Радашковічы
Радашко́вічы[4] (трансліт.: Radaškovičy, руск.: Радошковичи) — гарадскі пасёлак у Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці, у зліцця рэк Вязынка і Гуйка ў Рыбчанку, на Вілейска-Мінскай воднай сістэме. З’яўляецца цэнтрам Радашковіцкага сельсавета (не ўваходзіць у яго склад). За 32 км ад Маладзечна, 41 км ад Мінска, 10 км ад чыгуначнай станцыі Радашковічы; на аўтамабільнай дарозе Мінск — Маладзечна. Насельніцтва 5 807 чал. (2017)[5].
Гарадскі пасёлак Радашковічы
| ||||||||||||||||||||||||||||||||
Назва
Назва Радашковічаў адыменнага паходжання. Вядомае старажытнае балцка-прускае імя *Radašas (< Radasch), таго ж іменнага паходжання і сучаснае літоўскае прозвішча Radašauskas (< Radašas)[6].
Аснова Rad- таксама ў балцка-літоўскіх антрапонімах тыпу Rad-min'as, Rad-vin'as, Nau-rad'as, Skau-rad'as[7]. Гэтую аснову звязваюць з літоўскім rasti «знаходзіць, адшукваць», rado «знайшоў» з шырокімі індаеўрапейскімі паралелямі[8]. Сваім значэннем яна сінанімічная аснове Gaud- (як у імені Каргаўд, ад якога тапонім Каргаўды), што звязаная з літоўскім gauti «атрымліваць, здабываць». Аснова Rad- і ў адыменным прозвішчы Радзівіл.
Антрапанімічны пашыральнік -aš- / -uš- таксама ў антрапонімах тыпу Milašis, Tribušis, Narušis, (вядомыя сярод сучасных літоўскіх прозвішчаў), ад якіх тапонімы Мілашы, Трыбушкі, Нарушышкі. Так жа сама, як радашковіцкая назва, утвораная і назва Рабушкі ў гэтым рэгіёне (ад вядомага ў літоўскай антрапаніміі прозвішча Rabušis).
У непасрэднай блізкасці ад Радашковічаў адыменныя тапонімы Дзякшняны, Мігаўка, Мідраўшчына (< Dekšnys, Migis, Mitras).
Гісторыя
Першы пісьмовы ўспамін пра Радашковічы датуецца 1447 годам, калі кашталян віленскі Пётр Гедыгольдавіч заснаваў тут касцёл Найсв. Тройцы. У розныя часы мясцовасць знаходзілася ва ўладанні Вярэйскага, Гаштольдаў, каралевы Боны, Глябовічаў, Агінскіх, Радзівілаў. З 1539 года да сярэдзіны XIX ст. тут рэгулярна праводзіліся кірмашы.
У 1549 годзе Радашковічы атрымалі статус горада, у якім было 130 двароў, 8 корчмаў, майстэрні. Прыкладна ў гэты ж час тут збудавалі драўляны замак. У Інфлянцкую вайну ў 1567 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст пастанавіў склікаць пад Радашковічамі збройную дэманстрацыю, разлічваючы на далучэнне да яе незадаволеных маскоўскай уладай князёў і баяраў. На попіс сабралося 47 тыс. салдат, у тым ліку 30 тыс. паспалітага рушання і 2400 салдат, дасланых з Каралеўства Польскага, зброі налічвалася каля 100 адзінак[9]. У 1569 годзе Жыгімонт Аўгуст надаў паселішчу Магдэбургскае права. 23 лютага 1792 года кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў Радашковічам гарадскі герб: «у срэбным полі паясная выява святога Стэфана, пабітага камянямі»[10].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Радашковічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе сталі заштатным горадам Вілейскага павета. У час вайны 1812 года пры наступленні французскіх войскаў на Мінск тут на тры дні спыняўся Напалеон Банапарт. Падчасі вызваленчага паўстання (1830—1831) паселішча на пэўны час вызвалілі з-пад расійскай улады. У 1842 годзе Радашковічы сталі цэнтрам воласці Віленскай губерні. Станам на 1859 год тут было 222 будынкі (на 1866 год — 225 будынкаў[11]). У 1882 годзе ў мясцовым касцёле ахрысцілі Яна Луцэвіча (Янку Купалу).
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Радашковічы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Віленскім ваяводстве. Цягам 1922—1928 гадоў у месце працавала Радашковіцкая беларуская гімназія імя Ф. Скарыны.
У 1939 годзе Радашковічы ўвайшлі ў БССР. У 1940 годзе афіцыйны статус паселішча панізілі да гарадскога пасёлка, які стаў цэнтрам раёна (у 1960 годзе Радашковіцкі раён ліквідавалі). У Другую сусветную вайну з 25 чэрвеня 1941 года да 3 ліпеня 1944 года гарадскі пасёлак знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У 2004 годзе ў склад Радашковічаў увайшла вёска Сярэбранка. У падпарадкаванні Радашковіцкага пасялковага Савета знаходзілася вёска Удранка, якая 29 снежня 2009 года ўвайшла ў склад Радашковіцкага сельсавета [12].
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1859 год — 1223 чал.; 1866 год — 1225 чал.; 1897 год — 2615 чал.[13], з 44,4 % пісьменных[14].
- XX стагоддзе: 1995 год — 6,2 тыс. чал.[13]; 1999 год — 6099 чал.
- XXI стагоддзе: 2006 год — 5,7 тыс. чал.; 2008 год — 5,6 тыс. чал.; 2016 год — 5789 чал.[15]; 2017 год — 5807 чал.[5]
Эканоміка
Прадпрыемствы па вытворчасці керамічных вырабаў, харчовай і лёгкай прамысловасці. Санаторый «Хваёвы Бор», санаторый-прафілакторый «Зорны», дзіцячы аздараўленчы комплекс «Маяк». Цэнтр ганчарнага рамяства[16].
Культура
Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, дом культуры, кінатэатр.
Адукацыя
У Радашковічах працуюць сярэдняя і мастацтваў школы, школа-інтэрнат.
Медыцына
Медыцынскія паслугі падаюць пасялковая бальніца і паліклініка.
Славутасці
- Гарадзішча жалезнага веку і часоў Русі — археалагічны помнік
- Магіла Зыгмунта Чаховіча, кіраўніка паўстання 1863—1864
- Радашковіцкі Траецкі касцёл
- Свята-Ільінская царква (1942)
- Помнік Янку Купалу
- Помнік Ядвігіну Ш.
Страчаная спадчына
- Дом Браніслава Тарашкевіча (кан. ХІХ ст.)
- Замак (XVI ст.)
- Сінагога (пач. ХХ ст.)
- Царква Покрыва Прасв. Багародзіцы (1851)
- Драўляны касцёл Найсвяцейшай Тройцы (1734—1736). Згарэў у пажары ў сярэдзіне ХІХ ст.
Галерэя
- Панарама
- Касцёл Найсв. Тройцы
- Касцёл, інтэр'ер
- Капліца Св. Яна Непамука
- Помнік Ядвігіну Ш.
- Царква
- У цэнтры мястэчка
- Старая камяніца
Вядомыя асобы
- Ядвігін Ш. (1869—1922), беларускі пісьменнік і літаратуразнавец.
- Аляксандр Уласаў (1874—1941), грамадска-палітычны і культурны дзеяч, выдавец, публіцыст.
- Адам Більдзюкевіч (1895—?), культурна-асветны дзеяч, эканаміст.
- Ванда Лявіцкая (1895—1968), пісьменніца, педагог.
- Антон Марціноўскі (1781—1855), выдавец і публіцыст.
- Юліян (Юльян) Гарайн (1821—1883), пісьменнік і падарожнік.
- Фёдар Янкоўскі (1918—1989), беларускі мовазнавец і празаік.
Зноскі
Літаратура
- Радошковичи // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
- Радашковічы // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 614. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Радашковічы
- Геаграфічныя звесткі па тэме Радашковічы на OpenStreetMap