Памір (горная сыстэма)

Памір (па-кітайску: 帕米尔高原; па-кыргыску: Памир тоолору; па-таджыцку: Кӯҳҳои Помир; па-пэрсыдзку: پامیر کوهستان‎; па-ўйгурску: پامىر ئېگىزلىكى) — высакагорная сыстэма на поўдні Сярэдняй Азіі, пераважна ў Горна-Бадахшанскай аўтаномнай вобласьці Таджыкістану, а таксама ў Кыргыстане, Пакістане, Аўганістане і Кітаі. Памір знаходзіцца на злучэньні адгор’яў іншых магутных горных сыстэмаў Цэнтральнай Азіі — Гіндукушу, Каракаруму, Куньлуня и Цянь-Шаня. Горы Паміру ўваходзяць у лік найвышэйшых гораў зямлі і з Віктарыянскіх часоў былі вядомыя як «Дах Сьвету», як перакладаецца слова «Памір».[1][2]

Мапа Паміру

Геаграфія

Памірскія горы

Плошча Паміру складае прыкладна 120 000 км². Паўночная частка сыстэмы знаходзіцца ў Кыргыстане і абмежавана Заалайскім хрыбтом. Усходняя частка Паміру знаходзіцца ў Кітаі, абмежавана Сыракольскім і Кашгарскім хрыбтом. Паўднёвая частка сыстэмы знаходзіцца ў Аўганістане, абмежавана ракой Памір і вярхоўямі ракі Пяндж. На захадзе горная сыстэма Паміру абмежавана мэрыдыянальным адрэзкам даліны ракі Пяндж. Асноўная частка сыстэмы знаходзіцца ў Таджыкістане. Найвышэйшыя пункты зьмешчаны ў Кашгарскіх гарах (г. Кангур, 7719 м; г. Музтагата, 7546 м)[3].

Паводле асаблівасьцей рэльефу сыстэму падзяляюць на Заходні і Ўсходні Памір. Для Заходняга Паміру характэрна сыстэма высокіх хрыбтоў, схілы якіх расчлянёныя глыбокімі цясьнінамі рэк. Для рэльефу Ўсходняга Паміру характэрныя плоскія днішчы вялізных далін і катлавін, якія падняты на вышыню 3500 — 4500 м і запоўнены прадуктамі разбурэньня гораў, у грунтах трапляецца вечная мерзлата. Над імі ўзвышаюцца хрыбты вышынёй больш за 6000 м.

Найвышэйшыя горы

  • Кангур, 7719 м, Кітай
  • Музтагата, 7546 м, Кітай
  • Пік Ісмаіла Самані (былыя назвы Пік Камунізму, Пік Сталіна), 7495 м, Таджыкістан
  • Пік Леніна, 7134 м, Таджыкістан/Кыргыстан
  • Пік Каржанеўскага, 7105 м, Таджыкістан
  • Пік Рэвалюцыі, 6974 м, Таджыкістан

Сэйсьмічны стан

Памір — вобласьць з высокай сэйсьмічнасьцю. Землятрусы дасягаюць 8—9 балаў.[3]

Клімат

Клімат Паміру рэзка кантынэнтальны. Характэрна доўгая і суровая зіма, кароткае і халоднае лета. У далінах Заходняга Паміру на вышыні каля 2000 м сярэднія тэмпэратуры вагаюцца ад −7,4 °C у студзені да 22,5 °C у ліпені. Гадавая колькасьць ападкаў сягае тут 800 мм (на ледавіку Федчанкі). На Ўсходнім Паміры клімат больш суровы. На вышыні каля 4000 м сярэдняя тэмпэратура студзеня сягае −20 °C, у ліпені паветра праграваецца ў сярэднім ўсяго да +8 °C, ападкаў выпадае каля 100 мм штогод.[3]

Сьнегавое покрыва й ледавікі

Сьнегавая мяжа вагаецца ад 3600 м ў Заходнім Паміры да 5400 м ва Ўсходнім Паміры. Плошча зьледзяненьня ў межах Таджыкістану звыш 7500 км², што складае больш за 10% усёй паверхні Паміру.[3]

На тэрыторыі Паміру зьмяшчаецца вялікая колькасьць ледавікоў — каля 7100. Тыпы ледавікоў: каравыя, вісячыя, схілавыя, складаныя далінныя альпійскага й туркестанскага тыпаў. Найбольшыя ледавікі: Федчанкі даўжынёй 77 км (найдаўжэйшы ў былым СССР) і Грум-Гржымайлы даўжынёй 37 км.[3]

Рэкі й азёры

Рэкі, якія працякаюць у межах Паміру, адносяцца пераважна да басэйнаў Амудар’і (якая ў верхнім цячэньні называецца Пяндж), Яркэнду і Кашгару. Найбольшыя рэкі: Кызыл-Суу, Кызылсу, Сурхоб, Вахш. Яны маюць бурнае цячэньне, летнія паводкі.

Найбольшыя азёры: Каракуль, Рангкуль, Шаркуль, Заркуль, Яшылькуль, Сарэскае.[3]

Расьлінны сьвет

У далінах Заходняга Паміру пераважае пустэльныя палыновая расьліннасьць, на вышыні 3600—3200 м — дзярнова-злакавыя стэпы з калючымі падушкамі астрагалаў і аканталімонаў. На вышыні 3200—3800 м пераважаюць кавыльныя стэпы, якія зьмяняюцца кабрэзіевымі лугамі. З вышыні 4500 м пачынаецца субальпійскі пас з марозаўстойлівай нізкатраўнай расьліннасьцю. Па берагах рэк растуць таполі, бярозы, вербы, якія могуць утвараць невялікія гаі.

Даліны Ўсходняга Паміру заняты высакагорнай пустэльняй з рэдкімі расьлінамі падушкападобнай формы. На вышыні 3500—4200 м найбольш характэрны паўхмызьнячок тэраскен, а вышэй за 4200 м пераважаюць падушачнікі з вастралодкі, аканталімону, сібальдыі. Каля рэк і ручаёў сустракаюцца кабрэзіевыя і асаковыя лугі.[3]

Жывёльны сьвет

Жывёльны сьвет Паміру прадстаўлены горным баранам архарам, даўгахвостым сурком, чырвонай пішчухай. Сярод птушак сустракаюцца тыбэцкі ўлар, серпадзюб, тыбэцкі крумкач, жаваранак і сьнегавы гімалайскі грыф.

У гаспадарцы вырошчваюць якаў.[3]

Эканоміка

У Заходнім Паміры здабываюць вугаль.

На лугах разводзяць авечак.

Вырошчваюць ячмень, гарох, на паліўных палях — вінаград, шаўкоўніцу, грэцкі арэх, абрыкосы.[3]

Транспарт

Памірская шаша, другая па вышыні міжнародная дарога, зьвязвае Душанбэ ў Таджыкістане з Ошам у Кыргыстане праз Горна-Бадахшанскую аўтаномную вобласьць і зьяўляецца адзінай крыніцай забесьпячэньня для навакольных ізаляваных рэгіёнаў. Вялікі шоўкавы шлях праходзіў праз шэраг памірскіх хрыбтоў.[4]

Турызм

У сьнежні 2009 г. Нью-Ёрк Таймз зьмясьціла шэраг артыкулаў, прысьвечаных турыстычным магчымасьцям памірскага рэгіёну Таджыкістану.[5][6]

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Памір (горная сыстэма)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў