Тэракт у касцёле Ова (2022)

5 чэрвеня 2022 года адбыўся тэракт у каталіцкай царкве раёна мясцовага кіравання Ова, штат Онда, Нігерыя. Пяцёра баевікоў пачалі страляць па будынку царквы і актывізавалі самаробнае выбуховае прыстасаванне. Затым зайшлі ў царкву і пачалі страляць па тых, хто знаходзіліся ўнутры[3]. Паводле паведамленняў уладаў, загінулі не менш за 85 чалавек[4].

Тэракт у касцёле Ова
Месца нападуНігерыя касцёл Святога Францішка Ксаверыя, раён мясцовага кіравання Ова, штат Онда, Нігерыя
07°11′40″ пн. ш. 05°35′01″ у. д.HGЯO
Мэта нападувернікі ў царкве
Дата5 чэрвеня 2022
11:30
Спосаб нападувыбух СВП і расстрэл
Зброявыбухоўкі і Аўтамат Калашнікава
Загінулыя85+
Параненыя61+
Колькасць тэрарыстаўад 4[1] да 5[2]

Перадгісторыя

Штат Онда з’яўляецца адносна мірным у адрозненне ад астатняй часткі Нігерыі[5], якая ўжо больш за дзесяць гадоў змагаецца з рэлігійнымі сутыкненнямі і бандытамі. Усплёск гвалту паміж мясцовымі жывёлагадоўцамі і качэўнікамі ў Онда быў зафіксаваны яшчэ да тэракту[6]. Урад штата ўвёў абмежаванні на выпас жывёлы[7].

Падзеі

Тэракт быў здзейснены ў каталіцкім касцёле Святога Францішка Ксаверыя ў раёне мясцовага кіравання Ова каля 11:30[8]. Вернікі ўнутры царквы служылі імшу, святкуючы Пяцідзесятніцу[6]. Баевікі прывялі ў дзеянне СВП прама каля будынка і пачалі страляць са зброі. Чацвёра баевікоў адкрылі агонь прама па будынку[1]. Затым яны ўвайшлі ў царкву і адкрылі агонь па верніках, страляючы ў любога, хто рухаўся або спрабаваў устаць[3]. Некалькі мінакоў таксама былі паранены кулямі[9]. На відэазапісах з царквы бачны мёртвыя целы ахвяр, якія ляжаць у лужынах крыві на падлозе[7][10]. Прыхаджане царквы паспрабавалі пакінуць будынак, але галоўны ўваход быў зачынены, таму налётчыкі адкрылі агонь па людзях, якія спрабавалі прабегчы праз іншыя два выхады[3]. Сведка распавёў, што бачыў пецярых баевікоў[2].

Выжылы падчас тэракту сказаў, што напад адбыўся, калі служба ўжо падыходзіла да канца[11]. Іншы, які ненадоўга пакінуў будынак перад тэрактам, сказаў, што калі ён вяртаўся ў царкву, то выжылыя, якія выбеглі вонкі, спынілі яго і расказалі пра здарэнне[3]. Паліцыя выявіла на месцы нападу тры СВП, а таксама некалькі гільзаў ад патронаў АК-47[8][12].

Ахвяры

Мясцовы палітык Адэлегбе Цімілейн заявіў, што загінула больш за 50 чалавек, у тым ліку дзяцей, у той час як іншыя крыніцы ацэньваюць колькасць загінулых яшчэ вышэй[4][6][13]. Цімілейн таксама сказаў, што святар царквы быў выкрадзены, але рымска-каталіцкая епархія Онда гэта абвергла[2][14]. Таксама там удакладнілі, што ён знаходзіцца ў бяспецы[15]. Лідар большасці ў Палаце прадстаўнікоў штата Онда Алувале Агунмаласуі наведаў месца тэракту, ацаніўшы колькасць загінуўшых паміж 70 і 100[16]. Лекары паведамілі журналістам, што мясцовыя бальніцы перапоўнены пацярпелымі і загінулымі[3]. Нацыянальнае агенцтва па надзвычайных сітуацыях Нігерыі паведаміла аб дастаўцы 22 загінулых[17] і 50 пацярпелых[18] у бальніцы. Многія целы загінуўшых былі дастаўлены членамі іх сем’яў дадому[17]. 9 чэрвеня ўрад паведаміў аб знаходжанні ў бальніцах 61 параненага[19].

Рэакцыя

Губернатар штата Онда Ратамі Акерэдолу адправіўся на месца тэракту[7] і назваў гэтую падзею «чорнай нядзеляй»[20]. Ён паабяцаў «выкарыстаць усе даступныя рэсурсы, каб высачыць баевікоў»[2]. Прэзідэнт Нігерыі Махамаду Бухары асудзіў тэракт, заявіўшы, што гэта быў «агідны напад на вернікаў»[2]. Папа Францыск I памаліўся за ахвяр тэракту[2].

Ні адна арганізацыя не ўзяла на сябе адказнасць за тэракт[2].

Гл. таксама

Зноскі