Конунг

Ко́нунг (прагерм.: *kuningaz, стар.-сканд.: konungr, стар.-англ.: cyning) — старажытнаскандынаўскі тэрмін для абазначэння вярхоўнага кіраўніка. У эпоху Высокага Сярэднявечча гэты тэрмін адпавядае паняццю кароль (напр., шведскі кароль Магнус Ладулас).

Надпіс конунг (kunungi) на рунічным камені U 11.

Этымалогія і варыяцыі

Дакладная этымалогія слова з’яўляецца дыскусійнай і існуе некалькі версій. Паводле адной з іх *kun азначае сваяцтва, а тэрмін — нашчадак кіраўніка. Напрыклад, у Песні пра Рыга малодшым сынам Ярла згаданы Кон, які названы юным. У арыгінале гэта імя гучыць як стар.-сканд.: Konr ungr і азначае «юны нашчадак».

М. І. Сцеблін-Каменскі вызначае паходжанне слова конунг даданнем словаўтваральнага суфікса ingr/ungr да слова род (стар.-сканд.: Konr)[1], а, такім чынам конунг — чалавек з адпаведнага роду, сваяк[. 1].

Паводле іншых тэорый, *kuning-az- перакладаецца як «глава абшчыны» або «той, што належыць жанчыне» (стар.-сканд.: kona — жанчына), гэта значыць багіні-маці, што адлюстроўвае статусу конунга як вярхоўнага жраца, але апошняя версія мала верагодныя, на што паказвае развіццё тэрміна ў розных мовах. Напрыклад, у старажытнаанглійскім жанчына будзе cwene, у той час як род — стар.-англ.: cynn, а конунг — cyning.

Слова «князь»[2], якое ёсць ва ўсіх славянскіх мовах, па распаўсюджанай версіі таксама роднаснае слову конунг праз старажытнагерманскі корань *kun-ing- і з’яўляецца старажытным агульнаславянскім запазычаннем[3][4][5]. Гэта запазычанне сустракаецца і ў іншых негерманскіх мовах: у фінскай і эстонскай — kuningas; латышскай — kungs (гаспадар) і ķēniņš (кароль); літоўскай — kunigas ці kunigaikštis; саамскай — gonagas ці konagas; татарскай — kenäz; і іншыя[гл.]. У шэрагу выпадкаў запазычанне ішло не непасрэдна, а апасродкавана праз трэція мовы, напрыклад, праз рускую.

Таксама існуе мноства кенінгаў для абазначэння конунга, такія, напрыклад, як, згаданы ў Беавульфе, дарыльшчык пярсцёнкаў — як спосаб аддзячыць сваіх воінаў, шляхам раздачы ім залатых пярсцёнкаў.

Сацыяльнае становішча

Паводле Песні пра Рыга, конунгі выйшлі з асяроддзя ярлаў. Іх з’яўленне звязана з працэсам утварэння нацыянальных дзяржаў. Чым больш узбуйнялася дзяржава, тым больш узвышаўся адзін ярл над усімі астатнімі, бо гэтыя новыя дзяржаўныя ўтварэнні з’яўляліся падчас барацьбы ярлаў за вяршэнства. У выніку ярлы з вярхоўных і самастойных кіраўнікоў ператварыліся ў васалаў конунгаў і іх намеснікаў.

У перыяд да прыняцця хрысціянства конунг выконваў тры функцыі:

  • судовую падчас тынга;
  • ваенную падчас вайны;
  • жрэцкую падчас ахвярапрынашэнняў.

Становішча конунгаў з’яўлялася спадчынным, але для таго, каб узыйсці на прастол, яму патрабавалася ўхваленне народа. Усе сыны і людзі дастатковага паходжання маглі прэтэндаваць на тытул конунга (напрыклад, Отар з Холугаланда дамагаўся тытула конунга). Гэта акалічнасць нярэдка прыводзіла да двоеўладдзя, калі два браты адначасова станавіліся конунгамі.

У ранні перыяд конунг меў адзін або некалькі караблёў, дружыну (стар.-сканд.: drótt) і вялікі зямельны надзел — вотчыну. Апошняе нярэдка станавілася прычынай феадальных міжусобіц. У некаторых выпадках конунг не меў зямельных уладанняў і вёў вандроўны лад жыцця на караблі — такіх конунгаў называлі сэконунгамі (марскімі конунгамі).

У якасці жраца, конунг прасіў ухвалення сваіх дзеянняў багамі. Напрыклад, Эйрык Пераможца звяртаўся да Одзіна на трэці дзень бітвы на Фірысвеліры. Таксама конунг кіраваў блотам у важных грамадскіх месцах, такіх як Храм Упсалы. Адмова ад гэтага абавязку магла каштаваць конунгу ўлады. Так здарылася, напрыклад, з Хоканам Добрым, які спрабаваў навязаць хрысціянства супляменнікам, а таксама з Анундам Гордске, які з-за хрысціянскіх перакананняў адмовіўся ўдзельнічаць у блоце і быў зрынуты ў 1070 годзе.

Зноскі

Каментарыі

Гл. таксама