі азначаць як «антыдзяржаўны лозунг»[46]. Апроч таго, сцвярджалася пра «цынічны змест», «абразлівы сэнс» і «знявагу маральных каштоўнасцей»[3]. Гэтыя азначэнні цалкам зняпраўдзіла экспертыза, праведзеная ў кастрычніку 2020 года супрацоўнікамі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Паводле высноў лігвістаў, гэты выраз адлюстроўвае сутнасць унутранай і замежнай палітыкі Беларусі, скіраванай на забеспячэнне росквіту краіны і росту дабрабыту яе грамадзян[2]. Тым часам ужо ў лістападзе 2020 года звязаны з рэжымам Лукашэнкі гісторык-прапагандыст Ігар Марзалюк спрабаваў публічна дыскрэдытаваць покліч «Жыве Беларусь!», даводзячы, што гэта калька на нямецкае нацыянал-сацыялістычнае «Зіг Гайль!», і дэманструючы забароненае нацысцкае прывітанне ў жывым эфіры (пры гэтым сцвярджаючы, што да вайны ўжываліся толькі «Няхай жыве вольная Беларусь» і «Няхай жыве Савецкая Беларусь»)[47].

Покліч «Жыве!» — у тым ліку як частка нацыянальнага дэвізу «Жыве Беларусь!» — стаў беларускім словам 2020 года паводле вынікаў галасавання, якое зладзіла Радыё Свабода[3]. У студзені 2021 года дацэнт канстытуцыйнага права Іван Пляхімовіч, аўтар двухтомнага «Каментарыя да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», выступіў з прапановай — замацаваць нацыянальны дэвіз «Жыве Беларусь!» у Канстытуцыі як дзяржаўны сімвал. Гэта мае спрыяць развіццю і адзінству беларускай нацыі, умацаванню яе духу, паказваць адметнасць беларусаў[4].

Падчас расійскага ўварвання ва Украіну 25 сакавіка 2022 года ў Дзень Волі беларускія добраахвотнікі батальёна імя Кастуся Каліноўскага прынялі прысягу, тэкст якой заканчваўся словамі «Жыве Беларусь!»[48].

Гл. таксама

Зноскі