Netscape Navigator

Netscape Navigator — прапрыетарны вэб-браўзер, створаны кампаніяй Netscape Communications Corp у 1994 годзе.

Netscape Navigator
Выява лагатыпа
Тыпбраўзер
РаспрацоўшчыкNetscape[d] і AOL
Першы выпуск15 снежня 1994
Апошняя версія
  • 9.0.0.6 (28 лютага 2008)
Сайтarchive.netscape.com (англ.)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

На працягу 1990-х Netscape Navigator заставаўся тэхнічным лідарам сярод вэб-браўзераў. Netscape прадставіла ў 1994 годзе паказ вэб-старонак на ляту — тэкст і графіка з’яўляліся на экране па меры спампоўкі вэб-старонкі. Ранейшыя вэб-браўзеры не паказвалі старонку, пакуль уся графіка на ёй не была спампавана — карыстальнік бачыў пустую старонку на працягу некалькіх хвілін. Інавацыямі Netscape Navigator былі таксама файлы cookie, фрэймы,[1] аўтаматычная канфігурацыя проксі-сервераў[2] і JavaScript.

Браўзер быў даступны для шырокага спектру аперацыйных сістэм: Windows (3.1, 95, 98, NT), Macintosh, Linux, OS/2,[3] многіх версій Unix, уключаючы OSF/1, Sun Solaris, BSD — і выглядаў і працаваў амаль аднолькава на кожнай з іх.

Netscape Navigator дамінаваў на рынку браўзераў у 1990-х гадах, аднак у выніку так званай першай вайны браўзераў — у тым ліку антыканкурэнтнага выкарыстання ў Windows браўзера Internet Explorer — страціў сваю ролю. Доля Netscape Navigator на рынку была больш за 90 працэнтаў у сярэдзіне 1990-х і паступова зменшылася да менш чым аднаго працэнта ў 2006 годзе.

28 снежня 2007 года распрацоўка браўзера была спынена, падтрымка з абнаўленнямі бяспекі працягвалася да 1 сакавіка 2008 года.

Спадчына

Найвялікшым укладам Netscape у Інтэрнэт з’яўляецца мова праграмавання JavaScript. Яе выніковая спецыфікацыя ECMAScript паводле Ecma International дазволіла падтрымліваць JavaScript некалькімі браўзерамі і выкарыстоўваць яго ў якасці міжбраўзернай мовы сцэнарыяў доўга пасля таго, як Netscape Navigator выйшаў з ужытку.

Іншым прыкладам з’яўляецца тэг FRAME, які быў уключаны ў афіцыйныя вэб-стандарты, такія як спецыфікацыя «HTML 4.01 Frameset».

У часопісе PC World за 2007 год Netscape Navigator быў названы «найлепшым тэхнічным прадуктам усіх часоў» з-за яго ўплыву на Інтэрнэт.[4]

Гл. таксама

Зноскі