Аўкштайція

(Пасля перасылкі з Аўкштота)

Аўкшто́та або Аўкшта́йція (літ.: Aukštaitijá) — гістарычная вобласць Вялікага Княства Літоўскага[1] і этнаграфічны рэгіён сучаснай Літвы на паўночным усходзе краіны, у басейне Віліі[2]. Сталіцай этнаграфічнага (этнакультурнага) рэгіёна сучаснай Літвы лічыцца Панявежыс. На тэрыторыі Аўкштайціі распаўсюджаны гаворкі аўкштайцкай дыялектнай групы літоўскай мовы. Упершыню Аўкштота (Eusteythen) згадана ў дагаворы 1323 года вялікага князя Гедзіміна з Лівонскім ландам Тэўтонскага ордэна.

Аўкштайція
літ.: Aukštaitija
Герб[d]Сцяг
Герб[d]Сцяг
Краіна Літва
Адміністрацыйны цэнтргорад Панявежыс
Афіцыйныя мовылітоўская мова
Аўкштайція на карце
Код аўтам. нумароўLT
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паходжанне назвы

Імя насельнікаў рэгіёнаў «жамойтаў» (літ.: žemaičiai) і «аўкштайтаў» (літ.: aukštaičiai), і адпаведна іх назвы — «Жамойць» і «Аўкштойць», звязаны з літоўскім žemas («нізкі») і aukštas («высокі»)[3]. Традыцыйна лічаць, што назва «Жамойць» звязана з ніжнім, а «Аўкштойць» з верхнім цячэннем Нёмана і яго буйнейшага прытока Віліі (літ.: Nemunas — Нямунас, Neris — Нярыc)[4].

Паводле даследчыка літоўскай міфалогіі Норберта Велюса, «сфарміравацца такому разуменню, якое замацавалася і ў саміх этнонімах, відаць, дапамог і арыентаваны геаграфічна старабалцкі міфічны светапогляд, паводле якога заходняя канец краіны разумеўся як „ніжэйшы“ (размешчаны ніжэй), а ўсходні — як „вышэйшы“»[5].

Падзел тэрыторыі краіны адносна цячэння буйной ракі сустракаецца ў свеце і вядомы, напрыклад, з часоў дадынастычнага Егіпта («Верхні» і «Ніжні» Егіпет). Такі падзел сакралізаваўся, і такая сакралізацыя сягае раннечалавечых дваістых сістэм светаўспрымання[6].

Літоўская форма назвы краю Aukštaitija (Аўкштайція з націскам на апошняе «я») утварылася ад aukštaitis «вышыннік», а тое — з дапамогай суфікса -ait-. З тым жа суфіксам і літоўскія žemaitis «нізіннік», Žemaitija (Жэмайція з націскам на апошняе «я»). Суфікс -ait- у літоўскай мове выкарыстоўваецца для ўтварэння другасных назоўнікаў: kalva «пагорак» > kalvaitis «жыхар гарыстай мясцовасці», laukinis «палявы» > laukinaitis «жыхар раўніннай мясцовасці» (адпаведна, aukštaitis, žemaitis — жыхары вышыннай / нізіннай мясцовасці)[7]. Суфікс -ait- бачны з засведчаных лацінска- і нямецкамоўных формаў «Eusteythen», «Owsteiten», «Ansteiden», але вядомыя і ўжо бездыфтонгавыя формы: «Auxteten», «Auxstote». Бездыфтонгавыя формы вядомы і для назвы Жамойці: Samathæ, Samethi, «жемотьская земля». Бо балцкія дыфтонгі ў іншамоўным ужытку маюць схільнасць да знікнення[8]. Ператварэнне балцкага суфікса -ai- у -ой- бачым таксама ў тапонімах тыпу Смаргонь (< Smorg-oyn-y < Smurg-ain-ys), Жукойні (< Žuk-ain-ys), у антрапонімах тыпу Юркойць, Мацкойць (< Jurk-ait-is, Mack-ait-is), у старых антрапонімах тыпу Бивоина (< By-vain’as)[9]. Апраўдана з лінгвістычнага пункту гледжання ўжываць формы «Аўкштайція», «Аўкштойць», «Аўкштота» (як і «Жэмайція», «Жамойць», «Жэмота»), пры гэтым першая — калька з літоўскага Aukštaitija, другая — заканамерная моўная адаптацыя, трэцяя — капіяванне адной з вядомых другасных гістарычных формаў.

Гісторыя ўжывання назвы

У славянскамоўных крыніцах

У летапісах з сярэдзіны XI ст. ўжываецца назва «літва», калі апісваюць падзеі адносін княстваў Рурыкавічаў і балцкіх плямён, назвы «Аўкштота» ў іх не зафіксавана, як і ў Галіцка-Валынскім летапісе, дзе выкарыстоўваюцца назвы «літва» і «жамойць». Так, пад 1263 годам паведамляецца, што «Транята пачаў княжыць ва ўсёй зямлі Літоўскай і ў Жамойці».

Таксама і ў больш позніх па часе дакументах Вялікага Княства Літоўскага на царкоўнаславянскай і старабеларускай мовах, назва тыпу «Аўкштота» не ўжывалася, а ўжываліся «Літва» і «Жамойць»[10].

У лацінамоўных і нямецкамоўных крыніцах

Упершыню Аўкштойць згадваецца ў дамове 1323 года князя Гедзіміна з Лівонскім ордэнам, разам з Жамойцю (Eusteythen unde Sameyten — «Аўкштойць і Жамойць»). Пазней Гедзімін называецца «каралём Аўкштойці» (rex de Owsteiten)[11]. У 1338 годзе ён называецца «каралём Аўкштойці і Жамойці» (coninck van Ansteiden ende van Sameyten).

Аўкштойць як «зямля караля Літвы» (Austechiam, terram regis Lethowie) згадваецца ў «Хроніцы Прускай зямлі» (1326) Пятра з Дусбурга. У 1367 годзе па-лацінску згадваецца «верхняя частка Літвы» (in superioribus partibus Letwinorum), і гэта прамы пераклад назвы Аўкштойці як «верхняй, вышыннай». Нямецкі пераклад у нямецкамоўных «Апісаннях дарог» (XIV ст.) — «Аўкштойць, або Верхняя Літва» (Auxteten oder Ober-Littauen).

У 1412 годзе фіксуецца адна з апошніх «аўкштойцкіх» згадак — «літоўцы, які называлі сябе аўкштойтамі» (Littowen, di genant woren Austenten)[12].

У сваім лісце ад 11 сакавіка 1420 года да імператара Сігізмунда Люксембургскага «Аўкштойць» згадвае князь Вітаўт:

«Жамойцкая зямля знаходзіцца ніжэй (inferior) за літоўскую зямлю, таму і называецца Жамойць (Szomoyth), бо так па-літоўску (in lythwanico) называецца ніжэйшая зямля. А жамойты Літву называюць Аўкштойцю (Auxstote), інакш кажучы, калі глядзець ад жамойтаў, вышэйшай (superior) зямлёй»[13].

"Аўкштойцкая" назва ўпершыню сустракаецца ў лацінамоўнай хроніцы «Chronicon terrae Prussiae» (1326) Пятра з Дусбурга пры апісанні падзей 1294—1300 гадоў, у часы, калі ўжо існавала Вялікае Княства Літоўскае[14]. Пазней гэтая назва часта ўжываецца ў крыжацкіх хроніках і дакументах, якія пісаліся на лаціне і нямецкай мове і датычыць балцкіх земляў на ўсход ад Жамойці — вышэй па цячэнні Нёмана і яго правых прытокаў. З 1420 годзе «аўкштойцкая» назва выходзіць з ужытку ў лацінамоўных і нямецкамоўных хроніках і дакументах[15].

У нямецкай крыніцы «Хроніка Лівоніі» Генрыха Латвійскага пры апісанні падзей першай паловы XIII ст. паўднёвыя землі, сумежныя з уладаннямі Лівонскага ордэна, завуцца проста «Літвой» — храніст не ўжывае назваў ні Аўкштота, ні Жамойць у сваёй працы. Аўтар лацінамоўнага трактата «Апісання земляў» (Дублінская хроніка) другой паловы XIII ст., сведка каранацыі Міндоўга, асобна ўпамінае Жамойць (Samoita) побач з Літвой (Lectauie)[16], Нальшчанамі (Nalsani) і Яцвяззю (Ietuesi)[17], але не згадвае «Аўкштойці».

У 1367 годзе па-лацінску згадваецца «верхняя частка Літвы» (in superioribus partibus Letwinorum), і гэта прамы пераклад назвы Аўкштойці як «верхняй, вышыннай». Нямецкі пераклад у нямецкамоўных «Апісаннях дарог» (XIV ст.) — «Аўкштойць, або Верхняя Літва» (Auxteten oder Ober-Littauen).

У 1412 годзе фіксуецца адна з апошніх згадак «Аўкштоты» — «літоўцы, які называлі сябе аўкштайтамі» (Littowen, di genant woren Austenten)[18]. У сваім лісце ад 11 сакавіка 1420 года да імператара Сігізмунда Люксембургскага «Аўкштоту» згадвае князь Вітаўт[19]. З 1420 года назва «Аўкштота»/«Аўкштайція» ужо выходзіць з ужытку ў лацінамоўных і нямецкамоўных хроніках і афіцыйных дакументах.

Згадкі ў крыніцах

Упамінанні і розныя формы назвы «Аўкштоты» ў лацінамоўных і нямецкамоўных крыніцах:

  • 1323 — Дагавор Гедзіміна з немцамі — «Dit sint de lant, dar wi den vrede mede hebbet: van unser wegene dat lant to Eusteythen unde Sameyten, Plessekowe unde alle der Russen, de under uns besethen sin…» (Вось зямля, на якой мы ўстанавілі мір: з нашага боку зямля Аўкштота і Жамойць, Пскоў і ўсе [землі] рускіх, якімі мы валодаем…); паводле лівонскай ордэнскай копіі: «Dit sind de lant, da wi dea vrede mede maket hebbet; van des koninges wegene van Lettowen dat lant to Ousteyten un Sameyten, Plesaekowe und alle de Russen, de under eme beseten sint» (Вось зямля, на якой мы ўстанавілі мір; з боку караля Літвы — зямля Аўкштота і Жамойць, Пскоў і ўсе [землі] рускіх, якімі ён валодае).
  • 1320-я — «Chronicon terrae Prussiae» (1326) Пятра з Дусбурга — «Austechiam, terram regis Lethowie» (зямля караля Літвы) — пра падзеі 1294—1300 гадоў.
  • 1324—1331 — Гедзімін «rex de Owsteiten»[20]. (кароль Аўкштоты)
  • 1327—1329 — Рагайнскае комтурства — уцёкі трох рабоў родам з Аўкштоты (tres servos fugitivos de Owehsteten) гэтыя аўкштайты сцвярджалі, што жылі каля Гродна (qui eciam asserunt omnes de Owehsteten circa Garten domi esse)[21].
  • 1337, 12 снежня — була германскага імператара Людвіка IV — «землі няверных, ворагаў Хрыста, літоўцаў (Litwinorum), а менавіта Аўкштайцію (Ochsteten), Жамойць (Samayten), Каршуву (Karsoco), Русь (Ruezzen) і іншыя землі, якія належаць да гэтых краёў…».
  • 1338 — Гедзімін «Die coninck van Ansteiden ende van Sameyten»[22]. (кароль Аўкштоты і Жамойці)
  • 1348 — Віганд Марбургскі — «на зямлю Літвы (jnn das land Litten) у Аўкштоту (Auchstetter gegent) і рабавалі там 7 дзён, а на 8 дзень, калі яны былі ў той зямлі (jnn derselben gegent) адбылася вялікая бітва каля ракі Стрэвы (wasser Strebe)».
  • 1354—1356 — Герман Вартберг — «У гэты час літоўцы (Letwini) з Стрыпейкаў (Stripeyke), Упіты (Opythen), Межэвільты (Mezevilte) — з Аўкштоты (de Austeyten) хацелі перабрацца з Літвы (a Lethowia); але магістр не дазволіў ім».
  • 1367 — Герман Вартберг — немцы ваявалі ў «Вышэйшай частцы Літвы» (in superioribus partibus Letwinorum).
  • 1373 — паход Вінрыха Кніпродэ — «Вывеў сваіх супраць літоўцаў (Letwinos) у зямлю Аўкштоту (in terram Austheithen), дзе кароль Кейстут ім не даў пераправіцца (цераз раку). Магістр пайшоў далей па зямлі ўздоўж Нярыса (ad terram Nerghe), жадаючы пераправіцца. Але кароль і там ім не даў гэтага… Так Магістр спустошыў зямлю ўздоўж Нярыса да самага Вількаміра (Valkenberge). Пасля гэтага павёў свае войскі ў зямлю Жамойць (Seymen)…».
  • XIV ст. — Die Littauischen Wegeberichte — «Auxteten oder Ober-Littauen».
  • 1412 — «А таксама, што замак Вялёна (hus Willune) прускія браты заваявалі 11 гадоў таму ад няверных і ворагаў нашай веры літоўцаў (Littowen), якія называліся аўкштайтамі (Austenten), а кіраўнікамі ў іх былі Сурмін, Матэйка і Гаштольд. А таксама, што вышэйназваныя кіраўнікі, ад якіх быў адваяваны замак Вялёна, як ужо пісалася, былі літоўцамі (Littowen), і іх род і цяпер завецца літоўкамі і літоўцамі, і жывуць яны ў Літве, у Кульве паблізу Вількаміра (czu Colwa bi Wilkenberg), а не ў Жамойці (Samayten). Таксама, што і замак Вялёна, да яго заваявання прускімі братамі, як ужо казалі, утрымліваўся і забяспечваўся літоўцамі, якія звалі і цяпер сябе завуць аўкштайтамі (Awstayten), а не жамойтамі (Samayten)».

Ліст князя Вітаўта 1420 года

11 сакавіка 1420 года вялікі князь літоўскі Вітаўт напісаў ліст да германскага імператара Жыгімонта I, дзе ёсць наступныя словы:

«Вы прынялі і абвясцілі пастанову наконт Жамойцкай зямлі (terra Samaytarum), якая ёсць нашай спадчынай і нашай отчынай з законнага спадкаемства прадзядоў і дзядоў, якую і цяпер маем ва ўладанні, якая цяпер ёсць і заўсёды адно і тое ж з Літоўскай зямлёй (unum et idem cum terra Lythwanie), бо ёсць адна гаворка і тыя ж жыхары (unum ydeoma et uni homines).

Але праз тое што Жамойцкая зямля знаходзіцца ніжэй (inferior) за Літоўскую зямлю, таму і называецца Жамойць (Szomoyth), бо так па-літоўску (in lythwanico) называецца ніжэйшая зямля. А жамойты Літву называюць Аўкштотай (Auxstote), інакш кажучы, калі глядзець ад жамойтаў, вышэйшай (superior) зямлёй.

Таксама і людзі Жамойці ад старых часоў называюць сябе літоўцамі і ніколі жамойтамі, таму праз такое атаясненне (ydemptitatem) у сваім тытуле мы не пішам пра Жамойць, бо ўсё ёсць адно, адзін край і адны жыхары»[23].

Беларускі гісторык Аляксандр Краўцэвіч аспрэчвае, што Літва, як вынікае з ліста Вітаўта, складалася з Аўкштойці і Жамойці[24]. На яго думку, вялікі князь Вітаўта імкнуўся да замацавання Жамойці пад сваёй уладай, што і выявілася ў фармулёўках ліста — ужыты аргумент блізкасці і падобнасці мовы і звычаяў балцкіх плямён. Краўцэвіч звяртае ўвагу, што Вітаўт яшчэ ў 1417 годзе ўжываў назву Жамойці ў сваім тытуле — у акце пра заснаванне Медніцкага біскупства ў Жамойці[25]. «Жамойць» захавалася і стала складовай часткай афіцыйнай назвы Вялікага Княства Літоўскага з 1441 года побач з «Літвой» і «Руссю» — «Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае».

Ужыванне ў Новы час

Увядзенне назвы ў зварот

Вокладка кнігі Сіманаса Даўкантаса «Budą senowęs lëtuwiū, kalnienū ir žȧmajtiū» («Звычаі старажытных літоўцаў — горнікаў і жамойтаў»), 1845 г.

У 1822 годзе Сіманас Даўкантас апублікаваў па-літоўску кнігу «Дзеянні старажытных літоўцаў і жамойтаў» («Darbai senųjų lietuvių ir žemaičių»).

У зварот назва «Аўкштота» ўведзена ў 1837 годзе, у другім томе кнігі «Гісторыя літоўскага народа» (польск. Dzieje starożytne narodu litewskiego) Тэадора Нарбута[26]. Нарбут прывёў у кнізе ліст князя Вітаўта 1420 года, дзе згадана, што «на Жамойці Літву называюць Аўкштойцю». З гэтага часу назва «Аўкштайція» (літ. Aukštaitija) пачынаюць выкарыстоўваць навукоўцы, якія гэтай назвай пачынаюць называць землі на ўсход ад Жамойці, а жыхароў таго рэгіёна — назвай «аўкштайты» (літ. aukštaičiai).

У 1845 годзе Сіманас Даўкантас выдае яшчэ адну літоўскамоўную кнігу «Budą senowęs Lëtuwiū, Kalnienū ir Žȧmajtiū» (Апісанне старажытных літоўцаў — гаранаў і жамойтаў). Слова kalnėnas у Даўкантаса — наватвор, ад літоўскага kalnas, якім Даўкантас творча замяніў вядомую яму «аўкштойцкую» назву. Ён піша: «Самі сябе называлі літоўцамі, гаранамі або вышыннікамі (aukštėjais), і жамойтамі (žemaičiais), паводле таго, што жылі на гары (kalne) або ў падгор’і (pakalnėje), гэта значыць у бок мора»[27].

Польская энцыклапедыя 1891 года піша, што назва «Aukstote» сярод літоўскіх жыхароў ужо не вядомая і як геаграфічнае абазначэнне ў паўсядзённым жыцці не ўжываецца[26].

Лінгвістыка

У XIX—XX стст. назву «Аўкштайція» (Aukštaitija) пачалі ўжываць навукоўцы да цэнтральнай і ўсходняй частцы рассялення літоўскага этнаса, а назвай «аўкштайты» (aukštaičiai) называць этнаграфічную групу літоўскага этнаса[1]. Сукупнасць аўкштойцкіх гаворак літоўскай мовы атрымала назву «аўкштойцкая гаворка» (aukštaičių tarmė)[1].

Археалогія

Тэрмінам «аўкштайты» археолагі таксама пачалі называць насельніцтва, якое стварыла археалагічную культуру грунтовых могільнікаў Цэнтральнай Літвы, альбо ўсё насельніцтва, якое стварыла археалагічную культуру грунтовых могільнікаў Цэнтральнай Літвы і культуру ўсходнелітоўскіх курганоў сукупна. Навукоўцы пачалі ўжываць адносна стваральнікаў гэтых археалагічных культур тэрмін «племя аўкштайтаў».

Гісторыя

Гісторыкі XX ст. намагаліся высветліць, з якіх частак («земляў») складалася Аўкштойць у Сярэднявеччы.

Генрык Лаўмянскі лічыў, што яшчэ да часу ўзнікнення Вялікага Княства Літоўскага існаваў саюз балцкіх плямён пад назвай «Літва», які складаўся з двух асноўных плямёнаў — жамойтаў (на Жамойці) і аўкштойтаў (на Аўкштойці), а само племя аўштойтаў складалася з земляў Нальшчаны («Нальшчанская зямля»), Дзяволтва, Літоўская зямля і Упіта[28]. Лаўмянскі меркаваў, што пачаткова мяжа паміж жамойтамі і аўкштойтамі ішла па рацэ Шушва, а потым па рацэ Нявежы, а з другой паловы XIV ст. мяжа ўсталявалася па рацэ Нявежы. Яго думку падтрымалі гісторыкі Уладзімір Пашута і Эдвардас Гудавічус[3].

Ежы Ахманьскі лічыў, што ў культурных аспектах Аўкштойць у старажытныя часы падзялялася на тры вобласці — уцянскі (Нальшчаны), троцкі (уласна Літва) і ашмянска-геранёнскі (паміж рэкамі Мерачанка, Нёман, Бярэзіна і Вілія — тая самая Аўкштойць)[3].

Беларускія гісторыкі Вячаслаў Насевіч і Аляксандр Краўцэвіч адмаўляюць старажытную сувязь назваў Аўкштойць і Жамойць, а таксама роднаснасць племя жамойтаў з племем літвы.

Паводле Насевіча, «аўкштойцкая» назва некалі была ўтвораная штучна, у процівагу назве «Жамойць», каб проціпаставіць Літву Жамойці. На яго думку, гэтай назвы не трэба пераносіць на вельмі раннюю эпоху[29]. Згодна з Насевічам, жамойты да стварэння ВКЛ былі асобным ад літвы «асобным этнасам»[30]. Паводле Краўцэвіча, жамойты былі асобнае ад літвы балцкае племя, так сама як і нальшчаны, дзяволтва, яцвягі[31]. На думку Краўцэвіча, «Літва», «Жамойць», «Нальшчаны», «Дзяволтва» у пісьмовых крыніцах выступаюць раўназначнымі аб’ектамі, якія нельга лічыць складовымі часткамі («землямі») «Літвы»[32]. Краўцэвіч сцвярджае, што назва «Аўкштойць» выкарыстоўвалася да ХХ стагоддзя сярод жамойтаў, каб абазначаць балцкамоўныя землі Вялікага Княства Літоўскага (а пасля і Расійскай імперыі) на ўсходзе ад Жамойці[33].

Этнаграфічны рэгіён Літвы

Сімвалы

Сучасныя сімвалы Аўкштайціі (сцяг і герб), афіцыйна зацверджаныя ў сакавіку 2007 года.

Геаграфія Аўкштайціі

Азёры Аўкштайціі

Аўкштайція знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы сучаснай Літвы. Па ўсім рэгіёне багата азёраў, асабліва ва ўсходняй частцы. Асноўнымі гарадамі Аўкштайціі з’яўляюцца:

Аўкштайцкія гаворкі

Мясцовыя жыхары размаўляюць на аўкштайцкіх дыялектах літоўскай мовы.

Пры гэтым літоўская мова дзеліцца не толькі на жамойцкі і аўкштайцкі гаворкі, але і на яшчэ два паддыялекты — судаўскі і дзукійскі, якія разам утвараюць аўкштайцкую дыялектную групу.

Да аўкштайцкіх дыялектаў належаць гаворкі, на якіх грунтуецца літаратурная літоўская мова — сувалькійскі варыянт аўкштайцкай гаворкі літоўскай мовы.

Турыстычны патэнцыял сучаснай Аўкштайціі

Самымі старажытнымі гарадамі Аўкшайціі лічацца гарады Кярнаве і Укмярге.

Гл. таксама

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі