Эрлінг Голян

нарвэскі футбаліст

Э́рлінг Голян (па-нарвэску: Erling Haaland; нар. 21 ліпеня 2000 году) — нарвэскі футбаліст, нападнік ангельскага клюбу «Манчэстэр Сіці» і нацыянальнай зборнай Нарвэгіі. Гулец ёсьць плённым бамбардзірам, вядомым сваёй высокай хуткасьцю, атлетызмам і фінішнымі здольнасьцямі, дзякуючы чаму атрымаў мянушку «Тэрмінатар». Голян лічыцца адным з найлепшых нападнікаў сусьветнага футболу[6].

Эрлінг Голян
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся21 ліпеня 2000(2000-07-21)[1][2] (23 гады)
Рост195,2 см[4][5]
Вага87 кг
Пазыцыянападнік
Клюбная інфармацыя
КлюбМанчэстэр Сіці
Нумар9
Клюбы
ГадыКлюбГульні (галы)¹
2015—2017
2017—2019
2019—2020
2020—2022
2022—
Брунэ
Мольдэ
Рэд Бул
Барусія Дортмунд
Манчэстэр Сіці
16 (0)
39 (14)
16 (17)
67 (62)
58 (54)
Зборныя
2019—Нарвэгія29 (27)

¹ Колькасьць гульняў і галоў за прафэсійны клюб лічыцца толькі
для нацыянальнай лігі, адкарэктавана на
10 сакавіка 2024.
² Колькасьць гульняў і галоў за нацыянальную зборную
ў афіцыйных матчах, адкарэктавана на
16 лістапада 2023.

Кар’ера

Пачатак

Голян нарадзіўся ў сям’і нарвэскага футбаліста Альфа-Інге Голяна, калі той гуляў яшчэ ў Ангельшчыне. Ва ўзросьце 3 гадоў Эрлінг разам зь сям’ёй пераехалі ў Нарвэгію, дзе хлопец пачаў займацца футболам, гандболам, гольфа і лёгкай атлетыкай. У маладым узросьце быў пераведзены да асноўнай дружыны клюбу «Брунэ», у якім займаўся зь дзяцінства. Дэбютаваў у складзе клюбу 12 траўня 2016 году ў матчы другога дывізіёну супраць «Рангэйму»[7]. Не зважаючы на тое, што у першым прафэсійным сэзоне не адзначыўся голам, аднак, быў заўмажаны нямецкім клюбам «Гофэнгайм». Тым ня менш, Голян у выніку апынуўся ў табары клюбу «Мольдэ», якім кіраваў на той час Уле-Гунэр Сульшэр. Дэбют маладога футбаліста за новы клюб 26 красавіка 2017 году ў матчы Кубка Нарвэгіі супраць ВТІ, забіўшы ў сваім першым жа матчы. Перамога апынулася на рахунку «Мольдэ» (3:2)[8]. 4 чэрвеня 2017 Голян дэбютаваў у чэмпіянаце Нарвэгіі, зьявіўшыся на пляцоўцы на 71-й хвіліне. Ужо на 77-й хвіліне Голян улучыў мяч у браму суперніка і дараваў перамогу сваёй дружыне[9]. Другі свой гол футбаліст забіў 17 верасьня ў матчы супраць «Вікінга», які скончыўся зь лікам 3:2. У першы ж сэзон юнак забіў 4 галы ў 20 матчах[10]. Такім чынам, і ў наступным гулец стаў асноўным нападнікам клюбу. У сэзоне 2018 году Голян стаў найлепшым бамбардзірам на толькі клюбу, але і нарвэскага чэмпіянату. 19 жніўня 2018 году чэмпіён Аўстрыі «Рэд Бул» абвесьціў, што Голян далучыцца да табару клюба 1 студзеня 2019 году, склаўшы пяцігадовы кантракт[11]. Футбаліст узорна ўзяўся за гульню ў новым клюбе, адзначыўшыся галамі ў матчы кубка краіны і чэмпіянаце. 10 жніўня Голян адзначыўся хет-трыкам у матчы супраць «Вольфсбэрга», які скончыўся перамогай зь лікам 5:2. Гэтак жа ўзорна футбаліст выступаў за «Рэд Бул» у матчах Лігі чэмпіёнаў, тройчы ўлучыўшы мяч у браму бэльгійскага «Генка»[12]. Дэбютны сэзон стаў настолькі пасьпяховых для гульца, што адразу зьявіліся чуткі аб пераходзе гульца ў топ-клюбы Эўропы.

«Барусія»

Голян у жоўта-чорнай кашулі «Барусіі».

Не зважаючы на тое, што Голян стаў трансфэрнай мэтай «Манчэстэр Юнайтэд» і «Ювэнтуса», футбаліст абраў працяг кар’еры ў дортмундзкай «Барусіі», склаўшы дамову 29 сьнежня 2019 году, за тры дні да адкрыцьця зімовага трансфэрнага акна. Нямецкаму гранду гулец абышоўся ў 20 мільёнаў эўра[13][14]. Голян дэбютаваў за дортмундзкі клюб у гасьцявым матчы супраць «Аўгсбургу» 18 студзеня, зьявіўшыся ў другім тайме і адзначыўшыся хет-трыкам за 23 хвілінаў. Клюб перамог зь лікам 5:3[15]. У наступным матчы Голян зноў зьявіўся на пляцоўцы ў другім тайме і ўлучыў мяч у браму «Кёльну» двойчы пасьля зьяўленьня. У хуткім часе нарвэжац стаў асноўным гульцом дружыны, стала забіваючы галы.

18 лютага Голян забіў абодва мячы Дортмунда ў пераможным першым матчы супраць «Пары Сэн-Жэрмэну» ў 1/8 фінале Лігі чэмпіёнаў. Тым ня менш, паводле вынікаў двубою парыскі клюб рушыў далей у 1/4 фіналу. Па вяртаньня Бундэсьлігі 16 траўня пасьля паўзу, выкліканай пандэміяй каранавірусу, Голан адкрыў лік сваёй дружыны ў супрацьстаяньні з «Шальке-04» (4:0), то бок запісаўшы на свой рахунак 10-ы гол у бягучым розыгрышы[16]. 20 чэрвеня ён двойчы трапна пацэліў у браму «РБ Ляйпцыгу», і гэтыя два мячы сталіся адзінымі ў сустрэчы. У выніку «Барусія» забясьпела сабе другі радок, які даў магчымасьць узяць удзел у розыгрышы Лігі чэмпіёнаў на наступны сэзон[17].

19 верасьня 2020 году ў першым матчы сэзону 2020—2021 гадоў нападнік двойчы вынікова стрэліў у матчы супраць мёнхэнглядбаскай «Барусіі» (3:0)[18]. Таксама 30 верасьня ён ураўнаваў лік у матчы супраць «Баварыі», але дружына ўсё ж такі трывала паразу 3:2[19]. 7 лістапада футбаліст зноўку ўскалыхнуў сетку за сьпінай брамніка «Баварыі», але клюб чарговы раз прагуляў баварцаў таксама зь лікам 3:2[20]. 21 лістапада нарвэжац адзначыўся чатырма мячамі за 32 хвіліны, забясьпечыўшы клюбу перамогу ў гасьцявым матчы супраць «Гэрты» (2:5)[21]. Дзякуючы гэтым пяці галам у лістападзе, нападнік быў адзначаны прызам як найлепшы гулец месяцу Бундэсьлігі[22]. Голян трапна пацэльваў мячы і ў матчах эўракубкай, але ў канцы году атрымаў траўму сьцягна. У шэрагі дортмундцаў нападнік вярнуўся 3 студзеня 2021 году ў матчы супраць «Вольфсбургу». 9 студзеня спартовец адзначыўся двойчы у пераможным матчы супраць «РБ Ляйпцыгу» (3:1), 22 студзеня дадаў яшчэ два галы на свой рахунак, але гэтым разам каманда трывала паразу ад мёнхэнглядбаскай «Барусіі» (2:4)[23]. 17 лютага гулец зноўку зарабіў дубль і адзін асыстэнцкі пункт у гасьцявым матчы супраць «Сэвільлі» у матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў. У матчы ў адказ Голян паўтарыў колькасьць галоў і, нават згуляўшы ўнічыю, забясьпечыў выхад у наступны раўнд эўракубка. Пасьля адсутнасьці у двух матчаў праз траўму Голян павярнуўся ў стартавы склад «Барусіі» 13 траўня на фінал Кубка Нямеччыны 2021 году супраць «РБ Ляйпцыгу». Нібыта як па завядзёнцы, нарвэжац двойчы забіў і здабыў з дружынай свай першы тытул у Нямеччыны, а матч скончыўся зь лікам 4:1. Сэзон скончыўся для гульца 27 галамі на рахунку ў чэмпіянаце і 10 галамі ў Лізе чэмпіёнаў, стаўшы найлепшым гульцом году паводле вэрсіі заўзятараў «Барусіі» і найлепшым бамбардзірам у Лізе чэмпіёнаў[24].

Сэзон 2021—2022 гадоў нападнік адзначыўся двума галамі ў пераможным матчы супраць франфуркцкага «Айнтрахту» (5:2)[25]. У наступным Голян праз траўму прапусьціў некалькі матчаў і павярнуўся 16 кастрычніка, дзе двойчы трапна пацэліў у браму «Майнцу» (3:1). Неўзабаве, гулец зноўку атрымаў траўму і вярнуўся ў шэрагі «жоўта-чорных» 27 лістапада, забіўшы свой 50-ы гол у Бундэсьлізе ў пераможным матчы супраць «Вольфсбургу». 14 траўня нарвэжац разьвітаўся з клюбам на Вэстфаленштадыёне ў сваім апошнім матчы за дортмундцаў супраць «Гэрты». У гэтай сустрэчы нападнік забіў першы гол клюбу ў браму «Гэрты», а клюб выгуляў супернікам зь лікам 2:1[26].

«Манчэстэр Сіці»

10 траўня 2022 году ангельскі клюб «Манчэстэр Сіці» абвесьціў, што дасягнуў пагадненьня аб падпісаньні Голяна, скарыстаўшыся пунктам у дамове з «Барусіяй» аб сплаце 60 млн эўра[27]. Угода была афіцыйна складзеная 13 чэрвеня, а сам гулец павінен далучыцца да клюбу 1 ліпеня на пяць год[28]. Дэбют нападніка прыпаў на 30 ліпеня, згуляўшы 90 хвілінаў матчу Супэркубка Ангельшчыны супраць «Лівэрпула», якая сконылася паразай «блакітных» зь лікам 1:3. 7 жніўня Голян вынікова пацэліў у браму «Ўэст Гэму Юнайтэд», здабыўшы перамогу зь лікам 2:0[29].

Дасягненьні

«Рэд Бул»:

«Барусія»:

«Манчэстэр Сіці»:

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі