Яўстах Любанскі
Інструменты
Агульныя
Друк/экспарт
У іншых праектах
Яўстах Любанскі | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
польск.: Eustacjusz Lubański | |||||||
| |||||||
| |||||||
Нараджэнне | 19 чэрвеня 1859(1859-06-19) | ||||||
Смерць | 1917 | ||||||
Род | Любанскія[d] | ||||||
Бацька | Ян Канты Любанскі | ||||||
Маці | Аляксандра з Сулістроўскіх[d] | ||||||
Жонка | Ядвіга з Кеневічаў[d] | ||||||
Веравызнанне | каталіцтва | ||||||
Адукацыя | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Яўстах Янавіч Любанскі (руск.: Евстафий Иванович Любанский, польск.: Eustachy Lubański; 19 чэрвеня 1859, маёнтак Любань, Вілейскі павет, Віленская губерня, Расійская імперыя — пасля 1912, Каўказ, Расійская імперыя) — буйны землеўласнік, прадпрымальнік, палітычны дзеяч Расійскай імперыі, дэпутат I Дзяржаўнай думы (1906) Расійскай імперыі ад Мінскай губерні, член палітычнага руху краёўцаў-кансерватараў, член камітэта па будаўніцтве касцёла Святога Сымона і Святой Алены (Чырвонага касцёла) у Мінску. Мецэнат, філантроп.
Належаў да каталіцкага шляхецкага роду Любанскіх герба «Гжымала». Нарадзіўся 19 чэрвеня 1859 года ў родавым маёнтку Любань (Вілейскі павет, Віленская губерня) у сям’і заможнага, буйнога землеўласніка і банкіра Яна Канты Любанскага і яго жонкі Аляксандры Юзафаўны Сулістроўскай. Быў хрышчаны ў каталіцтва. Хросным бацькам быў Яўстах Прушынскі (1798—1877)[1], які пазней стаў мінскім губернскім маршалкам (1863—1877).
У 1890 годзе ажаніўся з дваранкай-каталічкай з Мазырскага павета Ядвігай Геранімаўнай Кеневіч (каля 1870—1905)[2][3], дачкой заможнага землеўласніка Гераніма Кеневіча (1830—1911), мазырскага павятовага маршалка, і яго жонкі Ядвігі Аляксандраўны Горват.
Яго жонка Ядвіга Геранімаўна Любанская (Кеневіч) скончыла жыццё самагубствам, утапіўшыся ў Лошыцы ў рацэ Свіслач[4]. Паводле чутак, прычынай самагубства быў адзюльтэр Ядвігі Любанскай з мінскім губернатарам (1902—1905) графам Аляксандрам Аляксандравічам Мусіным-Пушкіным (1856—1907), пра што стала вядома ў мінскім грамадстве.
У шлюбе Любанскія дзяцей не мелі.
Скончыў Віленскае рэальнае вучылішча, затым Сельскагаспадарчую акадэмію ў Прушкове[pl] ў Сілезіі (Германская імперыя).
Пасля смерці ў 1884 г. свайго бацькі Яна Канты Любанскага Яўстах Любанскі спачатку валодаў супольна з маці (якая мела пажыццёвыя правы на ўсе маёнткі свайго мужа паводле тэстаменту), братам Янам Янавічам Любанскім (заўчасна памерлым) і Аляксандрам Любанскім значнымі зямельнымі валоданнямі — маёнткі Любань, Тураўшчына ў Вілейскім павеце, Яхімоўшчына і Палачаны ў Ашмянскім павеце Віленскай губерні, маёнтак Лошыца ў Мінскім павеце[5].
З 1891 г. Яўстах звычайна пражываў стала ў Любані, а з 1897 г. у Мінску і Лошыцы, а брат Аляксандр Янавіч Любанскі — у маёнтку Яхімоўшчына[5]. У 1901 г. браты падзялілі спадчынную зямельную ўласнасць: Яўстах стаў валодаць маёнткам Лошыца пад Мінскам (з Дубровамі) у Мінскай губерні, Аляксандр Любанскі — Яхімоўшчынай і Любанню ў Віленскай[5]. У Лошыцы Яўстах Любанскі арганізаваў узорную гаспадарку.
У 1887 г. стаў членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[6], старшынёй аддзяла па вінакурэнні Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[6]. У 1890—1915 гг. быў членам Рады Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[5]. Яўстах Любанскі з 1898 г. сваёй дзейнасцю быў больш звязаны з Мінскай губерняй. Яго брат — Аляксандр Любанскі, — хоць меў маёнтак і рабіў кар’еру ў Віленскай губерні, ніколі не парываў сувязі з Мінскай губерняй, з 1889 г. быў членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і меў прыязныя адносіны з братам Яўстахам, у якога ў Лошыцы не раз гасцяваў[6].
Старшыня біржавога камітэта лясной біржы. Цікавіўся лесаводствам, выпісваў і высаджваў саджанцы рэдкіх відаў дрэў са шматлікіх краін, праводзіў эксперыменты па скрыжоўванні раслін[7].
У 1890—1891 гг. быў членам (ад памешчыкаў) у вілейскай павятовай прыёмачнай камісіі па ваенна-конскай павіннасці[8].
У 1891 г. стаў членам праўлення Віленскага прыватнага камерцыйнага банка (Вільня, дом Вагнера)[9]. У 1895 г. быў кандыдатам у члены праўлення Віленскага зямельнага банка[10].
10 снежня 1899 г. у Мінску Яўстах Любанскі на пасяджэнні Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі быў выбраны членам у арганізацыйны камітэт па ўладкаванні Юбілейнай сельскагаспадарчай і саматужна-прамысловай выстаўкі таварыства, якая адбылася ў Мінску ў 1901 г.[11] Знаходзіўшы карысным мець у сваім асяроддзі прадстаўнікоў ад усіх беларуска-літоўскіх губерняў, арганізацыйны камітэт пастанавіў павялічыць свой склад: у прыватнасці ад Віленскага таварыства сельскай гападаркі быў кааптаваны ў якасці члена Аляксандр Янавіч Любанскі[11]. Аляксандру Любанскаму ў 1901 г. на выстаўцы ў Мінску за прадстаўленыя экспанаты быў уручаны вялікі срэбраны медаль за галандскі сыр з Яхімоўшчыны, а яго жонцы Ізабэле — малы срэбраны медаль за вяндліну літоўскага гатунку і пахвальныя лісты за варэнне, а таксама за парэй і сельдэрэй[11]. Яўстах Любанскі за свае экспанаты з маёнтка Лошыца атрымаў два бронзавыя медалі (першы — за калекцыю бульбы для вінакурэння, другі — за цялушку галандскай пароды і жарабца ардэнскай пароды) і два пахвальныя лісты (за жарабіцу і за разнавіднасці ранета), а яго жонка Ядвіга — вялікі срэбраны медаль за пальмы і іншыя цяплічныя расліны з аранжарэі[11]. Акрамя таго, сам Аляксандр Любанскі ў час выстаўкі выступіў экспертам у камісіі па ацэнцы фабрычнай і тэхнічнай вытворчасці ў галіне сельскай гаспадаркі[11].
Быў папулярызатарам веласіпеднага спорту. Узначальваў таварыства мінскіх веласіпедыстаў[2], быў старшынёй Мінскага таварыства аматараў спорту. Быў ганаровым членам Віленскага губернскага папячыцельства дзіцячых прытулкаў. У 1905 г. стаў членам камітэта па будаўніцтве касцёла Святога Сымона і Святой Алены (Чырвонага касцёла) у Мінску.
У 1902—1915 гг. быў галосным Мінскай гарадской думы. Удзельнічаў у земскіх з’ездах Расійскай імперыі ў 1904—1905 гг. Прыхільнік раўнапраўя ўсіх нацыянальнасцей, паляпшэння сістэмы народнай адукацыі, ліберал-кансерватар. Падзяляючы праграму кадэтаў па аграрным пытанні, не згаджаўся з некаторымі прадстаўнікамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, што дадзенае пытанне можа быць вырашана без парушэння прыватнай уласнасці[12]. Паводле чутак, спансіраваў няўдалы замах на мінскага губернатара Курлова[2].
14 красавіка 1906 г. быў выбраны ў I Дзяржаўную думу Расійскай імперыі ад агульнага складу выбаршчыкаў Мінскага губернскага выбарчага сходу. Увайшоў у думскую дэпутацкую групу Краёвае кола Літвы і Русі, быў краёўцам-кансерватарам. Уваходзіў у склад бюджэтнай камісіі I Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі.
У 1912 г. перадаў справы па кіраванні маёмасцю, пакінуў свой маёнтак Лошыца, паехаў на Каўказ (Расійская імперыя), дзе знік бясследна, таму ўся яго рухомая і нерухомая маёмасць (маёнтак Лошыца) дзесьці ў 1915 г. перайшла па спадчыне ў супольнае валоданне да брата Аляксандра Янавіча Любанскага (1863—1932) і Елізаветы[13].
Дэпутаты Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі ад Мінскай губерні | ||
---|---|---|
I скліканне |
| |
II скліканне |
| |
III скліканне | ||
IV скліканне |
| |
* — абраны на чыё месца?; ** — абраны на месца выбылага Шміда; *** — абраны на месца выбылага Лашкарова; **** — абраны на месца выбылага Кадыгробава |