Аборт

наўмыснае спыненьне цяжарнасьці

Або́рт (спаро́н[1]; лац. abortus — выкідыш; мэд. азн. — abruptio graviditatis) — штучнае перарываньне цяжарнасьці шляхам выдаленьня плода з маткі ў тэрмін да 22 тыдняў ад зачацьця (да моманту, калі магчыма нараджэньне жыцьцяздольнага дзіцяці) праз прэпаратнае правакаваньне выкідышу і апэрацыйнае (прыладнае) ўмяшаньне.

10-тыднёвы плод, выдалены з 44-гадовай жанчыны з высьветленым ракам маткі на раньняй стадыі.

На больш позьнім тэрміне, калі маса плоду(en) сягае 500 грамаў, перарываньне цяжарнасьці называюць заўчаснымі родамі(en). Ажыцьцяўленьне па-за бальнічнай установай і без урача ёсьць крымінальным злачынствам. Можа выклікаць раньнія (крывацёк, пракол сьценкі маціцы і пашкоджаньне сумежных органаў) і позьнія (запаленьне плоцевых органаў і брушыны, бясплодзьдзе, эндакрынныя парушэньні) ўскладненьні, а таксама сьмерць жанчыны. Лячэньне наступстваў аборту праводзіцца ў стацыянарных умовах[2].

На 2013 год 57 з больш як 200 урадаў скасавалі ў сваіх краінах крымінальную адказнасьць за аборт, што прывяло да росту дзелі байструкоў сярод народжаных[3]. У тых краінах пражывала меншасьць жаночага насельніцтва Зямлі (каля 40%). Палова гэтай меншасьці пражывала ў Кітаі, дзе аборты ажыцьцяўляліся прымусова пры нясплаце спагнаньня за паўторныя роды[4]. Больш за палову абортаў ажыцьцяўлялася траўматычным выскрабаньнем[5].

22 кастрычніка 2020 году міністры ЗША, Беларусі, Вугоршчыны, Грузіі і Польшчы, а таксама 29 дзяржаваў Азіі (Інданэзіі і Пакістану), Афрыкі (Д.Р. Конга і Эгіпту) і Паўднёвай Амэрыкі (Бразыліі) з агульным насельніцтвам у 1,6 млрд чалавек падпісалі Жэнэўскую кансэнсусную дэклярацыю «Аб прасоўваньні жаночага здароўя і ўмацаваньні сям’і». Паводле 4-га пункту Дэклярацыі, «ні ў якім выпадку спарон ня мае прасоўвацца ў якасьці спосабу сямейнага плянаваньня», а «дзіцяці патрэбныя адмысловыя ахова і клопат як да, гэтак і пасьля народзінаў» (цытата з Канвэнцыі ААН аб правах дзіцяці 1989 году). Урэшце ўрады абвясьцілі «адданасьць працаваць разам, каб ... прасоўваць ... найвышэйшы магчымы ўзровень здароўя без улучэньня спарону». Тамсама згадвалася: «пацьвярджаем, што няма міжнароднага права на спарон і міжнароднага абавязку з боку дзяржаваў фінансаваць або спрыяць спарону»[6].

Беларусь

У 1920 г. аборты ў падсавецкай Беларусі ўпершыню дазволіў расейскі бальшавіцкі кіраўнік Уладзімер Ленін[7]. За 1990—2010 гады ў Беларусі правялі звыш 2,7 мільёны ўлічаных абортаў[8]. Пры гэтым іх штогадовы лік скараціўся з 260,8 тыс. у 1990-м да 33,3 тыс. у 2010 годзе[9].

У 1995 годзе 188 спаронаў прыпадала на 100 родаў[10]. У 2008 г. беларускія жанчыны зрабілі 26 350 абортаў, што склала 24,6% ад нараджэньняў[11]. На 2014 г. Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь прызнавала мэдычным супрацьпаказаньнем для правядзеньня аборту ганарэю, запаленьне і інфэкцыю[12]. Дзейнае заканадаўства дазваляе аборт без абгрунтаваньня прычыны ў тэрмін да 12 тыдняў цяжарнасьці. Такія аборты штогод складаюць 92% ад агульнай колькасьці[13]. Пры гэтым пасьля здабыцьця незалежнасьці ўрад Беларусі абавязаўся «забясьпечваць у максімальна магчымай ступені выжываньне» дзяцей незалежна ад нараджэньня паводле Канвэнцыі аб правах дзіцяці 1989 году, прэамбула якой падкрэсьлівае: «дзіця, з прычыны яго фізычнай і разумовай нясталасьці, мае патрэбу ў спэцыяльнай ахове і клопаце, уключаючы належную прававую абарону, як да, так і пасьля нараджэньня»[14]. Паводле эмбрыялёгіі, жыцьцё да народзінаў пачынаецца ад часу зачацьця (зьліцьця ядраў мужчынскай і жаночай плоцевых вузаў)[15].

У 2015 годзе Лагойск (Менская вобласьць) стаў першым горадам Беларусі, дзе ўсе да аднаго лекары напісалі заявы аб адмове выконваць аборты. У выніку нараджальнасьць у горадзе стала перавышаць сьмяротнасьць[16].

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі