Рэпрэсіі ў БССР

Рэпрэсіі ў БССР, сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — неабгрунтаванае прыцягненне да крымінальнай адказнасці за дзяржаўныя (г.зв. «контррэвалюцыйныя») злачынствы, а таксама высылка — накіраванне на спецпасяленні за межы БССР судовымі або пазасудовымі органамі па палітычных, сацыяльных, нацыянальных, рэлігійных і іншых матывах. Пачаліся ў 1917 годзе, сістэматычны характар набылі ў 1930, найбольшы размах мелі ў 19371938, спыніліся разам са смерцю Сталіна ў 1953.

Курапацкі лес — адно з найвядомейшых месцаў пахавання ахвяр рэпрэсій у БССР.

Дакладную лічбу рэпрэсаваных, як і падрабязныя сведчанні савецкіх злачынстваў, у наш час высветліць немагчыма з тае прычыны, што архівы КДБ дагэтуль закрытыя для даследчыкаў[1].

Гісторыя

У 1929 годзе ў Менск была накіравана Камісія Затонскага, якая раскрытыкавала палітыку Беларусізацыі, крытычна ацаніла дзейнасць беларускай інтэлігенцыі і аграрную палітыку ў БССР, даклад камісіі быў накіраваны ў ЦК і ЦКК УКП(б), у тым ліку асабіста Іосіфу Сталіну. Дзейнасць камісіі разглядаецца як пачатак сістэматычных палітычных рэпрэсій у БССР.

У 1930 у палітычнай справаздачы цэнтральнага камітэта XVI з'езда ВКП(б) І. Сталін заявіў:

Рэпрэсіі ў галіне сацыялістычнага будаўніцтва з'яўляюцца неабходным элементам наступлення...

[2].

Разам з шырока вядомым цяпер «Саюзам вызвалення Беларусі» ў БССР былі заведзены дзесяткі іншых сфабрыкаваных спраў: «Беларуская народная грамада» (68 арыштаваных), «Партыя вызвалення сялян» (110 арыштаваных), «Беларуска-літоўская сялянская партыя» (159 арыштаваных), «Контррэвалюцыйная паўстанцкая і дыверсійна-шпіёнская арганізацыя ў сістэме Наркамзема БССР і Трактарацэнтра» (627 арыштаваных), «Аб'яднанае антысавецкае падполле» (2570 арыштаваных) і г.д.

На думку беларускага даследчыка Леаніда Маракова, у 1930-я на Сталіна працавалі сакрэтныя інстытуты НКУС, якія пралічылі значны патэнцыял у геапалітычным становішчы Беларусі. Для таго, каб беларусы ніколі не атрымалі незалежнасць ад Расіі, яны сістэматычна вынішчалі інтэлектуальны генафонд нацыі. Як адзначае Леанід Маракоў: «Змянілася ўжо некалькі пакаленняў, а нам усё ніяк не атрымоўваецца аднавіць згубленае. Усё таму, што мы — дзеці горшых, лепшых выразалі»[1].

Вялікі тэрор 1937—1938

Пачатак падзей, названых «Вялікім тэрорам», паддаецца дакладнай датоўцы. 3 ліпеня 1937 года Сталін, як сакратар ЦК ВКП (б), перадаў народнаму камісару ўнутраных справаў СССР Яжову і рэгіянальным кіруючым органам партыі прынятае днём раней рашэнне Палітбюро пра пачатак кампаніі рэпрэсій супраць былых кулакоў і крымінальнікаў.

31 ліпеня 1937 года Палітбюро ЦК ВКП(б) зацвердзіла аператыўны загад № 00447 Народнага камісара ўнутраных справаў Мікалая Яжова. Гэты загад, накіраваны супраць «былых кулакоў, крымінальнікаў і іншых контррэвалюцыйных элементаў», на працягу аднаго года, па загадзя устаноўленых разнарадках, павінен быў каштаваць жыцця альбо шматгадовага лагернага зняволення сотні тысяч чалавек.

Характэрна таксама, што вялікая колькасць ахвяраў загаду да гэтага часу не рэабілітавана або апраўдана. Прычына гэтага ў тым, што сярод іх было шмат сацыяльна дэкласаваных асоб (без пэўнага месца жыхарства, без пэўных заняткаў), расстраляных большай часткай за нязначныя злачынствы.

Згодна з аператыўным загадам № 00447 вылучаліся ліміты, на падставе гэтых лімітаў дакладна вядома мінімальная колькасць ахвяр за 1937—1938 гады.

Першая катэгорыя (расстрэл)Другая катэгорыя (лагеры)Усяго чалавек
Ліміты 1937—19387 50014 50022 000
Асуджана 1937—19386 86917 34024 209

Колькасць ахвяр і этнічны склад

Паводле няпоўных падлікаў (многія дакументы не захаваліся) ахвярамі палітычных рэпрэсій у Беларусі ў 19171953 сталі каля 600 тыс. чал.[3][4], згодна з іншымі звесткамі — не менш за 1 млн 400 тыс. чал.[5], з іх 250 тыс. асуджаныя судовымі ці пакараныя рашэннямі пазасудовых органаў («двоек», «троек», асобых нарадаў, калегій АДПУ, НКУС, Міністэрства дзяржаўнай бяспекі (МДБ)). Акрамя асуджаных у 19201930-я, рэпрэсавана і выслана за межы БССР больш за 250 тыс. «раскулачаных» сялян і членаў іх сем'яў. У 19171953 гады да найвышэйшай меры пакарання (расстрэлу) прысуджаныя 358 686 чалавек[3]. Усяго з 1954 да пачатку 2000 года ў Беларусі рэабілітавана больш за 200 тыс. ахвяр палітычных рэпрэсій[3]. Калі ўлічыць, што да Другой сусветнай вайны ў ёй пражывала каля 5 млн. чал., то атрымліваецца, што на тэрыторыі БССР быў рэпрэсаваны кожны дзесяты жыхар[6]. Пры гэтым у 1930-я гады загінула каля 90% беларускай інтэлігенцыі[7].

Калі ў 1920-я гады кіраўніцтва БССР адмыслова стрымлівалі антыэтнічныя настроі, то ўжо ў 1930-я гады прадстаўнікоў 9 нацыянальнасцяў, сярод якіх апынуліся і палякі, аднеслі да ворагаў савецкай дзяржавы. У гэты час савецкія СМІ навешвалі ярлыкі на цэлыя этнічныя групы. Прыказка «раз поляк, значит кулак» выяўляла сутнасць Вялікага тэрору 1937—1938 гг., калі шараговы паляк меў у 30,92 раза больш шанцаў трапіць у турму, чым непаляк[8]. Колькасць этнічных палякаў у БССР зменшылася з 119 900 да 58 400 у перыяд з 1937 да 1939 гг.[9] З 1939 па 1941 савецкая ўлада рэпрэсіравала амаль 500 тыс. палякаў, якія жылі на тэрыторыі былой усходняй Польшчы. Нават нягледзячы на тое, што больш за 400 тыс. палякаў перажылі рэпрэсіі[10], мала хто з іх вярнуўся ў БССР ці УССР, бо пасля вайны этнічных палякаў высялялі ў камуністычную Польшчу[11]. У 1939—1941 гг. у межах былой усходняй Польшчы НКУС арыштаваў больш людзей, чым ва ўсім астатнім СССР[10].

Месцы масавых распраў па рэгіёнах Беларусі

Вызначэнне месцаў масавых рэпрэсій ускладняеццa тым, што архівы КДБ па-ранейшаму закрытыя для даследчыкаў. Але дзякуючы ўскосным звесткам часткова атрымліваецца рэканструяваць падзеі мінуўшчыны[12][13][14].

Наступствы

Навука

Ад рэпрэсій 1930-х пацярпелі 26 акадэмікаў і 6 членаў-карэспандэнтаў Беларускай акадэміі навук. З 139 аспірантаў, якія былі ў 1934, засталося толькі шэсць чалавек. Даследаванні ў галіне гуманітарных навук практычна спыніліся[15].

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году НКУС было расстраляна больш за 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлегенцыі, сярод якіх тры рэктары Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта: Аляксей Кучынскі, Язэп Каранеўскі і Ананій Дзякаў. Гэтае злачынства было ўчыненае напярэдадні шаснаццатай гадавіны ад пачатку працы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта[16].

Гістарыяграфія

У 1930-я савецкія ўлады фізічна і духоўна знішчылі 32 мінскіх гісторыкаў, іх працы выдалілі з навуковых бібліятэк. Увогуле, была цалкам знішчана беларуская гістарычная школа[17]. У Беларусі няма ніводнага дзяржаўнага рэальнага музея, які б быў прысвечаны гэтай сумнай старонцы нацыянальнай гісторыі. Да нешматлікіх інструментаў, якія могуць дапамагчы беларусам асэнсаваць таталітарнае мінулае, можна прылічыць Віртуальны музей савецкіх рэпрэсій у Беларусі, што быў створаны па грамадскай ініцыятыве ў 2014 годзе.

Літаратура

З 540—570 літаратараў, якія друкаваліся ў Беларусі ў 1920—1930-я гады XX стагоддзя, было рэпрэсавана не менш за 440—460 (80 %), у тым ліку Тодар Кляшторны, Андрэй Мрый і мноства іншых вядомых аўтараў. Калі ўлічваць аўтараў, вымушаных з'ехаць з радзімы, то рэпрэсіям падвергліся не менш за 500 (90 %), чвэртка ўсёй колькасці літаратараў (2000), рэпрэсаваных у СССР[18].

Тым часам, паводле падлікаў У. Маракова, ва Украіне колькасць рэпрэсаваных літаратараў склала каля 35-40 %, у Расіі — не больш за 15 %[1].

Медыцына

Агулам пад рэпрэсіі трапіла 1520 асоб, з іх каля 500 урачоў, больш за 200 медыцынскіх сясцёр, блізу 600 ветэрынарных працаўнікоў, некалькі сотняў іх сваякоў і тых, хто праходзіў з імі па адной супольнай справе[19].

Нацыянальны склад рэпрэсаваных: беларусы — 738, палякі — 331, яўрэі — 203, рускія — 168, украінцы — 25, латышы — 18, літоўцы — 13, немцы — 9, чэхі, эстонцы — па 2 чалавекі, грузіны, венгры, казахі, малдаване, татары, французы, чувашы — па адным, нявызначаныя — 4[19].

У 1930-х адбыўся поўны заняпад сістэмы медыцынскага абслугоўвання насельніцтва БССР. На большасць раённых бальніц прыходзіўся толькі адзін урач. Кожны трэці-чацвёрты ўрачэбны ўчастак быў не толькі без доктара, але і без фельчара, нават без акушэркі. Арышты праходзілі з такой хуткасцю, што трыста выпускнікоў Мінскага і Віцебскага медыцынскіх інстытутаў штогод не паспявалі займаць парожнія месцы. Аднак іх рыхтавалі найперш для адмысловых бальніц, клінік і санаторыяў, у якіх лячыліся партыйныя бонзы і энкавэдысты[19].

Гл. таксама

Зноскі

Літаратура

  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
  • Адамушка У. І. Палітычныя рэпрэсіі 20 – 50-ых гадоў на Беларусі. — Мн .: Беларусь, 1994. — 158 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-01-0047-8.
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн.1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 4. — Мн:, 2007.
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917—1967: Энцыклапедычны даведнік: У 2 т. Т. 1. — Мн:, 2007.
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917—1967: Энцыклапедычны даведнік: У 2 т. Т. 2. — Мн:, 2007.
  • Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005.
  • ВОЗВРАЩЕННЫЕ ИМЕНА. Сотрудники АН Беларуси пострадавшие в период сталинских репрессий. Сост. и авт. предисл. Н. В. Токарев; Под редакцией академика АН Беларуси А. С. Махнача. — Мн.: Навука i тэхнiка, 1992. —120 с.: ил. (руск.)

Спасылкі