Готы

Го́ты (гоцк. 𐌲𐌿𐍄𐌰𐌽𐍃, Gutans, лац. Gothi, Got(h)ones, Gutones, стар.-грэц. Γότθοι) † — германскі народ II—IX стагодзьдзяў, які да VIII стагодзьдзя адыгрываў значную ролю ў гісторыі Эўропы. Гэта былі плямёны скандынаўскага паходжаньня, якія размаўлялі на гоцкай мове — мове ўсходняе групы германскае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў, для якой біскуп Вульфіла ў IV стагодзьдзі распрацаваў гоцкую пісьмовасьць). У першыя стагодзьдзі нашай эры прарабілі шлях з Швэцыі да Чорнага мора і ракі Дунаю, дасягнуўшы самых аванпостаў Рымскае імпэрыі. У III ст. падзяляліся на вэстготаў (вэзэготаў, тэрвінгаў; тэрыторыя сучаснай Малдовы), остготаў (астраготаў, грэўтунгаў; тэрыторыя Паўночнага Прычарнамор'я на ўсход ад Днястра), малых готаў (Мэзія, сучасная Баўгарыя) і готаў-тэтраксытаў (трапэзытаў; Крым). Пазьней у выніку некалькіх міграцыяў вэстготы апынуліся ў Гішпаніі, а остготы стварылі сваю дзяржаву ў Італіі (да сярэдзіны XVI ст.)[1].

Готы

«Біскуп Вульфіла тлумачыць готам Эвангельле», ксыляграфія 1890 году
Колькасьць
Рэгіёны пражываньняЭўропа
Мовыгоцкая
Рэлігіяполітэізм, хрысьціянства
Блізкія этнасывандалы, гепіды, скіры

У сярэдзіне I стагодзьдзя ў нізоўі Віслы з удзелам готаў утварылася вэльбарская культура, у III ст. у Паўночным Прычарнамор'і ўзялі ўдзел у стварэньні чарняхоўскай культуры. На тэрыторыі сучаснай Беларусі археолягі выявілі помнікі вэльбарскай культуры Вялічкавічы, Скорбічы, Берасьцейскі курганны могільнік ды іншыя[1].

Раньняя гісторыя

Пашырэньне готаў (прыкладнае)

      — Готлянд,

      — Гёталянд (гістарычная тэрыторыя),

      — Вэльбарская культура,

      — Чарняхоўская культура,

      — Рымская імпэрыя

Асноўныя артыкулы: Скандза і Оюм

Готы сфармаваліся ў Скандынавіі, у краіне, якую Ярдан заве Скандза. Хоць пытаньне пра сваяцтвае готаў з проташвэдзкім племем ётаў спрэчнае, пад Скандзай у гістарыяграфіі звычайна разумеюць поўдзень сучаснай Швэцыі і востраў Готлянд. За караля Бэрыга яны пераправіліся цераз Балтыйскае мора і занялі ў II стагодзьдзі нізоўі Віслы (Ярдан называе гэту краіну Гатыскандза).

Зь пераправы готаў у кантынэнтальную Эўропу гісторыкі пачынаюць адлік Вялікага перасяленьня народаў. Выцесьненыя готамі з тэрыторыі сучаснай Польшчы вандалы і ругі пачалі рух на поўдзень, прымушаючы мясцовае насельніцтва ссоўвацца ў бок Міжземнамор’я. Адсюль — першы націск барбараў на паўночна-ўсходнія межы Рымскай імпэрыі, які яна адчула за Маркам Аўрэліюсам.

Пяты па Бэрыгу кароль готаў Філімэр прывёў іх, паводле адной з вэрсіяў, у Прыдняпроўе, дзе на тэрыторыі цяперашняй Украіны узьнікла гоцкая дзяржава Оюм. Да гэтага Прыдняпроўе, як мяркуецца, займаў народ спалаў. У археалягічным пляне знаходжаньню готаў у Прыдняпроўі адпавядае чарняхоўская культура, з цэнтрам на сярэднім Днястры, а больш раньняму пэрыяду іх гісторыі — культура вэльбарская.

Пісьмовыя крыніцы з гісторыі Оюму позьнія і ненадзейныя — «Гетыка» Ярдана і скандынаўскія сагі (у першую чаргу, «Сага пра Гервэр»), якія апавядаюць пра змаганьне готаў з гунамі. Сталіцай адзінай гоцкай дзяржавы ў скандынаўскім фальклёры лічыўся горад на Дняпры — літаральна Данпарстад. У сазе пра Гэрвэр сталічным названы «рачны дом» — Аргэймар.

Каля 230 году готы спусьціліся ў Прычарнамор’е. Калі з готамі ўпершыню сутыкнуліся рымляне, яны ўжо падзяліліся на дзьве галіны — усходнюю (остготы) і заходнюю (вэстготы). Да ліку гоцкіх плямёнаў належалі таксама скіры, таіфалы і крымскія готы, ад якіх пазьней адлучыліся готы-трапэзыты Тамані.

Гоцкія войны

Гоцкі водца — мазаіка Вялікага палацу ў Канстантынопалі
Асноўныя артыкулы: Скіфская вайна III стагодзьдзя і Гоцкая вайна (377—382)
  • У III стагодзьдзі готы выціснулі рымлянаў з Дакіі (цяперашняя Малдова), тады ж адбыўся падзел готаў на заходніх (вэстготы) і ўсходніх (остготы).
  • У 257 годзе аддзелы готаў дасягнулі ўсходняга Крыму і, часткова разрабаваўшы Баспорскае царства (Пантыкапэй і Німфэюс) і захапіўшы флёт, адправіліся да берагоў Малой Азіі. Гэтым яны зьнішчылі скіфскае царства з цэнтрам у Крыме.
  • Увесну 258 году днястроўская флятылія готаў дасягнула Баспору і разрабавала Халкедон і Нікею.
  • У 262 годзе готы напалі на Тракію.
  • У 267 годзе, выйшаўшы з утокі Дону, гоцкі флёт дасягнуў Карынту і Атэнаў.
  • У 269 годзе сутыкненьне готаў з арміяй рымскага імпэратара каля гораду Нішу (Сэрбія). Аўрэліян мусіў пакінуць Дакію барбарам.
  • У IV стагодзьдзі готы прымаюць арыянскую мадэль хрысьціянства і вынаходзяць уласную пісьмовасьць, — гоцкі альфабэт, вынайдзены біскупам Вульфілам, які пераклаў на гоцкую біблейскія тэксты (Срэбны кодэкс).
  • У 375 годзе гуны зьнішчаюць каралеўства готаў у Прычарнамор’і.
  • У 376 годзе готы фарсіруюць Дунай і перасяляюцца на Балканы.
  • У 378 годзе готы разьбіваюць армію рымскага імпэратара пад Адрыянопалем (сучаснае Эдырнэ, эўрапейская частка Турэччыны).

Остготы, вэстготы, крымскія готы

Вэстгоцкая брошка
Асноўныя артыкулы: Остготы, Вэстготы і Крымскія готы
  • У 410 годзе кароль вэстготаў Алярых захапіў Рым.
  • У 412 годзе вэстготы ўрываюцца ў Галію.
  • У 414 годзе вэстготы ўрываюцца ў Гішпанію.
  • У 418 годзе вэстготы адыходзяць у Аквітанію (Паўднёва-Заходняя Францыя) і засноўваюць там сваё каралеўства.
  • У 451 годзе пры Каталяўнскіх палёх хаўрус готаў і іншых плямёнаў спыніў прасоўваньне на захад гунаў.
  • У 463 годзе вэстготы аднаўляюць заваяваньне Гішпаніі.
  • У 493 годзе кароль остготаў Тэадорых засноўвае каралеўства ў Італіі.
  • У 507 годзе франкі выціснулі вэстготаў з Аквітаніі.
  • У час Гоцкай вайны (536—555 гады) арміі бізантыйскага імпэратара Юстыніяна зьнішчаюць дзяржаву остготаў у Італіі.
  • У 711 годзе арабская армія Тарыка ібн Зіяда зьнішчае каралеўства вэстготаў у Гішпаніі (апошні кароль — Родэрых (Радрыга)).
  • Да пачатку XVII стагодзьдзя належаць апошнія зьвесткі пра гоцкую супольнасьць у Крыме (гл. крымска-гоцкая мова).

Пісьмовасьць

Маўзалей Тэадорыха (520 г., Равэна) — адзіны захаваны помнік гоцкай архітэктуры
Асноўныя артыкулы: Гоцкая пісьмовасьць і Гоцкая Біблія

Готы першымі з германскіх плямёнаў прынялі хрысьціянства (арыянства). Гоцкая Біблія — першы літаратурны помнік на германскім мове; адначасна гэта і першы перакладны германскі пісьмовы помнік. На сёньняшні дзень захаваліся толькі асобныя фрагмэнты гэтага перакладу. Разам з тым, з пункту гледжаньня філялёгіі (як літаратуразнаўства, так і параўнальна-гістарычнага мовазнаўства) ён унікальны і каштоўны. Гэты пераклад зьдзейсьніў у IV стагодзьдзя н. э. арыянскі біскуп Вульфіла.

Памяць пра готаў

Фрагмэнт мапы С. Мюнстэра(en) (1578 г.) з подпісам «Codinia», які часам зьвязваюць з готамі[2] (разам з тым, на тэрыторыі сучаснай Украіны існаваў рэгіён Кадымія(uk))

У часы Адраджэньня готы разглядаліся гуманістамі як носьбіты барварскага пачатку, вінаватыя ў разбурэньні антычнай цывілізацыі. Да зьяўленьня тэрміну Сярэднявечча ўсё германска-барбарскае ў эўрапейскай культуры пазначалася эпітэтам «гатычны». Адсюль паходзяць тэрміны готыка і гатычны шрыфт, хоць адпаведныя зьявы да готаў беспасярэдняга дачыненьня ня маюць.

За часамі знаходжаньня готаў ва Ўсходняй Эўропе іх суседзі — славяне — перанялі з гоцкай мовы мноства словаў — «хлеб», «кацёл», «купіць», «вярблюд» і інш. (падрабязьней гл. слоўнік Фасмэра). На пераемнасьць у дачыненьні да готаў прэтэндавалі швэдзкія каралі («каралі швэдаў (свэяў), готаў і вэндаў»), нашчадкамі вэстготаў лічыла сябе гішпанская арыстакратыя.

Прапаганда з боку расейска-летувіскіх і пруска-нямецкіх аўтараў гіпотэзы пра «перакручваньне старажытных летувіскіх імёнаў» (імёнаў ліцьвінаў) з боку славянскіх, лацінскіх і нямецкіх пісараў разам з адвольнымі тлумачэньнямі гоцкіх імёнаў і асноваў зь летувіскай мовы прычынілася да выданьня ў 1929 годзе кнігі на ангельскай і летувіскай мовах з псэўданавукова «адноўленымі» арыгінальнымі («летувіскімі») формамі імёнаў готаў з дынастыі Балтаў (т.б. «не перакручанымі» лацінскімі, грэцкімі і нямецкімі аўтарамі[3])

У 1650 годзе ў Каралявецкім унівэрсытэце навучаўся Hindricus Petri Littovius, Norcopensis Gothus[4].

Швэдзкі гісторык Юган Тунман(en) у сваёй працы «Дасьледаваньні старажытнай гісторыі некаторых паўночных народаў» (Бэрлін, 1772 год) зазначаў наконт паходжаньня «лецкіх народаў» (летувісаў і латышоў), што паўднёва-заходняя Русь, Літва, большая частка Прусіі і Польшчы былі пачатковым месцам пражываньня славянаў або вэнэдаў і што «леты», якія насяляюць частку гэтых краін — гэта «не асобны народ, не старажытная нацыя, а славяне, зьмяшаныя зь фінамі і готамі»[a][5].

Францускі лінгвіст-германіст Раймонд Шмітляйн у сваім дакладзе[6] на Першым Міжнародным кангрэсе тапанімікі і антрапанімікі ў Парыжы (1938 год) зазначыў, што «нават сёньня амаль усе літоўскія шляхецкія імёны маюць гоцкае паходжаньне»[b][7]. На падставе ўласных шматгадовых дасьледаваньнях ён прыйшоў да высновы, што многія літоўскія ўласныя імёны альбо будуюцца паводле германскіх, альбо ёсьць запазычанымі з германскіх[8].

Міграцыя германамоўных готаў ад нізоўяў Віслы праз Прыпяць да Чорнага і Азоўскага мораў пацьвярджаецца археалягічнымі зьвестками, якія сьведчаць, што готы (або іх частка) затрымаліся на Палесьсі амаль на два стагодзьдзі (II—IV стст. н. э.). Археолягі знайшлі гоцкія магільнікі каля Берасьця, у нізоўях Гарыні таксама знайшлі сьляды гоцка-гепідзкай культуры. У готаў была ўласная назва для Палесься — Oium, што прыкладна азначае 'край вады'. Дасьледнікі зафіксавалі ў мясцовых дыялектах Цэнтральнага Палесься геаграфічны тэрмін вое, вой — 'хуткая плынь у рацэ', што ёсьць водгаласам гоцкага бытаваньня ў рэгіёне. З гоцкай мовы выводзяць гідронім Гарынь, з гоцкім (шырэй — германскім) этымонам зьвязваюць палескія тапонімы Агдэмер, Лютымер, Валавель, Гадавель, Хутамір, Адрыжын, а таксама назвы з фармантам -аха (гоцкае aha 'вада') — Утваха, Пскаваха, Лахва ды іншыя[9].

У ліпені 2022 году ў вёсцы на поўнач ад Ліды (Беларусь) знайшлі калекцыю срэбраных прадметаў, пакрытых пазалотай, якую, з усяго відаць, пакінулі па сабе готы: вайсковыя трафэі, вырабленыя на тэрыторыі позьняй Рымскай імпэрыі ў ІІ—IV стагодзьдзях нашай эры. Апроч таго, у Беларусі і на Падляшшы знаходзяць гоцкія мячы[10].

З готамі звычайна зьвязваюць летувіскае найменьне «гуды»[11].

Глядзіце таксама

Заўвагі

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі