Марыя Мікалаеўна Косіч

(Пасля перасылкі з М. Косіч)

Марыя Мікалаеўна Косіч, у дзявоцтве Уладзімірава (1850, в. Расуха Мглінскага пав. Чарнігаўскай губ. — 28 сакавіка 1911, там жа) — беларуская фалькларыстка, этнограф і пісьменніца.

Марыя Мікалаеўна Косіч
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння30 лістапада 1850(1850-11-30)
Месца нараджэння
Дата смерці28 сакавіка (10 красавіка) 1911 (60 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасціпісьменніца, паэтка
Кірунакфалькларыстка, этнограф
Мова твораўбеларуская
ПодпісВыява аўтографа
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Аўтограф

Асабістае жыццё

Жыла ў маёнтку дзеда Г. М. Сілевіча каля вёскі Расуха сярод беларускага насельніцтва са своеасаблівымі этнаграфічнымі і моўнымі рысамі. Адукацыю атрымала ў інстытуце ў Санкт-Пецярбургу. З маленства палюбіла народныя песні, прывязалася сэрцам да народа. Мела багатую бібліятэку. Ведала французскую мову[1].

Марыя Мікалаеўна ўзяла шлюб з ветэрынарным урачом, але дзяцей не мела.Узімку яна з мужам з'яжжала з Расухі ў Чарнігаў, дзе працавала ў рэдакцыі. Зямлю звычайна здавалі ў арэнду.

У 1911 г. у «Русской музыкальной газете» з'явіўся некралог аб смерці Марыі Косіч. У 1917 г. яе маёнтак і бібліятэка былі разрабаваныя мясцовымі сялянамі. Пахаваная ў Разрытаўскім манастыры (цяпер разбураны) за 6 км ад в. Расуха.

Этнаграфічная праца

Першая старонка працы Косіч пра ліцвінаў-беларусаў Чарнігаўшчыны

Ужо ў юнацтве пачала вывучаць фальклор (у 60-я гг. стала даследваць беларускую народную песню). З 1897 г. пад уплывам вядомага ўкраінскага грамадскага дзеяча А. Русава, які пасяліўся непадалёку, прыступіла да сістэматычнага збору народных песень.Аўтар працы «Ліцвіны-беларусы Чарнігаўскай губерні, іх побыт і песні» (1901), прысвечанай вуснай народнай паэзіі і духоўнай культуры беларусаў. У прадмове да зборніка характарызавала жыццё і побыт сялян, іх вераванні, паданні, песні, асаблівасці гаворкі і спеваў. У 1906 г. надрукавала этнаграфічны артыкул «Аб пабудовах беларускага селяніна Чарнігаўскай губерні». Гэтыя працы былі выкарыстаны ў сваёй рабоце беларускім мовазнаўцам Паўлам Растаргуевым.[2].

Літаратурная творчасць

Ад этнаграфічна-фалькларыстычнай працы М. Косіч перайшла да ўласнай творчасці на беларускай мове. У вершаваным творы «На перасяленне: Расказ Цёткі Домны з Палесся» раскрыла характэрную асаблівасць жыцця беларускай парэформеннай вёскі — масавае перасяленне беззямельных і малазямельных сялян у Сібір. Выдатнае веданне вясковых рэалій і народнай мовы, шчырае спачуванне народу дазволілі ёй намаляваць даволі яркія сцэны падрыхтоўкі сялян да перасялення, развітання з роднымі мясцінамі.

Мы ў сваім сяле век свой векавалі, — ну, такой нуды, як нам у Сібіры, нашы дзяды й прадзеды не зазналі.

Наша-ж то сяло стаіць пры рацэ, а за рэчкай — луг, а там усё — дубравы… Ёсць у тых дубравах равы глыбакія, горы высакія, ляды шыракія.Лецечкам святым чаго ў нас няма? У нашым гаёчку грыб, арэх і жолуд; усякая ягада: і суніца, і брусніца, касцяніца і чарніца, і рабіна і каліна, — усяго ёсць там! Чорна ягада смародыня — і тая расце па лугам. Ды што па вясне, як пачне лес раскідацца, усе лужкі-даліны траўкай ураджацца, какалуша па лесе распушчацца! Божухна мой мілы, во як там прыгожа! Такія дзіковінкі, як там у Расусе, ня знайдзеш ній-дзе у цэлай акрузе.У нас крэпка душна улетку ня бывае. Ды што там узімку, як мароз прыцісьне, — унясеш у хатку сухенькіх дравец, вытапіш ляжанку, тады наша хатка — цёплая, як матка. Сядзіш сабе— люба! Пасканні прадзеш, а шчэ, калі трапіцца, й песню завядзеш. Праўда, што бывала хлеба небагацька — ета ня ў дзіковінку. Хоць галадавалі, ды не паміралі! Там у нас і так бывала: у каго хлеба не хватала, паедзе на «паньскае», нарубае дроў, воз лык накладзе, у горад адвязе, — і хлебца прыпасе. Можна было жыць: што Бога гнявіць![3].

Адначасова яна працавала над «пералажэннямі» баек Крылова на беларускую мову. Па сутнасці, гэта былі не пераклады, а пераробкі-перапрацоўкі, творы ў многім самастойныя. Выклаўшы сюжэт байкі Крылова, Косіч пераходзіла потым на блізкія сітуацыі з бытавога і грамадскага жыцця роднай вёскі. У яе творах парушаны байкавы памер — вольны верш[4].

Уздумаў Воўк у дарогу сабірацца
Прыходзіць ён з зязюляй папрашчацца
- Не ноч мая тут, кажа, -жыць!
Ну ды й народ! Вор на вару!
Усё б ён біў ды грабіў;
Хоць сам пан-чорт —
І той яму б не ўладзіў.
Воўк і зязюля[5].

У 1901 г. перадала рукапіс сваіх пералажэнняў 11 баек Крылова ў кіеўскую цэнзуру. Рукапіс разглядаўся ў Галоўным упраўленні па справах друку, ва ўпраўленні Віленскай навучальнай акругі. Рукапіс забаранілі, але нейкім чынам у 1903 г. Марыі Мікалаеўне ўдалося выдаць сваю кнігу ў друкарні Чарнігаўскага земства.

У 1902 г. звярнулася да Льва Талстога з просьбай дазволіць ёй перакласці на «беларускую гаворку» яго камедыю «Першы вінакур, або як чарцянё акрайчык заслужыла». У якасці ўзору мовы да пісьма былі прыкладзены пералажэнні баек Крылова «Лебедзь, рак і шчука» і народных песень «літвінаў-беларусаў». Л. Талстой даў згоду на пераклад, яго рукапіс М. Косіч накіравала ў віленскую цэнзуру, якая дазволу на друкаванне камедыі не дала.

Беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» ўзяла на свой склад і прадавала кнігі Косіч[6].

Асобныя яе рукапісы і аўтографы зберагаюцца ў сховішчах Мінска, Кіева, Масквы, Санкт-Пецярбурга. Невялікія творы альбо ўрыўкі з іх некалькі разоў змяшчаліся ў разнастайных хрэстаматыях, але буйныя работы дагэтуль не перадрукаваныя.

Ацэнкі

Яўхім Карскі ў сваёй рабоце «Беларусы» ацаніў Марыю Мікалаеўну наступным чынам: Гаворачы пра А Ельскага немагчыма не прыгадаць і дзейнасць іншага народалюбца, звязанага з этнаграфічным вывучэннем Чарнігаўскай Беларусі. Маю на ўвазе даволі вядомую даследчыцу М. Н. Косіч, якая ў 1902 г. выпусціла «Літвіны беларусы Чарнігаўскай губерні, іх быт і песні»… — даволі каштоўную этнаграфічную працу. З штучных твораў, якія належаць яе пяру і маюць на мэце асвету народу, адзначым дзве брашуры:1. На піресялення. Расказ цёткі Домны з Палесья. Чарнігаў, 1903…К(ошт)10 к(ап). Верш пачынаецца з апісання вёскі і яе ваколіц. Апісваецца клімат, адлюстроўваецца мясцовае жыццё.

У вершы шмат пачуццяў, безумоўна праводзіцца добрая думка, але замала складу, не заўважна знаёмства з тэхнікай верша, яшчэ больш памылак друку, як і ў асноўнай этнаграфічнай рабоце аўтара, назва якой прыведзена вышэй.

2. У тым жа родзе, што датычыцца вершаў і брашура «Пералажэнне некаторых баек Крылова на беларускае нарэчча». Чарн(ігаў). 1903…К(ошт)15 к(ап). Да перакладаў і пераробак часта далучаныя павучанні і вывады, якія маюць злабадзённы мясцовы характар. У якасці вываду аўтар закранае недахопы ў справах мясцовых грамадскіх устаноў[7].

Салідарызуецца з Карскім і беларускі літарутаразнавец Янка Казека: …"пералажэнні" М. Косіч, як і іншыя яе працы, не страцілі сваёй этнаграфічнай цікавасці. І ў «пералажэннях» крылоўскіх баек ёсць цікавыя дэталі этнаграфічнага характару; напісаны гэтыя творы з захаваннем асаблівасцей гаворкі беларускага насельніцтва былых Мглінскага і Суражскага паветаў (цяпер Бранскай вобласці).

«Пералажэнні» Марыі Косіч у мастацкіх адносінах досыць прымітыўныя.Прыстасаваўшы крылоўскія байкі да тых ці іншых мясцовых здарэнняў, пісьменніца збядніла і здрабніла іх змест, пазбавіла іх вострай грамадскай накіраванасці і сатырычнай сілы. …не магла наша літаратура, якая мела ўжо «Тараса на Парнасе», «Пінскую шляхту», «Дудку беларускую» і «Смык беларускі», лічыць гэтыя «пералажэнні» сваім значным здабыткам[8].

А вось ацэнка беларускім паэтам Нілам Гілевічам песеннага матэрыяла, сабранага беларускай «прагрэсіўнай рэвалюцыйна-дэмакратычнай фалькларысткай»: 'Песенны матэрыял, сабраны Косіч, вельмі разнастанйны ў жанравых і тэматычных адносінах. Абрадавая лірыка ахоплівае бадай што ўсе вядомыя этнаграфічныя рубрыкі. Шырока пададзена таксама сямейна-бытавая лірыка, салдацкія і рэкруцкія песні («на прызывы»), балады, розныя хлапечыя песні, затым — гульнёвыя, турэмныя і гістарычныя («Пра Платона-казака»). Вельмі многа песень і прыпевак жартоўных, вясёлых — яны аб'яднаны пад загалоўкам «Ігрышчы або вечарніцы».

З каляндарна-абрадавых песень хочацца адзначыць цудоўны варыянт папулярнай і сёння купальскай песні «Ой рана на Йвана».


Ой рана на Йвана
Проці Йвана ночка мала,
Йдзе Купала начавала?
Начавала ў чыстым полі
У чыстым полі ў густом жыці
Што Купала вячэрала?
Вячэрала варэнікі
Чым Купала запівала?
Запівала гарэлачкай.
[9].

Такім чынам, большасць даследчыкаў высока ацэньваючы этнаграфічную частку яе працы, лічуць літаратурную творчасць Марыі Мікалаеўнаы дастаткова аматарскай.

Цікавыя факты

У 1909 г. адна з першых беларускіх перакладчыц Тэрэза Гардзялкоўская прасіла рэдакцыю Нашай Нівы выслаць ёй кнігі Марыі Косіч «На перасяленне» і «Басні Крылова на беларускую мову пераложанныя».[10]

Адзін з піянераў беларускага руху, Антон Луцкевіч, так напісаў пра яе:

Вось жа, ня дзіва, што беларускі адраджэнскі рух у першыя гады свайго існавання налічвае ў сваіх радах дужа мала дзяўчат і кабет беларускіх. Праўда, ужо ў канцы 90-х гадоў мінулага сталецця з'яўляюцца ў беларускай літаратуры першыя жаноцкія імёны, да якіх належыць, прыкладам, Марыя Косіч, аўтар этнаграфічных прац аб беларусах Чарнігаўшчыны і апавяданняў, ды перакладчыца баек Крылова. але гэта яшчэ адзінкі — прадстаўніцы старэйшых інтэлігентных пакаленняў, сярод якіх ніколі не заміраў нейкі асаблівы «сантымент» да беларушчыны[11].

Творы

  • Косич М. Н. На пирисяленьня. Рассказ тётки Домны из Полесья. Чернигов, 1903.
  • Косич М. Н. Литвины-белорусы Черниговской губернии, их быт и песни // Живая старина, Вып. II, СПб, 1901, С. 221—260.
  • Косич М. Н. Литвины-белорусы Черниговской губернии, их быт и песни // Живая старина, Вып. III—IV, СПб, 1901, С.1 — 88.
  • Косич М. Н. О постройках белорусского крестьянина Черниговской губернии, Мглинского уезда: деревни Бородинки и Амелькина хутора // Живая старина. Вып. I, 1906, С. 74 — 93.

Гл. таксама

Зноскі

Літаратура

  • Антон Луцкевіч. Барацьба за вызваленне. Вільня — Беласток, 2009. С. 312, 370.
  • Бас І. Літаратурныя пошукі, знаходкі, даследванні. Мн., 1969.
  • Беларуская літаратура XIX ст. Хрэстаматыя. Мн., 1971. С. 327—330, 368.
  • Казека Я. Беларуская байка. Мн., 1960. С. 48 — 56.
  • Карский Е. Белорусы. Т. III. Вып. 3. Петроград. 1922. С. 140—142
  • Гарэцкі М. І. Хрэстаматыя беларускай літаратуры. Вільня, 1922. С. 242.
  • Гілевіч Н. С. З клопатам пра песні народа. Мн., 1970. С. 103—106.
  • Кісялёў Г. В. Косіч Марыя // Беларускія пісьменнікі: Бібліяграфічны слоўнік. У 6 Т. Т. 3. — Мн. 1994. — С. 386—387.
  • Пятроўская Г. А. Косіч Марыя Мікалаеўна // Беларуская энцыклапедыя. У 18 Т. Т. 8. Мн., 1999. -С. 430.
  • Расторгуев П. А. Северско-белорусский говор. Ленинград. 1927.
  • Расторгуев П. А. Словарь народных говоров Западной Брянщины. Мн., 1973.

Спасылкі