Арабска-ізраільскі канфлікт

Арабска-ізраільскі канфлікт (па-арабску: الصراع العربي الإسرائيلي‎, па-габрэйску: הסכסוך הישראלי-ערבי) — супрацьстаяньне паміж шэрагам арабскіх краінаў, а таксама арабскімі ваенізаванымі радыкальнымі групоўкамі, якія маюць падтрымку з боку часткі карэннага арабскага насельніцтва акупаваных Ізраілем палестынскіх тэрыторыяў, з аднаго боку, і сіянісцкім рухам, а затым і дзяржавай Ізраіль, з другога. Нягледзячы на тое, што дзяржава Ізраіль была створана толькі ў 1948 годзе, фактычна гісторыя канфлікту ахоплівае каля стагодзьдзя, пачынаючы з канца XIX стагодзьдзя, калі быў закладзены палітычны сіянісцкі рух, які паклаў пачатак барацьбе габрэяў за стварэньне ўласнай дзяржавы.

Арабска-ізраільскі канфлікт

     Ліга арабскіх дзяржаваў

     Ізраіль

     Дзяржавы, якія ваявалі супраць Ізраілю

     Заходні бераг ракі Ярдан і Сэктар Газа

Дата:1920/1948 — па сёньняшні дзень
Месца:Блізкі Ўсход
Вынік:Працягваецца
Супернікі
Сьцяг Ізраілю Ізраіль Ліга арабскіх дзяржаваў

Пасьля распаду Асманскай імпэрыі ў выніку ейнай паразы ў Першай сусьветнай вайне канфлікт паміж габрэямі-сіяністамі й арабскім насельніцтвам Палестыны зводзіўся, галоўным чынам, да дамаганьняў да тэрытарыяльнага кантролю падмандатнай Палестыны. У ходзе напаленай сытуацыі ў другой чвэрці XX стагодзьдзя да геапалітычнага складніку дадаліся таксама рэлігійны й культурны аспэкты, якія ўзмацняюць міжнацыянальную варажнечу. У 1948 годзе суседнія арабскія краіны абвесьцілі вайну створанай габрэйскай дзяржаве. Такім чынам, канфлікт выйшаў за межы Палестыны й перарос у канфлікт паміж Ізраілем і ўсімі астатнімі арабскімі дзяржавамі ў рэгіёне. Са складаньнем мірнай дамовы з Эгіптам у 1979 годзе й Ярданіяй у 1994 годзе лік варожых да Ізраілю дзяржаваў скараціўся. У рамках буйнамаштабнага арабска-ізраільскага канфлікту прынята вылучаць рэгіянальны палестына-ізраільскі канфлікт, абумоўлены, у першую чаргу, сутыкненьнем тэрытарыяльных інтарэсаў габрэяў і арабаў, якія жывуць у Палестыне. У апошнія гады менавіта гэты канфлікт зьяўляецца крыніцай палітычнай напружанасьці й адкрытых узброеных сутыкненьняў у рэгіёне.

Гісторыя

Канфлікты да 1948 году

У канцы XIX стагодзьдзя многія эўрапейскія габрэі куплялі зямлю ў асманскага султана й ягоных агентаў. У той час Ерусалім не выходзіў за межы гарадзкой сьцяны, у ім налічвалася ўсяго некалькі дзясяткаў тысячаў чалавек. У тыя часы габрэі стваралі свае паселішчы, кібуцы, у якім жылі толькі прадстаўнікі габрэйскай нацыі.

Да Першай сусьветнай вайны, Блізкі Ўсход, уключаючы Палестыну, быў пад кантролем Асманскай імпэрыі амаль 500 гадоў. У апошнія гады сваёй імпэрыі туркі пачалі падтрымліваць ідэю пры турэцкую этнічную ідэнтычнасьць, сьцьвярджаючы пра прывіліяванае становішча туркаў у межах імпэрыі, што прывяло ў выніку да дыскрымінацыі ў дачыненьні да арабаў[1]. Абяцаньне вызваленьня ад асманаў прымусіла шматлікіх габрэяў і арабаў падтрымаць хаўрусьніцкія дзяржавы падчас Першай сусьветнай вайны, што прывяло да зьяўленьня шырокага арабскага нацыяналізму.

Габрэйскі аўтобус абсталяваны дротам, які абараняе шкло ад камянёў і гранатаў. Канец 1930-х.

У 1915—1916 гадох, падчас Першай сусьветнай вайны, брытанскі вярхоўны камісар у Эгіпце, сэр Генры Макмагон, таемна перапісваўся з Хусэйнам ібн Алі, асманскім губэрнатарам Мэкі й Мэдыны. МакМагон пераканаў Хусэйна весьці арабскае паўстаньне супраць Асманскай імпэрыі, якая ў тыя часы зьяўлялася хаўрусьнікам Нямеччыны. МакМахон абяцаў, што калі арабы падтрымаюць Вялікабрытанію ў вайне, брытанскі ўрад будзе падтрымліваць стварэньне незалежнай арабскай дзяржавы пад Хашыміцкім панаваньнем у арабскіх правінцыях Асманскай імпэрыі, уключаючы Палестыну. Арабскае паўстаньне на чале з Томасам Эдўардам Лоўрэнсам і сынам Хусэйна Фэйсалам пасьпяхова скончылася й Брытанія ўзяла пад свой кантроль большую частку арабскіх правінцыяў Асманскай імпэрыі.

У 1917 годзе брытанскі ўрад выдаў Дэклярацыю Бальфура, у якой гаварылася, што ўрад добразычліва разглядае «стварэньне ў Палестыне нацыянальнай дзяржавы для габрэйскага народу». Дэклярацыя была выпушчана ў выніку веры некаторых чальцоў урада, у тым ліку прэм’ер-міністра Лойда Джорджа, што габрэйская падтрымка неабходная для перамогі ў вайне. Тым ня менш, заява выклікала вялікі непакой у арабскім сьвеце[2]. Пасьля вайны, тэрыторыя перайшла пад брытанскае праўленьне ў якасьці брытанскага мандата ў Палестыне. Вобласьці, якія былі даручаны Брытаніі, уключала тэрыторыі сёньняшніх Ізраілю, Ярданіі, Заходні бераг ракі Ярдан і сэктар Газа.

Менавіта ў гэты момант габрэйская іміграцыя ў Палестыну значна павялічылася. Да 1931 году 17% насельніцтва Палестыны былі габрэямі, павялічыўшыся на шэсьць адсоткаў з 1922 году[3]. Габрэйская іміграцыя павялічылася неўзабаве пасьля прыходу да ўлады нацыстаў у Нямеччыне, у выніку чаго габрэйскае насельніцтва ў Палестыне павялічылася ў два разы[4]. Палестынскыя арабы палічылі гэта хуткі прыток габрэйскіх імігрантаў як пагрозу сваёй радзімы й сваёй ідэнтычнасьці як народа. Больш за тое, габрэйская палітыка была накіравана на выкуп зямлі й забарону занятасьці арабаў на аб’ектах прамысловасьці й фэрмах, якія належалі габрэям, што вельмі абурыла палестынскую арабскую абшчыну[5]. Дэманстрацыі з пратэстамі да існай сытуацыі былі праведзены яшчэ ў 1920 годзе. Пратэстуючыя выступалі супраць таго, што для габрэйскіх імігрантаў былі ўстаноўлены прэфэрэнцыі брытанскім мандатам. Гэтае абурэньне прывяло да выбухаў гвалту. У сакавіку 1920 году першы гвалтоўны інцыдэнт адбыўся ў Тэль-Хай, і ў тым жа годзе пачаліся беспарадкі ў Ерусаліме. У 1922 годзе Ўінстан Чэрчыль у сваёй «Белай кнізе» паспрабаваў супакоіць арабскае насельніцтва, адмаўляючы, што стварэньне габрэйскай дзяржавы было намерам Дэклярацыі Бальфура. У 1929 годзе пасьля дэманстрацыі палітычнай партыі Бэйтар, якая была ачолена Уладзімерам Жабацінскім ў Сьцяны Плачу, у Ерусаліме пачаліся масавыя беспарадкі, якія пашырыліся на ўсю Палестыну. У выніку 67 габрэяў былі забіты ў горадзе Хэўрон, што стала вядома як Гвалт у Хэўроне. На працягу тыдня гвалтаў, па меншай меры 116 арабаў і 133 габрэяў[6] былі забітыя й 339 параненыя[7].

У 1930-х гадох Із ад-Дын аль-Касам арганізаваў і стварыў ваенізаваную арганізацыю «Чорная Рука», якая мела антысіянісцкія й антыбрытанскія настроі. Ён завэрбаваў і арганізаваў ваенную падрыхтоўку для сялянаў і да 1935 году ён прыцягнуў у шэрагі сваёй арганізацыі ад 200 да 800 чалавек. Баявыя разьлікі былі ўзброены бомбамі й агнястрэльнай зброяй, якую яны выкарыстоўвалі, каб забіваць сіянісцкіх пасяленцаў у гэтым раёне, а таксама бралі ўдзел у кампаніях вандалізму ў габрэйскіх паселішчах[8]. Да 1936 году, эскаляцыя напружанасьці прывяла да арабскага паўстаньня ў 1936—1939 гадох у Палестыне[9].

Плян ААН па падзеле Палестыны.

У адказ на арабскі ціск[10], Брытанскія ўлады значна скарацілі лік габрэйскіх імігрантаў у Палестыну. Гэтыя абмежаваньні засталіся ў сіле да заканчэньня тэрміну дзеяньня мандата, у пэрыяд, які супаў з уцёкамі габрэяў з Эўропы ад нацыстаў. Як сьледзтва, большасьць габрэйскіх перасяленцаў прыязджалі ў Палестыну незаконна, што прывяло да далейшага павілічэньня напружанасьці ў рэгіёне. Пасьля некалькіх няўдалых спробаў вырашыць праблему дыпляматычным шляхам, брытанскія ўлады спыталіся да створанай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый за дапамогай. 15 траўня 1947 году ААН прызначыў камітэт, які складаўся з прадстаўнікоў адзінаццаці дзяржаваў. Для таго, каб камітэт меў больш нэўтральную пазыцыю, ні адна зь вялікіх дзяржаваў у ім прадстаўлена не была[11]. Пасьля пяці тыдняў дасьледаваньняў сытуацыі ў Палестыне, камісія рэкамэндавала стварыць дзяржавы для габрэяў і арабаў у Палестыне. Гэтае рашэньне пра стварэньне «дзьвюх дзяржаваў» было прынята 181-й рэзалюцыяй Генэральнай Асамблеі ААН у лістападзе 1947 году 33 галасамі «за» й 13 «супраць», пры гэтым 10 чальцоў устрымаліся. Арабскія дзяржавы, якія складалі Лігу арабскіх дзяржаваў, прагаласавалі супраць. У той жа час, у Палестыне арабы й габрэі пачалі адктырую барацьбу за кантроль пад стратэгічнымі пазыцыямі ў рэгіёне. Паводле дадзеных гвалты назіраліся з абедзьвюх бакоў[12].

За некалькі месяцаў да заканчэньня тэрміну дзеяньня мандата ізраільская арганізацыя самаабароны Хагана распачала шэраг наступаў, у выніку якіх яны атрымалі кантроль над усёй тэрыторыяй, якая прызначалася ААН для габрэйскай дзяржавы. Але разам з тым значна павялічыўся лік уцекачоў з захопленых гарадоў, як то Твэрыя, Хайфа, Цфат, Бэйт-Шыан і Яфа. У пачатку 1948 году Вялікабрытанія абвесьціла пра свой цьвёрды намер спыніць дзеяньне свайго мандата ў Палестыне 14 траўня[13]. У адказ на гэта прэзыдэнт ЗША Гары Труман выступіў з заявай 25 сакавіка й прапанаваў узяць апеку над тэрыторыяй ААН, заявіўшы, што вырашыць сытуацыю мірным шляхам у абодвух народаў не атрымаеца.

14 траўня 1948 году, у дзень афіцыйнага заканчэньня мандата й за дзень да гэтага вялікая частка брытанскага войска сышла, а Ізраіль абвесьціў пра сваю незалежнасьць і сувэрэнітэт, аднак не пазначыў свае межы. На наступны дзень, Ліга арабскіх дзяржаваў афіцыйна пацьвердзіла сваю нязгоду з плянам стварэньня «дзьвюх дзяржаваў» у лісьце да ААН[14]. У гэты дзень арміі Эгіпту, Лібану, Сырыі, Ярданіі й Іраку ўварваліся на тэрыторыю вызначанай арабскай часткі Палестыны, паклаўшы тым самым пачатак арабска-ізраільскай вайны. Ізраільскія сілы абароны адбілі ў войска арабскіх краінаў часткі акупаваных тэрыторыяў, пашырыўшы тым самым свае межы за першапачатковы падзелу ААН[15]. Да сьнежня 1948 году Ізраіль кантраляваў большую частку Палестыны на захад ад ракі Ярдан. Астатняя частка была пад кантролем рэгулярнай арміі Ярданіі, гэтая вобласьць атрымала назву Заходняга берага, а сэктар Газа кантраляваўся Эгіптам. Да й падчас гэтага канфлікту каля 713 тысячаў палестынскіх арабаў пакінулі свае паселішчы й сталіся ўцекачамі, у прыватнасьці, з-за абяцаньня ад арабскіх лідэраў, што яны змогуць вярнуцца, калі вайна ўжо пераможана. Многія палестынцы беглі з раёнаў бо былі напалоханы гвалтамі, якія праводзіліся ізраільскімі ваенізаванымі атрадамі, як то Іргун і Лехі, у дачыненьні да цывільнага арабскага насельніцтва. Вайна скончылася складаньнем мірнай дамовы ў 1949 годзе паміж Ізраілем і кожным зь ягоным арабскім суседам.

Пэрыяд з 1948 па 1967 гады

Да прыняцьця Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў рэзалюцыі нумар 181 у лістападзе 1947 году й абвяшчэньня дзяржавы Ізраіль у траўні 1948 году, у шэрагу арабскіх краінаў былі прыняты дыскрымінацыйныя меры ў дачыненьні да мясцовага габрэйскага насельніцтва. Статус габрэйскіх грамадзянаў у арабскіх дзяржавах рэзка пагоршыўся зь цягам арабска-ізраільскага канфлікту 1948 году. Асноўныя антыгабрэйскія беспарадкі ўспыхнулі ўва ўсім арабскім сьвеце ў сьнежні 1947 году, габрэйскія абшчыны асабліва моцна пацярпелі ў Сырыі й Адэне, дзе было зафіксавана сотні забітых і параненых. Да сярэдзіны 1948 году, амаль усе габрэйскія абшчыны ў арабскіх краінах пацярпелі ад нападаў і іхны стан рэзка пагоршыўся. Габрэі ў адпаведнасьці зь ісламскімі рэжымамі былі адарваныя ад свайго даўняга жыхарства альбо сталі палітычнымі закладнікамі арабска-ізраільскага канфлікту. У выніку, вялікая колькасьць габрэяў беглі альбо былі вымушаныя эміграваць з арабскіх краінаў і некаторых мусульманскіх краінаў. Антыгабрэйскі гвалт й перасьлед стаў ініцыятарам першай хвалі зыходу й многіх наступных. У Лібіі габрэі былі пазбаўленыя грамадзянства, а таксама ў Іраку, дзе іхняя маёмасьць была канфіскавана[16]. Эгіпет выгнаў вялікую частку сваёй габрэйскай абшчыны ў 1956 годзе, у той час як Альжыр пазбавіў сваіх габрэяў грамадзянства толькі пасьля здабыцьця незалежнасьці ў 1962 годзе. Большасьць зь іх бегла ў сувязі з пагаршэньнем палітычнага становішча, аднак некаторыя эмігравалі па ідэалягічных чыньніках[17].

Больш за 700 тысячаў габрэяў эмігравала ў Ізраіль паміж 1948 і 1952 гадамі й прыкладна 285 тысячаў зь іх прыехалі з арабскіх краінаў[18]. Да канца 1960-х гадоў, больш за 850 тысячаў габрэяў пакінулі родныя мясьціны прыкладна зь дзесяці арабскіх краінаў. Сёньня, менш за 7 тысячаў габрэяў застаюцца ў гэтых краінах на сталым жыхарстве. Індывідуальная й камунальная маёмасьць была канфіскавана без кампэнсацыі[19][20][21]. У цяперашні час гэтыя габрэі-імігратны й іхныя нашчадкаў, складаюць 41% ад агульнага насельніцтва Ізраілю[22].

Ізраільскія жаўнеры ля зьнішчанага эгіпецкага самалёту.

У выніку перамогі Ізраілю ў вайне за незалежнасьць 1948 году, арабы, якія пакінулі свае дамы на габрэйскай тэрыторыі, не змаглі вярнуцца ў родныя мясьціны. Акрамя таго, любы габрэі на Заходнім беразе альбо ў сэктары Газы быў выгнаны са сваёй маёмасьці й жылых дамоў у Ізраіль. Палестынскія ўцекачы, ёсьць пашчадкі тых, хто сышоў, і адказнасьць за іхны зыход ёсьць прадмет спрэчкі паміж ізраільскім і палестынскім бокам[23].

У 1956 годзе Эгіпет зачыніў Тыранскі праліў для праходу ізраільскіх суднаў і блякаваў Акабскі заліў у парушэньне Канстантынопальскай канвэнцыі 1888 году. Многія сьцьвярджалі, што гэта ёсьць таксама парушэньнем мірнага пагадненьня 1949 году[24][25]. 26 ліпеня 1956 году Эгіпет нацыяналізаваў кампанію Суэцкага канала й зачыніў канал для ізраільскіх суднаў[26]. Ізраіль адказаў 29 кастрычніка 1956 году, уварваўшыся на Сынайскі паўвостраў пры брытанскай і францускай падтрымцы. Падчас крызы Суэцкага канала, Ізраіль захапіў сэктар Газы й Сынайскі паўвостраў, але з-за ціску з боку ЗША й Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў быў вымушаны спыніць далейшы наступ[27]. Ізраіль пагадзіўся вывесьці войскі з тэрыторыі Эгіпта, які пагадзіўся свабоду суднаходзтва ў рэгіёне й дэмілітарызацыі Сыная, дзеля кантралю за якой ААН разгарнула спэцыяльную камісію[28]. Аднак камісія працавала толькі з боку эгіпецкай мяжы ў той час, калі Ізраіль адмовіўся дазволіць працаваць на сваёй тэрыторыі[29].

19 траўня 1967 году, Эгіпет выгнаў назіральнікаў ААН, і перакінуў каля 100 тысячаў жаўнераў на Сынайскі паўвостраў да ізраільскай мяжы[30]. Ён зноўку зачыніў Тыранскі праліў для праходу ізраільскіх суднаў[31], вярнуўшы сытуацыю 1956 году, калі Ізраіль быў блякаваны. 30 траўня 1967 году, Ярданія падпісала пакт аб узаемнай абароне з Эгіптам. 5 чэрвеня Ізраіль пачаў наступ на Эгіпет. ВПС Ізраілю зьнішчылі большую частку эгіпецкіх ВПС падчас нечаканага нападу, а затым павярнуліся на ўсход і зьнішчылі вайсковыя самалёты Ярданіі, Сырыі й Іраку. Гэтая падзея стала найважнейшым элемэнтам перамогі Ізраілю ў Шасьцідзённай вайне[32]. У канцы вайны, Ізраіль атрымаў кантроль над Сынайскага паўвостравам, сэктарам Газы, Заходнім берагам, Усходнім Ерусалімам, фэрмамі Шэбаа й Галянскімі вышынямі. Вынікі вайны ўплываюць на геапалітыку рэгіёну й па сёньняшні дзень.

Напружаньне 1967—1970 гадоў

Эгіпецкія вайскоўцы перапраўляюцца праз Суэцкі канал 7 кастрычніка 1973 году.

У канцы жніўня 1967 году арабскія лідэры ​​сустрэліся ў Хартуме ў адказ на вайну, каб абмеркаваць і скласьці агульную пазыцыю арабаў у адносінах да Ізраілю. Яны дасягнулі кансэнсусу, што не павінна быць ні прызнаньня, ні міру, ні перамоваў зь дзяржавай Ізраіль. Гэтая пазыцыя вядомая як «тры не»[33].

У 1969 годзе Эгіпет распачаў вайну да зьнясіленьня з мэтай вычарпаць сілы Ізраілю, каб вярнуць назад Сынайскі паўвостраў, які быў захоплены ізраільскім войскам падчас Шасьцідзённай вайны[34]. Вайна скончылася пасьля сьмерці Гамаля Абдула Насэра ў 1970 годзе. Наступны кіраўнік Эгіпту Анвар Садат зьмяніў тактыку, спрабуючы наладзіць станоўчыя адносіны з ЗША, спадзеючыся, што яны будуць аказваць ціск на Ізраіль з мэтай вяртаньня зямляў. У выніку з Эгіпту былі выгнаныя 15 тысяч савецкіх вайсковых дарадцаў.

6 кастрычніка 1973 году Сырыя й Эгіпет зладзілі нечаканы напад на Ізраіль у дзень Ём-Кіпуру, сьвятога дня габрэйскага календару. Ізраільскія вайскоўцы не былі падрыхтаваныя да гэтага, і ізраільскаму камандваньню спатрэбілася каля трох дзён дзеля поўнай мабілізацыі[35][36]. Гэта прымусіла іншыя арабскія дзяржавы накіраваць войскі для ўзмацненьня сілаў эгіпцянаў і сырыйцаў. Акрамя таго, гэтыя арабскія краіны пагадзіліся ўвесьці нафтавае эмбарга на прамысловыя краіны, уключаючы ЗША, Японію і краіны Заходняй Эўропы, стварыўшы ціск на эканомікі разьвітых краінаў. Гэтыя краіны АПЭК у чатыры разы павялічылі цану на нафту і выкарыстоўвалі яе як палітычную зброю, каб атрымаць падтрымку супраць Ізраілю[37]. Вайна Ём-Кіпур прадугледжвала ўскоснае супрацьстаяньне ЗША і СССР. Калі Ізраіль разгарнуў сілы дзеля адпору, СССР пагражаў ваеннай інтэрвэнцыяй. 25 кастрычніка ЗША, насьцярожаныя магчымай ядзернай вайной, дамовіліся аб спыненьні агню[35][36].

Крыніцы

Літаратура

  • Smith, Charles D. Palestine and the Arab Israeli Conflict: A History With Documents. — Boston: Bedford/St. Martin’s, 2004. — ISBN 978-1457613487

Вонкавыя спасылкі

Арабска-ізраільскі канфліктсховішча мультымэдыйных матэрыялаў